– Ведаеш, займацца ўсім, што не датычыць жыццезабеспячэння, у Беларусі: культурай, адукацыяй, я не кажу пра псіхааналіз – гэта як страляць са звычайнага лука ў бетонны шчыт. Выглядае поўнай беспрасвеціцай і патрабуе той ступені свабоды, якая прымушае ўсіх наўкола прыкметна нервавацца… Але, – тут я глянуў на Роні, – з цягам часу занураешся ў справу. Ты не паверыш, Роні, нават сярод дзівакоў фармуецца свая іерархія! Ну, не тое што праца твая прыносіць вялікі плён ці нехта звяртае на цябе ўвагу: вакол збіраецца невялікая, але адданая купка аднадумцаў, якія заўзеюць за цябе, паведамляюць пра невялічкія адколінкі, якія яны нібыта бачылі ў бетонным шчыце ад дзеяння стралы. Імпэтныя валанцёры ўпрыгожваюць твае стрэлы пер’ем. Усё абрастае бытам і жыццёвай мітуснёй. А калі пашэнціць, то да стралка прыбіваюцца і…
– …каханкі?! – Роніна брыво ўзлятае, як птушка. Я ўсцешана хіхікаю.
– Я іх задушу!
– Роні, я табе тысячу разоў казаў, твае эгаістычныя выбухі раз’юшанасці – гэта сублімацыя злосці на тваю бабулю Стэлу, якая ў дзяцінстве заўжды спярша паіла ліманадам тваю сястру Анну і толькі потым – цябе…
Да нас падыходзіць кельнер. Я ўжо ляжу на Роніных каленках і перуся ў столь. Роні таксама схільная заваліцца. Яшчэ адзін келіх, і мы тут наладзім пазачарговае паседжанне таварыства “Шчаслівы матрас”.
– Спадару кепска?
З ангельскай кельнера вывальваецца сербская.
– Спадару добра.
– У нас тут псіхааналітычны сеанс, – канцэптуалізуе сітуацыю Роні і сіліцца скурчыць адну са сваіх еўрачыноўніцкіх мінаў. Потым дадае:
– Ляжачы спадар – пацыент, а я сяджу, таму гэтая пастава мяне аўтаматычна робіць псіхатэрапеўтам.
– А, ну, тады ў нас у бары ўсе або пацыенты або псіхатэрапеўты, – выказвае дапушчэнне кельнер і, забіраючы пустыя келіхі, нечакана мне падміргвае.
– Ну, вядома ж! – еўрачыноўніцкасць з твару Роні знікае, і яна зноў ператвараецца ў хуліганістую пацанку:
– Або яны сядзяць і, узлокціўшыся, слухаюць, або ляжаць пад сталом і балбочуць што на рот лезе, так?
Я паказваю кельнеру, маўляў, яшчэ адзін куфаль для яе і келіх для мяне. Кельнер аўтаматычна ківае і, ужо амаль сышоўшы, кідае:
– Але тут ёсць такая тэндэнцыя… А другой ночы ўсе псіхатэрапеўты пагалоўна ператвараюцца ў пацыентаў.
– Гэты пан Грыц – анальны тып! – я праводжу дасціпнага кельнера вачыма. – Затармазіўся на этапе жаданняў, вось і вярзе ўсякую лухту. Як ягоную тэорыю можна адпрэчыць, яна такая ўніверсальная і так адпавядае патрабаванням сучаснасці, што аж гідка.
– Ты на сябе глянь, унукатэрапеўт Качуня! – смяецца Роні. – Памятаеш, як ты год таму пісаў мне раз’юшаныя лісты, што ў выніку ўсёй гэтай нашай сітуёвіны табе хочацца забіць ажно пяцёх чалавек: па чарзе мяне, майго мужа, сапраўднага доктара хірургіі Увэ Мітэльмана, а таксама траіх яго пацыентак, якім ён штодня ратуе жыцці?
Я мычу нешта на знак пратэсту.
– Ці прыгадаем, – працягвае Роні, – як праз паўгода пасля гэтага гразіўся парэзаць вены, і як за дзень да гэтага даслаў аднолькавы ліст усім сваім дзяўчатам, – уключаючы сваю былую жанчыну, з якой ты амаль жыў разам, мяне і колішняе дзетсадаўскае каханне? У тваёй развітальнай цыдулцы былі такія словы, нагадваю: “Толькі цябе я кахаў і буду кахаць вечна. Пасля маёй смерці, умаляю, будзь шчаслівая”.
