Я, напалоханы раскрыццём сваёй сапраўднай беларускай асобы (пра якую я ўжо, здаецца, шчасліва забыўся), замаўчаў і больш такімі пытаннямі Бабанадзю не турбаваў.
Калі сучасныя тэмы скончыліся, Бабанадзя пацягнула мяне ў дом беларускіх сялян ХІХ стагоддзя. Потым я папрысутнічаў на вечы полацкіх князёў. Яшчэ праз урок Бабанадзя ператварыла мяне ў чорнага бусла, і я апісваў свой расклад дня, з ранішнім пошукам жабак і вечаровымі шлюбнымі танцамі. Адзін урок я сябраваў з нейкім селянінам Sauka, які такі знайшоў magic Paparats-Kvetka. Кветка, выяўляецца, сама па сабе не торкае – з яе трэба было зрабіць галюцынагенную гарбату. Галюцынацыя, як высвятляецца, была такой моцнай, ажно заганяла звыклую рэальнасць у казіны рог, а той, хто пакаштаваў напою, атрымліваў не грошы, як зазвычай казалі нам у школе, а разуменне моваў звяроў і гармоніі свету. Яшчэ пазней Бабанадзя зладзіла мне нават інтэрв’ю з Чарнобыльскай АЭС, якая ўцялеснілася ў прыгожай маладзіцы, гаваркой істоце, капрызнай і крыху сапсаванай ад празмернай увагі. Седзячы ў кавярні Парка Горкага, АЭС наракала мне, фальшывай шведцы, што пасля выбуху яе прыхільнікі, энергетыкі, да яе ходзяць мала. І што яна адзінокая, і што яе інтэлектуальны патэнцыял ды творчая энергія пайшлі сабаку пад хвост. АЭС раскрыла, як ёй працавалася ў яе найлепшыя гады і што яна была закаханая ў сярэдні комін Менскай ТЭЦ.
Убачыўшы хоць трохі свавольныя і дзівакаватыя, але мірныя і накіраваныя на развіццё ў мяне творчага мыслення і лінгвістычных здольнасцяў, манеры Бабанадзі, мама дала папустку і на занятках больш не прысутнічала. Сыходзіла з майго пакоя па сваіх справах у гасцёўню ці ўвогуле з кватэры.
І ўжо ў першы вольны ад мамінай прысутнасці урок Бабанадзя ўручыла мне сінюю спадніцу на гумцы. Яна нацягнула мне яе проста паверх трыко, пераконваючы, што менавіта гэтак належыць вучыць ангельскую мову – напоўніцу занурыцца ў прыдуманы вобраз. З галавою акунуцца ў выдуманую легенду.
Згэтуль я займаўся ў жаночай вопратцы. На пачатку заняткаў надзяваў спадніцу, а ў канцы – аддаваў яе назад Бабанадзі. Тая спешна хавала спадніцу ў чорны цэлафанавы пакет. Яшчэ Бабанадзя прасіла нікому не казаць, маўляў, “хай гэта застанецца, унучак, нашым з табой tiny-tiny secret”.
Я не пярэчыў. Гульня ў Інгвару і яе цудоўную краіну зацягвала мяне ўсё больш. Чаравала, надзіла. Прапанаваная Бабанадзяй ілюзія была настолькі аб’ёмная, ажно пасля некалькіх месяцаў заняткаў я напраўду пачуўся ўсёмагутнай паўінжынеркай-паўзданню, якая лунае па-над краінай, на любой вышыні. Я, нібы тая Белая Сарока з “Шляхціца Завальні” Баршчэўскага, быў вольны заляцець у кожную шчыліну хаты ці кватэры і даведацца пра любую таямніцу. Я стаў пачувацца даследчыцай, выведніцай, піянеркай у невядомым для еўрапейцаў краі. Мне вельмі падабалася быць шведскай інжынеркай у Беларусі, чужынкай у чужой краіне. Я рабіўся мройлівай, задуменнай, трохі пабожнай кабетай.
Калі заняткі прыпадалі на святы, Бабанадзя стала фарбаваць мне вусны памадай у вішнёвы колер і наводзіць цені на шчокі. У канцы заняткаў яна спрытна сцірала макіяж прынесенымі з сабою загадзя намочанымі пад кранам сурвэткамі.
