– Зірніце, дарагі таварыш, якое цудоўнае спалучэнне! – спыніў, нібыта не чуў яе, гаспадар, ужо звяртаючыся да мяне.
«Вось табе й маеш! – здзівіўся я. – Нават new russian на прэзент раскашэліўся, калі ўбачыў, што я выграб з гаманца ўсё чыста, да апошняй капейкі. І слова “таварыш” не забыўся. Відаць, саколік яшчэ той, брэжнеўскай закваскі».
Рэчы былі купленыя, заставалася набрацца адвагі іх аддаць. Дзіна і Дзед – людзі не багатыя, але не без гонару. Наўрад ці прымуць падарункі ад чужога, па сутнасці, чалавека. Давялося пафантазіраваць, прыдумаць прычыну. «Бадай што, скажу так, – урэшце надумаў я. – Рэчы прыслалі сваякі з Амерыкі. Адзенне там капейкі каштуе, так што буржуі не надта сябе абакралі. А вось з памерамі, шкада, сваячкі наблыталі – розныя ў нашых краінах адзінкі вымярэння: у іх там нейкія дзюймы, у нас – родныя сантыметры. Вось і не падышлі абноўкі ні мне, ні пляменніцы. Я вас вельмі прашу, прыміце ад чыстага сэрца! Адмовіцеся – паставіце ў няёмкае становішча. Звязвацца з камісіёнкаю не хацелася б. Я ж, здаецца, сякі-такі вахцёр-пісьменнік, а не мяшэчнік. Можна было б, вядома, аддаць усё гэта і першаму стрэчнаму-папярэчнаму, але чаму я не магу зрабіць прыемнае тым, каму хацеў бы?»
У апошні перадсвяточны дзень, у апошнюю перадсвяточную трэніроўку, завучыўшы гэты тэкст, я наважыўся здзейсніць задуманае.
Усе ўжо сядзелі за сталамі, і вось-вось мусілі пачацца сеансы. Мусілі, але – не пачыналіся. Ніхто не зрабіў і першага ходу: не было малой! Так ужо павялося, што баталіі заўсёды дабраслаўляліся словамі галоўнага трэнера: «Чэмпіёнка гатовая?
Што ж, тады – у бой!» Але гэтыя стартавыя словы ўсё не гучалі, і сапернікі чакалі. Чакаў і трэнер. Той жа, каму сёння трэба было гуляць з Дзінаю, – таўстун Паша, празываны Паштэт (ён увесь час нешта жаваў), не адважваўся і за стол сесці, ад хвалявання ён нават жаваць перастаў. Выйшаў і я са свайго пісьменніцкага кабінета – вахцёрскага куточка: карцела ўручыць эксклюзівы ад славутага італьянскага модніка. Усе сціхлі, нібыта згаварыліся, – чакалі: Дзед і Красачка-Ясачка прыйдуць, інакш і быць не можа.
– Хвілінку! – спахапіўся я першы. – Як жа адразу не здагадаўся! Відаць, дзверы заклініла! Ужо дні два, як замок без дай прычыны заядае. Збегаю праверу.
Пераскокваючы цераз прыступку, кінуўся да дзвярэй. Пацягнуў алюмініевую ручку-шар да сябе. Дзверы расчыніліся, але малой з Дзедам за імі не было. Снег, неба, месяц, зоркі былі на месцы, а Дзеда з Дзінай не было. Здалося, што няма і мяне, няма і гэтых рыпучых дзвярэй, няма нашага сто гадоў нерамантаванага клуба, няма нашай планеты, няма нічога! Толькі месяц ды зоркі.
Але ўсё было.
У тое імгненне, калі я гукнуў «Хвілінку!», у бацькі Красачкі-Ясачкі (дзядуля ў старамодным палітончыку, як выявілася, быў яе бацькам!) заціхла сэрца. Надарванае за восем гадоў лагера (за ўвоз у краіну і пашырэнне антысавецкіх выданняў ён атрымаў па поўнай праграме – сталінскую «дзясятку», але прыйшлі «новыя часы», і яго амнісціравалі), яно не вытрывала аўтобуснай душагубкі, выпаленага недасканалым абагрэвам бескіслароднага паветра. Малая ціхенька пакратала татку за вуха, за шчаку: будзіла. Яна была не па гадах дарослая і хутка ўсё зразумела. Успомніла: «Ты ў мяне самая смелая!» Успомніла і не спалохалася, не закрычала. Прыхінулася да татавага пляча і ўзяла яго за руку. Безгалоса заплакала. Ужо ніколі гэтая родная ў сініх венах рука не пагладзіць яе: «Усё добра, мая маленькая, я – тут».