– Ну, гэта быў чарговы этап сацыясэксульнага развіцця, – кажу я. – І, як бачыш, я нікога з гэтага шасцікутніка не забіў, што кажа пра маю даросласць. Я пераадолеў чарговы крызіс і пайшоў далей… Цяпер я проста хачу даць твайму Увэ і тром яго выратаваным пацыенткам у морду.
– Грубіян! – з фальшывым абурэннем кажа Роні. – Ведаеш, увогуле, мне здаецца, ты ўсё буркочаш пра непрызнанне, пра сваё аўтсайдарства, але ж насамрэч ты дабіўся ўсяго, чаго хацеў, дурненькая рыба!
І кладзе голаў мне на жывот:
– Напрыклад, праз аповеды пра тваю таталітарную Бабарозу, чыю гісторыю кахання і жыцця з гісторый пра тваіх сваякоў я люблю найбольш, мною ты авалодаў цалкам, без рэшты…
Раздзел 6
Матрыярх
Я шмат разоў чуў гісторыю жыцця матрыярха нашай сям’і Бабарозы з яе вуснаў. Слухаў схаваныя самалюбаванні, аздобленыя бліскаўкамі і мішурой. Яе перабольшанні, яе перакручванне фактаў на ўласную патрэбу. Яе вывучаны спіс уласных пакутаў і ўчыненых цудаў. Бабарозіны аповеды найбольш нагадваюць Біблію з часам нястрыманымі самавыхваленнямі Аўтара, чые капрызлівыя хоцькі выдаюць у Ім пакрыўджанага падлетка. З несканчонымі самаўзвелічэннямі, дзе Божая бронь эфектна паварочваецца да чытачоў усім сваім сляпучым зіхценнем.
Менавіта таму мамін дубляж атрымліваецца больш умеркаваным творам. Яе каментары – гэта хутчэй Талмуд, тлумачэнні да Бібліі, дзе прыкрыя нестыкоўкі апавядальніка старанна прыведзеныя адказным тлумачом да адной лагічнай роўніцы. Дзе вострыя куты згладжаныя руплівай рукой рэдактара. А неабдуманыя лютаванні Гаспадара Ваярстваў спушчаныя мудрым стылістам на тармазах ці прызнаныя нябеснай алегорыяй, якая не мае нічога супольнага з чалавечай рэальнасцю.
Аддамо перавагу маме – паслухаем яе інтэрпрэтацыю.
Руф-Бабароза нарадзілася ў самым канцы ХІХ стагоддзя ў вялікай вёсцы Гатава, да якой цяпер зусім блізка падпоўз Менск. Яе бацькі, Іван ды Кацярына, былі дужа пабожныя людзі, праваслаўныя да самага шпіку. Абдорылі дзвюх малодшых дачок ультрарэлігійнымі імёнамі са Старога Запавету. Бабарозу назвалі Руф, у гонар Руфі Маавіцянкі. Яе сястру – Орфа, якая была сястрою Руф. Зрабілі бацькі гэта, пасля таго, як назвалі сваіх старэйшых дзетак Таняй, Ясем, Паўлюком, Ксеняй, Лявонам, Яўхімам, Наталляй і Аксанай. (“Даючы старэйшым банальныя імёны, Іван і Кацярына замыльвалі людзям вочы, дзеля таго каб назваць малодшых так, як ім ужо сапраўды было да душы”, – каментуе гэты ўчынак мама).
У адрозненне ад прыгожай Руфі Маавіцянкі, старазапаветнай прабабкі цара Давіда, Руф Гатавіцянка, яна ж Бабароза, у маладосці была ні з стану, ні з твару. А яшчэ – негаспадарлівая, непрацавітая. Схільная да ленаватага сузіральніцтва. Спалучаць веру ў Бога са штодзённымі сялянскімі ўвіханнямі ў яе ніяк не выходзіла.
Урэшце бацькі, бачачы гэткае, вызвалілі юную Руф ад клопату і перасталі вучыць яе хатнім абавязкам увогуле – яны мелі дастаткова іншых памагатых. Паводле тадышняй завядзёнкі, яны прысвяцілі дачкупазнячку служэнню Госпаду і царкве. Аддалі да пападдзі ў “пакаёвіцы”.