I ён сiгануў у поле, на што да яго наважылiся толькi двое: футбалiст i прылiплы да яго, як цень, Рашыд.
«Азіят, вядома, ад холаду спячэцца, – палічыў безыменны, – а футбалiст – ён жа не баксёр. Як там, на фiнiшы, будзе – нiхто не ведае».
Усе марылі пра перамогу, а нампалiта (ён ехаў на «Урале» за асноўнай групай) турбавала iншае: «Як выбіць у дывізіі абяцаныя пераможцу дзесяць дзён? Усё залежыць ад генерала-цесця, але той апошнім часам быў знерваваны і непрадказальны: затрымліваўся ягоны перавод у Заходнюю групу войскаў. Трэба нешта прыдумаць. Зрэшты, мароз нават у машыне дастае, i ўсё выдае на тое, што наўрад ці хто наогул дабяжыць да казармы. Вось і першыя здыхлякі галасуюць – у машыну просяцца. Можа, цесць не спатрэбiцца i прыдумваць нiчога не давядзецца?»
Я зразумеў, што найцяжэйшае – кожны чарговы глыток пякельна ледзянога паветра. Зразумеў гэта i арганiзм, пайшоў мне насустрач. Горла, нібы залітае навакаiнам, знямела i не перашкаджала дыхаць. Група пераследу трымалася ўчэпiста, але дагнаць пакуль што не спрабавала. «Можа, вытрываю такі тэмп да канца?» – спытаў-абнадзеiў сябе, робячы новы глыток.
«А беларус мацнейшы, чым здаваўся, – разважаў Алег. – Сноўдаўся па казарме, маркоцiўся, усё пра нешта думаў, а тут прэ як паравоз. Нібыта падмянiлi хлопца. Праблема з iм будзе. Але – не бяды! Галоўнае – захаваць сiлы да фiнiшу. А пасля перамогi – у Крым!»
Баксёр бег за футбалiстам. Адчуўшы, што той здае, дагнаў яго i, абыходзячы, крыкнуў: «Я!» Футбалiст зразумеў: «японец», які пакуль што ягоны хаўруснiк, дае яму мажлiвасць перадыхнуць ад лiдарства, i кіўнуў галавою: «Давай!»
«Снег – не ледзяная дарога, тут меней шанцаў паслiзнуцца», – падбадзёрваў сябе баксёр. Ён не заўважаў, што з кожным кiламетрам ногi грузлi ў снезе ўсё глыбей.
Мне здавалася, лячу куляй, але, разважыўшы, што пройдзена толькі траціна дыстанцыi, а часу мінула болей за паўгадзiны, зразумеў – паўзу чарапахай. Аднак усвядомiў i iншае: у такi галалёд ды пры мiнус сарака гэта гранiчная для мяне хуткасць.
Раптам пацямнела. Тройца, што бегла полем, знiкла. Як правалiлася. У апошнiя хвiлiны яны вiдавочна збавiлi тэмп. Ралля пачалася – цi прыняла іх, як тут кажуць, чужая зямелька? Не! Пакуль што – не. Але – прыме. (Так потым і здарылася: забрала за два гады кожнага пятага з нас!)
А я ўсё бег. Бег, каб выжыць. Дагнаць лёс…
Паказалася казарма. З боку поля нiхто не паяўляўся, мае пераследнікi безнадзейна адсталi.
Камандзiр роты стаяў каля ўваходу i ўсмiхаўся. «Глыкнуў», – здагадаўся я, падбягаючы. Цвярозы, ён безупынна роў, вучыў нас розуму: легчы-ўстаць, легчы-ўстаць, легчыўстаць!
– Ну што, спа-рт-смен, – сказаў праз ікоту, – перамог? Думаеш, так усё проста? Не, салдат. Сюрпрыз! Перамога не залiчваецца. Глядзi! – Капiтан вывеў з-за спiны руку i махнуў акуратна складзенымi анучамi. – Пад матрацам днявальны знайшоў! Малайчына днявальны. Зямляк твой, бульбаш, а – сумленны. Няйначай, у мамчыных шкарпэтках бег? Так? Не лепшае рашэнне прыняў, салдат, не лепшае. Парушэнне формы. I, значыць, парушэнне статута. А што належыць парушальнiку статута? Толькi адно – гаўптвахта.
Так скончылася мая трэцяя за першыя паўгода службыняволi спроба вырвацца з алтайскiх стэпаў на Радзiму.
Вырвацца ўдасца з дзявятай. Праз два гады i трыццаць чатыры днi.
Вырвацца – удасца, а вось дагнаць лёс…
Мы чакалі
Асцярожна, як бы баючыся з кім сутыкнуцца, Дзед прачыняў абшарпаныя, змучаныя доўгім жыццём і, пэўна, праз тое незадаволена рыпучыя дзверы раённага шахматнага клуба. Спачатку зазіраў, блізарука мружыў вочы, углядаўся – ці ёсць хто ў холе? Калі хто быў – вітаўся і прасіў прабачэння за турботы. Пасля рабіў асцярожны крок назад, і толькі тады ў дзвярах паказвалася маленькая паненка-прыгажунька – казачная Красачка-Ясачка – ягоная ўнучка Дзіначка. Дзед быў невысокі, але не згорблены, нават падцягнуты, у акуратным, хоць і караткаватым, нібы ватоўка, палітончыку – такія даўно выйшлі з моды. У лютаўскі пранізлівы холад на ім былі лёгкія дэмісезонныя чаравікі, якія ён ціха і старанна аббіваў тут жа, ля дзвярэй. З усмешкаю казаў:
– Вы толькі гляньце, як намяло! Быццам даўней.
