Уражаная ці то вытанчанасцю Бабарозінага сафізму, а хутчэй ультрагукавой фальцэтнай атакай, якой казанне гэтага сафізму суправаджалася, пашпартыстка насуперак усім правілам запісала Бабарозу “рускай”.
Трохі адхіляючыся наўзбоч. Увогуле кажучы, даўняя і дасведчаная змагарка з каханнем ды іншымі збыткоўнымі пачуццямі, Бабароза часта супрацьпастаўляла сямейныя повязі ўсяму іншаму, у тым ліку і эмоцыям.
– От, Ігарочачак, людзям далі два выходныя, і яны падурэлі! Спярша яны закохваюцца, а потым жэняцца. А гэта нейкае абы-што. Бо людзям спачатку належыць аформіць адносіны, а толькі потым гадаваць сваё гэтае вашае любоўе. І ніяк не наадварот.
Паводле Бабарозы, самыя трывалыя адносіны мелі ў падмурку менавіта такі фундаментальны парадак: крэўства (пажадана ўзаконенае) і потым – пачуцці. І дастаткова ў гэтай справе глянуць, казала Бабароза, на дзетак з бацькамі. Спачатку яны робяцца мамай і дачкой, ці бацькам і сынам, і толькі пасля гэтага моцненька палюбляюць адно аднаго.
– Ігарочачак, людзі не ходзяць на танцы і не дораць кветак, каб знайсці сабе маму ці бацьку, і ўсё роўна іхняе гэтае вашае любоўе адбываецца спраўным парадкам.
Чалавецтва, паводле Бабарозы, мусіла жыць у стане “без варыянтаў”, у сітуацыі поўнай прадвызначанасці і наканаванасці, як у выпадку з бацькамі, якіх, як вядома, не выбіраюць. Свет, дзе будзе верхаводзіць непрадказальнае нашае “гэтае вашае любоўе”, ператворыцца, на думку Бабарозы, у суцэльны абсурд і вэрхал. У такім свеце людзі безупынку звіваюцца, як засранцы ў бочцы з рассолам. Днямі навылёт толькі тое і робяць, што патрабуюць да сябе ўвагі. Вуліцы ў такім свеце поўныя гаротнікаў, якія бадзяюцца п’яныя і дурныя ды бясконца выбіраюць сабе сярод іншых людзей бабулю, дзядулю, маму, тату, сястру, брата, жонку, мужа, сына, дочку, каханку. “Гора-горкае гэта, Ігарочачак, а не свет!”
Дарэчы, свой шлюб Баброза лічыла ідэальным. Бо ў ім яна зведала найвышэйшую форму любові: Дзедвасілій яе не раздражняў.
Але вернемся да нацыянальнага пытання. Бабарозіну веру ніяк нельга было назваць ваяўнічым праваслаўем. Яна, можа, і пільнавалася пастоў і святаў па поўнай праграме, аднак мама не дабярэ памяці, каб Бабароза прымушала пасціцца яе ці Бабагруню. Бабароза хіба сачыла, каб усе дзеці, якія нараджаліся ў сям’і, праходзілі хрост, і годзе. Да прыкладу, мяне немаўлём вазілі хрысціцца ў Вільню да сяброўкі Бабагруні, Цёцьсашы (у Менску не было як).
Мама кажа, што гэткая талерантнасць у Бабарозы – вымушаная: яна раўнавала Бога да астатняга люду. Заўзята агароджвала Яго ад залішніх турботаў і збыткоўных просьбаў абывацеляў. Бабароза, працягвае гнуць на свой капыл мама, мела падабенства да старажытнаегіпецкіх святароў: пабожна верыла і пільнавалася ўсіх рытуалаў, аднак прасталюдзінаў, то бок маму і Бабагруню, да сакральнага асабліва не падпускала. Размаўляла з сваякамі пра боскае на прымітыўна-дзіцячым узроўні. Аднак бацька ўрэзоньвае маму: за саветамі жыць па веры было небяспечна, і таму Бабароза проста не хацела, каб праз яе пабожнасць пацярпела сям’я.
Хай там што, але ў процівагу талерантнаму праваслаўю, русіфікацыя, якая насаджалася Бабарозай, зусім не насіла добраахвотнага характару. Гэта было хрышчэнне агнём.
