– Падымайся, соня, у лагер спознішся, – разбудзіла чэмпіёна мама. – Аўтобус у дзевяць ад’язджае.
4. Велiк
«Дарожны, вядома, не спартыўны, ды такой бяды, – уздыхнуў Санька, – і за гэта дзякуй Богу! Навюсенькi, чорна-серабрысты, для дарослых, – на ўсё жыццё будзе».
Маме, каб пасля такой пакупкi да канца месяца дацягнуць, давялося ў цёткi Евы пазычаць. Сума ж немаленькая – шэсцьдзесят рублёў! Добра, што ёсць суседзi, якія могуць дапамагчы.
Мама не хацела купляць велiк – як прадчувала. І выявілася – як у ваду глядзела. Пакуль з Санькам з’ездзiла ў магазiн, пакуль выбралi, заплацiлi, прывезлі – ужо й на вечар бралася. На добры лад «каня» трэба было б у кватэру зацягнуць i ўжо зранку пачаць круцiць педалi. Ды Санька не вытрымаў. Падняўшы велiк ажно на пяты паверх, раптам перадумаў і не пакаціў у кватэру – ну як не пахвалiцца такім набыткам? І спусціў яго ўніз, у двор. Ездзiў сам, ездзілі і сябры – па чарзе – да поўначы. Гойсалі б і даўжэй, ды мама пагнала спаць. Санька так знямогся, што зноў валачы велік на пяты паверх паленаваўся. Не доўга думаючы, скаціў сваю радасць па прыступках у сутарэнне: хай да ранiцы адпачне. За дзвюма дзвярамi будзе цэлы – адны, уваходныя, абабiты бляхаю, а другiя хоць і дашчаныя, але таксама моцныя, з вялiкiм замком.
Цэлую ноч Санька аб’язджаў новы, з пахам свежай фарбы і змазкi, велiк. Прачнуўся – не цярпелася – на досвiтку, цiхенька, каб не разбудзiць маму, узяў ключы i спусцiўся ўнiз. Але ключы не спатрэбiлiся: уваходныя, абабiтыя бляхаю дзверы былі сарваны з завесаў і валялiся на зямлі. А дзвярэй ад іхняга катушка наогул не было. Не было і навюткага чорна-серабрыстага «дарожнiка». Пах свежай заводскай змазкі застаўся, а велiка – ані духу.
Санька не адразу й паверыў. Мiльганула была думка: гэта сон, усё адбываецца ў сне, ён яшчэ не прачнуўся. Прачнецца – i велiк будзе на месцы, i дзверы – таксама. Галоўнае – прачнуцца, прачнуцца… Ды пякла, смаліла агнём ява: нiчога не будзе, дурань! Гэта не сон! Дзверы выламлены! Велiк – прапаў! А доўг у мамы – застаўся. Яго мама будзе сплачваць па частках, як i дамовiлiся, – каб не так моцна адбiвалася на сямейнай касе.
Санька тады ці не ўпершыню гэтак бязлiтасна і жорстка сутыкнуўся са зладзеямi. Папраўдзе, не з імі, а з вынiкам iх подлага ўчынку. Ён быў прыгнечаны, раздушаны ўшчэнт. Слёзы самі сабой кацiлiся па шчоках.
«Не! – спрабаваў спынiць іх Санька. – Хай гэта не сон, хай. Тады – жарт. Нейчы злы i дурны жарт. Жартаўнiк недзе ездзіць па двары i чакае, каб пасмяяцца з мяне: “Ну што, намачыў штаны? Ха-ха-ха!”» Ды ява вяртала да рэальнасці: «Жартаўнiк? А выламаныя, сарваныя з завесаў дзверы? Гэта што – таксама жарт?»
Як вылез з сутарэння, Санька не помніў. Выбраўся, абвёў вачыма двор: а раптам? Велiка нiдзе не было. Нiкога не было. Двор яшчэ спаў: быў выходны, нядзеля.
Участковы мiлiцыянер, якi наведаў iх пад вечар, быў надзіва спакойны. Санька і мама ажно абурыліся: веласіпед жа ўкралі, не гузік нейкі ці іншую дробязь! А міліцыянер супакоiў:
– Велiк свiснулi? Ну i што? Iх кожны дзень крадуць. Сцерагчы трэба «колы», вока не спускаць… Сам вiнаваты, хлопец, знайшоў дзе ставіць. – На развiтанне параiў: – Пахадзi па дварах. На веласiпедзе – не на машыне, далёка не заедзеш.
Аднак Санькаў велiк «заехаў», пэўна, далёка, бо так i не знайшоў ён свайго «дарожнiка», хоць месяцы два старанна абыходзiў блiзкiя i далёкiя двары.
Участковы сказаў: «Знойдзеце – званiце».
Навука пайшла на карысць. Нiколi ў жыццi нi гэтаму, нi iншым мiлiцыянерам Санька не званiў.
5. Пра выкрунтасы першага кахання
У няпоўных пятнаццаць трапіў Санька на турбазу «Юнацтва», пабудаваную на схіле сталага сацыялізму недалёка ад знакамітай пясчанай касы на возеры Нарач. Там і закахаўся ў найхарашэйшую ў лагеры дзяўчынку з дзівосным імем – Наташа. Закахаўся не па-дзіцячы, а па-сапраўднаму! І галоўнае – яна адказала ўзаемнасцю.
