Ірвануўся са строю:
– Таварыш начальнік лагера! Дазвольце…
– Паслухай, Рамэа, – з нечаканай сілаю тузанула Саньку за руку старшая піянерважатая. – У цябе сумленне ёсць? Забыўся, што твая маці прапанаваная на ордэн? Хочаш зняславіць перадавіка вытворчасці?
Маму ён няславіць не хацеў.
– Станавіся ў строй! – загадала злосна. – Пытанне вычарпана. – І дадала з’едліва: – От герой знайшоўся!
Наташу адправілі ў той самы дзень перад ціхай гадзінай пад пільным наглядам фізрука-культурыста. Яна сядзела ў кабіне старой палутаркі (на гэтай ламачыне, як называў яе кухар, у лагер прывозілі прадукты) і ціха плакала. Санька глядзеў на яе праз мутнае шкло і ледзь стрымліваўся, каб самому не расплакацца. Горкі камяк падкаціў да горла, калі машына кранулася з месца. «Усё, – падумаў, глытаючы ўзняты ёю пыл. – Жыццю майму – канец».
Да сканчэння змены заставалася яшчэ амаль два тыдні. Яны здаліся Саньку годам. У апошнія дні, як абуралася старшая піянерважатая, ён зусім адбіўся ад рук: знарок хадзіў за тэрыторыю лагера, заплываў за буйкі, не спаў у ціхую гадзіну. Начамі, схаваўшы пад падушку чорна-серабрысты «ВЭФ», па радыё «Бі-Бі-Сі» слухаў Севу Наўгародцава. Карацей, нарываўся на скандал. Але Саньку быццам не заўважалі. Відаць, дзеля мамы.
У дзень ад’езду ён першы ўварваўся ў адзін з аўтобусаў, што прыехалі забраць гэтую змену.
– Ранавата месца браніруеш! – падняў на Саньку вочы пажылы кіроўца. – Выезд па абедзе. Ваш начальнік абяцаў нас юшкаю накарміць.
«Якая там юшка! – Санька не знаходзіў месца ад абурэння. – Няўжо не бачыце, што не магу я больш трываць?! Наташа, мілая мая дзяўчынка, як ты там? Я так даўно не бачыў цябе! О, як я хачу цябе абняць!»
Здавалася, прайшла вечнасць, перш чым аўтобусы нарэшце рушылі.
Усе тры гадзіны дарогі Санька бачыў за акном Наташу: валасы, якія даставалі амаль да таліі, пяшчотныя падушачкі шчок, вялікія, заўсёды здзіўленыя блакітныя вочы, мяккія падатлівыя вусны.
«Наташа!» – кліча Санька.
Не чуе! Усміхаецца, бяжыць да вады. Нешта кажа, паказвае, тлумачыць.
Рэхам далятае нейчы смех. Чый?
Хлопцы і дзяўчаты раскатурхалі: прачніся, соня, прыехалі! Высадзілі іх там, адкуль забіралі, – каля заводскага Дома культуры. Хоць прыбылі раней, не па графіку – кіроўцы неяк заўсёды выгадаюць час! – сустракала аўтобусы процьма людзей. Шум, смех, радасная гамана: малайчына, паправіўся, загарэў, падрос!
Санькава мама не прыйшла. Яна загадзя паведаміла пра тое ў лісце: «У мяне ўвесь тыдзень – другая змена. Сам разумееш: лета, шмат хто ў адпачынку, замяніць няма каму. Кладу ў канверт талончык на транспарт і рубель на вінаград. Ключы – у цёткі Евы». Гаворка ішла пра суседку.
Іншым разам адсутнасць мамы засмуціла б Саньку: яны жылі душа ў душу, не мелі адно ад аднаго сакрэтаў і амаль не разлучаліся. Але цяпер ён быў нават рады, што мамы няма. Гэта яму якраз дарэчы: адразу ж, не марнуючы часу, паедзе да Наташы. Дзякуй Богу, адрас раздабыў. Невядома чаму, з якіх такіх памкненняў, але старшая піянерважатая злітавалася і перапісала з атраднага журнала Наташыны арыенціры: «Вуліца Сонечная, дом 12, кватэра 7».
Зазірнуўшы яшчэ раз у пакамечаны лісток, хоць і ведаў адрас на памяць, Санька выскачыў з аўтобуса. Важкі чамаданчык (мама, збіраючы Саньку ў лагер, уціснула туды амаль увесь ягоны гардэроб) балюча біў па калене, але гэта нават падганяла – наперад, хутчэй!
Вось і Сонечная! Нумар дванаццаты на тым баку! Ёсць! Пад’езд, вядома, першы. Пераскокваў цераз тры прыступкі. Другі паверх. Кватэра сем! Прыехалі.
Светла-карычневая абіўка дзвярэй была падзелена залатымі плешкамі цвічкоў на роўныя ромбы. Прыгожа! Прыгожа і дорага. Гэта крыху астудзіла Саньку, прымусіла адвесці руку ад кнопкі званка. У тыя гады мала хто дазваляў сабе такую раскошу – абіваць дзверы. «А Наташка, відаць, з багатай сям’і! Хто бацькі? Не казала чамусьці. Можа, не варта турбаваць? Хто я такі, калі падумаць?»
Сумеўся, падняўся на паўпаверха. Прысеў на батарэю пад лесвічным акном. «Раптам яе мама адчыніць? Спытае, чаго мне трэба?» Ага, не падумаў пра гэта. А такое ж можа быць, што адчыніць маці. Ці бацька…
Але не сядзелася. «Ну і што, ну і няхай адчыніць мама.
Чаго баяцца? Я ж не злодзей. Спытаюць, дык і адкажу: разам з вашай Наташай быў у лагеры, яна забылася хусцінку, а я прывёз, вось, калі ласка… Дый не такія ўжо, відаць, яе бацькі вялікія начальнікі, калі дачку з лагера выкінулі».
Пераканаў сябе. Спусціўся, пазваніў. За дзвярыма пачуліся крокі. Санька не вытрываў, крыху адступіў, напяўся…
Пстрыкнуў замок. Дзверы адчыніліся.
Наташа! І яшчэ прыгажэйшая, чым была! У доўгім яркім халаце – проста ўсходняя князёўна!
– Ты? Адкуль? – ступіла да Санькі. Пра нешта хацела спытаць яшчэ, але, нібыта апамятаўшыся, паспешліва прычыніла за сабою дзверы. Нарэшце пацікавілася: – Збег з лагера?
Хацелася пахваліцца: так, маўляў, збег – каб цябе хутчэй пабачыць! Але хлусіць не ўмеў. Сказаў як было:
– Збегчы не пасмеў: мог бы нашкодзіць маме. Проста змена скончылася. Я адразу з аўтобуса, во – з чамаданам, нават дадому не заходзіў. Вельмі сумаваў па табе. Думаў, памру, – не стрымаўся, ступіў да яе, замёр, чамусьці не адважваючыся абняць. Засаромеўся нечага?