На канспірацыі настойвала Роні. Мы ніколі не завітвалі ў гістарычны цэнтр, бо нас, барані Бог, могуць заўважыць шматлікія Роніны знаёмыя і партнёры. Прадстаўнікі кагорты: чыноўнікі, менеджары і мафіёзі ад культуры, як вядома, любяць гронкамі завісаць па гістарычных цэнтрах. Гняздзіцца па кавярнях у напамаджаных starówka’x сярод гатычных шпіляў і залітых бірузовым купарвасам статуяў.
Сустракаліся з Роні мы толькі ў прыгарадзе. Сярод набітых высоткамі ўскраінаў і ў зялёных зонах. Хадзілі паміж муроў прыгарадных фартэцый і каланіяльных фортаў. Прагульваліся вакол былых вясковых цэркваў, якія цяпер сталіся зоркамі мікрараёнаў.
Гэткім парадкам мы зрабіліся спецамі па сумнеўных завуголлях Еўропы, адмыслоўцамі па ўскраінах. Мы дбайна вывучылі цыганскія гета і бежанскія табары Балканаў. Сталі адмыслоўцамі па бяскрайніх, як мора, рэчавых рынках і напаўкрымінальных слабодках сярэдняй Еўропы.
Мы зрабіліся такімі абазнанымі, што паводле выгляду першага мытніка, які сустракаў нас на КПП, ужо маглі сказаць, якія календары вісяць у платных туалетах на тутэйшым вакзале: з коцікамі, або з усмешлівымі немаўлятамі, ці з грудастымі прыгажунямі. Мы запраста маглі скласці аўтарытэтную мапу Еўропы “Арнамент на леапардавых спадніцах”. Бо ў кожнай краіне гэтыя жоўтыя спадніцы з рудымі плямамі маюць свой памер і канфігурацыю. Ад буйных чарнільных плямаў з рэзкімі краямі, што нагадваюць псіхалагічны тэст Шульмана з выцінанкамі, – у Харватыі, да акуратных кругленькіх смародзінак на спадніцах букавінскіх кабетак.
Завітаўшы ў мікрараён, лагер для цыган ці прыгарад, мы з Роні абдымаліся на кепска пафарбаваных лаўках. Калматыя сабакі падбягалі і тыцкаліся ў нашыя боты. Я заўважаў: чым гусцейшым і непраходнейшым было зяленіва наўкола, тым адданей цалавалася Роні. У нашым сакрэтным жыцці яна найбольш любіла бяспеку.
Калі ў паркава-лясных масівах сутонела, мы ішлі ў прыгарадныя піўнухі, або ў корчмы пры фермах. Яўна не прыстасаваныя для жанчын, гэтыя ўстановы патыхалі дражджавым пахам і гудзелі выключна басовай гаманою. Мы падыходзілі да стойкі і прасілі гарбаты. Раздабрэлым залатазубым бармэнам, якія забылі, што такое вадкасць без градусаў, Роні з ветлівасці нагадвала: “гербата”, “тэ”, “ці”, яго п’юць, “трынкен”. Тады з павагі да адзінай на гэтым тыдні кліенткі-жанчыны бармэны ішлі ў капцёрку і ўключалі свае асабістыя завэдзганыя імбрыкі. Кідалі ў празрыстыя пластыкоўкі ці ў піўныя келіхі нейкія няўцямныя паводле паходжання пакецікі. І, шчыра выскаляючы залатазубыя ўсмешкі, падавалі нам запаранае. Гопнікі, даўншыфтэры і фермеры, што сабраліся ля трансляцыі з футболам ці скачкамі, касавурыліся на Роні і ўпотай заахвочвалі мяне непрыстойнымі панібрацкімі жэстамі. Я адцягваў Роніну ўвагу гісторыямі пра Дзедлёню, другога мужа Бабагруні, і яго захапленне паслячыфірным сэксам.
Дык вось, у той дзень, пасля сходу таварыства “Шчаслівы матрас” на гуртовым віленскім рынку, Гарунай, куды мы пайшлі гуляць і цалавацца, мы неўспадзеўкі сустрэлі маму.