Гэтак пачалося маё лёгкае падваенне асобы. Напрыклад, калі ў школе зацягваўся ўрок белмовы – у нас была страшэнна нудотная настаўніца Станіслава Браніславаўна – я адчуваў, як унутраны голас Інгвары Эрыксан, інжынеркі з Мальмё, нашэптвае мне, падбадзёрвае, як жа гэта захапляльна быць жанчынай у мужчынскім касцюмчыку, сядзець сярод замежных дзетак і вучыць абсалютна незнаёмую мову. Ужывацца ў іх жыццё. Казаць такія дзіўныя словы, як “калі ласка”, “мець на ўвазе” і “дзеяслоўны прыметнік”.
Цяпер чужы голас у маёй галаве заклікаў унутр сябе, дыктаваў узнёслыя вершы-гімны. Пад уплывам голасу я нават стаў перакладаць асобныя радкі беларускіх класікаў на ангельскую – і перада мной паўсталі загадкавыя John Midsummer і Jacob Spike.
Калі мяне аднойчы ў той мой шведска-ангельскі перыяд злавілі ў туалеце старшакласнікі і пачалі біць – я не даў адпору. Вось яна, заморская прыгода з сапраўднымі тубыльцамі! Бо тое збіццё для мяне выглядала не як кадры са стужкі “Пудзіла”, дзе вядзецца пра дзедаўшчыну ў школе, а хутчэй як нейкая экзатычная дакументалка з “Клуба кінападарожнікаў”. Думаю, гэтаксама паводзіўся цікаўны і дапытлівы, але неразважны капітан Кук, якога мясцовыя жыхары забілі на Гаваях. “Ух ты, вось яны наблізіліся ў сваіх павязках на сцёгнах”, “Бач ты, адзін з экзатычных тубыльцаў дастаў сваю акіянскую дзіду!”, “Ух, як прыгожа зіхціць занесены нада мною палінезійскі крывы меч!” Гэтаксама і я. Мне было нагэтулькі цікава, ажно гэтая цікаўнасць знішчыла пачуццё самазахавання. Ад радасці сустрэчы з новай прыгодай я гучна захіхікаў. Старшакласнік, які піхнуў мяне і занёс кулак, убачыў мой ідыёцкі смяшок – і сшэрх. Другі старшакласнік засычэў яму на вуха: “Жэнёк, ты што не бачыш, ён жа псіх! Мне пацаны сказалі, што малы часам кажа бабскім голасам!” Тым часам я адчуў, як мае губы нейкім такім чужым фальцэтам выпіхваюць на свет падораную мне колісь Бабанадзяй фразу прэзідэнта ЗША Тэадора Рузвельта:
– Do what you can, with what you have, where you are, “рабі што можаш, з тым, што пад рукою, там, дзе стаіш”.
Старшакласнікі палічылі за лепшае не біць мяне, а адступіць і ўвогуле ад граху далей збегчы з туалета.
На стылай кафлі школьнай прыбіральні мяне раптам працяла думка, якую я палічыў вельмі дарослай. Вось яна: “Тут, сярод тутэйшых сценаў, пахаў і людскіх адносін я цалкам магу жыць, а гэтая краіна месцамі мне вельмі падабаецца”.
Потым насланнё паўтарылася. Аднаго разу на вуліцы Чкалава зноў жаночы голас апанаваў маімі губамі. Я са здзіўленнем заўважыў, як дыхтоўнымі, дарослымі інтанацыямі па-ангельску пытаюся нейкага мінака, абцёрханага рабацягу, пра гісторыю палаца чыгуначнікаў, Railway Workers’ Palace. Рабацяга заэ-ээкаў, азірнуўся па баках у пошуках сэнсу і дапамогі і раптам зусім па-дзіцячы прыпусціў ад мяне шпаркім трушком.
