– Цiкавая, але не сказаць каб нечаканая, – выкруцiўся Санька. – Ад Паскаля да Эйнштэйна, кажаце? Ад узаемна спалучаных сасудаў i механiкi Ньютана да радыё Папова i не толькi – i тэорыi адноснасцi? Большая хуткасць – меншая маса, а пры хуткасцi святла маса ўжо фактычна i не маса, а так… Праўда, тэорыя гэтая не зусiм каб Эйнштэйнава, здаецца, Гук у сваiх лiстах…
– Ах, дык ты, выходзіць, яшчэ i ўсявед! – усмiхнуўся выкладчык. – Фiзiк-лiрык-гумарыст! Добра, пераканаў, не буду трацiць часу, пастаўлю табе «чатыры», няхай сабе, лiчы, пашэнцiла, дый трэба iсцi рыхтавацца да наступнага экзамену. Iдзi i ты, адпачывай. Што? Не згодзен? Хочаш пазмагацца, выпрабаваць лёс? Рызыкнуць?
– Рызыка вымушаная: тупiковая сiтуацыя, – уздыхнуў Санька. – Калi атрымаю «добра», то ў вынiку набяру: «чатыры» за сачыненне плюс дзве «пяцёркi» – вусны i пiсьмовы экзамены па матэматыцы, ды плюс ваша «чацвёрка» за фiзiку – усяго васямнаццаць, а гэта, амаль пэўна, непраходны бал. Будзем змагацца…
– Значыць, надумаў рызыкнуць? – здзiўлена павёў вачыма выкладчык. – Пан цi прапаў? Глядзi, не спудлуй, пакуль маеш шанец i без бою ўзяць вышыню. I добры, скажу табе, шанец – васямнаццаць балаў. Сярэдняя ацэнка – «чатыры з паловай», калi акруглiць – будзе «пяць». Толькi трэба трохi пачакаць.
– А вось чакаць я не магу i не ўмею, – амаль перапыніў дабрадзея Санька. – Ненавiджу чакаць! Баюся звар’яцець. Цяпер або нiколi, усё або нiчога, прабачце за высокiя словы. А не здам – значыць, не наканавана, не лёс. Але ж буду спадзявацца на лепшае…
I Санька прыняў бой: адказваў, адказваў, адказваў. У нейкі момант яму нават захацелася пахвалiць свайго візаві. Санька толькi-толькi пачне адказваць, як той, схопліваючы ўсё з паўслова, задае наступнае пытанне, потым яшчэ i яшчэ… І ўрэшце не вытрываў, здаўся. Пахвалiў Саньку. Сярдзiты следчы ператварыўся ў добрага і спагадлівага адваката, калi так можна сказаць пра аматара скiдаць мурлыкаў з балконаў.
– Дарма ты кiнуўся гуляць у рызыкоўныя гульнi. Васямнаццаць балаў уга як хапiла б. Яшчэ перад экзаменам я атрымаў з прыёмнай камiсii iнфармацыю: сярэдняга «чатыры з паловай» сёлета цалкам стае – во! – зрабiў выкладчык характэрны жэст рукою ля горла. – Бачыш, не толькi ты, але i я не спаў у шапку.
«Вось i рызыкаваў, каб не залежаць ад таго, спiш ты цi не спiш, – усмiхнуўся Санька. – Каб не залежаць», – паўтарыў, як заклiнанне, сам сабе.
8. Настаўнiк фiзiкi
Два бамжы счапiлiся насмерць, люта мясілі адзiн аднаго. Перамoжца (цi той, хто застанецца жывы) рабiўся адзінаўладным гаспадаром смеццевага бака на тэрыторыi дарагой аўтастаянкi ў цэнтры горада.
Санька ведаў абодвух.
Высакаваты, у шэрым, досыць паношаным касцюме, у светлай, некалi белай кашулi, пры гальштуку няпэўнага колеру – былы настаўнiк фiзiкi, удавец, пенсiянер. На пенсію яго выпхнулі. Новая дырэктарка, прысланая з гарана для ўмацавання кадраў, вырашыла, што стары занадта мяккацелы для сучаснай школы. За апошнiя гады настаўнiк i праўда не паставiў нiводнай «двойкi». Лiчыў: хто хоча ведаць фiзiку, той i пасля «тройкi» задумаецца. Каму ж фiзiка да лямпачкі, таго i «адзiнкаю» не напалохаеш. Не выратавала настаўнiка нават тое, што для многiх пакаленняў вучняў ён быў прыкладам сумленнасцi i прыстойнасцi.