Сродкам экспансіі быў том Пушкіна. Але вялікага расійскага паэта Бабароза мне не чытала. Як я казаў, чытала яна – і тое даволі ўмоўна – адно Біблію. Том паэзіі служыў для іншых мэтаў.
Гэта была важкая даваенная кніжына, дыхтоўна зробленая і шыкоўна ўкладзеная ў 1937-м годзе, да стагоддзя смерці Пушкіна. Самавітае выданне з таўшчэзнай вокладкай рудога колеру – яно выглядала рыхтык браняваная пліта.
– Тут вядзецца пра тое, – тлумачыць мама, – што ўдзячныя нашчадкі, філолагі і выдаўцы гэтай вокладкай у сваім творчым намеры як бы хацелі абараніць Пушкіна ад кулі дуэлянта Дантэса задняй датай.
– Не, укладальнікі кнігі падсвядома захіналі сваім важкім даробкам ад будучай кулі НКВД саміх сябе, – пярэчыць ёй бацька.
(“Так, псіхааналітыкі з тваіх бацькоў невялікія”, – мімохадзь заўважае Роні).
Напачатку, калі мне было гадоў пяць-шэсць, пытанне майго моўнага вызначэння яшчэ пакуль не стаяла на парадку дня, і том да пары спраўна рабіў кар’еру выбівалкі, прыціскалкі, патрасанкі. Пушкіным мяне толькі палохалі ў агульна выхаваўчых мэтах.
– Хто будзе за цябе пасцель прыбіраць, Пушкін? – пытае бацька.
– Ігар, што, Пушкін за цябе будзе ў садок хадзіць? – цікавіцца мама.
А я, усё яшчэ лежачы ў ложку, уяўляю, што ўсё так і будзе, што Пушкін усё выканае за мяне.
Як гэтым сонечным днём я застаюся ў пасцелі, а кучаравы маладзён выцярэбліваецца са сваёй скураной вокладкі. Прыбірае руку з падбароддзя, сваімі доўгімі паэтычнымі пальцамі старанна апранаецца ў маю вопратку, увесь час гледзячы ўдалячынь, відаць, у бок сваёй гістарычнай радзімы Эфіопіі. Чысціць за мяне зубы, прыбірае цацкі… Тое самае паўтараецца і назаўтра, і пазаўтра. І вось аднойчы, так мроіў я, настае мой дзень нараджэння. Мама заходзіць у кватэру з вялікім пакетам, і я, натуральная рэч, цягну рукі да стракатага пакунка. Але тут мама кажа: “А хто ўвесь год чысціў зубы? Хто прыбіраўся ў пакоі?” І ставіць падарункі на кніжнай паліцы, перад томам Пушкіна. Мая фантазія, заказытаўшы нервы, прыпускала што шалёная далей. Я нават уяўляў, што стаю побач з уласным домам і ўзіраюся на акно свайго колішняга пакоя на дзявятым паверсе, а на падаконні відаць задаволены афрыканскі профіль і рука на падбароддзі, якому мама падносіць кубак гарбаты і торт-медавік. Ад свайго ж выдуманага жаху я прахапляўся. Толькі ўяўвіўшы ўсё гэта, я спрытна ўскручваўся з ложка і хуценька прыбіраў яго, апранаўся і чысціў зубы.
Я і цяпер часам маю прыступы гэтай хваробы, гэтай “пасцельнай маніі велічы”. Валяючыся ў ложку, можна задумаць штосьці крыважэрна-ліхое ці планетарна-філантрапічнае. Прымераць на сябе бронь гістарычнага правадыра, галактычнага трыумфатара, героя-палюбоўніка. І ўжо амаль устаць, каб спраўдзіць, каб наблізіцца да ідэала і… працягнуць валяцца. Неверагоднае адчуванне, гэтая эстэтыка няспраўджанага. Жарсці сусветнага маштабу на асобна ўзятым лапіку прасціны. Лянотная фантазія як гатунак адвагі.
