Тут яна робіць паўзу:
– Ведаеце што, шаноўны гер?.. Сам доктар Качуня ўжо не чалавек…
Зноў адчуваю, што будзе шпілька.
– Не, не чалавек, ён – прафесійны ўнук. Я дробненька хіхікаю.
– Ого, гэты ўнукатэрапеўт Качуня! – нагнятае Роні свае блазнаванні. –Сцеражыцеся яго, шаноўны гер, у-у-у! Яго метады татальныя, таталітарныя. Усіх-ахопныя. Ён чапляецца жывіцай у скуру выпадковых людзей, прапісвае ім прымусовую ўнукатэрапію. Пацыент для яго – любы і кожны чалавек. Усю-ўсенькую краіну Беларусь унукатэрапеўт Качуня кладзе на псіхааналітычную кушэтку. Бо, ідучы па вуліцы, нават з ляжачым паліцэйскім ён пачынае гутарку пра яго дзядоў. Бо нават у ляжачым паліцэйскім ён бачыць пацыента з траўматычным мінулым і цэлым наборам балючых сутыкненняў. Асобу, якая мае продкаўпапярэднікаў, якія сфармавалі яго.
“Бо ў кожнага ляжачага паліцэйскага ў Беларусі, выглядае на тое, дзядуля быў паўзучы паліцай”, – дагаворваю я сам сабе, але ўголас – ні-ні. Але потым расказваю адзін выпадак са сваёй – што б там ні казала Роні – не вельмі вялікай практыкі. Аднойчы мне давялося лекаваць будучага міністра інфармацыі і прапаганды Рэспублікі Беларусь.
Мэтаскіравана ў мой “прыемны к’ебінет” на Зялёным Лузе людзей заходзіла так мала, што ўсё роўна як нікога. Збольшага сантэхнікі з ЖЭСу. Таму сваіх пацыентаў – Роні мае рацыю – я знаходзіў не ў тыпова “клінічных” месцах. Напрыклад, у цягніках, якія вазілі мяне ў Еўропу на сімпозіумы.
Увогуле, калі коратка, дык мая прафесійная біяграфія такая. “Гурток юнага псіхолага” для старэйшых класаў пры БДУ ў пачатку дзевяностых (у гурток мяне выправіла Бабагруня, колішняя ўдзельніца нелегальных псіхалагічных сходаў пры гарадскім псіхдыспансеры на вуліцы Бехцерава). Вучоба на кафедры практычнай псіхалогіі прафесара Якава Каламінскага ў “педзе”. Два гады па размеркаванні на пасадзе штатнага псіхолага ў адной менскай школе (не паехаць да клічаўскіх ці брагінскіх школьнікаў дапамаглі падпольшчыцка-празектарскія сувязі Дзедлёні і Бабагруні). Пасля размеркавання тры гады ў цэнтры праваабарончай падтрымкі “ІД”. Недапісаная дактарантура ў Варшаўскім універсітэце. І па дарозе – колькі дзясяткаў навуковых артыкулаў па псіхааналізе. І ўрэшце цяпер – падножны корм фрылансу: акрамя арганізацыі стэнда-партала kautun.by, пракідваюцца пераклады кніг па папулярнай псіхалогіі, спарадычнае кансультаванне. Не ведаю чаму, але менавіта ў гэтым рэзюмэшным абзацы мне хочацца апавесці пра свой сямейны статус. Можа, таму, што шлюбы ўвогуле няблага пасуюць да раздзела “прафесійны досвед”? Дык вось, у гэтым месцы варта заўважыць, што адзін раз, за пару гадоў да знаёмства з Роні, я амаль што жыў з жанчынай. На чацвёрты дзень нашага сужыхарання жанчына з’ехала назад да сябе. Усё праз Бабагруню і Бабарозу. Яны, пераехаўшы з Чкалава да нас на Зялёны Луг, паводзіліся так, нібыта маёй жанчыны ўвогуле не існавала. Заходзілі ў наш пакой без стуку, ставілі на абедзенны стол на адну талерку меней.
Увечары, калі жанчына не вытрымала і з’ехала, я горка напіўся. Сядзеў на кухні і, узлокціўшыся, размазваў п’яныя слёзы па твары. Бабароза суцяшала мяне, як магла:
– Ігарочачак, ты ж на нас не крыўдуй. Хто любіць, той і чубіць. Ты ж у нас адзіны ўнучачак. І, калі ласка, не забывайся, што ўсё дастанецца табе. Усе кватэры: і на Кнорына, і на Чкалава, і ў Зялёным Лузе, і нават на Славінскага, дзе цяпер жывуць кватаранты.