Гэтак яны і ехалі 7 сакавіка 1994 года. А мы іх чакалі.
Санька
1. Валюша
«Якi ў мяне сынок малайчына», – уздыхнула Валюша, гледзячы на Саньку. У гэтым халодным сутарэннi з невыносна агiдным пахам прарослай бульбы яны пражылi ўсю восень. Асаблiва цяжка даўся апошнi месяц. Лiстапад нiколi не бывае ў iх краях цёплым, але такога, каб з дня ў дзень халадэча, вецер i нi сняжынкi з неба, – яна не памятала. І чым угнявiла Бога? За што няшчасцi адно за адным валяцца на яе галаву? Гэтае гнілое сутарэнне загонiць яе ў магiлу. Ды каб жа яе! Сябе не шкада. Вось Санька! За што яму такiя пакуты? Сынок, праўда, малайчына, маўчыць, не скардзiцца. Толькi калi яго худзенькае цельца пачынаюць калаціць дрыжыкі, абдымае яе i шэпча: «Мамка, мамка, а ці хутка лета?»
У Валюшы самі сабою пасыпалiся слёзы, нешта няўлоўнае сцiснула грудзi. Яна ледзь не заплакала ад крыўды і болю, але стрымалася, хуценька прыкрыла сабе далоняй рот: Санька толькi што заснуў i мог прахапiцца. Сон у яго быў трывожны. Як нi старалася Валюша прытуляць яго да сябе, саграваць сваім целам, гэта не надта памагала: пад раніцу і сама пакрывалася курынаю скураю, а нос i шчокi рабіліся ледзянымі.
Яшчэ задоўга да свiтання Валюша асцярожна, вобмацкам падымалася па сцёртых, слiзкiх ад плесенi прыступках наверх i трапляла ў маленечкую куханьку. Не ўключаючы святла, каб не пабудзiць бурклiвую гаспадыню, распальвала керагаз i цiхутка ставiла на яго кубак з вадою: гатавала сабе i сыну гарбату. Дзякаваць Богу, выходныя перажылi, цяпер Санька зноў цэлых пяць дзянькоў будзе ў цяпле ў дзiцячым садку.
У садок яны прыязджалi як мага раней – за гадзiну, а то i больш да таго, як першыя бацькi прыводзiлi сваiх дзяцей: хацелася хутчэй патрапіць у цяпло. Балазе, ведала Валюша – старому вартаўнiку (яму цудам удалося выжыць у галодныя пасляваенныя ў Паўночна-Уральскiм канцлагеры) не спалася, і ён чуў іх здаля. Валюша i ў дзверы не паспее пастукаць, а яны, нiбы чароўныя, адчынялiся самi, i Вiкенцiй Львовiч з усмешкай вiтаў iх з парога:
– Ну што, раннiя пташачкi, змерзлi, пакуль дабiралiся? Хутчэй уваходзьце! Хутчэй!
Яны не ўваходзiлi – уляталі. I адразу кiравалiся ў прасторны пакой загадчыцы, уладкоўвалiся на невялiчкай канапцы, прысунутай ледзь не ўпрытык да батарэі.
Ах, якая цеплыня!
Вiкенцiй Львовiч адразу ж частаваў iх хатнiмi пiражкамi з сочывам цi капустай, спечанымi яго гаспадынькай – так ён называў сваю жонку, былую зняволеную таго ж Паўночна-Уральскага (да васьмi гадоў канцлагера асудзiлi шаснаццацiгадовую дачку «ворага народа» – арганіста Мінскага катэдральнага касцёла). Са старэнькага тэрмаса налiваў у шырокiя чайныя кубачкi каву, побач ставiў конаўку з малаком.