Аднак канец. 1987 год. Пачалася паўнакроўная перабудова – і мае захапляльныя штудыі з чароўным падваеннем асобы скончыліся. Галоснасць – гэта не толькі, калі апавядаюць пра Сталіна і яго жахлівыя гулагі, гэта яшчэ і тоны газетных аповедаў пра НЛА, палтэргейст і дамавікоў-барабашак, якія абрынуліся знянацку на паспалітыя галовы. Навіны пра рваныя дзіркі ў космасе і іншасветных прыхадняў забралі ў мяне Бабанадзю. Тады па тэлевізары даводзілі, – і гэта дублявалі газеты і радыё, – што прыслухоўвацца да ўнутраных галасоў – легітымны і нават модны занятак. Бясплотная мужаненавісніца, што столькі гадоў пакрысе тачыла Бабанадзю з сярэдзіны, цяпер атрымала гарачую падтрымку з боку СМІ. І ўжо цалкам апанавала абодвума паўшар’ямі Бабанадзіных мазгоў.
Цяпер Бабанадзя амаль перастала выходзіць з дома. Аднойчы, праз нейкую дробную крыўду, Бабанадзя сышла ад нас з панэлькі на Зялёным Лузе не развітаўшыся і ўжо назаўсёды занурылася ў векавую моўчу аднапакаёўкі на вуліцы Славінскага.
Цяпер яе адведвала выключна Бабароза. Прыносіла прадукты і мыла бялізну, а гаворкі пра заняткі ангельскай ужо не было зусім. Там, на Славінскага, Бабанадзю і знайшлі перад домам на кветніку. Яна выкінулася са свайго восьмага паверха. За некалькі дзён да самагубства Бабанадзя сказала, што ў яе дома стаяць чужыя рэчы. Нейкія нябачныя мужчыны ноччу, калі яна спала, ціхенька ўламаліся да яе ў дом і незаўважна падмянілі ў кватэры ўсю яе вопратку і ўсю яе мэблю на чужую, мужчынскую.
Пасля пахавання, корпаючыся ў Бабанадзінай шафе, Бабароза натрапіла на маю сінюю спадніцу. Побач з шафай вісеў паўнароставы партрэт яе сына Дзядзмішы, брата-блізнюка Бабанадзі, які памёр у трохгадовым веку ад тыфу. Я сядзеў на канапе.
Надзечачка так тады хацела, каб Мішачачка выжыў, – запрычытала Бабароза, і мне падалося, што я ўбачыў першы раз на маёй памяці слёзку ў ейным воку.
Тым часам Бабароза спрытна прыставіла сінюю спадніцу да партрэта. Спадніца пасавала Дзядзмішы дасканала. Ён імгненна ператварыўся ў харашмяную дзяўчынку.
“Іўрыт, іўрыт, ІЎ-РЫТ!” – дзень пры дні гіпнатызаваў мяне ды іншых членаў Ордэна Дзядзюля. Сам Дзядзюля за сваё сямідзесяцігадовае габрэйскае жыццё не агораў аніводнага кручочка, з кампактнага, на дваццаць дзве літары, алфавіта, але ідэяй вяртання да моўных каранёў з пэўнага моманту быў апантаны бясконца. Гэткае ні з пушчы ні з поля азарэнне прылучылася годзе ў 1991-м, праз пару гадоў пасля таго, як Дзядзюля дэклараваў свой хуткі ад’езд на ПМЖ, – ды за паўтара года да гэтага самага ад’езду.
Дзядзюля – інтэрнацыяналіст да шпіку косткі. У гэтым можна лёгка пераканацца са стракатага, дзе ёсць, пэўна, нацыяў дваццаць, донжуанскага спісу на тысячу каханак. Аднак – бач ты! – раптам ён зрабіўся стрыманым прыхільнікам нацыянальных каштоўнасцяў.
– Ігаль, можна я буду называць цябе на габрэйскі манер Ігалем? – папрасіў Дзядзюля, калі аднойчы завітаў у мой пакой падлетка і пачуў, як я слухаю “Уліс” і “Мрою”. Прадаўшы кватэру, са сваёй пятай жонкай, Бабафаняй, яны гэтыя апошнія паўтара года перад рэпатрыяцыяй жылі з намі ў панэльцы на Зялёным Лузе.
– Ёсць мовы, якімі мы размаўляем: расійская, нямецкая, украінская, польская… добра… хай сабе беларуская, – шчодра пачаў сваю перадвыбарчую кампанію Дзядзюля. – Але габрэі і людзі, у якіх ёсць хоць кропелька габрэйскай крыві, – тут Дзядзюля шматзначна паглядзеў на мяне, – тыя на нейкім этапе павінны хіліцца да ідыша… Прабач, іўрыта.