Увогуле, маё жыццё размеранае, крыху нуднаватае. Думаю, таямніцы не раскрыю – калі ты чацвёртае пакаленне ў Менску (а па Дзедбарысу я дык нават пятае), то, не маючы асаблівых прэтэнзіяў і маючы прыватызаваную жылплошчу, на сталай працы можна не працаваць. Акрамя ўспадкаванага менскага ўхопу, – здольнасці акапацца і не выдаткоўваць лішняй энергіі, – у дапамогу абібоку існуе таксама падпольная сетка мацёрых менчукоў – сваякоў і сяброў. Гэтая сетка ў рэжыме анлайн грунтоўна паінфармуе вас, куды і калі пратачыцца, каб смачна і танна пад’есці ў ведамаснай сталоўцы. Дзе варта затарыцца гароднінай, гаспадарчымі дробязямі і вопраткай. І як найлепей задарма забаўляцца так, каб чэрці вылі. Адным словам, сетка дбае, каб жыць у гэтым горадзе фактычна без грошай і турботаў.
Аднак мы ўхіліліся – тэма кругавой парукі і таемнай змовы мацёрых менчукоў настолькі аб’ёмістая, што лепей вернемся да ўнукатэрапіі.
Дык вось, менавіта ў начным цягніку я аднойы сустрэўся з будучым міністрам інфармацыі і прапаганды, мужчынкам блізу пяцідзесяці.
Гісторыя яго продкаў такая. Дзед па кудзелі колісь быў гестапаўцам з Зальцбурга. Пры канцы вайны быў пасланы на ўсходні фронт. Пасля вайны сядзеў у савецкай турме як палонны пяхотнік вермахту (схаваўшы, што быў у гестапа). Пасля адбудоўваў Менск да пачатку пяцідзясятых. Пазнаёміўся тут з беларускай і, нягледзячы на ўсе перашкоды прыгоннага жыцця палонніка, у іх тут нарадзілася дачка. Калі прыспела пара ехаць на бацькаўшчыну, аўстрыец прыклаў усе намаганні, каб застацца. І застаўся. Пагатоў у Зальцбургу ўсе сваякі загінулі падчас бамбардавання амерыканскай авіяцыі.
Дзед жа па бацьку будучага міністра інфармацыі да вайны ўзначальваў пінскі НКВД (і, канечне, нідзе не сядзеў – хіба што на заслужанай пенсіі).
Мы сустрэліся з міністрам, гэтым круглатварым мужчынкам, у купэ цягніка “Менск – Парыж” у 2001 годзе. Яго, чыноўніцкага сераднячка, урэшце ўзнесла да кар’ерных вяршыняў. Добранадзейны і цягавіты, а гэтыя дадатнасці перад выбарамі, нават такімі эфемернымі, як беларускія, цэняцца найбольш.
Цяпер, свежа прызначаны, але яшчэ не абвешчаны шырокай публіцы, міністр у апошні раз ехаў у Варшаву на закупы. Ехаў перад тым, як яму, ідэалагічнаму службоўцу рэжыму Македонскага, Еўрасаюз павінны быў па сваёй лютай завядзёнцы ўрачыста забараніць уезд на сваю тэрыторыю.
Я ж, малады ўнукатэрапеўт, кіраваўся на сімпозіум псіхааналітыкаў у Дрэздэн.
Разгаварыцца мне дапамог мой адданы сябар – “эфект купэ”. Гэта калі незнаёмаму чалавеку за адну ноч нечакана апавядаеш усё тое, што калыхаецца на сподзе душы. У дадатак я, у адрозненне ад кансерватыўнага крыла псіхааналізу, ніколі не цураўся станоўчага ўплыву алкаголю на аптымізацыю тэрапеўтычнага працэсу.
Сеўшы у купэ, я яшчэ не ведаў, каго маю за спадарожніка – але на ўсякі выпадак разгарнуў сваю псіхатэрапеўтычную павуту. Дзеля прынады расклаў перад суседам па купэ дзядоўскі пасьянс.
