“Каўтун падвераджоны, прастуджоны, і варавіты, і працавіты”.
Або рытуальныя звароты да хваробы, уласцівыя Браслаўшчыне:
“Каўтуне! Скуль ты, браце? Ці ты з падзіўку, ці ты з пасілку, ці з цяжкага падымання, ці з цяжкага падыхання?”
Гэтак з цяжкага пісьменніцкага падыхання нараджалася мая наскрозь фальшывая кніга, чыя адзіная мэта – забяспечыць яе аўтару як мага часцейшыя перабыўкі ў Еўропе.
Пайшла ў ход таксама імітатыўная рыторыка. Я прыплёў Яна-Хрысціцеля, якому Суламіф, паганская змагарка з каўтуном, асабліва ненавісная беларускім сялянам, адсекла заадно, як ёй падалося, “атручаную” хрысціянствам галаву. А яшчэ разам са сваім нямецкім чытачом я шукаў падабенства славянскіх словаў “kałdun” і “kaŭtun”.
Я падрабязна смакаваў у тэксце, як улагодзіць хваробу. Выяўлялася, належыць дастаць вантробы выдры й высушыць іх у печцы, перацерці іх і кожны дзень ужываць з півам, аж пакуль каўтун не адваліцца. Ці вось вам такі надзейны рэцэпт ад каўтунніцы:
“Прыгатаваць вожыка для спажывання або цалкам да попелу спаліць і, шчолаку з яго зрабіўшы, галаву з каўтуном мыць, папярэдне нашмараваўшы галаву салам вароны або пацучыным тлушчам”.
Простыя людзі верылі, што каўтун множыцца на галаве спорамі.
І вось нарэшце – мой герой заўважае, што сакральныя замовы яўна намякалі на адасобленасць хваробы. На яе незалежнасць ад носьбіта:
“Каутун-каутунец, а ты добры маладзец, а ты каутуница, добрая маладзица, разьвивай гэты каутун и сваих дзяцей, рассылай па усяму сьвету”.
Вось дык маеш! Шанаваны ў грамадстве каўтун жыў паралельным жыццём. Маючы сваіх родзічаў, сям’ю, дзетак, нават маёмасць:
“На моры, на лукаморы стаіць хатка, у той хатцы жывуць дзед і бабка – каўтун і каўтуння”.
Гэтак перад вачыма Нарбута паўставала паралельная цывілізацыя Каўтуновых Людзей. Шматгадовая традыцыя гэтай зямлі песціць хваробку, што ніяк не залежала ад надзённай палітычнай сітуацыі, а сам каўтун рабіўся ментальным целам кожнага беларуса.
Далей у маёй кнізе ішоў такі пасаж, нібыта з дзённіка Нарбута:
“З моманту поўнай каланізацыі Вялікага Княства Літоўскага, у стане поўнай забароны назвы “Беларусь” і “беларускі”, у стане, якім народную культуру звялі да рангу “пережітков древняго міросозерцанія”, з’яўленне каўтуна становіцца адзіна магчымаю формаю de la résistans nationale, дзе каўтун – рэальны беларускі герой, які адстойвае сваё права на захаванне ўласнае культурнае тоеснасці. Ён выносіць наверх схаваныя сілы з патаемнай каморы падсвядомасці. Здымае заглушку страху і забітасці, актывізуе прыхаваныя скарбы”.
Нарбут высветліў, што гэтая ментальная грыбніца каўтуна расце, даводзячы люд да шалу, але мкне іх да аслабанення, да волі. Тутэйшыя, прыдбаўшы хваробу, можа, і рабіліся зомбі, але гэта было адзінай магчымасцю ў дадзеных умовах супраціўляцца націску захопнікаў. Бо парадаксальным чынам гэтае ментальнае сутво, смокчучы мазгі ахвяры, мае выссаць таксама каланіяльную свядомасць, пакору ды іншыя архаізмы. А адсутнасць культурных набыткаў кампенсавалася эзатэрычнымі ведамі.
Як выжыць і не страціць розум у абсурднай культурніцкай прасторы “Яблычка на талерачцы”, мураўёўскіх школаў і падвойнага, расійска-польскага прыгнёту? Як адбудаваць свойскую выспу, сваё пасярод мора чужога? Ператварыць вонкавы прэсінг у энергію творчасці? Каўтун падаўся Нарбуту такім шызафрэнічным, дзівакаватым, але творчым адказам.
