Далей на далей, прыкладна раз на месяц будучаму міністру стаў сніцца жах, што няісны брат, – волас у волас, голас у голас – у матчыным улонні трымае яго за пяту, так, нібыта не хоча пускаць яго на свет. І мерыцца выперадзіць і вылезці на свет першым. Пасля гэтага жаху будучы міністр прачынаўся ў халодным поце.
Урэшце брат, чыйго імені хлопчык ніяк не мог вызнаць, стаў прыходзіць у сны на поўны рост, як гаспадар. І нашэптваў, і сварыўся, і размаўляў. Брат-блізнюк апавядаў хлопчыку розныя гісторыі. Казаў, што ў свеце ёсць цікавыя і нетрывіяльныя рэчы і з’явы. Заклікаў хлопчыка да падарожжаў у сярэдзіну сябе. Пад уплывам таямнічага брата будучы міністр рабіўся іншым чалавекам: мройлівым, задуменным, трохі пабожным.
І вось, пасля некалькіх гадоў начных жахаў брат-блізнюк з’явіўся і на яве, голасам у галаве. Чужы голас авалодаў галавою будучага міністра і нават стаў патрабаваць ягонае цела ў карыстанне. Напрыклад, калі малы хлопчык еў боршч, дык нечакана ў розум пратачаўся другі брат і патрабаваў сваёй долі, якую той хацеў абавязкова спажыць сам. Будучы міністр слухаў абсалютна выразны чужы голас у сваёй галаве, які казаў: “Чырвонага хачу, вось гэтага чырвонага хачу!” Але, ці варта казаць, што, акрамя самога хлопца, ніхто ніякага голасу не чуў?
У спрэчцы дзвюх асобаў у адным целе міналі гады. Браты, сапраўдны і ўяўны, у сваім першынстве моцна завінуліся. Настолькі, што ажно даводзілі бацьку і матку да вар’яцтва: уявіце сына, які размаўляе рознымі галасамі, спрачаецца, хто будзе кіраваць целам і каго дзяды любяць больш.
У падлетка пачаліся праблемы са страўнікам. Бо штодня ён выходзіў з-за стала з пачуццём голаду ці наадварот – моцнай пераетасці, бо еў сваю порцыю і дабаўкі, а потым тое самае прасіў для сябе і ўяўны брат. Або наадварот, за гарачай спрэчкай, што хоча есці кожных з братоў, рот не паспяваў нічога ўхапіць.
Яшчэ браты розніліся характарамі. Адзін выявіўся рахманым дамаседам, другі ж – энергічным ветрагонам. Усё гэта стала яшчэ адной праблемай. Хлопчык проста пасярод горада мог прысесці на лаўку, каб пачытаць і сядзець там некалькі гадзінаў запар, або, наадварот, – безупынку хадзіць аж да поўнай знямогі цела. Або абяцаць адно, а выконваць абсалютна іншае, або не рабіць нічога ўвогуле.
Бацькі незнарок падгулялі дваістасці: калі хлопчык праяўляў свае сталыя пачуцці, сваю рахманасць, яго больш унароўлівала маці, калі рабіўся дзёрзкім і парывістым – дык бацька.
Далей – горай. Пасталеўшы, хлопцы сталі адрознівацца нават вонкава. Падхоплены нейкім няўцямным імпульсам, часам падлетак завітваў у ванны пакой, каб згаліць валасы не толькі на падбароддзі, шчоках, а таксама на руках ды грудзях.
Пагаліўшыся, па выхадзе з ваннага пакоя, ён увадначассе рабіўся хапатлівым і шпаркім, як другі, уяўны брат. Але чым больш валоссе адрастала, тым больш ён рахманеў і спакайнеў, так бы мовіць, прыходзіў у сябе, перамяняўся ў першапачатковую натуру.
Цяпер, калі абодва браты прысутнічалі ў снах поруч, яны больш не размаўлялі. Часам адно млява барукаліся ў сне ўсю ноч навылёт. У канцы бойкі абодва барацьбіты толькі пыталіся адзін у аднаго, як жа іхняга суперніка, чорт яго бяры, завуць.
