Колісь Бабанадзя выкладала гэтую мову ў школе. Але ў яе галаве ад пэўнага часу стаў неадчэпна гучаць голас нейкай іншай жанчыны. Хутка Бабанадзя ад настаўніцтва адмовілася – праз той голас не магла ні на якой справе як след засяродзіцца. Неўзабаве яна звольнілася са школы і пайшла рабіць на завод “БелОМО”, што за паркам Чалюскінцаў. На заводзе праз грукат машын і станкоў надакучлівага голасу было амаль не чуваць.
Той другі, жаночы голас у яе галаве апавядаў Бабанадзі розныя гісторыі. Казаў, што ў свеце ёсць цікавыя і нетрывіяльныя рэчы і з’явы. Прыдумляў за Бабанадзю ўзнёслыя вершы-гімны. Заклікаў Бабанадзю да падарожжаў у сярэдзіну сябе. Голас нашэптваў, якія эмоцыі маюць і пра што думаюць розныя людзі, жывыя і мёртвыя, і нават прадметы. Маляваў мапы прыдуманых каралеўстваў і нават планет.
Слухаючы чужы голас у сабе, Бабанадзя рабілася іншым чалавекам: мройным, задуменным, трохі пабожным. Голас абдорваў Бабанадзю эзатэрычнай мудрасцю, але наўзамен выцягваў з яе здаровы клёк.
Голас брыдзіўся мужчынаў. Голас запэўніваў Бабанадзю, што ўсе мужыкі – мярзоты і поскудзі, стварэнні пекла. Наслухаўшыся голасу, Бабанадзя часта казала Бабагруні, што не разумее, як тая дазваляе, каб пры пацалунку мужчынскі язык, не раўнуючы змяюка, залазіў ёй у рот і па-гаспадарску там распараджаўся. Бабанадзя не магла дабраць розуму, як можна любіць істотаў, што адвечна вывяргаюць са сваіх горлаў лаянку і адрыжку.
– А ці ты ведаеш, Галечка, – казала Бабанадзя, расплёскваючы наўкола свае позіркі, поўныя шалу, – што п’яны мужчына можа абрабіцца ў шлюбным ложку? Мне Клава з Чыжоўкі апавяла, што аднойчы яе Стась…
Калі сёстры яшчэ жылі разам на Лодачнай, адным ранкам Бабанадзя заспела сваю сястру Бабагруню ў лазенцы за мыццём Дзядзюлевых шкарпэтак:
– Што-о-о, Груня?! Ты мыеш мужчынскія шкарпэткі?! Якая ганьба! Як нізка, Груня, ты ўпала!
Збянтэжаная Бабагруня толькі развяла намыленымі рукамі.
Мама кажа, што чужы голас у Бабанадзінай галаве прарэзаўся пасля таго, як немец у акупаваным Менску пасярод Гаўптштрасэ руляй аўтамата проста дзеля забаўкі прымусіў юную Бабанадзю цалаваць яму боты. Бацька ж ва ўсім вінаваціў востры менінгіт, перанесены Бабанадзяй яшчэ раней, у даваенным дзяцінстве. І стуль усё, кажа бацька, пайшло-паехала. У сэнсе Бабанадзін дах.
Ужо ў дзевятнаццаць гадоў Бабанадзя мела псіхалогію закаранелай векавухі. Мама апавядае, што хлопцы вытрымлівалі не больш за адно спатканне з прыгожай, але шызафрэнічнай і дзівакаватай паненкай.
Мама апавядае, як аднойчы Бабароза першы і апошні раз вырашыла пачытаць дочкам Біблію. Ужо на першым раздзеле “Быцця” адразу пасля словаў Госпада “Пладзецеся і множцеся” Бабанадзю званітавала на падлогу гасцёўні.