Пэўна, якраз хвiлiны, праведзеныя разам з Вiкенцiем Львовiчам, i дапамагалi Валюшы пратрымацца выходныя, а папраўдзе – суботу i нядзелю, бо называць выходнымi гэтыя чорныя, халодныя, з пранiзлiвым пахам гнiлой бульбы днi ёй аніяк не выпадала. Можна было б, вядома, пайсцi ў кiно цi ў цырк, але для гэтага трэба мець грошы, а iх увесь час нестае. Нi разу Валюша не змагла пратрымацца ад зарплаты да авансу, каб не пазычыць. Не выходзіць у яе з эканомiяй: возьме дый купiць сыну апельсiн, шакаладку цi яго любiмую бела-ружовую пасцілу. Спахопiцца, а трох, а то i чатырох рублёў – яе аплаты за дзень – як i не было! Так i не навучылася Валюша гарадскому жыццю, раскладванню сямейнага бюджэту на частачкi. Дый якi там бюджэт, якая сям’я? Яна і Санька. Быў у iх, як і ў людзей, бацька i муж, ды бяда забрала.
Гэта здарылася пяць гадоў таму. Чужыя – менавіта чужымi Валюша потым iх увесь час i называла – заявiлiся да iх у адну з лютаўскiх начэй. Заявiлiся, нiбы чакалi таго моманту, калi Уладзiмiр прывязе яе з Санькам з радзільні. Прыйшлi i забралi мужа – яны нават не паспелi Саньку спаць пакласцi.
Чужыя нiчога не тлумачылi, не патрабавалi, нават не павышалi голасу. Моўчкi абшукалi два іхнія, яшчэ не абжытыя, пакоi, нядаўна прыбудаваныя да бацькоўскага дома, – з ложкам, невялiкiм буфетам, абедзенным сталом i некалькiмi табурэткамi – i, звяртаючыся да Уладзiмiра, сказалi толькi адно слова: «Збiрайцеся».
Сказалi i выйшлi. Культурнымi выстаўлялі сябе, далi час на зборы. Маўчаў, як знямелы, i Уладзiмiр. Нейкая супольная таямнiца злучала яго i чужых – так падумала тады Валюша. Потым мужавы бацькi патлумачылi: сын не хацеў, каб яна ведала, што арыштаваны ён як палiтычны, а значыць, як здраднiк Радзiмы.
«Няўжо трыццатыя гады вярнулiся?» – жахнулася Валюша. Бабка расказвала, як тады, гэтак жа ўночы, энкавэдысты арыштоўвалi дзеда. I больш яны яго не бачылi.
Валюша мужа пабачыла. Даволi хутка. Апошнi раз… Ужо каторы дзень прастойвала яна ля турэмных варот – ажно да цемнаты. Прастойвала дарма: спаткання ёй так i не давалi. Не чуючы спруцянелых ног i заходзячыся ад думкі: як там Санька? – зноў нi з чым вярталася дадому.
Яшчэ здалёк убачыла нейкага мужчыну – ён ляжаў ля iхніх веснiц. Раптам ён прыўзняў галаву i пачаў цопаць, бы сляпы, па веснiцах рукамi, няйнакш спрабуючы iх адчынiць. Валюша не спалохалася: чалавек хутчэй быў хворы, а не п’яны. Падбегла, нахiлiлася памагчы яму i – ледзь не асунулася долу: гэта быў Уладзiмiр!
Ён не змог патлумачыць, што з iм здарылася, – быў не пры памяці. У непрытомным стане яго i ў бальнiцу забралi. Потым перавезлi ў другую. Праз колькi часу – у трэцюю, у iншы горад. Там ягоны след і прапаў. Сказалi, што хворы пайшоў на папраўку i яго выпiсалi: у сям’i, маўляў, хутчэй акрыяе. Але дадому Уладзiмiр не прыйшоў… Валюша кідалася куды толькі магла, ездзiла, пiсала, шукала мужа, дамагалася справядлiвасцi: хто збiў яго да страты прытомнасцi, за што, чаму яго выпiсалi не папярэдзiўшы?
Прабiлася ў прыёмную вялiкага начальнiка з органаў, але той з усмешкаю адмахнуўся: «Ды што вы сабе думаеце? На што намякаеце? З чаго пачалося? З арышту? Э-э, тут, ведаеце, не гестапа, шаноўная. Вашага мужа i пальцам нiхто не крануў. Правялi толькi прафiлактычную гутарку. А што вы думалi? Ведаеце, кiм быў ягоны бацька?» Валюша ведала – але не апускала рук, шукала, спадзявалася…