Нарбут прыходзіць да высновы, што адкрыў татэмны родавы код беларусаў – пазасістэмнасць, і яго правадніка туды – каўтуна. Каўтун ёсць часткай чалавека і як бы не ёсць ёю. Гэта як партызан, які ёсць, але нідзе не лічыцца. Гэта як папараць-кветка, якая штогод з’яўляецца чэрвеньскай ночкай, але ў батаніцы не апісаная.
Каўтун трапляе ў поле публічнай зацікаўленасці на кароткі час: калі выбухае паўстанне, выходзіць крамольная кніга ці першая газета з рысункамі. Ізноў каўтун, як-ніяк нідзе, знікае – да чарговага “аб’яўлення”. Каўтун як праява творчага пачатку не мае графіку працы або зацверджанага плана. Аднак каўтун мае перакананні. Прааналізаваўшы ўспышкі каўтуна на Беларусі (1811 – 1829 – 1862 – 1904), Нарбут заўважыў, што каўтун запаляецца менавіта ў той самы момант, калі трэба не пагадзіцца з цывілізацыйнымі агітатарамі, якія ёсць каланізатарамі і прыгоннікамі.
Найбольш у каўтуне Нарбута ўражвала бітва беларуса з самім сабой. Двубой на адной асобна ўзятай макаўцы. Каўтун – змагар, вальнадумца, але хваравіты, тады як сам беларус – баязлівы, рахманы, нібыта прыгнечаны, але прыстойны і рацыянальны. Фактычна, каўтун становіцца антыбеларусам, Каўтуновым Чалавекам. І каўтун вядзе свой вар’яцкі бой з гэтай упакоранай, рахманай асобаю. Не дае забыць, кім чалавек можа быць.
Гэтак з’яўленне ў культуры каўтуна стварае сюррэалістычную карціну паралельнага суіснавання двух беларусаў.
Тут я не ўтрымаўся і прыплёў да разваг твор Максіма Гарэцкага “Дзве душы”, маўляў, у нашай сітуацыі ўсяго па два: і сутнасці, і душы, і як падказвае феномен каўтуна – нават галавы.
На жаль, канстатаваў Нарбут, вайну за шырокую аўтэнтычную свядомасць каўтун пакуль безнадзейна прайграваў. Яго вычэсвалі, выкручвалі, замазвалі зялёнкай. Абвяшчалі азнакай адсталасці і рэгрэсу.
Урэшце атрымаўшы на пачатку ХХ стагоддзя рэвалюцыйныя вынікі, Нарбут не адважыўся вынесці плён сваіх разваг у друк. Адно пачаў італьянскі страйк – выконваць свае абавязкі без ранейшага імпэту і спрыту.
Рапарты з Браслава, датычныя змагання з эпідэміяй каўтуна, ён насычаў дзіўнымі рытарычнымі выкладкамі на лаціне, абракадабрай, паганскімі арнаментамі і аль-кітабамі.
Паказнік дэкаўтунізацыі, дзякуючы нядбальству лекара, на Браслаўшчыне ўпаў удвая. Да Нарбута сталі завітваць інспектары з губернскай Вільні і нават са сталічнага Санкт-Пецярбурга.
На вялікае шчасце, пачалася мітусня Першай сусветнай, якая перацякла ў нямецкую акупацыю і бальшавіцкую рэвалюцыю з грамадзянскай вайною. Каўтуновую праблему выпусцілі з вока. Па вулках Браслава на рынках і вакзалах зноў сталі пракідвацца людзі з разгалістымі наростамі. Іх з’яўленне прыпісвалі жахам вайны і антысанітарыі, а таксама перасяленцам з дзікіх раёнаў Палесся.
З тых вайсковых часоў захавалася пару фотаздымкаў Нарбута.
Вось ён, Станіслаў Тэадоравіч. З дочкамі Альжбетай і Веранікай. У яго абліччы няма нічога незвычайнага. Дочкі, якія працягнулі медычную справу бацькі, з’яўляюцца на фотаздымках тых часоў выключна ў востраверхіх лямцавых каптурках. З-пад каптуркоў вытыркаюцца пасмы зблытаных ці то русых, ці то рудых валасоў.
Смерць Нарбута ў 1926 годзе я абставіў у найлепшых традыцыях хорар-шоў. Ужо старога лекара тэрмінова выклікалі ў лясны фальварак да хворага на Божай пасцелі. У лесе яго накрыла хеўра конных бандытаў. Я ўсё зрабіў падобным да праверанай часам сцэны з “Дзікага палявання караля Стаха”, дзе герояў, як вядома, пераследаваў прывідны аддзел коннікаў. Калі аднаго з коней потым злавілі ў лесе пад Слабодкай, то знялі з яго прывязанае пудзіла – балахон, набіткаваны сенам, што знешне вельмі нагадвала каўтун.