І вось, праз гэтае мужазненавідніцтва ў Бабанадзі сваіх унукаў не было, бо не было і дзетак. Адзіны мужчына, якога любіла Бабанадзя, – яе родны брат-блізнюк Дзядзміша. Ён памёр у трохгадовым веку ад тыфусу, не паспеўшы дасягнуць узросту, калі ў мужчын прачынаецца неадольнае жаданне пладзіцца і залазіць сваім языком у жаночыя раты, а таксама бессаромна множыць нямытыя шкарпэткі. Ягоны гіганцкі, на ўвесь рост, партрэт Бабанадзя павесіла ў сябе над ложкам. Дзядзміша весела і бессэнсоўна глядзеў у камеру сваімі вялікімі падрэтушаванымі вачыма, ды трымаў у руках футравага слоніка з адным вочкамгузікам.
Менавіта праз чужы голас у сваёй галаве Бабанадзя не трапіла ў лік сяброў Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць, і, ясная рэч, яе цалкам адхілілі ад майго выхавання. А знакам тым, запрашаць яе на такія ўрачыстасці, як мае народзіны, лічылася нявартым. Ордэнская рада абмежавалася падачкамі ў выглядзе штоквартальных афіцыйных візітаў унучатага пляменніка (мяне) да Бабанадзі, у яе аднапакаёўку на вуліцы Славінскага. Візіты адбываліся пад пільным наглядам высокай інстанцыі: Бабарозы ці мамы.
А яшчэ з ласкавага дазволу Бабарозы Бабанадзя, якая даводзілася мне стрыечнай бабкай, атрымала права называць мяне “ўнучакам” і нават “маім унучакам”. Хаця, калі як след пакруціць глуздамі, дык тут адчуваецца невялікі такі хітрык з боку самой Бабарозы. Сама ж яна была ўсяго толькі маёй прабабуляй і па гамбургскім рахунку правоў гукаць мяне “ўнучачачкам” таксама не мела. І вось такім нібыта жэстам у бок Бабанадзі Бабароза насамрэч узаконьвала і сваё, таксама не вельмі ўжо блізкае да мяне крэўства. Дарэчы, калі я гэтую думку колісь выклаў самой Бабарозе, дык усчаўся такі скандал, маштабы якога гэты сціплы твор проста не ў сілах змясціць, і таму я лепей вярнуся да прапановы Бабанадзі навучыць мяне ангельскай.
Удар быў разлічаны як мае быць. Сваёй прапановай Бабанадзя цаляла ў саменькае вока. Унаровіла таемным жадункам дзядоў і бацькоў, якія столькі часу сушылі над гэтым клопатам галаву – ажно яны і пагадзілася.
І ўжо з наступнага тыдня мы сталі займацца ангельскай мовай з Бабанадзяй. Два разы на тыдзень, аўторак і пятніца. Мама прысутнічала на ўсіх занятках у якасці інспектара.
Пасля таго нечаканага візіту Бабанадзі на народзіны мама сказала, што для Бабанадзі гэткае зацікаўленне мужчынам – хай сабе і ўнучатым пляменнікам – абсалютна неўласцівае.
– Можа, яна ўбачыла ў табе Дзядзмішу, свайго блізнюка? – нібыта самую сябе ўголас спыталася мама, аглядаючы мой нос і падбароддзе на прадмет падабенстваў з адпаведнымі часткамі цела маленькага нябожчыка. – …Хаця не… пэўна, тут вядзецца пра тое, што любоў, бабчына любоў да ўнукаў зла, палюбіш і… Тут мама замоўкла і красамоўна паглядзела на мяне. Першыя месяцы, навучаючы транскрыпцыі, літарам і паасобным словам, Бабанадзя ўсё роўна як карміла мяне. Падносіла да рота разжаваныя да стану вадкага пюрэ веды:
– Ну, унучак, вось слова “эпл” – “яблык” – запомні-па-літарах-эй-двайны-пэ-дабл-пі-эл-у-канцылітара-“і”-яна-ж-руская-“е”-але-яна-не-чытаецца-запомні. А вось слова “плам” – “сліва” – пі-эл-ю-эм”.
Ці Бабанадзя казала:
– З’еш “спун”-эс-пі-дабл-оў-эн-“лыжку”-за-мамуі-выпі-“глас-оф-ці”-“шклянку-гарбаты”-за-тату-палітарах-казаць-не-буду-ты-разумны-хлопчык-так-запомніш.
