Апазіцыйным палітыкам я даводзіў ідэалагічны складнік стэнда-партала, культурніцкім дзеячам – культурныя выгоды. Гундосіў, што настала чарга ўвасобіць гэта ў жыццё. “Наш мэсыдж, – казаў я ў сваіх пракламацыях для ўнутранага ўжытку, – засведчыць еўрапейцам, што мы такія самыя, як і яны. Проста гадоў …ста таму назад патрапілі ў адзін непрыемны закалот, з якога не можам ніяк выблытацца. І каўтун тут – ключ. Наша паглыбленне ў каўтунную хваробу заўжды ратавала нас ад каланістаў і акупантаў”.
Адным словам, я імітаваў прасвятленне, актыўна ўдаваў набыццё трэцяга вока. Партнёры і фундатары цешыліся – нарэшце, нарэшце беларусы абуджаюцца! Дзеля раскруткі стэнда-партала я нават напісаў і выдаў кнігу.
У сваім пакоі, па-над канапай, я ўмацаваў купленую ў Берліне вялізную мапу Еўропы. Лежачы, штовечар перад сном я аглядаў тую мапу, густа ўшпіляную круглымі кропкамі гарадоў. Былі тут кропкі тлусцейшыя, з абадочкамі, усё роўна як старасвецкія столікі з парыжскіх кафэ. Пракідаліся на мапе і буйныя белыя кропкі – яны нагадвалі абцягнутыя а-ля хатнімі абрусамі сталы балканскіх страўняў. Трапляліся і зусім маленькія чорныя кропачкі – рыхтык дыхтоўныя дубовыя столікі венскіх шакаладняў ды іх вытворныя – браціслаўскія цукерні. Уся мапа Еўропы ператваралася для мяне ў адну вялікую кавярню, дзе я мог прызначыць Роні спатканне – адно выбірай, каханая, зручнейшае месцейка, ля вады ці сярод зеляніны.
Побач з мапай я павесіў аляпаваты каляндар, прысвечаны чэмпіянату свету па біятлоне, які меўся адбыцца ў Менску. Каляндар быў вытрыманы ў чырвона-зялёных тонах. На ім была намаляваная ці то стараперсідская, ці то старагрэцкая пачвара з пысай зубра і целам чалавека, страхотным сімвалам чэмпіянату. Пачвара стаяла абутая ў лыжы і радасна трымала ў руках стрэльбу. Ажно рабілася ўражанне, што гэта ўсё яна зняла з небаракі героя, гэтакага сучаснага Тэсея паўночных шыротаў, які прыехаў у лабірынт пушчы яе забіць і, як з усяго відаць, чорта што ў яго атрымалася. Павесіў я гэтага мінскатаўра толькі таму, што ў сваім ніжнім куце плакат меў нешта накшталт перакіднога табло, на якіх красаваўся надпіс “да чэмпіянату засталося столькі і столькі дзён”. На табло я стаў перакідваць засталыя дні да чарговай сустрэчы з Роні.
З цягам часу чырвона-зялёны зубрачалавек прыжыўся ў мяне на сценцы, і стаў глядзець на мяне неяк лагодна, паблажліва. Я зрабіўся яму сімпатычны. А ён мне.
Мая Бабароза, яшчэ не сцяміўшы, нашто мне ўсёгэтае біятлонна-картаграфічнае прычындалле, але ўжо адчуваючы перамены ў маіх паводзінах, штодня ўстурбавана пахаджала каля мапы і перакіднога календара. Зіркала прыхваткамі то на мяне, то на сценку гэтак, нібыта я быў як найменей Гітлер, што выношвае аперацыю “Барбароса” і вось-вось (“праз столькі і столькі дзён”) гатовы са сваімі танкамі і авіяцыямі ўварвацца на гаротную беларускую зямельку.
Бабароза скеміла, што не падкантрольныя ёй працэсы, якія адбываліся ў маёй галаве, урэшце знайшлі адбітак у гэтай мапе. Але толькі якія? Бабароза пакуль яшчэ не даўмелася, але вельмі-вельмі жадала гэтую таямніцу раскрыць. Касавурылася. Віжавала.
– Чаго ты выскаляесь-сь-ся, Ігарочачак, як кот у лядоўні? – дапытвала яна. – Усё раюеш, пакуль мы ўсе тут… – тут Бабароза абводзіла сваімі скурчанымі ад артрыту рукамі наўкола, якбы хочучы абхапіць усё чалавецтва, – …бядуем і страднімся?
Аднойчы, вярнуўшыся вечарам дадому, на самай сярэдзіне пратокі Ла-Манш я ўбачыў буры развод, падобны да следу разлітай з танкера нафты. Бацька, схаваны апанент рэжыму, павабіў мяне пальчыкам і апавёў шэптам, што Бабароза зранку, адамкнуўшы мой пакой сваім ключом, пяць хвілін засяроджана плявала на мапу.
– Плявала?! – заскандаліў я, праўда, таксама шэптам. Бацька на мігах умольна папрасіў не гарачыцца.
Я вэрхалу не ўсчаў. Бо якая рацыя змагацца з самім Творцам Скандалаў, вялікім і жахлівым? Назаўтра я проста цішком аднёс мапу на ламінацыю. Закуў сваю родную Еўропу ў бліскучы лёд цэлафану.
Увечары таго ж дня я чарговы раз памяняў замок у дзвярах свайго пакоя. Цяпер ставіць пазнак на мапе я не мог, затое мапа зрабілася недасяжнай для Бабарозінай шкоды.
Па дарозе з ламінавальнага цэнтра ў краме “Турыст” я набыў футбольны мяч з намаляванай на ім зямной куляй. Бо, бачыце, у далёкасяжных перспектывах мы ў нашым з Роні плане Еўропай не абмяжоўваліся.
Па дарозе дадому я ўсё паглядаў на мяч-глобус і прыйшоў да рэвалюцыйнай высновы. Як жа на Зямлі ўсё замыкаецца на пункце выхаду! Нават выправіўшыся кудысці ў трансатлантычнае падарожжа, забягаючы са сваім караблямі і думкамі ўсё далей і далей, заўжды рызыкуеш на пэўным этапе нарвацца на пункт адпраўлення. Майсей, відаць, так доўга таптаўся з сынамі Ізраіля па сумежнай сінайскай пустэльні і, маючы процьму часу, не прасоўваўся далей з боязі абагнуць Зямлю і вярнуцца назад у ненавісны Егіпет з іншага боку.
Гэтаму адкрыццю, – зямля, бач ты, круглая і куды б я ні паехаў, я заўжды маю шанец сустрэць Роні, – я нагэтулькі ўсцешыўся, што яшчэ ў вітальні стаў радасна набіваць мяч-глобус з нагі на нагу. Бабароза вызірнула з пакоя Бабагруні і перахрысцілася. Потым праверыла, як маецца мая маладая рэакцыя – паспрабавала выхапіць мяч з-пад ног. Я выявіўся спрытнейшым.
– Рэакцыя, Ігарочачак, ёсцека – дзеткі будуць, – нечакана лагодным голасам сказала Бабароза і растала ў сваім пакоі.
І ўсё ж увечары, калі мяч выпадкова патрапіў у яе тэрытарыяльныя воды – на кухню, – Бабароза бліскавічным рухам схапіла мяч. Я стаў цягнуць яго з бабульчыных рук.
Каторы час трывала змаганне. Раптам Бабароза крыху паслабіла ўхоп, і паглядзеўшы на мяне спагадліва, сказала:
– Нешта ты, Ігарочачак, схуднеў… праверся на рак!!! Я збянтэжыўся на імгненне, і гэтага хапіла. Бабароза нанесла мячу смяротную рану кухонным нажом.
У мяккае падбрушша Еўропы, Балканы.
– Глядзі мне, смаркач-ч-ча! – пагразіла яна мне паказнікам, што нагадваў скурчаны асінавы сук. У другой руцэ яна сціскала нож-мячабойцу. – Дагуляесь-сь-ся!
Я не хацеў сварыцца. У той вечар я пакаваў валізу – да чарговай сустрэчы з Роні ў Еўропе застаўся адзін дзень. У пакоі мяне чакаў гэты келіх радасці, поўны, як вока. Тут, сярод валіз, бялізны і ссабоек, я ўжо, лічы, быў на дарозе да свайго раявання. І таму любыя перашкоды: зборы, нервознасць ды нават Бабароза з яе выбрыкамі толькі рабіліся антуражам, фонам абапал дарогі, якія я, не зважаючы, цяпер мінаў на шалёнай хуткасці на сваім шляху да шчасця.
Ці было ў мяне з Роні яно? Ці, можа, лепей нам было жыць на адным лапіку зямлі: штодня бачыцца, не ад’ядаць гэтак сэрца рэдкімі і складанымі спатканнямі? Мець ціхамірны спакой? У працоўным парадку атрымліваць гаючую раўнавагу, датрымоўваць баланс сіл і думак? Гучыць, далібог, пераканаўча. Чаму ж я лічыў за лепшае локцямі працярэбліваць шлях да абяцанай зямлі, да самага снежнага для майго кіліма месца? І ведаць, што тую зямлю трэба амаль адразу здаць, пакінуць?
– Чаму мне прыпала да душы гэтая неспатольнасць? Гэтыя нелітасцівыя перагрузкі, вартыя касманаўтаў? Ехаць тысячы кіламетраў толькі для таго, каб на пару гадзін убачыць адну жанчыну голай? І падчас тых дзвюх гадзін усяго толькі цягам лічаных секундаў спінай вычуць, як медным тазікам накрывае стоадсоткавая ўсёатульная мілата? І ўжо ўвечары таго ж дня з усімі вантробамі зноў праваліцца ў яміну разлукі.
…Чаму мы не разам? – у тое спатканне запытаўся я ў Роні. Тая роспачна шукала калготкі пад ложкам. Гатэль “Амбасадар”, Вільня.
На яе голым жываце і грудзях былі чырвоныя каляіны і пісягі – зранку ў нас адбыўся гадзінны сход Таварыства “Шчаслівы матрас”. Гэта калі Роні клалася на мяне ўсім, ад макаўкі да пят, целам, і мы нерухома ляжалі гэтак, крыху енчачы і павіскваючы ад асалоды.
– Persej, nu, ty sam usio razumieješ… – старанна вымавіла Роні. З нядаўняга часу яна вывучыла гэтую безапеляцыйную беларускую фразу і бесцырымонна запіхвала яе ў любы сказ. Або заканцоўвала ёю пасаж, які меў на мэце пераканаць мяне.
Але, відаць, я ў той момант меў дужа гаротны выгляд, бо яна выбралася з-пад ложка і стала лашчыць маю шчаку белай рукой з шлюбным пярсцёнкам. Потым пошукі калготак працягнуліся.
Гэта быў асаблівы дзень (дзень, дзень, не ноч!). У нас ён быў такі адзін за ўвесь час паездкі, калі мы бралі на нашых стэндах адпачынак ды зранку ішлі на шпацыр па горадзе.
Наш шпацыр – адметны, як і ўсё ў нашых стасунках. Дзеля канспірацыі мы зазвычай спярша ішлі паасобку, рознымі вулкамі, або на адлегласці.