Ягоныя шэрыя вочы, падзёрнутыя мройнай пялёнкай невяртанца, глядзелі ў голую сценку кафэ “Раксалана”. Але я гатовы быў паклясціся, што на ёй, паза спінамі запрошаных гасцей, я згледзеў раптам тое, што ў той момант бачыў сам Дзядзюля: мой цень, увянчаны ярмолкаю. Мой кашэрны абрыс трымаўся рукой за нейкія пукатыя валуны ў сцяне (хоць я сам стаяў за дзедавай спінаю з рукамі па швах!), а тулава ценю крыху гайдалася ківачом у зацятай юдэйскай малітве. Дзядзюля павярнуўся да мяне ўжо ўсім корпусам і шчыра пасміхнуўся залатым зубам.
Аднак пры ўсёй павазе – маёй павазе да Дзядзюлі і Дзядзюлевай павазе да іўрыта – мушу ўсё ж заўважыць, што ізраільскім патрыётам Дзядзюля ні кропелькі не быў. Патаемна ад усіх сваякоў ён з пятай жонкай Бабафаняй, зрабіўшы натарыяльна завераныя ксеракопіі дакументаў, падаў паперы адначасова ў тры консульствы: амерыканскае, ізраільскае ды нямецкае. Нягледзячы на ўласную сіянісцкую прапаганду, Дзядзюлевы лыжы зусім не абавязкова былі навостраныя ў бок Ерусаліма. О, не, я не памятаю, каб Дзядзюля хоць раз сказаў маме: “Трэба ехаць у Ізраіль!”
Дзень пры дні, ноч у ноч, гады навылёт, Дзядзюля зацята паўтараў больш універсалісцкую мантру: “Галечка, трэба ехаць!” Гэта была самая папулярная Дзядзюлева фраза. Паводле частаты паўтораў яна пераўзыходзіла нават “Ну, ты сама ўсё разумееш…” А здаралася, што калі-нікалі Дзядзюля казаў гэтыя два сказы разам, чарадою. Прычым той сказ, які ішоў последам, здаваўся лагічным вынікам першага, “Ну, Галечка, ты сама ўсё разумееш… трэба ехаць!”
Аднойчы, у разгар перабудовачнай нішчымніцы, пасля таго, як Дзядзюлю прысніўся ЦУМ, у якім па талонах выдавалі прэзерватывы, Дзядзюля на раніцу прымчаўся да нас. Ускудлачаны, з лесам кучаравых валасоў, не раўнуючы бяздомны арангутан. Плюхнуўся ў гасцявы фатэль. Расказаўшы ўвесь свой жахлівы сон, ён хапатліва выскачыў з фатэля і нечакана ўскінуўся на маму. Стаў душыць яе штрыфелем ейнага ж хатняга халата так, нібы маміна віна ў развале савецкай эканомікі не падлягае сумневу. “Галечка, трэба ехаць! Ехаць трэба! Ну, ты ж сама ўсё-ё-ё-р-аа-а…” – заблагаў Дзядзюля. Кісларод перастаў паступаць да маміных мазгоў. Яна часта-часта захлопала вейкамі і здушана прашамкала:
– Е-хаць? Ку-ды? Колькі пуцёўка каштуе?
Якраз тады мама зрабілася тарбэчніцай – цягала ваўняныя швэдры з Індыі і Пакістана, і таму ўсе з’явы мерала на няхітры чаўночны манер. Ад такога фармалісцкага адказу Дзядзюлю ажно перасмыкнула. Аднак гэта таксама вярнула яго да рэальнасці, і ён адпусціў мамін штрыфель.
Першы раз сур’ёзна з’ехаць адсюль Дзядзюля наважыўся ў пракаветныя сямідзясятыя. І нават падаў тады заяву на звальненне. З гэтай надзвычайнай нагоды ў ягонай адвакацкай калегіі склікалі грамадскі сход, на якім рэй вялі старыя габрэі-камуністы. Пад пільным наглядам каламутнага суб’екта ў апошнім шэрагу партыйна-габрэйскі актыў мусіў даць Дзядзюлю прынароднага прачуханца.
Юлік, ты ж наш чалавек, савецкі! – надрэсіравана накінуўся на Дзядзюлю патрыярх адвакацкай калегіі Самуіл Элканавіч з трыбуны. – …А цікаеш за кардон, як пацук з тонучага карабля!
Каламутны суб’ект у апошнім шэрагу, які датуль паблажліва і трохі прыспана назіраў за млявапенным сходам, цяпер падскочыў як шылам працяты. Ужо не маскуючыся пад адвакацкага работніка і асабліва не выбіраючы словаў, крыкнуў патрыярху:
– Алканафтыч, ты што, ах..еў?! Які пацук? З якога, на хрэн, ТОНУЧАГА КАРАБЛЯ?