Потым, калі мы пачалі ўжо выбудоўваць цэлыя словаспалучэнні і сказы, Бабанадзя ўскладніла сваю навуку гульнёю. Яна ўсё роўна як якога-небудзь агента ці шпіёна надзяліла мяне легендаю. Цяпер яна клікала мяне выключна Інгварай, або проста Інгві, і я быў дзяўчынай. Жыла я ў горадзе Мальмё. Я была шведскай інжынеркай, якая прыехала ў Менск на завод МАЗ вучыцца, як рабіць вялікія грузавыя машыны. Агульнай мовай з беларусамі ў мяне была, вядома, ангельская.
Калі я спытаў, чаму мне трэба быць дзяўчынкай, Бабанадзя тонам, які не цярпіць пярэчанняў, адказала:
– Інгвара, ты не дзяўчынка! Ты дарослая, сталая жанчына. У цябе дзве дачкі, шведзяняткі-блізняткі. Быў муж. Харошы быў чалавек, але заўчасна памёр ад тыфусу на наступны дзень пасля зачацця дачок.
На гэтых словах Бабанадзя як мага прыязней усміхнулася маме, якая сядзела побач. Мама ўсміхнулася ў адказ.
І вось гэтак, пад выглядам шведскай інжынеркіўдавы разам з Бабанадзяй я стаў наведваць беларускія гарады і вёскі, дазнавацца пра іх славутасці. Бабанадзя сама пісала тэксты, а я разбіраў іх структуру. Некаторыя з іх вучыў на памяць.
Пад прыкрыццём легенды пра замежную спецыялістку я бадзяўся па фабрычных лабірынтах. Спускаўся ў салігорскія шахты, поўныя чырванавата-зіхоткай руды. Наведваў сем’і незнаёмых беларусаў, якія па зразумелых прычынах усе, да апошняга дашкаляткі, размаўлялі па-ангельску. Я знаёміўся з мінакамі на віцебскіх вулках, а яны на чысцюткай British English тлумачылі нешта пра стыль ампір і Vitebsk School. Я зазубрыў напамяць, што Yanka Kupala and Yakub Kolas are Byelorussian poets. Я даведваўся, што Minsk is the capital of Soviet Byelorussia. Its political, economic and cultural centre. І ўсё сваімі ножкамі, усё на ўласныя шведскія вочкі.
Але простых тэкстаў Бабанадзі падалося замала. На заняткі яна прыносіла і заводскі план МАЗа (дзе яна яго ўзяла?), і яшчэ схему 32-га засакрэчанага тады завода, дзе рабілі аптычнае абсталяванне для танкаў. А яшчэ ксеракопію мапы ВКЛ, надрукаванай у XVI стагоддзі ў Нямеччыне. Усё гэта было поўным адкрыццём і нечаканасцю для мяне: такіх інтэрактыўных, пагатоў – на беларускія тэмы, падручнікаў па вывучэнні ангельскай тады яшчэ не існавала.
Пра ўсе тэмы Бабанадзя расказвала інфарматыўна, а пра Другую сусветную вайну і Кастрычніцкую рэвалюцыю – па-настаўніцку ўзнёсла. Аднак калі даходзіла да культурных дасягненняў беларускага народа, дык у ейным голасе я чуў вядомую долю адстароненасці, нават схаванай ангельскай іроніі. У дадатак, кажучы пра беларусаў, Бабанадзя ніколі не ўжывала займенніка “we”, “мы”, а толькі “Byelorussians”, нібыта казала пра нейкую замежную краіну. Расійка па бацьку Дзедвасілію – гэтая акалічнасць за тадышнім светам абсалютна законным парадкам вызваляла любога чалавека ад абавязкаў быць беларусам. Але я дзеля цікавасці ўсё ж спытаўся яе, чаму яна ніколі не хоча прылічваць сябе да дружнай сям’і нашага народа. Бабанадзя паглядзела сваім адметным, прымружаным позіркам вар’яткі і адказала пытаннем на пытанне:
– Missis Ericsson, I am starting to doubt that you came from Sweden! Спадарыня Эрыксан, я ўжо пачынаю сумнявацца, што вы прыехалі са Швецыі!