А яшчэ на публіцы нейкі шпон утыркаўся ў азадак. Нам, у дадатак апантаным каханнем і абцяжараных публічнасцю, дужа хацелася блазнаваць і тэатральнічаць.
Узяць хаця б гэтую гісторыю пра кракадзіла. На сусветным “Арт-агра-эка-фэсце” ў Скоп’і праводзіўся конкурс на найлепшую нацыянальную жывёліну Еўропы. Вавёркі, зайчыкі, бабры, ваўкі. Мы ж прывезлі (на тваю параду) дачны басейн з кракадзілам. Як кракадзіл? Чаму кракадзіл? Ты запэўніла мяне, што чытала ў адной нямецкай хроніцы, што на Палессі яшчэ ў ХІХ стагоддзі можна было сустрэць алігатараў.
Я прапушчу, дзе мы ўзялі таго кракадзіла і як па фальшывых дакументах правезлі яго ў Еўропу. Адно раскажу, як ты зладзіла прэсавую канферэнцыю, дзе паўзун, якога назвалі clairvoyant Valera, празорцам Валерам, у дачным басейне з гумы, купленым у найбліжэйшым гіпермаркеце, адказваў на пытанні і прадракаў будучыню Беларусі, яе геапалітычнага выбару.
Натуральна, пытанні мусілі быць сфармуляваныя такім чынам, каб адказы атрымаліся “так” ці “не”. Бо кожны раз, калі перад кракадзілам ставілі пытанне, ён мусіў на выбар сцапаць тушку куркі ці трусіка. “Так” ці “не”, Усход ці Захад, левіца ці правіца. “Ці будзе дэнамінацыя?” – “Так”. – “Ці будзе канец свету?” – “Так”. – “Ці закончыцца Беларусь?” – “Н-н-н-та-а…
(Кракадзіл вагаецца, дакранецца да куркі, але перамётваецца да трусіка – …Не!” (смех, воплескі).
Калі сур’ёзна, дык беларускі стэнд-партал на фестывалях меўся стаць лабараторыяй сучаснай беларускай крэатыўнай думкі. Рэпрэзентаваць творчую Беларусь свету. Гэтак мы сталі папулярызаваць псіхалагічны тэст Шульмана з выцінанак, мы вучылі парушніцкаму лемезу і ладзілі майстар-класы па абрадзе “Жаніцьба Цярэшкі”.
Тэст Шульмана быў метадам вытлумачэння сімвалаў, часам няўцямных і шматсэнсоўных малюнкаў, часткова ўзятых з традыцыйных выцінанак і вышыванак, сіметрычных адносна вертыкальнай восі. Узоры, што нагадвалі жывёлінаў або людскія фігуркі, псеўдасалярныя сімвалы ці экзэмпляры з расліннага свету. Кожная такая фігура служыла стымулам для асацыяцыяў. Выпрабаваны павінны быў назваць любое прыдуманае ім слова, вобраз або ідэю. Паводле тлумачальных адказаў па размяшчэнні, руху і сэнсу ўбачанага яму выносіўся псіхалагічны дыягназ. А яшчэ ў псеўдафальклорных матыльках ці райскіх птушках выпрабаваныя бачылі сацыяльныя сітуацыі: пагрозы, сцэны гвалту, несправядлівасці, або наадварот – мілосныя імгненні сардэчнасці і спагады. Асабістую цяпершчыну ці мінулае.
На нашым стэндзе ты прыдумала ўсякаму наведніку, ахвочаму еўрапейцу праводзіць такі тэст. Потым мы выдрукоўвалі дыягназ, які Шульман, ураджэнец Копыся, колісь назваў “Мапай ментальнай бацькаўшчыны”, персанальнай тэрыторыяй крозаў і фобіяў. Атрымоўвалася мапа, што мела форму модненькага цэлафанавага абруса, на якім адмысловая друкарка малявала безліч каляровых стрэлак і арнаментаў, з пазнакамі зашыфраванага ў дзіўных фігурах лёсу.
Той абрус можна было забраць з сабою і рабіць з ім, хто што любіць рабіць з такімі сувенірамі: засцілаць ім стол ці браць на пікнік. Або вешаць на сценку, або, праклінаючы дызайнера, хаваць у самую цёмную шуфлядку ці пакрываць ім ламачча ў падвале, ці – на зусім ужо благі канец – цішком-нішком перадорваць неабавязковым сябрам.