Пазбаўлены любiмай работы, якой прысвяцiў усё жыццё, ён пеpшым часам не выходзiў з дому. «Як глядзець дзецям у вочы? – задаваў сабе ўсё тое самае пытанне. – Выхоўваў, казаў: трэба iмкнуцца вучыцца і жыць па-ленiнску, i дагаварыўся – выгналi, як сабаку». Пацiху настаўнiк прызвычаіўся тапіць тугу i перажываннi ў горкай. Пiў спачатку пакрысе, але з кожным днём арганiзм патрабаваў спiртнога ўсё болей, што i давяло былога кумiра дзяцей да жабрацтва. А пасля ён страціў i дах над галавою: падчарка не захацела жыць з «дармаедам» i літаральна выштурхнула яго за дзверы. Судзiцца? Не ўжо, выбачайце, – пайшоў бамжаваць.
Другi прэтэндэнт на права калупацца ў «прэстыжным» сметніку заявiўся сюды быццам з супраціўнага лагера. Усё жыццё (з невялiкiмi i рэдкiмi перапынкамi) ён праседзеў у турмах, «косячы», як сам хвалiўся, пад дурня (можа, таму i выжыў). I хоць быў зэкам са стажам (асаблiва небяспечны рэцыдывiст, як нi кажы) i пакінуў след амаль на ўсiх зонах былога Саюза, на ролю рэкецiра, бандыта, верхавода злачыннай групоўкi не цягнуў: аслабеў целам i розумам. Не навучаны працаваць, жабрaваў.
Цяпер ён бiўся за тое, каб не бадзяцца па горадзе ў шуканні ежы, не красцi з чужых памыйнiц (што заўсёды небяспечна), а мець сваю, да таго ж сытную i недалёка ад сутарэння, у якiм начаваў.
Зэку ўдалося падгрэбці праціўнiка пад сябе i схапiць за горла. Але забiваць ён не збiраўся: усё ж бамжаваць – не парыцца на зоне. Трушчыў у пальцах кадык настаўнiка i хрыпеў: «Сыдзi, падла, гэта маё, сыдзi».
Той маўчаў. Толькi вoчы гарэлі, крычалі, як у яго баліць душа.
Санька не вытрымаў, падбег, адапхнуў крымiнальнiка:
– Пайшоў прэч, падонак!
Зэк кiнуў на яго спадылба злы позірк, але біцца не палез, адступiў, павярнуўся да настаўнiка:
– Нiчога, iнтэлiгент, нiчога. Не кожны дзень за цябе заступацца будуць. Неяк аднаго падпільную! Гарнiтурчык i фэйс так адпрасую… Ён прабубнеў нешта яшчэ i знік.
Да болю ў сэрцы Санька шкадаваў настаўнiка, але, успомнiўшы, як не любiў той спачування, зрабiў выгляд, быццам не пазнаў яго:
– Пацярпiце крыху, збегаю выклiчу «хуткую».
– Не варта турбавацца, малады чалавек, усё нармальна, – перапынiў настаўнiк, выцiраючы насоўкаю кроў з твару. – «Хуткая дапамога», пасля мiлiцыя… Не хачу звязвацца з гэтай публiкай. Iдзiце, прашу вас, калi ласка, а то, чаго добрага, i вас заадно…
Яго «калi ласка» нагадала выпускны экзамен па фiзiцы. Тады настаўнік убачыў, што Санька запнуўся, гатовы паплысці, i супакоiў: «Не хвалюйся, збярыся, калi ласка, з думкамi, вазьмi сябе ў рукi. Ты ж ведаеш закон Шарля Кулона, сто разоў выводзiў…» I Санька ўспомнiў, дакладней, сфармуляваў той закон адразу, у памяцi.
Санька не стаў пярэчыць настаўнiку, упрошваць прыняць дапамогу. Пагляд настаўніка прымусiў яго апусцiць вочы.
«Мы ва ўсiм вiнаватыя, мы! – дакараў Санька сябе. – Заслужаны настаўнiк – бомж, i ўсе маўчаць! Мая хата з краю. Нешта трэба мяняць, развязваць гэты гордзiеў вузел».
– Iдзiце, iдзiце, не хвалюйцеся, – быццам прачытаўшы Санькавы думкi, пaдштурхнуў яго настаўнiк.
Санька адышоў, але ў машыну сядаць не спяшаўся. Стаяў, чакаў: раптам вернецца зэк. Але той не паявiўся…
Калi позна ўвечары пакідаў машыну на стаянцы, нi настаўнiка, нi зэка паблiзу не было.