– Дык вось, шаноўны гер, пакуль столькі гадоў еўрапейчык Фройд і якія з ім корпаліся ў бруднай бялізне бацькоў, дык толькі ў беларускага доктара Качуні хапіла розуму і мужнасці сказаць, што накідваць свае комплексы і хібы на дзетак – эгаізм і дурота. Бо ў чалавечых адносінах ёсць другое дно. Глыбачэзная шахта, якая вядзе ў бездані падсвядомасці. І гэта – складаныя і заблытаныя, часам балючыя і забойчыя, але заўжды пульсуючыя і бліскучыя адносіны паміж дзядамі і ўнукамі.
Роні робіць загадкавую міну.
– Брава! – кажу я і намагаюся папляскаць у ладкі. – Але просім у шаноўнай фрау навуковых доказаў!
– Ого, быць унукам! – Роні ставіць куфаль побач. – Дык вось, як я ўжо сказала, усе сапраўдныя асалоды гэтага свету, усе найдасканалейшыя ўсцешнасці тояцца ва ўнукаўстве…
Тут Роні нямоцна б’е мне па маіх выпрастаных пальцах, якія цягнуцца па куфаль.
Просты прыклад, шаноўны гер. Як можна параўнаць асалоду ад двух кубікаў бацькоўскай шакаладкі з пяццю кілаграмамі Бабаманінага манніку? Гэта розныя вагавыя катэгорыі, шаноўны гер, калі хочаце. У фізіялагічных тэрмінах – розныя аб’ёмы цукру ў мазгах. І з гледзішча псіха-сацыяльнага – зусім іншая ступень свабоды, і як вынік, абсалютна іншы, несупастаўны, уплыў на душу і псіхіку дзіцяці.
– О, так, шаноўная фрау, вашая праўда! – кажу я, ушчэнт спешчаны. Мне ўсё ж удалося выхапіць у яе куфаль.
Усё праўда. Менавіта там, у бабульчыных сералях, разгалінаваных бясконцымі галерэямі і хадамі палацах, у таямнічых лабірынтах дзядоўскіх хат цячэ жывое жыццё. Там, куды зазвычай малых дзетак запускаюць толькі на два дні (каб не перайсці край з моцнымі наркотыкамі). Паўдзённыя пад’ёмы, цукеркі і трубачкі з крэмам на сняданак, начны прагляд тэлевізара – у іх хаваюцца яскравыя дадатнасці і жахлівыя хібы нашага будучага дарослага характару. А зусім не ў дробязных падкілімных змаганнях з татам за маміна каханне, як сабе памылкова думае гаротны спадар Фройд. Бо каму, па шчырасці, патрэбна нейкае каханне нейкай там мамы, калі ты можаш беспакарана з’есці пяць кэгэ бабульчынага манніку разам з малаком і пасля праграмы “Время” паглядзець фільм “для дарослых”?
– Субота і нядзеля – менавіта тая пара, калі выкшталтоўваецца чалавечая асоба, – мурлыкае Роні, – а не ў нейкіх там панядзелках-чацвяргах. А каму з унукаў пашэнціла, дык тыя бавяцца ў дзядоў усе летнія вакацыі… А для тых, каму выпала ўжо сапраўды незямная асалода, то бацькі, з’язджаючы па заробкі ў Сібір ці Штаты, падкінулі іх дзядам на некалькі гадоў.
– Я ўжо маўчу пра шчасліўцаў, у каго бацькі загінулі ці спіліся, – рэхам адгукаюся я. – І бабулі з дзядамі ўсынавілі ці ўдачкавалі такіх пестуноў лёсу назаўжды.
О, як жа я зайздросціў хлопцу з нашага класа Сяргею Германовічу, кругламу сірату, які жыў у дзеда з бабуляй!
Я ляжу і млею. Адчуваю, як на маёй псіхааналітычнай бародцы калмаціцца піўная пена.
– Пра што гэта я? – з фальшывай разгубленасцю ціўкае Роні і выцірае бараду. – Ага, я пра дзядоўскі дом, шаноўны гер, без доўгіх спісаў абавязкаў і патрабаванняў, дзе можна памерці ад асалоды і кунегі, як кот у лядоўні.
– Нешта шаноўная фрау бярэ праз край… А як быць, напрыклад з тымі, у каго бабуляў і дзядоў не было? Вось як сфармавацца асобе, у якой памерлі ўсе бабулі?
– Ты пра гэтых бездзядовічаў – не вартых узгадкі персонаў?! Гэтых неўрастэнічных суб’ектаў?! Да прыкладу, у самога Фройда быў толькі дэспатычны бацька-сірата і паглядзі, да чаго гэты гаротнік давёў наш свет і культуру! А Гітлер, а Сталін?! Поўная адсутнасць бабуль і дзядоў!
У сафізмах Роні няма роўных. Я зусім ужо расхамячыўся.