Яны былі на сёмым небе ад шчасця, баяліся разлучыцца нават на хвіліну. Варта было апынуцца ўдваіх у зацішку, як страчвалі галовы: ліплі адно да аднаго, абдымаліся, цалаваліся! Бегалі на спатканні ўначы, хоць і ведалі, чым гэта магло скончыцца. Але – дзіва! – праяўлялі незвычайную цвярозасць і асцярожнасць, ахоўваючы свае сустрэчы ад пільнага вока дзяжурных выхавацеляў. Нават суседзі па палатах не ведалі, што апоўначы Санька і Наташа блукаюць уздоўж берага, плаваюць, пракладваюць курс ад каўша Вялікай Мядзведзіцы да Палярнай зоркі і – летуценяць, летуценяць, летуценяць. Божа, пра што толькі яны не марылі! А найперш – каб хутчэй скончыць школу, стаць дарослымі, самастойнымі, згуляць вяселле і нарадзіць шматшмат дзяцей! Чым болей – тым лепей! Весялей! Хіба ж не так?
Як жа нясцерпна было чакаць, пакуль усе ў дамку паснуць! Роўнае ціхае дыханне суседзяў было сігналам да пад’ёму. Наташыны сяброўкі – дзяўчынкі ёсць дзяўчынкі! – засыналі хутка і дружна, і да намоўленага месца – старога паўразбуранага пірса ля касы – Наташа заўсёды прыходзіла раней за Саньку.
У першую ж начную сустрэчу там, ля пірса, Наташа нечакана скінула з сябе ўсё, нават купальнік, нейкі час глядзела праз Саньку, быццам не заўважаючы, што ён тут, а тады з разгону кінулася ў ваду! Самы час быў аслупянець. Урэшце Санька таксама, наўрад ці што разумеючы, пазбыўся майкі, плавак і – да яе.
З таго часу яны толькі так і рабілі: скідалі адзенне і акуналіся ў бяздонную начную прахалоду Нарачы. Якая цудоўная была Наташа ў месяцовым святле! Кроплі зіхацелі срэбрам на яе бронзавай ад загару, невыказна пяшчотнай і цёплай скуры, але скочвацца не спяшаліся…
Санька і Наташа плавалі, давалі нырца, ганяліся адно за адным, абдымаліся і йшлі на дно, разнімалі абдымкі і ўсплывалі.
Выходзілі з вады таксама паводле іх, з першага разу, завядзёнкі: Наташа крыху адставала, абхоплівала Саньку ззаду за плечы, і так, паравозікам, паволі, нага за нагу, яны брылі да берага. Выйшаўшы, падалі на халодную ад расы траву. Наташа гарнулася да Санькі, грэла, нібыта дзіця, сваім целам, шаптала: «Мой мілы хлопчык!» Салодка туманілася свядомасць ад гэтых п’янкіх слоў.
Рынуўшыся ў адзін з такіх туманоў, яны й адважыліся на самае-самае. Упершыню…
Санька не надта разумеў, як і чаму тое адбылося. Ён быццам аддаўся ў жаданы палон нейчае волі. У тым дзівосным спектаклі рэжысёрам, безумоўна, была Наташа, а Санька – самаахвярным і палкім акторам. Яна падказвала, вучыла і ставіла перад Санькам задачы і звышзадачы, а ён, скароны ўладай яе чараў, самазабыўна лунаў у невядомых дасюль вышынях, уздымаючыся і падаючы да смяротнасалодкага замірання сэрца.
Яны былі проста шчаслівыя! У лагеры іх было толькі двое. Для Санькі і Наташы не існавала нікога і нічога. І яны забыліся, ды і наўрад ці ведалі, што там, дзе двое, заўсёды ёсць трэці – лёс.
Аднойчы, зайшоўшы далей, чым звычайна, Санька і Наташа выпадкова трапілі ў пастку, якая была расстаўлена зусім не для іх: рыбнагляд з міліцыяй наладзілі аблаву на браканьераў. Там быў і ўчастковы. Ён праявіў уладу – затрымаў «піянераў»: займаліся, маўляў, не тым, чым дазволена. Санька быў раздушаны яго грубасцю і пошлымі разважаннямі пра раннія палавыя кантакты. Урэшце Санька з Наташай апынуліся ў аддзяленні міліцыі, дзе і мусілі чакаць раніцы. Але ў Наташы ў бруднай бетоннай камеры з жалезнымі кратамі дзвярэй сталася істэрыка, і ад «малалетак» надумалі пазбавіцца. Праз гадзіну іх даставілі да вагончыка начальніка лагера. Той, паміргаўшы соннымі вачыма, адклаў разбор да раніцы і адправіў начных гуляк спаць. Праўда, перастрахаваўся: загадаў выставіць варту з важатых каля іх дамкоў.
Прысуд прачыталі на ранішняй лінейцы:
– За парушэнне рэжыму – знаходжанне па-за тэрыторыяй у начны час – адлічыць Наталлю К. з лагера і адправіць дадому найбліжэйшым аўтобусам.
«Адну?! – здзівіўся Санька. – А мяне? Мы ж былі разам! Я ж – мужчына! Гэта мяне перш-наперш павінны пакараць!»