Дрыжд i Сцяпурка ачухалiся толькі тады, калi за настаўнiцай плаўна зачынiлiся дзверы. Скрывiўшы вусны, каб выдаць свой каментар на такі выбрык англiчанкi, яны ўжо гатовыя былі адкрыць раты, ды тут у клас увайшоў дырэктар.
– Дзявяты «Б», прашу ўвагi. У якасцi эксперыменту я дазволiў новай настаўнiцы даць вам паслухаць, як англійская мова гучыць у вуснах саміх ангельцаў. Але толькi што мне далажылі, што ў класе адбыўся ледзь не цэлы канцэрт чужой нам заходняй музыкi. Гэта праўда?
Усе маўчалi.
– Ды пайшла яна… – па-змяiнаму, неяк у падлогу прашыпеў Дрыжд, але дырэктар пачуў яго. Пачуў i супакоiўся. Ён лiчыў, што ў школьнiкаў не можа быць сяброўскiх адносін з педагогамi. Гэта значыць, настаўнiкi павiнны трымацца на пэўнай дыстанцыi ад вучняў, нават наганяць на iх страх. Фразу, кiнутую двоечнiкам, ён зразумеў па-свойму: не спадабалася класу новая настаўнiца – ну і хай. Настаўнiк мусіць вучыць, а не падабацца.
Да наступнага ўрока англійскай мовы клас падрыхтаваўся як мае быць. Ды i зададзены на дом хіт «Led Zeppelin» усе цяпер успрымалi па-iншаму. Мелодыя – добра, але калi ведаеш, пра што пяецца… «Since I’ve been loving you, I’m about to lose my worried mind…» Каханне даводзiць мяне да вар’яцтва… Гэта табе не жартачкі!
Толькi двое не вывучылi тэкст – Дрыжд i Сцяпурка. Але для іх гэта была не навіна. Незвычайным было iншае: другагоднiкi не прыйшлi на заняткі. Пасаромелiся, цi што? Дасюль iм падабалася, не зважаючы на «двойкi» i «адзiнкi», хадзiць у школу. У ёй яны адчувалi сябе каралямi, сядытады зрываючы сваю злосць на малодшых. А тут няйначай пабаялiся паказацца недарэкамi i дурнямi, спалохалiся задання маладой настаўнiцы. Бо нават дваровыя, старэйшыя за iх хулiганы паважалi i сёе-тое ведалi з «Led Zeppelin».
I гэта сталася штуршком да перамен. Калi на наступным пасля англійскай мовы ўроку Сцяпурка стукнуў кулаком у спiну выдатнiка Валерку Крычалава, які сядзеў перад iм, той не адказаў ударам на ўдар, але кінуў нязвыклае для сябе слоўца:
– Адвалi!
Яно нiбы апякло ўсiм вушы i прымусiла павярнуцца да таго, хто яго сказаў. Бамбiза Сцяпурка спачатку разгубiўся, ды, апомніўшыся, кiнуўся бiцца да нiжэйшага за яго на галаву Валеркі – каб абараніць свой падмочаны аўтарытэт. Але – дарма! Справа i злева ад Валеркi i ззаду за Сцяпуркам як па камандзе сталi iншыя хлопцы. Яшчэ двое не далi выбрацца з-за парты Дрыжду. Адзiн супраць чатырох – у такіх варунках Сцяпурка здрэйфіў. Мала таго, неяк адразу звяў i пасля паўзы прамямлiў не сваiм голасам:
– Пусцiце… паку-курыць…
Пусцiце? Пакукурыць? Глядзi ты, новае слова прыдумаў! Iдзi! Атручвай органы. Дыхай ядам, грам якога каня забiвае.
З таго часу i не стаў клас баяцца другагоднiкаў. А неўзабаве i зусiм пазбыўся iх.
А пачалося ўсё з Асi Iосiфаўны i рокераў з «Led Zeppelin». Нездарма, вiдаць, сталi яны класiкамi пры жыццi.
Ды гэта яшчэ не канец гiсторыi.
У красавiку 1975 года Ася Iосiфаўна збіралася ад’язджаць на зямлю запаветную. Але, нямала патрацiўшы грошай за здадзеныя авiябiлеты, яна ўсё ж засталася са сваiм класам да канца чэрвеня – канца экзаменаў. А па апошнім экзамене выпускнiкi накiравалiся да Асi Iосiфаўны дадому: яна пайшла трохi раней, пераканаўшыся, што ў класе ўсё о’кей.