Выйшаў у свет дарослых будучы міністр інфармацыі і прапаганды з падарванай псіхікай – ён быў яўна не падрыхтаваны да іх аднапалярнага жыцця. Усё наша беларуская цывілізацыя падавалася яму няправільнай і нават хібнай, недаробленай: адна жонка, адна бухгалтэрыя, адна прапіска, прынцып аднаго акна… Мае вы людцы, як так можна?!
Невялікай прадухай для будучага міністра быў той факт, што ў сучаснай Беларусі можна было захоўваць лаяльнасць адразу да дзвюх краінаў: СССР і Рэспублікі Беларусь. Гэтак у ягоным кабінеце ўрачыста суседнічалі мапа СССР і чырвона-зялёны зубрачалавек, страхотны сімвал чэмпіянату па біятлоне.
Жонкі будучы міністр так і не завёў, бо ніколі не было і дзяўчатаў. Жанчыны вытрымлівалі не больш за адно спатканне з разумным, дасціпным, паспяховым, але дзівакаватым і шызафрэнічным чалавекам. Брат-блізнюк панадзіўся з’яўляцца ў самыя інтымныя моманты і агрэсіўна патрабаваць сваёй долі ў каханні.
Калі ў асабістым жыцці была катастрофа, дык кар’ера будучага міністра квітнела. У міністэрстве інфармацыі і прапаганды ён курыраваў прыватныя выдавецтвы і незалежныя выданні. О, са сваёй асаблівай асабістасцю ён лёгка здолеў падпарадкаваць выдаўцоў і газетчыкаў, гэтых адпрыродных махляроў, гэтых дасведчаных прайдзісветаў! Праз дваістасць натуры будучы міністр меў і двайны стыль працы. Ён зрабіўся добрым і кепскім следчым у адной асобе – і гэта выявілася плённай лініяй паводзін. Прыватных выдаўцоў і незалежных журналістаў будучы міністр то катаваў крыкам, то цішком цкаваў праз існыя законы. Падладзіцца пад міністра ці пратачыцца праз двайное сіта яго асабістасці незалежнай прэсе папросту не было як.
Праз сваю дваістасць будучы міністр выславіўся персонай дэманічнай. Менавіта праз гэтую дваістасць начальства каштоўнага спецыяліста хваліла – сваімі пугай і пернікам ён даваў узорнага прачуханца ўсім няўгодным. Без заўважнай цяжкасці будучы міністр дэманстраваў фантастычныя вынікі і быў двухжыльны… Стан майго суразмоўцы пагоршыўся, калі мы даехалі да польскай мяжы. Правадніца адарвала кавалачак нашых білетаў сваім сакрэтным адрывам. Правяраючы дакументы ў нашым купэ, маладзенькая памежніца сказала, што не пазнае фотку міністра на пашпарце. Міністр у адказ не стаў карыстацца службовым становішчам і качаць правы. Адно ціхенька заплакаў, моцна ўдарыўшыся лабацінай аб купэйны стол. Нават у ягоным пашпарце іншыя бачылі дзве асобы! Цяпер яго суцяшалі трое: я, правадніца і маладзенькая памежніца.
Усю рэшту дарогі да Варшавы я адпойваў будучага міністра інфармацыі каньяком і супакойваў гісторыяй пра неадчэпны голас шведскай жанчыны, які колісь у дзяцінстве гучаў у маёй галаве. Я, на жаль, не паспеў разгарнуць палявы шпіталь псіхалагічнай дапамогі – замільгацелі варшаўскія прадмесці. Хацелася парэкамендаваць міністру не змагацца са сваёй падвойнасцю, а прыняць яе і далей скарыстоўваць у сваіх мэтах. Зрабіць творчую сублімацыю – з такімі талентамі, як ягоныя, напрыклад, суцешыцца вывучэннем замежных моваў (як было з шведскай жанчынай, з дапамогай якой я вучыў ангельскую) ці, на благі канец, зрабіцца літаратарам. І ўрэшце кінуць гэтую злыдневую службу.
Я не ўправіўся па часе. Як па шчырасці, дык я папросту разгубіўся ад свайго прафесійнага шчасця. Так бывае: я адхапіў кавалак, які не паспяваў з’есці.
Не магу сказаць, што мы рассталіся сябрамі. Часам, апавёўшы таямніцы свайго жыцця, людзі адчуваюць пустату і непрыязь у дачыненні да псіхатэрапеўта. Або, нават атрымаўшы каштоўныя парады, пацыенты, якія чакалі ад псіхолага нейкіх цудаў, а не жыццёвых парадаў, пытаюць: “Як, і гэта ўсё?” Падобнае, цалкам верагодна, адбылося з міністрам.
