– У звычайнай псіхалагічнай літаратуры прыводзіцца шмат прыкладаў, як дзіця зазнае культурны шок: вучыць тое ці іншае, падпільнаваўшы навінку з жыцця дарослых. У процівагу ёй унукатэрапія як значна больш набліжаная да навуковай праўды і эмпірычнага досведу кажа, што навучаюцца якраз бацькі, калі бачаць нешта незвычайнае ў жыцці сваіх дзетак, якія больш адкрытыя свету. Магу з пэўнасцю сказаць, шаноўная фрау, што гэта менавіта той эпізод…
– Ці ёсць у шаноўнага гера доказы?
– Анягож. Пасля гэтага прыведзенага вышэй выпадку бацьку Ігара К. Андрэй К. пераняў досвед сына. Неаднаразова бачылі, як ён начаваў у ванне. Праўда, не ў цацачнай, а ў сапраўднай. І не дома, а ў аднапакаёўцы свайго калегі па працы… Адразу пасля таго, як развёўся з мамай Ігара К., Галінай К.
– Добра, падсумуем, – не зважаючы на шпількі, працягвае Роні. – Нядзіва, што пасля такіх царскіх умоваў, якім шчыра здзіўляюцца нават бацькі, ужо дарослым чалавекам унук любым коштам хоча вярнуцца ў гэты дзядоўскі парадыз. Ірвануць у бабульчын дом, зноў і зноў. Каб яшчэ хоць разок пачуць гаману гэтага казачнага сераля. Дзе ні абавязкаў, ні рэжыму, дзе гадзіна як хвіліна, дзе поўная безадказнасць… Дарослы ўнук ці ўнучка прагне вярнуцца туды, дзе яго чакаюць не пакуты і не дзіцячыя жахі, не кара і не пагроза. А асалода, чыстая, незамутнёная асалода…
– Так, так, шаноўная фрау! Падрабіўшы дакументы і ўзрост, плюнуўшы на сацыяльны стан, імідж, павагу, грамадскую думку і закрэсліўшы сямейнае становішча. Дык вось, у гэтым змаганні з дзікім поклічам дзяцінства і мінае ўсё жыццё сучаснага чалавека.
– …і толькі сапраўды дарослыя, сталыя людзі, якія ўсведамляюць сваю паўнавартаснасць, людзі з годнасцю вырываюцца з заганнага кола настальгіі. Знаходзяць суцяшэнне па дзядоўскай любові. Знаходзяць сублімацыю ў іншым: у любімай працы, у дзетках… у каханай жанчыне, – дадае Роні.
Здаецца, яна зусім ужо злілася са мной у экстазе ўнукатэрапійнай лекцыі. Я ўсцешаны ківаю і зноў заплюшчваю вочы.
– Тым, хто вырваўся і ўцёк з дзядоўскага сераля, – слава і гонар! – падсумоўвае Роні. – Аднак ёсць і такія яўныя аўтсайдары… – тут Роні мружыць свае вішнёвыя вочы, і я адчуваю, як у іх шчылінках дрыжыць чыстая атрута. – …Тыя, хто не здолеў даць рады псіха-сацыяльнаму развіццю, не змог пераадолець прыцягненне дзядоўскіх чараў і застаўся… жыць з імі ў адной кватэры… на Зялёным Лузе!
Ад неспадзяванкі я расплюшчыў вочы. Роні-зараза такі ўвагнала сваю шпільку!
Раздзел 5
Іншыя аўтсайдары
У сям’і былі таксама іншыя аўтсайдары. Да прыкладу, бацькі. Заўжды паслухмяная мама. Бацька, яе цень. Чалавек аператыўнага складу, які хутка зразумеў расстаноўку сіл у сям’і. Пры бабулях падкрэслена лагодны. Старанна ўхіляўся ад любога канфлікту, удаваў пакорлівага Бабарозінага сатэліта. Але глыбока ў сабе – зацяты апазіцыянер, апанент матрыярхату.
Праз няўпэўненасць бацькоў, іх удаваную абыякавасць і глыбока схаванае дысідэнцтва, бабулям здавалася, што бацькі – нягеглыя, несамастойныя персоны, якія не дбаюць (або дбаюць не найлепшым чынам) пра маё выхаванне і будучыню. Гэтая фальшывая лагоднасць давала нагоду бабулям і дзядам казаць, напрыклад, такія фразы:
“На дзецях прырода адпачывае, Ігаль”, “Маму і тату, Ігорь, не выбіраюць – цярпіся”, або:
“Нашто табе мама, Ігарочачак, калі ў цябе ёсць бабулечачка?”
Пасля колькігадовых баёў, пакінуўшы мяне бабулям на выхаванне, бацькі засяродзіліся на сваіх праблемах. Усе васьмідзясятыя яны з пераменным поспехам змагаліся з чэргамі. У дзевяностыя – з вывучэннем на практыцы схемы “тавар – грошы – тавар”. Потым пару месяцаў, у красавіку 1996-га, на “Менскай вясне” барукаліся з Македонскім і ягонымі шэрамундыравымі фалангамі. Нечакана мае стрыманыя бацькі, заўзятыя члены Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць, сталі штодня выходзіць на шматлюдныя дэманстрацыі пратэсту да плошчы Якуба Коласа.
