А за плотам бег задыханы злачынец. Лепш сказаць, уцякаў. Гэта была яго першая няўдача. А за першай можа быць i другая, i трэцяя – не выходзіла з галавы. Значыць, рана цi позна яго зловяць! Гэты шчанюк паставіў яму лiчыльнiк. Не спакусiўся на салодкае, не стаў слухаць пахвальныя словы. Нейкiм недзiцячым чуццём адчуў небяспеку i даў дзёру. Яшчэ б адна секунда, усяго адна! Яе якраз і не хапіла. З гэтага моманту час паляцiць для яго – у якi бок? Хлапчук апiша знешнасць, рост, голас, дасць мянтам зачэпку. А гэтым гiцлям нiчога больш i не трэба – раскручваць клубок яны ўмеюць.
Ён наблiжаўся да другога краю парку. Тут алея мінала плот i вяла да прахадной заводу.
– Ф-у-у, – на ўсю сiлу выдыхнуў, стараючыся супакоiць дыханне.
Над прахадной стрэлкi гадзiннiка пераскочылi з лiчбы на 16.30. I адразу ж празвiнеў званок, абвяшчаючы канец змены. Народ валам павалiў на вулiцу. Гвалтаўнік счакаў, пакуль пярэдняя плынь мiне дзве зрослыя ўнiзе таполi, за якімі ён затаiўся, i, неўпрыкмет далучыўшыся да людзей, згубiўся ў натоўпе. Як заўсёды, паспеў. Адно што раней паспяваў не толькі вярнуцца да канца змены. Паспяваў зрабіць галоўнае. Сёння ж не змог. «Пракляты шчанюк! Няйначай, ён жыве недзе недалёка. Можа выпадкова сустрэць ды пазнаць… Трэба апярэдзiць! Абысцi двары, вылавiць яго, пакуль не позна…»
Санька ачуўся на руках у суседа-самбiста.
– Жывы? – пачуў знаёмы вясёлы голас. – Куды ляцеў, як ад шалёнага сабакi ўцякаў? Здаецца, тут такiх не было.
– Цяпер завёўся, – адказаў Санька i, мацней абняўшы свайго выратавальніка, зноў заціх.
Калi сусед унёс Саньку ў кватэру, хлопчык не адразу пачуў прыкры, знаёмы яму пах адэкалону. Не адчуваў яго i сын «настаўніка» – ён да яго прывык.
3. Скачок
Санька стаяў і пакутліва думаў. Думкі круціліся ў галаве, набягалі адна на адну, але лягчэй ад гэтага не рабілася. Ясна было адно: «Жорык – лёгкаатлет, увесь год пасля заняткаў на “Дынама” прападаў, яму перад вакацыямі нават сапраўдныя шыпоўкі і касцюм спартыўны выдалі, хваліўся імі на перапынку. Як жа скокнуць далей за Жорыка? Ён і адштурхоўваецца за два-тры сантыметры ад дошчачкі. Практыка – яна і ёсць практыка. Таму і дакладнае пападанне. Як жа махануць далей за Жорыка? Ці здольны я на такое? Наўрад. Але ж і здацца без бою – недаравальна. Думаць трэба, думаць… А калі не проста разбегчыся і адштурхнуцца, а ў скачку яшчэ і сальта крутнуць? Гэта павінна падоўжыць палёт, – разважаў Санька, – і ў выніку – павялічыць даўжыню скачка…»
Ён шмат чаго зведаў у сваім, як яму здавалася, доўгім дванаццацігадовым жыцці. І па гарачым вуголлі босым хадзіў – выпрабоўваў сілу волі. І пад вадою паўтары хвіліны ў ваннай пратрымаўся. І з трэцяга паверха скакаў, як дэсантнік у фільме. І на руках праз школьную спартзалу ад сцяны да сцяны прайшоў – на заклад з настаўнікам фізкультуры. І без тых самых рук на веліку цэлы кіламетр праехаў – вучыўся ўжо іншую раўнавагу трымаць. І яшчэ шмат што рабіў, выпрабоўваючы сябе. Але на сальта замахвацца не наважваўся: а раптам не так прызямліцца і зломіць сабе шыю?
Цяпер таксама баяўся. Але цяпер непадалёку ад скачковай ямы стаяла Лена. Найхарашэйшая ў лагеры дзяўчынка.
На чатыры пяцьдзясят восем – далей за ўсіх – скокнуў Жорык.
– У-ух! – прагучала рэха ўслед.
Лена таксама ахнула і запляскала ў ладкі.
«Толькі – сальта!» – прашаптаў Санька, праганяючы прэч усялякія іншыя думкі. І калі надышла яго чарга, бадзёра выйшаў на старт, моцна, бы ў злосці, тупнуў нагой па зямлі і, колькі ставала сілы, памчаў па дарожцы для разбегу.
І вось яна – яма!
Гоп! – адштурхнуўся і паляцеў. У паветры даў нырца галавою ўніз, пад сябе. Не паспеў сцяміць, ці ўдала ажыццявіў задумку, як урэзаўся плячом у пясок. Нешта хруснула ў целе, але болю не адчуў: па інерцыі перакуліўся цераз сябе і… сеў. От і сальта! І зусім не страшна. А на колькі хоць скокнуў? Павярнуўся паглядзець, але нясцерпны боль – аж уваччу пацямнела – уклаў яго на зямлю. І вакол чамусьці стала ціха-ціха – ані гуку.
Санька ляжаў і глядзеў у неба. Яно было сіняе-сіняе, як Ленчыны вочы. І раптам на небе ўзнікла рыжая Жорыкава галава. Парушаючы цішыню, яна завохала і заахала:
– За пяць метраў заляцеў! Але так – няможна! Гэта ж не акрабатыка!
Поруч узнікла галава Міхаіла Юльянавіча, лагернага фізрука, былога прызёра алімпіяды па барацьбе, сябра легендарнага Мядзведзя.
– Я ведаў, што гэты шустрык выкіне якісьці сюрпрыз! Такія заўсёды нешта выкідваюць!
Дзесьці далёка, на самым краі неба, мільганулі Ленчыны вочы, поўныя захаплення і… трывогі. «Які адважны!» – зачаравана бліснулі і зніклі.
Санька паспрабаваў устаць, але Міхаіл Юльянавіч яго прытрымаў:
– Не, не, акрабат. І трэба ж такое прыдумаць! Дай пагляджу, што там у цябе… Ціха, ціха, я асцярожна. Тут баліць?
– Ой, – застагнаў Санька.
– Ясна, даскакаўся: ключыцу зламаў. Пацярпі, пацярпі, – Міхаіл Юльянавіч падклаў руку Саньку пад плечы, другую – пад калені. – А цяпер – устаём… Трымайся, чэмпіён, ты ж далей за ўсіх скокнуў.
Дужыя рукі падхапілі Саньку і панеслі ў медпункт. Перад хлопцам зноў адкрылася неба. Але цяпер яно пагойдвалася. То наплывалі, то адплывалі сосны. Зноў паказалася Лена. Санька хацеў усміхнуцца, але не змог. Боль пранізваў цела – здавалася, у зламаную ключыцу загналі цвік. Убачыўшы, што хлопцу зусім дрэнна, Міхаіл Юльянавіч прыспешыў крок…
А Саньку сніўся сон.
Ён стаяў і пакутліва думаў…