– Усё з вамі ясненька, – злёгку адхілілася Наташа. – Мама для цябе заўсёды была самая-самая…
Унізе ў пад’езд нехта ўвайшоў. Дыхнула свежым паветрам. Скразняк расхінуў няшчыльна прычыненыя дзверы з выбітай жоўтымі цвічкамі лічбай «7».
– Кроха, што так доўга? Бяжы хутчэй да татачкі! Ён цябе яшчэ чаму навучыць… – у праёме паказаўся высокі станісты хлопец у будатрадаўскай форме.
Да Санькі не адразу дайшло, хто гэта і які такі татачка. Стаяў, глядзеў і лыпаў вачыма.
«Не сумавала… – адчуў, як пахаладзела ўсярэдзіне. – Здрадзіла…»
Хлопец убачыў Саньку. Хмыкнуў. Перавёў запытальны позірк на Наташу:
– Што гэта за дзіцячы садок?
– Эдзік, – тонкія Наташыны бровы незадаволена ўзляцелі ўгару, – не трэба! Гэта Санька. Мы з ім у адным лагеры адпачывалі…
– Ды ўжо ж бачу, што не ў рэстаране. Пэўна ж, у нармальныя месцы хлопца яшчэ не пускаюць?
– Эдзік, ну годзе табе! Санька хоць і невысокага росту, але вельмі добры і сумленны хлопчык.
«Хлопчык! – адбілася рэхам у галаве. – Добры і сумленны хлопчык!»
– А ты – несумленная! – гэтыя словы сарваліся з вуснаў самі. На той момант гэта былі самыя крыўдныя і самыя гнеўныя словы, якія маглі прыйсці Саньку ў галаву.
Ён выпаліў іх, павярнуўся і на злом галавы кінуўся ўніз. Целам расчыніў цяжкія дзверы пад’езда. Выкуліўся з ненавіснага дома нумар 12 па вуліцы Сонечнай. Імчаўся, не азіраючыся, не зважаючы, што чамадан моцна б’е па калене. Нічога не бачыў – бег, бег, бег. Уцякаў ад Наташы і ад усяго. Ад першага пацалунка, ад першых няспаных начэй, ад першых пакутаў сэрца.
Тады Санька не ведаў, што ад першага кахання нікому і ніколі не ўцячы!
6. Настаўнiца англійскай
Настаўнiца англійскай мовы Ася Iосiфаўна прыязджала ў школу на таксi. Заўсёды! На таксі вярталася і дадому. Грошы, якiя яна траціла за праезд на работу і з работы, i яе зарплата былi прыблiзна роўныя, але настаўнiцу англійскай гэта не надта турбавала. Яе муж, кандыдат навук i заслужаны вынаходнiк СССР, працаваў калi не ў тры, дык у дзве змены дакладна, i Ася Iосiфаўна магла дазволiць сабе гэткую раскошу.
Перадвыпускны 9 «Б» яна прыняла прыблiзна з такiм запасам ведаў: лепшыя маглi палiчыць па-англійску да дваццацi i з акцэнтам на мяжы разумення сказаць, якая гадзiна i якую частку сушы займае Soviet Union, дзяржава рабочых i сялян, апора мiру i дэмакратыi ва ўсiм свеце (чаму менавiта гэтую тэму з пятага па восьмы клас убiваў вучням у галаву тузiн англiчанак, што змянiлiся за гэтыя гады, яны зразумелi якраз у дзявятым); горшыя – два другагоднікi, Дрыжд i Сцяпурка – не ведалi па-англійску нi слова. Зрэшты, адно слова яны ўсё-такi ведалi, нават два – fuck you!
З гэтых бойкiх слоў i мусіла пачацца класнае жыццё Асi Iосiфаўны. Мусіла – ды не пачалося. Калi гэтая прыгожая жанчына, з шыкоўнаю фрызурай i элегантнай постаццю, у крэмавым касцюме з серабрыстаю аблямоўкаю, зайшла ў клас, Саньку адразу ж падумалася: шкада харашухi! Месяцы два, можа, i пратрымаецца – маладая ж, энергiчная, поўная сiлаў.