Азіраючыся назад: у бацькоў, напэўна, было цікавае жыццё – час быў бурлівы і рэвалюцыйны, але ўсё гэта незаўважна мінала паўз мяне. Іхнія прыгоды (як, дарэчы, і лёс новай краіны) мяне хвалявалі гэтак, як хлопца-падлетка хвалююць праблемы крыху старэйшай сястры. То бок ніякім чынам.
Бацькам падабалася жыць паміж. Не надта вытыркацца з шэрагу, але і не дужа пагаджацца з рэальнасцю. Сваю цягу да дэмакратычных каштоўнасцяў – чытанне апазіцыйных газет, выказванне сваіх дэмакратычных поглядаў у грамадскім транспарце і па кухнях, бацькі ўраўнаважвалі пунктуальнай любасцю да савецкіх завядзёнкак. І супярэчнасці ў гэтым яны не бачылі.
У юнацтве гэта мяне яшчэ раздражняла. Старыя кінастужкі штовечар па тэлевізары. Замова рэстараннага разгуляева з нагоды юбілею. Лецішча, прыехаўшы на якое, трэба апранацца ў лахманы і батрачыць на гіблых сотках. Дзень нараджэння з запіхваннем у сябе абавязковай катлеты па-кіеўску. Торт “Ленінградскі” ў перавязанай шпагатам кардонцы стыне ў лядоўні… Што там яшчэ па спісе?..
Калі я, палкі падлетак-максімаліст, аднойчы спытаў маму, на халеру яна сотым разам глядзіць тую “Маскву слязам не верыць”, мама ўважліва зірнула мне ў вочы і адказала сваім фірмовым шэптам:
– Жыць жыццё – гэта ўсё роўна як ліпеньскім поўднем ісці па шашы басанож…
Зноў зазірнуўшы мне ў вочы і ўбачыўшы там маё неразуменне, яна патлумачыла сваю пафасную шматдумнасць такімі словамі:
– Ну, вось глядзі, Ігар. Па распаленым асфальце шашы крочыць немагчыма – ступакі падгараюць, тады як на ўзбочыне дарогі вострае каменне да крыві дзярэ ногі. Але вось калі перабягаеш па памежнай лініі: там, дзе нядбала пакладзены асфальт і дзе перамяшана патроху разам і пяску, і жвіру, і камякоў незакатанага асфальту, – дык нішто сабе. Ступакі, можа, трохі і апякаюцца і колюцца, але розныя болі чаргуюцца, і ты сяк-так сунешся.
Гэтак, прытанцоўваючы і падбягаючы, чаргуючы болі, мае бацькі прасоўваліся па жыцці наперад. Не дужа ненавідзячы адно, але і чапляцца за другое – дык не чапляліся.
У гадоў шэсць, калі старая кагорта ўзялася за мяне жалезным ухопам, бацькі канчаткова страцілі мяне як аб’ект выхавання. Тады яны, здаецца, цалкам задаволіся быць нумарам два, але першымі ў спісе другіх нумароў. Пайшлі ў падпанкі, а дакладней – у добраахвотнае рабства да тадышніх гаспадароў жыцця. Пакрысе назапашваючы сілы, чакаючы свайго часу.
Але сваю прагу ўлады выяўляла і мама. Калі мне было пятнаццаць гадоў, мама заспела мяне з аднакласніцай у недвухсэнсоўных позах. У той жа вечар мама зладзіла допыт з унадай наконт сродкаў засцерагання. Пачуўшы маё няўпэўненае мармытанне пра адсутнасць грошай на гумовыя вырабы і пра перарваны акт, стала лаяцца. Але лаялася так, як соладка ўшчуваюць пухнатае кацяня, маўляў, уй, ты, бозецькі, дрэнны коцік, насмеціў, муся-пуся, трошачкі… У яе голасе было больш усцешанасці, чым клопату.
– Май на ўвазе, Ігар, – ледзьве хаваючы трыумф, папярэдзіла мама, – калі заляціце, то дзіця будзем выхоўваць мы з татам.
Тады я зрабіў выснову, што пасля столькіх гадоў адданай службы бабулям і дзядам, мама таксама хоча зрабіцца для кагосьці ўсёмагутнай уладаркай. Такой сабе Бабагаляй, што можа безапеляцыйна ўмешвацца ў лёс унукаў.
Дык вось, цярпліва чакаючы сваёй чаргі быць гаспадыняй, мама паступіла ў віначэрпіі да матрыярхаў. Пераняла іх аповеды і, занядбаўшы свой любы Менск, стала актыўна прапагандаваць іх далёкія радзімы – дарма што сама ўжо выгадавалася тут. Пакрысе мама зрабілася Бабарозінай і Бабагрунінай збраяносіцай, адданай адвакаткай, адвечнай каментатаркай, тлумачкай іх дзеянняў. Бацька – няма рады – стаў ёй у гэтай справе дапамагаць.
– Ты, Ігар, не крыўдуй на бабулю, – кажа мама пасля таго, як незадоўга да смерці Бабагруня абрынула на мяне ўзорную прачуханку, калі ускосна, задняй датай, даведалася пра нас з Роні.
Кіруючыся нейкімі сваімі правіламі, Бабагруня зладзіла мне ўзорны скандал, абвінаваціўшы мяне ў тым, што я дагэтуль нежанаты.