Гэтак у змаганнях з пасцельнымі сіламі прыцягнення надышлі мае шостыя народзіны і гвалтоўная русіфікацыя. Зялёны Луг – менскі мікрараён, утырканы чырванаватымі, пацёртымі як джынса, сяміі дзевяціпавярховымі панэлькамі, дзе сяліліся пераважна выхадцы з вёскі.
Стаялі васьмідзясятыя. Багавейны страх беларусаў перад горадам мінуўся, і новаспечаныя гараджане пачалі – хай сабе і з аглядкаю – пакрысе прыўносіць у Менск сельскія звычкі. У кожным тамбуры нашага дзевяціпавярховіка, дзе жылі пераважна работнікі трыкатажнай фабрыкі, стаяў мех з бульбай або яблыкамі. Пах ад іх надаваў паветру пад’езда пачуццё патрыярхальнай абароненасці. А ў суседняй кватэры, у адным з намі тамбуры, жыла жанчынка, якая на лождыі трымала казу з адпілаванымі рогамі. Пах ад казы надаваў паветру…
Гарадское табу на беларускую мову паслабла. Вядома, на працы і ў публічных месцах новыя месцічы з усяе змогі пнуліся загнуць па-гарадскому. Але па павароце з заводаў і прадпрыемстваў, тутака, дома, “на раёне”, накінутая мова злушчвалася як цыбульнае шалупінне, і ўсе прамаўлялі хто як звык. І ўжо не тое што бацькі, сена на асфальце, а нават мае сябры-аднагодкі, якія, здаецца, ужо і панараджаліся ў горадзе, таксама гаварылі па-расійску нячыста. Гэкалі, дзекалі. Часам, калі мы гуляліся ў двары, у іх праскоквала “вясковае” слова. Бачачы маё неразуменне, яны па-змоўніцку пераміргваліся і гучна рагаталі. Рагатаў з імі і я.
На навагоднія святы шумлівыя зялёналужскія дарослыя, падвясёленыя пасля хатніх бяседаў, прасілі ў дваровай малечы кардонкі, каб перад тым як разысціся па дамах у іншых мікрараёнах, з’ехаць да сваёй асалоды з ледзяной горкі. І тады паветра Зялёнага Луга напаўнялася бязладнай гаманою. Нядаўнія сяляне валюхавата разганяліся на клышаногіх канцавінах, абдымаючы сваіх залатазубых жанчын, плюхаліся на кардон, каб смешна зляцець усёй гурбою долу. Іхнія дзіўныя, дзынклівыя і чэклівыя словы ўцешна пазвоньваючы, каціліся долу ўперамешку з савецкімі капейкамі, якія таксама радасна выскоквалі з палітонаў і футраў.
З поўнымі кішэнямі паназбіраных манет і вясковых словаў, я вяртаўся дадому. На “голе” мяне чакала мая гняўлівая Бабароза, якая прыехала мяне забраць да Чкалава, 12 на святы і выходныя.
– Бурак, я табе пакажу “бурака”! “Сьвёкла”, трэба казаць “сьвёкла”, – грымела Бабароза з характэрным “сь”. Або:
– “Сурвэтка?” Ты сам, смаркач-ч-ча, сурьветка!
Я замаўкаў. Калі праз нейкі час я, забыўшыся, зноў ужываў беларусізмы – менавіта тады ў гульню ўступала цяжкая артылерыя, выславёны Пушкін. Кінуты спрытнай рукою Бабарозы, дрэсіраваны Аляксандр Сяргеевіч па неверагоднай траекторыі бумеранга, прашамацеўшы ў мяне над галавою на брэючым палёце, зноў апынаўся ў чэпкіх пальцах з бурачковымі пазногцямі.
Гэтак Пушкін зрабіўся байцом АМАПу ці дэсантных войскаў – мабільным, пагрозлівым. Крыштальна справядлівым – ён стаяў на варце правільнага вымаўлення (ці тут варта ўдакладніць – лётаў). Карэктаваў мае найменшыя гэканні і цеканні. Пушкін хуткага рэагавання не без поспеху сіліўся звесці на пшык усё “тлятворнае ўліванне вуліцы”. Што не агораў рускі штых, і не давяршыла руская школа, падчышчаў легіянер, лятучы эфіопскі хлопчык з мройлівым позіркам і рукой на падбароддзі.