Мы выйшлі пасля літоўскай бліннай, дзе прапхнулі ў сябе па караімскім піражку і заліліся аўтаматнай кавай. І тут напярэймы знянацку выскачыла мама. Яна валакла сваю адвечную клятчастую, белаблакітную торбу. Мама цяпер вазіла дадому панчохі, шкарпэткі і калготкі.
Мамін позірк упаў на мяне. Ад нечаканасці мы абодва спыніліся. Так і стаялі насупраць адно аднаго, яна з торбай панчох, а я – з дурнавата-мройлівай усмешкай на твары, але ніхто не наважыўся парушыць маўчанку. Роні, якая ніколі не бачыла мамы, перапыталася: “Персей, ўот гэпэнд?”, “Што такое, Персей?” Але тут маці ўдала, што са мною ўвогуле незнаёмая, і нібыта проста з цікаўнасці забавілася ля незнаёмага маладзёна, склізнула позіркам па Роні ды пайшла сабе.
Роні ніяк не адчаплялася – хто, што за жанчына, можа быць, ты, Персей, яе ведаеш?
– Ці ёсць нейкі найменшы шанец, што калі-небудзь мы будзем разам? – перавёў тэму гутаркі я. – А то я, Роні, адчуваю сябе кутом любоўнага шасцікутніка.
Гэта дапамагло.
– Ты што, рыба?! – ад імгненнай злосці Роні адразу ж забылася аб незнаёмцы і люта прыспешыла крок. – Памяці няма?! Мы ўжо тройчы размаўлялі пра гэта сёння!.. І які яшчэ шасцікутнік?
– Ну, як які, Роні? Ты, я, твой муж, сапраўдны доктар хірургіі Увэ Мітэльман, і тры яго выратаваныя пацыенткі!
Роні засмяялася. Спынілася. Павярнулася і белай рукой з шлюбным пярсцёнкам палашчыла шчаку ды сказала ўжо больш пяшчотна:
– Дурненькая рыбка, мой левіяфанчык, я ж сказала табе, мы будзем разам, абяцаю. А пацыенты мяне не вабяць… Толькі лекары.
Раздзел 4
Святая вера ў…
Змалку заўважылася: у членаў Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць, на фоне іхняга паталагічнага недаверу і сумневаў у хоць чыёйсьці рацыі, усё ж існавала Святая Вера Ў Адну Рэч. Атрымаўшы тую Адну Рэч, верылі чальцы Ордэна, чалавек мог абараніцца ад большасці нягод і побытавых нявыкрутак. Быў, быў залаты ключык ад патаемных бурацінаўскіх дзверак, што па-за карцінай з агменем! Паводле дзядоў, такі існаваў пропуск у светлую будучыню.
Дзяды верылі ў цымус цымусаў, які не прапіць, не прафукаць. З пакалення ў пакаленне гэтая самая Святая Вера Ў Адну Рэч мяняла арыенціры, але нязменным заставалася перакананасць дзядоў, што тая Рэч наагул ёсць, што яна Адна-адненькая, і што, натуральна, яе трэба мець. Калі б я нарадзіўся гадоў на дваццаць раней, дык талісманам гэтай Веры быў бы інстытуцкі дыплом. Ого, дыплом! Ён колісь здаваўся шчытом гуляй-горада, тлустым азонавым слоем, за якім ягоны шчаслівы ўладальнік пачуваецца ў сваім жыцці, як у Бога за печкай. Цяпер жа ўсім нованароджаным сябры таемнага ордэна – калі б былі жывыя, – відаць, пазычылі б еўрапейскага грамадзянства. І будзе вам шчасце!
У маім жа дзяцінстве, на пачатку васьмідзясятых, сябры Ордэну Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць (куды дзяды запісалі яшчэ маму Вовы Шахава, нашага суседа), ужо ведалі, што стопудовае прасвятленне і дабрабыт абавязана прынесці веданне якой-небудзь замежнай мовы.
Пры словазлучэнні “вывучэнне замежных моваў” заўсёдную самавітасць, што вылучала членаў Ордэна, як рукой здымала. Яны пачыналі ўвіхацца наўкола, бязладна махаць рукамі і голасна прапаноўваць свае варыянты дзеянняў.