Напярэдаднi вучнi склалiся, купілі добрага вiна, цукерак, пернiкаў, пакунак папяровак – любiмых яблыкаў Асi Iосiфаўны. Заўсёды вясёлая, кампанейская, яна таго вечару была ў нейкай прастрацыi, а пры развiтаннi расплакалася – слёзы так i цяклi па яе мiлым твары. Потым Санька зразумеў, што гэта былi слёзы шчасця, слёзы радасцi за сваiх выхаванцаў. Тады яны не на жарт размахнулiся: гаварылi мiж сабою i з Асяй Iосiфаўнай толькi на англійскай.
Калi на развiтанне загучала пранiзлiвая «Since I’ve been loving you», Санька, ужо трохi захмялеўшы ад малдаўскага «Вiшнёвага», асмеліўся запрасiць любімую настаўнiцу на танец. П’янкi пах яе парфумы, блiзкасць прыгожага i добрага твару, адчуванне праз вопратку яе пышных грудзей ледзь не закружылі яму галавы. На шчасце, мелодыя скончылася, i ён не паспеў пацалаваць настаўніцу, на што ўжо быў адважыўся.
Муж Асi Iосiфаўны, усмешлiвы, рухавы і добры, з класiчнаю, як у большай часткi вынаходнiкаў, капою чорных валасоў, на развiтанне паляпаў Саньку па плячы i сказаў:
– Спраўны ты хлопец, аж занадта, далёка пойдзеш. – I дадаў, бы ўдакладнiў: – Калi будзеш асцярожны.
Наконт «далёка» вынаходнiк стаўся празорцам. А наконт усяго астатняга…
Праз шмат гадоў англійская мова, вызубраная пад прыглядам Асi Iосiфаўны, выратавала Саньку жыццё ў далёкiх Арабскiх Эмiратах. Бездапаможна распластаны на гарачым, як патэльня, асфальце, што пад пякучым сонцам страцiў свой колер, Санька ўжо адчуў кашчавую руку, якая спрабавала загрэбці яго. Адчуў, але паспеў прашаптаць старому няголенаму арабу, які схiлiўся над iм:
– Help me… Heart… Tablets from in a breast pocket…[47] Праз тры тыднi, толькi-толькi вырваўшыся з бальнiцы, а разам i з учэпістых рук Яе Вялiкасцi смерцi, Санька зайшоў у цэнтральную мячэць Дубаяў i аддаў належнае здароўю рабы Божай Асi Iосiфаўны Шчаглячык, сваёй настаўнiцы, свайго кахання i выратавальнiцы. У арабскай мячэці ён жадаў шчасця i доўгiх гадоў жыцця габрэйскай красуні.
Санька не ведаў, што тая, з кашчавай рукою, якая ўжо спрабавала дакрануцца да яго, зноў глянула ў ягоны бок.
7. Закон Ома
– Не знаеш закона Ома – сядзi дома! Помніш прымаўку?
Выкладчык, якi прымаў у Санькі экзамен, вiдаць, належаў да аматараў пацешыцца з чужых пакутаў – да такiх добрай душы суб’ектаў, што яшчэ дзецьмі бедных коцікаў з балконаў скiдалi. Ён ажно аблiзаўся, уяўляючы, як хуценька будзе праглынуты-з’едзены яшчэ адзiн абiтурыент. I глядзеў на яго, як удаў на трусiка.
Але не заўжды як на дзяды, гаворыць народная прымаўка. Санька знарок не адказаў пiсьмова на другое пытанне бiлета. Прынадку паставiў, хатнюю хiтрынку ў ход пусцiў. Бо гэта ж закон Ома, а папраўдзе – Закон Жыцця. Сiла проста прапарцыянальная напружанню i адваротна прапарцыянальная супрацiўленню. Так яно i напраўду…
– Помню! – не даў Санька лішне нацешыцца свайму кату. – Толькi ўдакладнiце, калi ласка: маецца на ўвазе для ўсяго ланцуга цi для яго часткi?
Глядзеў на выкладчыка як мага весялей. Ты мне – я табе, – так бы мовіць, усмешка за ўсмешку. Той на момант застыў, нiбы яго здымалi на картачку, але праз секунду ажыў, заварушыўся. Спрактыкаваны быў iнквiзiтар, са стажам.
– Што, весела? Жартаўнiк? На пытанне пытаннем адказваеш? Зараз i я пажартую. Прабяжымся, даражэнькi, па ўсiм курсе фiзiкi. З шостага па дзясяты клас. Як табе, дасцiпненькі, такая сустрэчная прапанова?
[47] Дапамажыце… Сэрца… Таблеткi ў нагруднай кiшэнi… (Англ.)