Пасля гэтага паседжанне пайшло няпланавым парадкам. Карны меч грамадскага абурэння аператыўна скарэктаваў напрамак, скіраваўшы спічак у бок небаракі Самуіла Элканавіча.
Дзядзюлю выпусцілі з галавы. Хіба праз пару дзён адміністрацыя адвакацкай калегіі задаволіла яго просьбу звольніцца па ўласным жаданні. І, вядомая рэч, з’ехаць ні за якую мяжу Дзядзюлю не дазволілі.
Пасля выгнання з калегіі Дзядзюля зрабіўся юрыдычным дарадцам на прадпрыемствах. Няпыльная і грашовая праца, без нармаванага працоўнага дня. Кар’еры не зробіш – няма куды, але Дзядзюлю ўмагчымілася занурыцца ў свае ўлюбёныя захапленні: прыгожае жыццё і залёты. Вёў Дзядзюля, вечны халасцяк у актыўным пошуку, лад жыцця ленаваты, нетаропкі, уласцівы хутчэй арыстакратам ХІХ стагоддзя ці падпольным мільянерам. Колькі маёй памяці, Дзядзюля заўсёды выглядаў як сакратар-рэферэнт, што ўзяў на працы два дні адгулу. Падчас працоўных гадзін яго, у дыхтоўным светла-шэрым ваўняным гарнітуры пры стракатым гальштуку, можна было сустрэць з чарговай жанчынай у кавярні “Бярозка” за кавай і папяросамі. Або ў кінатэатры “Вільнюс” на дзённым кінасеансе, куды я таксама ўцякаў са школьных заняткаў. Або ў цырку, які ён таксама любіў наведваць у жаночым суправаджэнні. А яшчэ двойчы на год, у ліпені і падчас аксамітнага сезону, у верасні, Дзядзюля лётаў – зноў жа не адзін – адпачываць у Бадэн-Бадэн (у сэнсе, у Пяцігорск).
У тыя кароткія поры, калі Дзядзюля быў афіцыйна пабраны шлюбам з другой, трэцяй і чацвёртай жонкамі, свайму распарадку ён не здрадзіў (чаго нельга было сказаць пра шлюбы), і заспець яго тады можна было па тых жа самых кавалерскіх адрасах. Што яго жонкі і рабілі.
Да сваёй ідэі-фікс з’ехаць Дзядзюля вярнуўся ў канцы васьмідзясятых. Пастарэўшы, памяняўшы чатырох жонак і тысячу палюбоўніц, ён раптам стаў казаць пра свой хуткі ад’езд. Ужо за тры гады да ПМЖ да яго ў кватэру на Маскоўскай сталі прыходзіць развітвацца іншыя дзяды і былыя каханкі. Доўгія чэргі стаялі нібыта сказаць “Да пабачэння”, а насамрэч – каб глянуць на вар’ята, які ўсё тут мае: трохпакаёўку ў цэнтры горада і нават прыходзячую пакаёўку, і ўсё адно дае драпака.
Дзядзюлю ніхто не разумеў.
– Юлій Зэлікавіч, куды ж вы, чорт пабірай, едзеце? – пыталі яго іншыя дзяды, а ён няўцямна мармытаў нешта непераканаўчае пра прававыя свабоды і “кока-колу”.
– Якія яшчэ свабоды, Юлік, якія правы? – перапытвала ўся тысяча былых каханак. – Хто табе там будзе прыбірацца ў кватэры? Кока-кола?
– І падвышаную пенсію інваліда вайны хто там табе дасць, статуя свабоды?
– Каму ў Мюнхене ці Нью-Ёрку ты будзеш паказваць на дзявятага мая свае баявыя медалі? Немцам і кітайцам?
Усе пагаджаліся: дзе падняўся, там і прыдаўся. Можа быць, за мяжою які рай на зямлі? Але ж Дзядзюля меў той рай у Менску.
Не разумеў Дзядзюлю і я. У Ізраіль, на радзіму? Не смяшыце мяне. Дзядзюля быў адданым чальцом Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць, а іхны пагардліва-адстаронены погляд на ўсе ідэалогіі і дзяржавы ніяк не сумяшчаўся з паняццем Радзімы (“Дай, Адонай, сісты на хлібным місты”[2] – гэтая прыказка была самая паўтараная ў Бабадоры, мамы Дзядзюлі). У дадатак на дзядоўскіх вачах ужо тры–чатыры разы мяняліся сістэмы каштоўнасцяў, а таму проста абавязаная была нарадзіцца паняверка што да любой іерархіі і ўлады.