О так! Я захапляўся беларушчынай, і Дзядзюля згледзеў у гэтым шанец для сваёй габрэйшчыны. Ён браў у хаўруснікі беларускую мову ў сваім гэтым няпростым змаганні з іншымі, вялікімі і магутнымі, культурамі, якія, як ён заўважыў, апошнім часам далі расколіну.
– Гуртом і бацьку біць лаўчэй, Ігаль, – шматзначна сказаў Дзядзюля і падміргнуў мне. І я адразу ж кінуўся ўяўляць гэтае хутчэй камічнае відовішча, як Дзядзюля прыязджае да нас у двухпакаёўку на Зялёны Луг, заходзіць да мяне ў пакой, і адтуль мы, стары і малы бэйбусы, ідзем у гасцёўню з папругамі і мухаляпкамі лупцаваць майго бацьку Андрэя.
Мяне сілком заганялі на тонкі лёд нацыянальнага пытання, аднак я выгляду не падаў. Вытанцоўваўся неблагі варыянцік са шлюбам па разліку – я імпэтна кіўнуў у адказ. Іўрыт дык іўрыт.
Шляхам дробнага шантажу і атракцыёнаў надзвычайнай шчодрасці Дзядзюля выцягнуў з мяне згоду прыпісацца да нядзельных іўрыцкіх курсаў на Інтэрнацыянальнай. Мне прэзентавалі выдадзены яшчэ ў сямідзясятых падпольны падручнік іўрыта, чые крывыя самвыдатаўскія старонкі інтэнсіўна выпраменьвалі пах крамолы і антымышынай атруты. У адной сваёй маладзейшай каханкі, якая ездзіла ў Беласток на закупы, Дзядзюля набыў для мяне прыгожыя нататнікі і ўсякую канцылярскую мішуру, – рэчы збольшага бескарысныя, але як на той час дужа шыкоўныя. Усё гэта я адразу ж з радасцю перадарыў упадабаным мною дзяўчатам. На іўрыцкія курсы я ездзіў на таксоўцы, якую аплочваў зноў жа Дзядзюля. Я ўжо маўчу пра кішэнныя – іх Дзядзюля цяпер выдаваў мне з нагоды і без яе. Тлуста змазваючы мае далоні размаітым хабарам, разам з іўрыцкімі курсамі Дзядзюля ўпіхваў мне таксама спадарожны тавар: “Самсона Назарэя”, ваяўнічы раман кіраўніка габрэйскай самаабароны Зэева Жабатынскага ды сахнутаўскія брашуркі тыпу “Арабская прапаганда супраць нашай рэпатрыяцыі”.
1993 год. Дзядзюля спраўляе банкет перад ад’ездам на ПМЖ. З кіеўскай катлетаю і слёзнымі прамовамі рэдкіх ужо сяброў. Гэтая ўрачыстасць набліжаецца паводле сваёй значнасці да трыяды найвялікшых жыццёвых цырымоній: народзінаў – вяселля – хаўтураў. А фактычна – будзем шчырымі – замяняе апошнюю. Бо ўжо вісіць па-над сталом гэтая даўкая невымоўнасць апошняга разу. Я, малады вісус, ужо ведаў наперад, як абмінуць тое малацікавае мерапрыемства, той напышліва-трагічны вечар, поўны пенсіянераў ды іх уздыхаў. У самым пачатку банкету, які ладзіўся ў кафэ “Раксалана” на вуліцы Валгаградскай, я падышоў да Дзядзюлі з тылу. Нахіліўся да ягонага вялізнага вуха і прашаптаў, што мушу адвітацца, бо заўтра на прасунутых іўрыцкіх курсах у БДУ трэба здаць сачыненне. Дзядзюля адлучыўся ад набраклага маянэзам салату “Пралеска”, крыху павярнуў свой голаў да мяне, хапатліва заківаў і трохі па-змоўніцку шапнуў:
– Ідзі, Ігалька, дзетухна, канечне, ідзі. Мы тут усё з’ямо без цябе.