– Або глянуць, да прыкладу, на пана Грыца… – падтакваю я.
Доктар Грыц Зэлэнко, мой зацяты канкурэнт, быў псіхааналітыкам са Львова. Грыц Зэлэнко казаў, што кожную ноч бачыць Карла Юнга, які дыктуе яму навуковыя прароцтвы і выкладкі. У гэтага пана Грыца была свая тэорыйка, досыць папулярная ў пэўных колах. Яна сцвярджала, што праблемы чалавека хаваюцца не ў адносінах з бацькамі ці там з дзядамі, а з дзецьмі, ненароджанымі дзецьмі будучыні.
Ось так. Раз за цяперашнім часам дзеці дапазна не нараджаюцца, сцвярджаў Зэлэнко, яны робяцца важным псіхалагічным чыннікам. Будучыя дзеці і прыцягваюць увагу, дыктуюць сваю волю, падпарадкоўваюць сабе невыдаткаваную бацькоўскую энергію. Трансфармуюць і сублімуюць яе.
Панавыдумляў пан Грыц абы-чаго.
Толькі праз пяць гадоў змагання, праз пяць гадоў узаемных абвінавачанняў і зацятасці я здолеў звесці на пшык пана Грыца на старонках выдання “Problems of Psychology”. У сваім артыкуле “Псіхааналітычныя аспекты брахні. Комплекс Электрыка”. Я – зразумела, не называючы прозвішчаў, – на прыкладзе ягонай заганнай тэорыі і фактах ягонай біяграфіі паставіў пану Грыцу, ужо як чалавеку, знішчальны дыягназ.
“Праблема маленькага Грыца, – пісаў я, – палягае ў неразвязаным канфлікце “ўнук-дзед”. Рэч у тым, што дзед пана Грыца, які быў ледзьве не памёр у трыццатыя ад Галадамору, меў фобію. Дарма што ежы ў савецкай Украіне ў сямідзясятыя было дастаткова, і не дазваляў бабулі добра карміць унука. Ні табе маннікаў па аўторках, ні табе гефельтэ-фіш па суботах. Дзед Грыца не быў скнарам – пра гэта сведчыць адукацыя пана Грыца. Дзед, недакормліваючы ўнука, як бы рыхтаваў яго да будучых бедстваў.
У сваю чаргу, уся гэтая нішчымніца развівала ў будучым Грыцу неўроз. Сваю недакормленасць з цягам часу пан Грыц няўдала сублімаваў у кар’еру, дзе ў сферы псіхааналізу за ўсякую цану намагаецца прапхнуць першую-лепшую фальшывую тэорыйку і зрабіць на ёй імя. Тады як сапраўдная мэта ўсіх яго намаганняў – накарміць сваё вечна галоднае эга”.
Роні тым часам працягвае:
– Але, шаноўны гер! Ёсць у дзядоўстве і цёмны бок. Пасля пяшчотнага абыходжання бабуль і дзядоў, унук увальваецца ў змененую свядомасць. У гэтым стане развіваецца сапраўдная ўсёдазволенасць, у параўнанні з якой наркотыкі ды іншыя абмежаванні бацькоў – дзіцячы лепет. Ад шарлотак і маннікаў унукавае эга раздзьмуваецца да неверагоднасці. Робіцца азызлым і разбэшчаным і не ўлазіць ні ў якія псіхалагічныя рамкі. Спешчаны ўнук перастае адрозніваць рэчаіснасць ад мроі. Такі суб’ект просіцца паглядзець яшчэ адзін фільм, скажам, “Шчыт і меч” пасля “Трох мушкецёраў”, якія былі пасля праграмы “Время”. Або патрабуе не спаць усю ноч. Вядомыя нават выпадкі, калі бабулі пацыентаў слалі ім у пластмасавых ванначках.
– Так, так, – падтакваю я. – Псіхатэрапеўтычнай практыцы вядомыя такія выпадкі, калі Баба Р., 87 гадоў, сцяліла Ігару К., 8 гадоў, пасцель у пластыкавай ванначцы, бо ён плакаў і ўшчуваў яе ўвесь вечар навылёт, маўляў “хацу, хацу, бабулечка”. І яму такі выцягнулі гэтую пластмасавую ванначку з антрэсоляў.
У ёй яму слалі, і ён спаў у ёй некалькі месяцаў, пакуль яна канчаткова не развалілася пад васьмігадовым бэйбусам. Калі ж бацька Ігара К., Андрэй К. упершыню ўбачыў ванначку ў спальні і свайго вялікаўзроставага сына ў ёй, дык яго хапіў сапраўдны культурны шок.
– Дык шаноўнаму геру вядомы такія факты? – з’едліва перапытвае Роні.
– Так!
Я лічу, што найлепшая абарона – гэта нападзенне, таму працягваю: