– Вось і выходзіць, што ніхто іншы з нармальных людзей, а не з гэтых яйцакрутаў, не хоча быць прэзідэнтам.
Дзякуючы румынскаму паўстанню на якія два тыдні Дзядзюля забыўся на закарэлую ад даўніны варажнечу з Бабарозай. Цяпер, пасля столькіх гадоў разводу і разладу з былой жонкай Бабагруняй, ён наважыўся завітаць да яе і былой цешчы Бабарозы ў брэжнеўку на Чкалава. Радасны і самаіранічны, Дзядзюля зусім ужо пасябраваў з Дзедлёнем, другім мужам Бабагруні, хударлявым падцягнутым пенсіянерам, колішнім падпольшчыкам.
Дзядзюля апавядаў і апавядаў пра павешанне румынскага дыктатара і яго жонкі гэтак, нібыта бачыў усё на свае вочы. Пасёрбваючы Дзедлёнін чыфір, Дзядзюля прыгаворваў, што хутка небаракі-румыны зажывуць як след. Што ўся Усходняя Еўропа нарэшце скіне са сваіх змучаных плячэй крывавых і бесталковых дыктатараў. Так, сапраўды, у тыя дні румынскай рэвалюцыі Дзядзюля, разважны і шматмудры пячкур, абсалютна не кантраляваў сябе.
Дзядзюлеў уздым я прыгадаў гадоў праз колькі, у пару, калі, ледзьве ачуняўшы ад шматвекавой няволі, ужо і беларусы ўправіліся прыдбаць свайго тырана.
Два месяцы пасля першых і апошніх дэмакратычных выбараў у сваім жыцці Дзядзюля быў дэмаралізаваны ўшчэнт. На яго стала шкада глядзець. Дысідэнт у душы пасівеў і згорбіўся. Пакрысе адбіўся ад сну і ежы. Варта было толькі яму пачуць па БТ або па “Радыё-1” чарговую прамову “гэтага Македонскага”, як у Дзядзюлі пачыналася арытмія. Мой палкі аматар гісторыі і палітыкі надта добра засвоіў, да чаго прыводзяць хамуйлаватыя маналогі перад камерай. Гэтая нахрапістая гульня ў адну браму. Дзядзюля ўжо цудоўна ведаў на красамоўных прыкладах з гісторыі, чаго чакаць ад флірту ўлады са звярамі калектыўнай падсвядомасці.
Каб хоць неяк прывесці Дзядзюлю да ладу і рытму, падчас аднаго з маіх да яго візітаў я як бы незнарок запытаўся, ці радаваўся б ён, калі б і ў нас, як колісь у Румыніі Чаўшэску, народ скінуў бы Македонскага.
Гэта дапамагло. Дзядзюля, які толькі што млявы і абыякавы да жыцця ляжаў на канапе перад выключаным тэлевізарам, цяперака ажно падскочыў, падняўшы вакол сябе фантан з падушак.
– Ціпун табе, Ігаль! Ты што, здурнеў? – галасіў ён. – Ты ўвогуле думаеш наперад, што кажаш?!
Кроў увачавідкі вярталася да бледнага чала Дзядзюлі.
– …То тады тут будзе хаос, анархія! Ты што, не разумееш, што наступіць разгул антысемітызму і пагромы?!
Дзядзюля ставаў на дыбкі. Яго вочы шалёна круціліся. А голас зрабіўся трубны. Дзядзюля нагадваў параненага дзідай слана.
– Ну, зладзяць набліжаныя патрыцыі змову і скінуць Македонскага, – пачаў Дзядзюля ў сваёй манеры аматара гісторыі. – Ну, будзе добра ім усім які тыдзень… Хай сабе месяц будзе ўсім воля… Але потым усё зробіцца яшчэ горай і паскудней. Усе будуць хадзіць голыя і дурныя… Без цара ў галаве.
Дзядзюля запстрыкаў адначасова ўсімі выключальнікамі на тэлевізійнай панэлі. На экране намалявалася пастаральная ніва, па якой нетаропка пахаджваў пахмурны Македонскі ў атачэнні сваёй яшчэ больш пахмурнай світы, складзенай выключна з мужчын.
– Таму, Ігаль, напрамілы Бог!..
Дзядзюля трапна плюнуў у экран тэлевізара і, па-малітоўнаму склаўшы рукі, павярнуўся ў бок усходняй сценкі кватэры. За ёй знаходзіліся менскі раён Грушаўка і Ерусалім.
– Хай, Ігаль, усё цячэ так, як яно ёсць… Любая ўлада ад Бо… – тут атэіст Дзядзюля запнуўся, а на ягоным твары я прачытаў збянтэжанасць. – …ад… ад… каго трэба!
Ён хапатліва схаваў за спіну паказнік, які тыцкаў быў у столь.
Гісторыя з Македонскім мела працяг. У той вечар Дзядзюля яшчэ доўга шумеў, лямантаваў, усяляк бэсціў мяне. Хапатліва соваўся па гасцёўні. Урэшце знямогся. Мама, якая прыйшла па мяне, накарміла Дзядзюлю дзвюма празрыстымі кулькамі валідолу. Мінаючы мяне ў вітальні, мама замахнулася на мяне і заскандаліла шэптам:
– Ад цябе, Ігар, я такога не чакала! Думала, ты дарослы!
Пасля прыкрасці з Дзядзюлем мае ўзаеміны з членамі Ордэна не тое што сапсаваліся, але, скажам так, змяніліся ў трывожны бок. Я патыліцай адчуваў, што цяпер усе дзяды ўважліва, як бы новымі вачыма абглядаюць мяне. Дзедлёня шэпчацца з Бабаманяй за маёй спінаю. Бабагруня кідае позіркі, поўныя згрызотаў і заклапочанасці. Нават бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, падбухтораны навакольнымі, дасылаў у эфір спагадлівыя і шкадоблівыя сігналы. Ягоныя глыбокія ўздыхі, здаецца, казалі: “Так, Галя, наш сын ідзьёт, але што ўжо тут паробіш…”
Праз месяц фаза глухога адчужэння і стрывожаных позіркаў змянілася чарадой ветлівых допытаў.
Дзядзюля сам адмыслова прыязджаў да нас на мікрараён Зялёны Луг і задаваў мне нібыта наіўныя такія пытаннечкі на гістарычныя і палітычныя тэмы, або пра зусім ужо адцягненыя рэчы.
Я хутка сцяміў, што адбываецца. Пасля майго правалу з Македонскім бабулі і дзяды намацвалі глебу, асцярожненька, але настойліва правяралі, ці годны я, адзіны спадкаемца, увогуле працягваць іхнюю справу. Ці здольны я быць у ордэне Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Я разумеў яшчэ – нарэшце, пасля ўнутранай дыскусіі мне ўсё ж вырашылі даць апошні шанец.
Я стараўся як мог і супрацоўнічаў са следствам. Я хадзіў як па струнцы, не дазваляючы збыткоўных свавольстваў і непрыхаваных дурнотаў. Каб залішне не цвяліць маму, нават перастаў слухаць на касетніку бесшабашны грандж і хэві-метал. На ўсе правакатыўныя пытанні адказваў памяркоўна і разважна, як уласціва не хлопчыку, але мужу. Як адказаў бы сам Дзядзюля.
Я гатовы быў выканаць любы дзядоўскі загад. Не жартую – я быў дужа ўстурбаваны незайздроснымі перспектывамі адрынутага. Калі б мне сказалі выкачацца ў пыле, я б з ахвотаю паваліўся і стаў бы качацца там у вопратцы. Або зжэрці ёлкае масла без хлеба з лядоўні “Сара”, калі б маім самавітым дзядам знянацку прыйшла на думку такая дурота. Бо я, бачыце, дужа не хацеў выбыць з гэтага ўплывовага ордэна. Не хацеў я, напрыклад, каб наступны раз, калі прыйдуць немцы, непаінфармаваны своечасова пра навалу, загінуць у гета, як ніколі не бачаны мною Дзедборух, які так і не стаў дзедам. Мілы мой Божа, вельмі прашу цябе – дай мне быць з валадарамі свету заадно і вырашаць разам з імі лёсы планеты!
Калі праз нейкі час пасля допыту з Дзядзюлем увага да мяне з боку дзядоў і бацькоў паслабла, а вымоўных позіркаў стала значна менш, я ўцяміў, што вернуты ва ўлонне таемнага ордэна на выпрабавальны тэрмін. І жыццё зноў ператварылася ў шчаслівую руціну.
Цяпер, раз’ехаўшыся з Роні па сваіх краінах, мы думалі, дзе і як убачыцца ў наступны раз. Пакрысе гадавалі наш План. Разам песцілі будучыя сустрэчы. Ліставаліся, каардынуючы падарожжы. Роні казала, у які горад яе стэнд Офіса Усходніх Пераменаў выправіцца ў наступны раз, і я шукаў як падладзіцца, каб тудысама быў запрошаны і я з беларускім стэндам, kautun.by.
У Менску я зрабіўся няўрымслівым і надзвычай актыўным. Ад чалавека, які ідзе з вадою, нічога не засталося. З багемнага мопса, які жывіцца вытворнымі і рэфлексіямі, я ператварыўся ў галоднага да дзеянняў ваўка. Нарэшце я стаў выкарыстоўваць свае навыкі псіхолага, заняўшыся практычным дастасаваннем, уключыўшы асцярожнасць і назіральнасць. Каб паскорыць справу, я псіхалагічна апрацоўваў патрэбных людзей, калі даводзілася – хлусіў, выкручваўся. Ставіў подпісы за начальнікаў. Калі партнёры зацягвалі з адказам, падрабляў іх подпісы таксама.
Колісь млявы і абыякавы да бясконцых падарожжаў, я цяпер горача даводзіў партнёрам і фундатарам мэтазгоднасць беларускага стэнда-партала kautun.by. Бажыўся, што да мяне ўрэшце дайшло, чаму ўвесь гэты час нас хацелі навучыць еўрапейцы. Усе навокал не верылі сваім вачам – з безыніцыятыўнага псіхаванца – гэтак мяне за вочы называлі ў Менску, – я знянацку зрабіўся рухавіком пераменаў.
Мегабайтамі я дасылаў палкія лісты пра тое, што трэба аб’яднаць культуру, навуку, медыцыну і грамадскую думку ў адзін пункт. Альманах сучаснай Беларусі. Пра тое, што гэты стэнд-партал мусіць стаць для замежнікаў амбасадай нармальных людзей з ненармальнай дзяржавы. Зладзіць трыбуну, праз якую абвяшчаць усёй Еўропе, што мы не такія безнадзейныя, як нас усе ў ёй уяўляюць.