Акрамя псіхатэсту па выцінанцы, на тваю прапанову мы раскруцілі “Жаніцьбу Цярэшкі” – абраднае карагоднае дзейства, у якім еўрапейцы ўбачылі замаскаваны пад сватаўство флірт. Ты недзе раздабыла вясельны сертыфікат еўрапейскага ўзору і з урачыстасцю абдорвала ім усіх ажэненых на стэндзе.
О, гэта было жыццё, аблітае нугою, абкачанае ў мішуры, загорнутае залатой фольгай! Прыгожае, як вясельны торт. Стракатае, як барахло на лоджыі. Просты выклік парадку і размеранасці. Ты сваволіла, танчыла канкан у сваім строгім дзелавым гарнітуры. Адмаўлялася ад любой цэнзуры, я ледзьве паспяваў за тваімі выбрыкамі.
– Роні, што ты творыш? Ты ж культурны менеджар, прафесіянал!
– Усе прафесіяналы – гнюсныя тыпы!
– Роні, ты страціла розум!
– Я страціла цяжар! І што ты, Персей, маеш, супраць? Паводле тваіх чарцяжоў на дванаццаці квадратных метрах беларускага стэнда, я дапамагаю ствараць вам вашу краіну, з адмысловымі пахамі і ландшафтам.
– Так, я маю што супраць, Роні! У нас, у Беларусі, няма кракадзілаў!
– Персей, любенькі, рамантычна настроеныя жанчыны не дажываюць да трыццаці. Так што не вер мне! Насамрэч я практычная ўітч-бітч, вядзьмарка-сцерва. І вольная як вецер – паспрабуй дагані!
Тут ты ўдавала, што асядлала мятлу.
Мяне, вядома, бянтэжыла, што ты так па-спажывецку паставілася да фальклору і народнай культуры. Але ці я сам, раздзяўбай і самаабвешчаны доктар унукатэрапіі, ставіўся сур’ёзна хоць да чаго? Хай там што, магія махлярства вабіла нас.
Пасля доўгіх разваг я прапанаваў, каб цэнтрам беларускага стэнда-партала – і ў афармленні, і паводле сутнасці – зрабілася канцэпцыя ўнукатэрапіі. Ты імпэтна замахала рукамі, маўляў, якая яшчэ ўнуткатэрапія, чур цябе! Я пацікавіўся, што не так.
– Персей, пакінь звязку “дзяцей-бацькоў” Фройду! А праблемы бабуль і дзядоў адпрэч увогуле.
Я нічога не зразумеў.
– Зразумей, Персейчык, у Еўропе дзяды і бабулі не граюць ніякай ролі ў выхаванні ўнукаў, – дадала ты. – Яны нават – уяві сабе! – не жывуць з імі ў адной кватэры. Гэта такія плюшавыя цацкі, нават не зусім чальцы сям’і, якія не дапушчаныя да выхавання сваіх унукаў. Збыткоўныя персанажы, нешта накшталт тваёй Бабанадзі.
Каб еўрапейцы зацікавіліся Беларуссю, трэба падабраць больш яскравую “фішку”, патлумачыла ты яшчэ. Можа быць, які-небудзь экзатычны феномен ці якая-небудзь выбітная, неардынарная асоба, прайдзісвет ці прапаведнік?
Я прапаноўваў, але ўсе кандыдатуры былі зноў адпрэчаныя. Як, напрыклад, Якуб Наркевіч-Ёдка, прафесар электраграфіі і магнетызму, першы чалавек у Еўропе, які вымераў хуткасць руху аблокаў. Ці амсціславец Лэйзар Шахар, кравец-мануфактуршчык, які напачатку ХІХ стагоддзя самым першым у свеце запусціў фабрычныя лініі па пашыве абутку, асобную для левага і правага ступака.
– Аблокі, ступакі… Надта паэтычна, – сказала ты. – І, Персей… Ніхто у нас не паверыць, што які галандзец не вынайшаў такой абутковай лініі гадоў на дзвесце раней.
Мае довады пра гістарычную праўду не падзейнічалі.
– Персей, прабач, але гістарычная праўда палягае ў тым, што нікога ў Еўропе не цікавяць вашыя дасягненні і вашая адукаванасць. Тут цывілізацыйным імпэтам нікога не ўразіць. І ўвогуле ад вас чакаюць іншага.
– ?
– Экзотыкі, энігмы. Трэцяга вока, трэцяга шляху…