Ася Iосiфаўна пратрымалася да выпускнога вечара, на што аніяк не спадзявалiся два зухi-другагоднiкi. Англiчанка ўзяла 9 «Б» хард-рокам. Такога ўдару пад дых нiхто не чакаў. Зайшла ў клас на першы свой урок з невялiчкiм чамаданчыкам, чым вельмi ўсiх зацiкавiла. Гэтым сваім чамаданчыкам яна і зблытала карты другагоднiкам, якiя рыхтавалi ёй сваю сустрэчу. Дрыжду – прыдурку, iстоце без элементарных уяўленняў аб прыстойнасцi, сумленнасцi i гонары, якi мог так «заазонiць» клас, што хоць уцякай, і боўдзілу з брудна-шэраю фiзiяй i жоўтымi ад курэння зубамi i рукамi Сцяпурку – вялiкаму аматару папрактыкаваць кулакi на малодшых i слабейшых і па-заечаму баязліваму перад дужэйшымi, што маглi абараніць сябе.
Сказаўшы звычайнае Morning, Ася Iосiфаўна паставiла на стол чамаданчык, адчынiла.
«Ды гэта ж прайгравальнiк!»
Прапусцiўшы мiма вушэй здзiўленне класа, яна выняла з каляровага пакета з рэкламай элiтнай джынсавай фiрмы «One» альбом «Led Zeppelin» са знакамiтай «Immigrant song» («Песняй эмiгранта») i паставiла дыск на прайгравальнiк. Пасля невялiкай паўзы ў клас, нiбы гром з маланкаю, уварваўся Плант i – застагнаў, загаласiў аб няшчаснай, бадзяжнай долi iншаземца, быццам схапiў клас за горла – усiх i адразу:
Добра, што вучнi 9 «Б» перакладу тады не ведалi. Ды не толькi яны. Бо нішто сабе мэта, ды яшчэ і запаветная!
Следам у «Friends» (у «Сябрах») не дала апамятацца Пэйджарава гiтара. Прарвалася, улезла ў душу i давай яе вярэдзiць, iрваць на кавалкі:
Непараўнальная i непераймальная «Since I’ve been loving you» («Таму, што кахаю»), якая стала класiкаю блюза, увяла ўсiх у транс. Клас скамянеў, нiбы прысуджаны да пакарання смерцю.
Дабiлі ўсiх маркотная «Tangerine» («Мандарын»):
– i завадная, вясёлая «Bron-Y-Aur Stomp» (i як яе перакласцi?):
Усе былi агаломшаныя. Па-першае, «жыўцом», з кружэлкі, гук было не параўнаць з тым пашоргваннем i парыпваннем, якое ўдавалася вылавiць з прыёмнiка, гатовага захлынуцца пад гул і выццё глушылак. Плант паўставаў перад вачыма як жывы. Стаяў i гiпнатызаваў, загадваў, рабiў з вучнямі ўсё, што хацеў. Сказаў бы ён: замрыце! – i ўсе замёрлі б, сказаў бы: памрыце! – i ўсе памёрлi б. Па-другое, так адкрыта – ды яшчэ ў школе! – слухаць забароненых лiдараў хард-рока «Led Zeppelin»! Здавалася, зараз уварвецца мiлiцыя, кадэбiсты, салдаты – хто яшчэ? – i ўсiх арыштуюць. Усiх!
Калi скончылася кружэлка, клас з палёгкаю ўздыхнуў: можна было перавесці дух пасля такой нечаканай атакi. Ажылi, павесялелi i два «факальшчыкі»: хутка ўрок скончыцца, а яны новую настаўнiцу нават на тры лiтары не паслалi. Так можна i аўтарытэт страцiць.
Але iм не шэнцiла i далей. Англiчанка моўчкi раздала вучням аркушы з тэкстам шчымлiвай «Since I’ve been loving you», растлумачыўшы, што гэта і ёсць iхняе хатняе заданне – вывучыць словы песнi, – зачыніла сваю музычную шкатулку i пад крохкую цiшыню выйшла з класа.