Вось званковы кароль (бо дужа барадаты і з дурнавата-шчаслівай усмешкай) – Дзедбарыс. Вось жалудовы кароль (бо кучаравы задумлёнец) – Дзядзюля. Не ведаю чаму, але ў той вечар замест адвечнага козыра, віновай кралі Бабарозы, я выцягнуў махлярнага туза – расказаў спадарожніку гісторыю пра ворага народа, нямецкага калабаранта Дзедвасілія і яго зэкаўскую галаваломку з белай анучай перад парогам…
І, да маёй радасці, купэйны спадарожнік жвава адгукнуўся менавіта на гэтую, апошнюю гісторыю. Як высветлілася, яму яўна было што сказаць на тэму таталітарнага мінулага і савецкіх нявыкрутак. Зачэплены зубчатай перадачай старанна выбраных, тысячу раз мною пераказаных сцэнаў, механізм шчырай размовы закруціўся, запрацаваў. Усё роўна як фокуснік з цыліндра, я выцягваў з мінулага мужчынкі ўсё новыя і новыя ўспаміны.
З будучым міністрам мы гаманілі ўсю ноч, усю дарогу да Варшавы. Пакрысе адкрыўшыся мне, міністр апавёў усё чыста. Пра сваю самую вялікую нявыкрутку. Пра тое, што наступала яму на душу ўсе пяцьдзясят гадоў ягонага жыцця.
Гэта было звязана з дзядамі. Яго аўстрыйскі і палескі дзяды да канца сваіх дзён не прызнавалі дзве рэчы: адзін аднаго і сваёй віны ў масавых злачынствах. Але не гэтае бянтэжыла і ўганяла ў роспач малога хлопчыка, будучага міністра.
Найбольш турбавала і выводзіла яго з раўнавагі тое, што на кожны Дзень нараджэння і Новы Год дзяды, не згаворваючыся, дарылі ўнуку аднолькавыя, кропля ў кроплю, падарункі.
Ці то з падобнасці мыслення. Ці то з жадання напаскудзіць другому дзеду. Ці то праз прагу паўстаць ва ўнукавых вачах ніяк не горшым за суперніка… Год за годам, усё дзяцінства і юнацтва, унук штораз атрымліваў прэзент як бы ў двух экзэмплярах. Штогод у будучага міністра ўсяго было па пары – дзіцячых чыгунак, арбалетаў, матроскіх касцюмчыкаў, ровараў. Малы хлопчык вымушаны быў праціскацца паміж двух аграмадных плюшавых мядзведзяў, што займалі цяпер амаль увесь яго дзіцячы пакойчык.
Невядома было таксама, як старыя адстаўнікі атрымлівалі інфармацыю, які ж прэзент падорыць іншы дзед. Міжсобку яны ніяк не кантактавалі – надта ўжо цураліся варожай канторы. Хіба адно на аднаго стучалі “падпанкі”, мама і бацька? Можа, дзяды нязлосна, па-сямейнаму катавалі ці шантажавалі бацькоў, як прынята ў іхніх сумнавядомых установах, і гэтак здабывалі каштоўныя звесткі?
Што і казаць, спярша малога хлопчыка гэтая падвойнасць цешыла. Другі касцюмчык можна было са спакойнай душою спаскудзіць, а другі ровар – змяняць ці згубіць. Але пакрысе гэткая дваістасць стала нерваваць і ставіць збыткоўныя пытанні. Хлопчык пахаджаў па кватэры, і адусюль на яго нібыта з нямым дакорам глядзелі падвойныя рэчы. Яны мулялі, як імя, што вылецела з галавы. Плюшавыя мядзведзі валіліся адзін на аднаго і на хлопчыка, ды прайсці да ложка рабілася зусім немагчыма. Два цягнікі дзіцячай чыгункі, пушчаныя напярэймы, разбіваліся абодва. З цягам часу ў хлапечую галаву сталі заходзіць абрыдлівыя пытанні. З’явіўся галаўны боль. Раздражнёнасць.
Урэшце хлопчык нейкім чынам выснаваў, што ў яго ёсць брат-блізнюк, якога ад яго ўсе хаваюць. Шукаючы доказы, хлопчык абшнарыў кватэру і сутарэнне, штохвіліны запытваў бацькоў. Бацька толькі разводзіў рукамі: “Які яшчэ брат, сынку, ты адзінадзіненькі ў нас…” Але той не адчапляўся: плакаў, тупаў ножкай і адмаўляўся есці рыбін тлушч. Мама румзала на кухні і казала, што ў сыночка “хібы ў выхаванні”.
Аднак святы і народзіны, як вядома, ніколі не сканчаюцца: падарункі, нібыта соль на рану, працягвалі сыпацца ў сваёй пагрозлівай дваістасці – вось артапедычныя чаравікі – і вось мысок у мысок, і абцас у абцас, другая пара. Вось клюшка, а вось – яшчэ адна. Бацькі былі бездапаможныя. Дзве таміны аднолькавага “Міколкі-паравоза” і два футбольныя мячыкі з намаляваным глобусам свету.