Трэба прызнаць, чальцы Ордэна мелі дар прадчування і былі крыху больш праніклівейшыя за звычайных людзей. І таму ўжо на пачатку васьмідзясятых ведалі, што савецкая плаціна прарвецца і затопіць наваколле. А што ў завірушным ліхалецці зробіцца ратавальным колам для іх дзетак, спытаеце вы? Што вынесе іх на бераг дабрабыту і мацярык спакою? Канечне, адкажу я, веданне замежнай мовы!
СССР клеіў дошчачкі – гэта стала зразумела чальцам Ордэна адразу пасля пары-тройкі выступаў Гарбачова, у якіх ён выказаўся больш чым празрыста. Заўзяты вораг Саюза – Злучаныя Штаты мусілі неўзабаве так ці інакш перамагчы. Каб не захлынуцца ў віры ліхалецця, трэба было даваць драпака ў слушным кірунку.
У трэцім класе, пакуль усе астатнія мамы разводзілі рукамі, са збянтэжанасцю пераглядаючыся (маўляў, нашто яны робяць такую дуроту?), мяне і майго сябра Вову Шахава сілком забралі з “французскай” школы №148 і перавялі ў далёкую, праз дарогу – у 171-ую, ангельскую. Што паробіш: у рэйтынгу чальцоў Ордэна ў сілу імкліва ўбіраўся менавіта інгліш.
Свайго першага жывога амерыканца я ўбачыў гадоў праз пяць, у 1991 годзе, у піянерлетніку “Фатон” пад Ракавам. Да нас прыехаў студэнцкі ансамбль танцу з Аёўскага каледжа. Амерыканцы на “біс” выканалі каўбойскія танцы і кабарэ-нумары. Потым на ганку клуба кідалі ў раздратаваны натоўп піянераў пярэстыя жуйкі, вытрыманыя ў колерах амерыканскага сцяга бірулькі, пляскатыя сувенірныя вяхоткі, якія, нібыта сухары, самі распушчаліся ў вадзе. Калі, штурхаючы локцямі сваіх сяброў па атрадзе, я поўзаў па асфальце ў надзеі схапіць такую вяхотку, я знянацку зразумеў: дзеля такіх кантактаў з замежнікамі ведання ангельскай мне не спатрэбіцца.
Але вернемся да залатога ключыка. Такім чынам, усё дзяцінства і юнацтва навылёт мяне, свайго адзінага ўнука, дзяды проста шпігавалі мовамі. Бабанадзя – прыгаданай вышэй “перспектыўнай” ангельскай, Дзядзюля – перспектыўным, як ён усіх пераконваў, іўрытам. Бабароза ж безупынна сачыла за чысцінёй маёй расійскай.
Калі ж мама аднойчы заўважыла Бабарозе, што расійская ў СССР не вельмі цягне на замежную, дык Бабароза, склаўшы вусны банцікам, урачыста адказала:
Але за мяжой, у харашмянай краіне, куды, як усім вядома, калісьці пераедзе Ігарочачак, дык яна ж сама сабою зробіцца замежнай, ды Ігарок зможа ёй карыстацца з наварам… Хіба не так?
У 1981 годзе, за тры гады да школьных штудыяў замежнай мовы, да мяне прыйшла ангельшчына. Прыйшла нечакана. Стаяў чэрвень, два месяцы да “нулёўкі”. Я святкаваў шасцігоддзе са сваімі карыфанамі – тым летнім вечарам двухпакаёўка ў Зялёным Лузе была набіткаваная бабулямі і дзядамі. Мама і бацька ўвіхаліся ля стала з мясам па-французску і навамодным салатам “Цэзар”.
І вось на парозе някліканым госцем намалявалася Бабанадзя. Маладзейшая дачка Бабарозы, родная сястра Бабагруні, перакананая векавуха. Бабанадзя адразу ж заўважыла, што прыйшла, – ні больш ні менш, – як “навучыць свайго ўнучака Ігарка ангельскай”.