Побач з Дзедам патупвала, усміхалася і глядзела на яго з непрыхаванай любасцю Дзіначка. Стары дапамагаў унучцы зняць купленую «навырост» куртачку, папраўляў у яе на шыі хусцінку (што прыхоўвала замыты да шэрасці каўнерык сукенкі) і пераабуваў сваю паненку – мяняў боцікі на самаробныя, звязаныя з тоўстых шарсцяных нітак тэпцікі. Не разгінаючыся, лёгенька ляпаў даланёю па плечуках, нібыта казаў: усё добра, маленькая, я – тут. Пасля сціскаў худыя, перавітыя венамі пальцы правай рукі ў кулак – не моцна, а сімвалічна: «Но пасаран!» У адказ Дзіна ўздымала свой кулачок, дакраналася ім да Дзедавага, па-змоўніцку, амаль нячутна, шаптала: «Мы – разам, і мы – пераможам!» Пасля гэтага заўсёднага абраду малая кіравалася – міма партрэтаў чэмпіёнаў свету – на другі паверх у вялікую светлую залу. Там уздоўж сцен стаялі досыць старыя сталы з шахматнымі гадзіннікамі і мноствам розных па форме і часе стварэння крэслаў. (Адно з крэслаў нейкім цудам захавалася з царскай пары.)
Ужо з паўгода ў клубе была завядзёнка, што Дзіна (яна прыходзіла з Дзедам зазвычай за колькі хвілін да пачатку заняткаў) сядала за бліжэйшы ад уваходу стол, на тое самае дарэвалюцыйнае, з высокаю разьбянаю спінкаю дубовае крэсла і чакала саперніка. Яе месца ніхто ніколі не займаў, а партнёраў галоўны трэнер (які ўзяў над дзяўчынкай персанальнае шэфства) падсаджваў да яе кожны раз новых і паводле толькі яму зразумелай чаргі.
Калі галоўны адпускаў будучую чэмпіёнку, як ён яе ганараваў, дадому, вочы ў дзяўчынкі, незалежна ад таго, выйгравала яна ці прайгравала, загараліся, і, сарваўшыся з крэсла, ледзь паспяваючы сказаць: «Дзякую!» і «Да пабачэння!», малая імчала ўніз – да дзядулі. Імчала, быццам не бачыла яго не гадзіну-другую, а шмат дзён.
Нехта сказаў: «Пакуль у нас ёсць той, каго мы любім, мы жывём».
Мы любілі Дзеда і ягоную Красачку-Ясачку.
Вясною, напярэдадні восьмага сакавіка, мне нарэшце заплацілі за кніжку апавяданняў, што выйшла год таму. Грошы былі не вельмі вялікія, ды ўсё ж яны дазвалялі, апрача ўсяго іншага, зрабіць тое, што апошнім часам не давала мне спакою: купіць малой (а яна, як зразумеў, гадавалася без бацькоў) нагледжаную ў «шопе» для багатых, так званым буціку, шыкоўную італьянскую «школьную форму». Ад камплекта было не адвесці вачэй: элегантная цёмна-сіняя велюравая максі-спаднічка, такога самага колеру, але з серабрыстай аблямоўкаю экстравагантны жакет і бялюткі, з наймякчэйшай бавоўны, дзіва-блейзер. Ганарару мусіла хапіць і на запалярныя, як рэкламавалі іх на ўпакоўцы два вясёлыя белыя мядзведзі, боты: не мог глядзець, як Дзед марозіць ногі.
Кожнага разу, калі я заходзіў праверыць, ці не апярэдзіў мяне хто з тых разумнікаў, каму не трэба лічыць грошы, гаспадар магазіна, які звычайна сам назіраў за парадкам у зале, не без іроніі ўсміхаўся, але стараўся рабіць гэта неўпрыкмет: прыкрываў, як бы ад кашлю, рот або адводзіў вочы ўбок. І як жа ён здзівіўся, калі аднойчы я падышоў да касы і папрасіў зняць з вешалкі сіні камплект і запакаваць боты. Іранічны пагляд гаспадара перамяніўся на запытальны, а тонкія вусны расплыліся ў ветлівай усмешцы.
– Кхе-кхе, – падаў ён голас з-за спіны прадаўшчыцы – страката апранутай, не ў меру напудранай, чымсьці падобнай на сумны манекен у куце.
Прадаўшчыца перастала ўкладваць пакупкі ў яркія аранжавыя пакеты з надпісам «Версачэ» (тавары з гэтым брэнднэймам буцік і прадаваў), павярнулася.
– Іра, – паказаў бос на паліцу, – не забудзь шаноўнаму пакупніку да раскошнай тройкі дадаць і гэты цудоўны бант.
– Дык ён жа не ўваходзіць у камплект… – паспрабавала запярэчыць-удакладніць прадаўшчыца.