Дзядзюля ж нёс дакументы ў тры розныя консульствы – і, знакам тым, у ягонай галаве вёў рэй не мраяр, а цвярозы адвакат, які ўхіліўшыся ў карыслівасць, проста выбіраў, дзе будзе камфортней. Дзядзюля даўно вылічыў і адну федэратыўную рэспубліку, якая, гасцінна прымаючы габрэяў, хацела выкупіць перад імі сваю непапраўную віну. І адну заакіянскую краіну, што прагнула ўзбагаціцца за кошт адукаваных і кемлівых эмігрантаў, я перакананы, мой Дзядзюля лёгка раскусіў. І нават не буду казаць тут пра адну міжземнаморскую дзяржаву, якая хацела паправіць за кошт Дзядзюлі свой дэмаграфічны баланс на злосць не надта прыветным суседзям.
Усё-ўсенькае зразумеў я толькі па нейкім часе. Дзядзюлю найбольш і напалохалі гэтыя дакоры іншых бабуль і дзядоў, шматдумна-шкадлівыя позіркі яму наўздагон. І я мусіў зрабіцца тым, хто яго ад іх адратуе.
Бач ты, Дзядзюля хацеў выгадаваць з мяне свайго прэс-сакратара. Ён хацеў, каб прэс-сакратар урэшце папулярна і аўтарытэтна патлумачыў усім блізкім і родным гоям. Патлумачыў, чаму Дзядзюля, Юлій Зэлікавіч Шапіра, разважлівы і ўмеркаваны чалавек, шанаваны член грамадства, які ні ў якіх людскіх дуротах заўважаны не быў, кідае ўсё і на старасці гадоў едзе проці ліха на ўзгорачку. Каб хоць нехта ў гэтым збольшага славянска-чухонскім Ордэне Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць, зразумеў яго семіцка-качэўніцкую душу. Каб я пераклаў ім гэтыя парыванні.
Дзядзюля хацеў, каб я давёў да ведама іншых бабуль і дзядоў, усіх тысячы ягоных былых каханак, каб я ўсяліў у іх гэтае разуменне таго, што дарослы сын Ізраіля за сваё жыццё хоць разочак павінен кудынебудзь з’ехаць на ПМЖ. І толькі таго.
Як вядома, у Еўропе габрэя найперш робіць антысемітызм. Аднак у мяне – у мяне ад габрэяў толькі падвышаная валасатасць на нагах, і няма “цікавага” прозвішча і імені. Стуль я ніколі не зведаў ніякіх прыцісканняў. І адпаведна, паўнавартасным габрэем я не стаў. І таму, каб маё ператварэнне ўсё ж адбылося, Дзядзюля хацеў прынамсі з адваротнага боку, праз любоў – любоў да іўрыта і габрэйшчыны – зацягнуць у сваю павуту. Каб я хоць трошачкі зрабіўся яму сваім, спасцігнуў гэтае пачуццё пастаяннага ліхаманкавага пошуку абяцанай зямлі. І адпаведна, каб з гэтай перспектывы падзяліў яго думкі на ад’езд і пераказаў іншым.
Во як! Майму дзеду-адвакату спатрэбіўся свой уласны адвакат. Бачыце, нават пасля ад’езду Дзядзюля не хацеў страціць месца ў ложы нашага Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Нават праз сорак гадоў пасля разводу Дзядзюля вельмі баяўся, што Бабароза, Бабагруня ці яго дачка Галя могуць выкінуць яго адтуль або выправіць на выпрабавальны тэрмін, як колісь выправілі мяне.
Бабароза, стопрацэнтая беларуска, на смерць стаяла за расійшчыну. Яшчэ ў савецкія часы ў пашпарце была графа “нацыянальнасць”, і Бабароза абавязкова хацела зрабіцца русачкай. Яна панесла ў АВіР пашпарт Дзедвасілія. У АВіРы ёй далікатна сказалі, што па мужу не лічыцца. Тады Бабароза ўздыхнула і дастала з торбачкі пашпарт Бабагруні, сваёй дачкі. На адпаведнай старонцы там красавалася “руская”. Калі пашпартыстка сказала, што і па дачцэ нельга, Бабароза завяла сваю гіпнатычную сірэну:
Як такое можа быць, што па мужы, вы кажаце, не ў лік?! Дык ён столькі маёй крыві папабраў, ажно я яму сталася крэўная. Але хай яго няхай, Васілія майго… Але ж дачка мая, Грунечка? Яна – крывіначка мая, плоця ад плоці, дзетачка мая! Як жа вам, людзейкі, хай вас няхай, не ай-яй-ёй мяне з ёю разлучаці?
[2] Дай, Божа, сесці на хлебным месцы (укр. і ідыш).