У звычайныя, негвалтоўныя дні, пасля баявых вылетаў Пушкін узлягаў то там, то сям, як сыты кот.
– Не чапай кніга! – сычэла Бабароза, калі з трохметровай адлегласці я абглядаў ворага на паліцы. – Яно стаіць тут для хараства, а не для таго, каб ты яго лапіў!
Але ў мяне і ў думках не было браць Пушкіна ў рукі. Праз яго, увогуле кажучы, да сямі гадоў у мяне адпала ўсякая ахвота чапаць хоць якую друкаваную прадукцыю. Я быў перакананы, што калі ўзяць кнігу, нешта можа пайсці не так, і тады ўся кніжная паліца, не раўнуючы аддзел дэсантнікаў, абрынецца мне на галаву. Або горш: кнігі, гэтыя драпежныя птахі, разгарнуўшы свае бязлітасныя папяровыя крылы, пачнуць паляваць на мяне па ўсёй кватэры. Таму ў “нулёўцы” першыя тыдні я ўвогуле не забіраў ранца з падручнікамі дадому, знарок забываючы яго пад партаю.
Пік моўных войнаў прыйшоўся на сем гадоў. У нашай 148-ай школе арганізавалі клас, дзе беларуская мова вывучалася не з трэцяга года навучання, як ва ўсіх звычайных школах Менска, а з другога.
– Эксперыментальны прадмет, разумееце? – сказаў дырэктар Уладзімір Дамінікавіч, калі да яго ў кабінет прыйшла Бабароза.
Дырэктар зацкавана азірнуўся. Не найлепшыя падазрэнні Бабарозы пацвердзіліся: у мікрараёне Зялёны Луг акапалася банда нацыяналістаў.
– Яшчэ Збаўца сказаў – няма ні эліна, ні юдэя, ні нацыяналіста! – абуралася па прыходзе дадому Бабароза. Праз эксперыментальны клас Бабароза стала злосці поўныя косці. “А яшчэ праз тое, – дадае мама, – што шпурнуць у дырэктара школы кнігом няможна”. Бабарозіна “кніга” – ніякі род.
Зрэшты, Бабароза ўзяла ў харуснікі свайго заклятага ворага – савецкую ўладу. Бабароза пару разоў схадзіла на прыём да нейкага гарадскога начальніка. Саветы і антысаветчыца Бабароза выдатна спеліся. Вынік спеўкі: “па шматлікіх просьбах ветэранаў” наш эксперыментальны прадмет скасавалі. У нас забралі навюткія сіне-чырвоныя падручнікі і замест беларускай мовы ўвялі другі, не менш эксперыментальны прадмет “Свет вакол мяне”.
Аднойчы, недзе праз пару гадоў, пад ложкам я знайшоў Пушкіна без вокладкі. Ён разлёгся: недагледжаны, беспрацоўны, сіва-белы ад бурлівай жандарскай кар’еры. Усё роўна як выгадаваная без хларафілу расліна, абязлічаны паэт ляжаў цяпер перада мною ў сваёй галізне і нямогласці. Мой даўні вораг быў знясілены і бяззбройны. Мне стала шкада гаротніка. Я ўзяў кніга. У вочы кінулася некалькі радкоў:
Ого! Я захапіўся. Пагартаўшы, яшчэ прачытаў такое:
Гэта быў фурор. “Руслан і Людміла”, “Цар Гвідон”, “Залаты пеўнік” – мне ўсё чыста прыпала да сэрца. Хоць і з затрымкаю, але я пачаў чытаць.
Калі я вучыўся ў старэйшых класах, у Бабарозы моцы кідаць Пушкіна – нават без вокладкі – ужо не ставала. Цяпер дзеля майго моўнага выхавання Бабароза стала дзейнічаць праз сваіх, як ёй здавалася, пакорлівых сатэлітаў, адданых падпанкаў, бацькоў. Бабароза званіла ім і наракала, што “Ігарочачак стаў сабе размаўляць на агрэсіўнай беларускай мове”. Што ён на злосць сваёй “старэнечкай прабабулечачцы” кідаецца словамі, якіх яна “і ў школе-та не вучыла, і ўвогуле ніхтотанечкі ніколечачкі не вучыў”. І што хай мама або бацька скажуць “гэтаму піліпупестраку”, што калі ён працягне размаўляць з ёю ў гэткай жа манеры, дык яна пазбавіць унучачачка спадчыны ў выглядзе аднапакаёўкі на Славінскага (якая перайшла ёй ад дачкі, ужо нябожчыцы, Бабанадзі і ў якой цяпер жылі кватаранты). Бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, душачыся ад смеху, закатваў вочы і казаў мне:
Ігар, я цябе ўмаляю, гавары з прабабкай на спакойнай беларускай. А то Бабароза ў сваёй школе такога не вучыла.