(“Ёсць ва ўнукатэрапіі пачатак, няма ва ўнукатэрапіі канца”, – кажа на гэта Роні).
Потым я сачыў за яго кар’ерай. Як міністр інфармацыі, ён быў адданы агульнаму курсу і падчас сваёй кадэнцыі зачыняў дэмакратычныя выданні і выдавецтвы направа і налева, дэманструючы падвойныя стандарты, а таксама кіраваў хітрамудрай прапагандай Македонскага падчас выбараў.
Аднак тут варта заўважыць, што адбыліся і відавочныя паляпшэнні. Складалася ўражанне, што на высокай пасадзе міністр рабіў працу неяк не хочучы, прымусова. Без гестапаўска-энкавэдэшнага запалу, уласцівага яму раней. Без палярнай падвойнасці натуры, калі не ведаеш, на якога з братоў натрапіш: лютага ці абыходлівага. Я заўважыў яшчэ – ягоныя знаёмыя (бо колькі таго Менска!) пагаджаліся – перапады настрою, ад дэманічнага да млявага, у міністра зніклі. Часам я бачыў міністра па БТ. Калі абстрагавацца ад прапаганды, якую той прафесійна ліў у вушы электарату, выглядаў ён вартым жалю. Знарочыста няўдала падабраны гальштук, мешкаваты пінжак, акуляры ў квадратнай аправе, збянтэжанасць уваччу, нядошлая ўсмешка. Ягоны выгляд нібыта красамоўна казаў: “Ну, куды мне, такому страднаму і нягегламу, яшчэ было пайсці працаваць?.. Ну, вы ж самі ўсё разумееце…” А галава па-дзіцячы ашаломлена хілілася то налева, то направа. Міністра было нават трохі шкада. Думаю, унутры яго браты памірыліся ці прынамсі заключылі пакт пра ненападзенне.
Пасля сустрэчы ў купэ мы больш з міністрам ні пры якіх акалічнасцях не бачыліся і не размаўлялі. Але з цягам часу я заўважыў, што нехта зверху, моўчкі і незаўважна, мной апякуецца. У тыя часы ў праваабарончым цэнтры “ІД”, “Ірацыянальныя дэмакратыі”, я падпрацоўваў на пасадзе псіхатэрапеўта (у сучаснай Беларусі прававая дапамога, як вядома, носіць характар хутчэй псіхатэрапеўтычны, чым юрыдычны, пра што ў гэтым цэнтры зразумелі раней за астатніх). Дык вось, калегі адзначылі, што з маім прыходам у “ІД” абавязковых наездаў і ўцісканняў з боку дзяржаўных органаў і падатковых службаў зрабілася значна менш, чым у іншых грамадскіх арганізацыях. Але як толькі я з таго цэнтру сышоў, пасварыўшыся з кіраўніцтвам, цэнтр праз які месяц зачыніла санстанцыя – праз аварыйны стан памяшкання.
– Шаноўная фрау, то давайце шчыра, вам падабаецца “дзядоўская” тэорыя? – я зноў чакаю ад Роні новай порцыі лёстак. – Як вам унукатэрапія ўвогуле?
– Я ў захапленні, шаноўны гер, – падлабуньваецца Роні і лашчыць аберуч мае скроні.
– Гер Качуня, шаноўная фрау, хоча адчыніць у Менску клініку. Людзям трэба паднесці ўсю ідэю як мага лепш.
– Ігар, ну, цяпер ты перагульваеш! – кажа Роні зусім іншым – ціхім, але цвёрдым голасам. Голасам цвярозага чалавека.
І глядзіць на мяне ва ўпор сваімі налітымі вішнямі:
– Каму ў вас у Беларусі трэба клініка ўнукатэрапіі? У нас у Нямеччыне гэта неяк трымаецца на фрайдыянстве, на праблемах з бацькамі. Але ж у вас, у Беларусі, каму гэта патрэбна?! Акрамя, можа быць, твайго міністра прапаганды, унука гестапаўца і энкавэдыста?
– Ну, ты недаацэньваеш нашых людзей…
Я ўжо прылёг. Паклаў Роні галаву на калені і гляджу ў столь.