Ні да якіх моваў мяне не схіляў толькі памяркоўны Дзедбарыс. І пры ўсякіх войнах між іншымі дзядамі яго вусны адно раз’язджаліся ў дурнавата-мройнай усмешцы сярод разгалістай барады інжынера і мурлыкалі джазавыя варыяцыі. Аднак ён, адзіны прыроджаны мянчук і сірата сярод дзядоў, як мы памятаем, да аўтарытэта не дацягваў.
– Ты дагэтуль носіш спадніцу?! – смяецца Роні.
– Канечне, не нашу… Ну, можа быць, двойчы – тройчы на год… На Каляды і майскія…
Роні ўжо заказала другі куфаль. Бялградскія кельнеры, кідаючы на нас першыя стурбаваныя позіркі, употай лічаць засталых кліентаў.
– Хто ён, шаноўны гер, гэты таямнічы псіхааналітык Качуня? Чалавек? Дэміург? – тэатральна пытае Роні і аберуч лашчыць мне скроні. Яна надумала трохі збіць градус, калі не алкаголю, дык размовы. Больш не кажа пра План, які памяняўся.
– Качуня? Ну, гэта… унукатэрапеўт Качуня Ігарок Андрэевіч, – мармычу псеўдаадказ я. – Заснавальнік і адзіны адэпт grandchild-therapy, унукатэрапіі…
– Ой, ну, ведаю, шаноўны гер, я усё пра вашага доктара Качуню і яго метады, – кажа Роні і карцінна адмахваецца. – Унукатэрапія, страчанае калена псіхааналізу. Рэвалюцыйная тэорыя. У яе цэнтры – комплекс Персея. Персей, у сваю чаргу, – Роні гулліва азіраецца на мяне, – герой старажытнай Грэцыі, які выпадкова забіў свайго дзеда Акрысія, гаспадара Аргаса…
– Ыгым, – кажу я і ўлучаю хвілінку, каб зрабіць лык з Ронінага куфля.
– Ці ведае шаноўны гер гера Фройда? – працягвае Роні тонам універсітэцкай выкладчыцы і далікатна адбірае ў мяне свой куфаль.
– Гэтага мамчынага сыночка, шаноўная фрау? – падгульваю ёй я.
– Так, форменнага эгаіста і плаксуна. Эскапіста! Пазёра! Са скуры вылузваўся ўзваліць усе праблемы чалавецтва на кволыя мамчыны і таткавыя плечы.
Роні гулліва тузае мяне за бараду.
– Комплекс Эдыпа? Далібог! Комплекс Электры? Не смяшыце мяне! Усім разумным людзям, – і канечне, у першую галаву нашаму светачу доктару Качуню, – тут Роні ківае ў мой бок, – даўно-даўненька зразумела, што ўсе сапраўды важныя падзеі, якія маюць значэнне ў будучым лёсе чалавека, адбываюцца з дзецьмі ў дзядоўскім доме і бабульчынай хаце…
– Я-я, шаноўная фрау, – пад’яякваю я.
Я млею ад асалоды ў двух выпадках: калі яна бярэ мой ноўтбук і набірае на ім свае бясконцыя мемарандумы і прэс-рэлізы або калі апавядае мне ж пра маю версію псіхааналізу.
Так, шаноўная публіка, усё праўда: згодна з маёй тэорыяй бацькі – амаль бязвольныя цацкі ў руках больш магутных стыхіяў. Псіхалагічныя падпанкі, другасныя персанажы. Простыя вырабнікі, пераносчыкі дзядоўскіх генаў. Злучво, якога, на жаль, не пазбыцца дзеля прадукавання ўнукаў.
А таму перабыўка ў бацькоўскім доме пасярод тыдня – не варты ўзгадкі перыяд часу. Перадуха перад сапраўдным войнамі, паміж бабульчыным і дзядоўскім апафеозам на выходныя. Паводле ўнукатэрапіі, усё бацькоўскае выхаванне і муштраванне па буднях не вартае і затычкі ад дзіравай бочкі. Такі сабе прыспаны рэжым розуму перад яскравым уключэннем. Шэрая паўсядзённасць перад феерыяй свята. Тамленне духу.