Неяк, на трэцi год пасля знiкнення Уладзiмiра, яе выклiкалi ў парткам камбiната. Яна пайшла на камбiнат, калі Саньку толькi-толькi споўнiлася два гадкi. А што было рабіць? Неўзабаве пасля прапажы мужа памерла свякроў, і яе далёкiя сваякi, што атрымалi дом у спадчыну, прадалi яго. Валюша з сынам апынуліся на вулiцы. Тады яна i пайшла вучанiцай на камбiнат. І яшчэ радая была, бо Саньку ўзялi ў камбiнатаўскi дзiцячы садок. Праз месяц-другі самастойна стала за станок, старалася, не шкадавала сiл. Неўзабаве яе прыкмецiлi, прызначылі брыгадзiрам, паставiлi старшай над такiмi ж, як сама, нядаўнiмi вучанiцамi, абяцалi даць пакой у iнтэрнаце, накiраваць вучыцца ў тэхнiкум. Таму й не спалохалася выклiку ў парткам. І толькі ўжо ля самых дзвярэй чамусьці ўкалола яе ў сэрца – не на добрае гэта!
У вялiкiм светлым кабiнеце строга папярэдзiлi: не трэба турбаваць, тузаць без дай прычыны адказных савецкiх i партыйных таварышаў. I нечакана дадалi: «Вы што, па вёсцы засумавалi?» Яна не так зразумела, як адчула, што гэта не намёк, а пагроза, i – спалохалася. У вёску, дзе не было нават электрычнасці? Божа баранi! У iх Забалоццi не толькi святла цi газу – добрай дарогi няма. Праўда, i савецкая ўлада туды не надта дайшла. Ацалелi неяк хутары. Прытаiлiся: у 30-я, у 40-я было не да iх, а ў 50–60-я – таксама. Так i прастаялi – без дарогі, без святла. Усё жыццё – без святла. Вакол – балота, балота, балота. Вяртацца туды Валюша не хацела. У горадзе, нават у гэтым халодным і сырым сутарэннi, была хоць надзея. Маленькая, як акенца ў iхнім пакойчыку, але была.
Вiкенцiй Львовiч дапамог Валюшы скiнуць палiтэчка. Раней яна старалася рабiць гэта сама: саромелася выстаўляць на чужыя вочы працёртую сям-там падшыўку. Але потым перастала. Вiкенцiй Львовiч далiкатна нiколi нi аб чым iх не распытваў, расказваў-весялiў iх больш сам. Валюша здзiўлялася, як пасля столькiх гадоў зняволення можна заставацца такiм дабрадушным, усмешлiвым, у шмат чым нават наiўным, верыць у лепшае заўтра. Побач з iм i яна, Валюша, адчувала сябе больш пэўна, дзякуючы яму не здалася, не зламалася.
– Мой маленькi чалавечак, – як заўсёды з пяшчотнай жартаўлівасцю падступiўся да Санькі Вiкенцiй Львовiч. – А цi ведаеш ты, чым адрознiваецца добры прадстаўнiк чалавечага роду ад злога?
– Ведаю! – тут жа адказаў Санька. – Добры – гэта вы, дзядзька Вiкенцiй. Добры – той, ля каго цёпла. Мама таксама добрая. А злая – наша гаспадыня. Не дазваляе ранiцаю ўключаць святло. Таму мама i пазбiвала ў цемры ногi аб прыступкi.
– Піце каву, пакуль не астыла! – паспрабаваў Вiкенцiй Львовiч адвесцi Саньку ад сумных думак. – I пернiкi бярыце…
Цёплыя дзетсадаўскiя днi праляцелi для Санькі імгненна. Познiм суботнiм вечарам ён ляжаў у сутарэннi на ватніку, што служыў яму матрацам, i глядзеў на маленькую, але вельмi яркую зорачку. Глядзеў i здзiўляўся: ад яе веяла цеплынёю. Праз iх урослае ў зямлю акенца, шыбкі якога за дзесяцiгоддзi былі нiбы зашмараваныя наждачнаю паперай, не можа пранiкнуць не толькi халоднае зіхценне далёкай зоркi, але i зыркi прамень спякотнага сонца. Чаму ж яму цёпла? Санька ўсмiхаўся – у сне. Ён любiў, калi неўпрыкмет наплываў сон. Толькi тады i быў шчаслiвы. А яшчэ – калi яго цалавала мама i калi на парозе дзiцячага садка iх сустракаў сiвы да апошняга валаска дзядзька Вiкенцiй.
Гэтаю ноччу выпаў снег i неяк адразу аціх вецер, а разам з iм адвалілася і сцюжа. Пацяплела. Яны праспалi з мамай да такое позняе пары. Упершыню яны смяялiся ранiцай. Снег на дварэ! Санька быў шчаслiвы. З абуджэннем прыйшлі не агідныя дрыжыкі, не люты холад, які цягам ночы быццам мацнеў, каб уранку зусім замарозіць цябе, а цяпло заснежанай ранiцы, нечаканае i радаснае.
«Вось каб так заўсёды!» – усмiхнуўся Санька, дакрануўшыся да мамiных цёплых рук.
«Не раскрывайся, маленькi мой», – упершыню без ценю трывогi ўсмiхнулася мама i схавала сынавы ручкi пад коўдру.
Праз дзесяцiгоддзi сатрэцца з Санькавай памяцi i тое сутарэнне, i яго злая гаспадыня, i яшчэ шмат чаго непрыемнага, чаго пазбываецца чалавечая памяць, абараняючы яшчэ слабы юны арганiзм ад усяго нялюдскага, непатрэбнага, што можа прынесцi яму шкоду. Не забудзе Санька толькi мамiны вочы. Будзе помнiць iх i пасля таго, як яны закрыюцца назаўсёды.
«Не раскрывайся, маленькi мой», – папярэджвалi яны ў цяжкiя хвiлiны жыцця.
2. Санька
Вось дык скарацiў дарогу – пайшоў напрасткі, цераз парк, не захацеў аўтобуса пачакаць. Вось дык скарацiў… Праўда, «дваццаць чацвёрты» даваў кругаля, так што быццам i правiльна зрабiў, ды лепей было б яго дачакацца… I наўцёкі пусціўся рана! Да выхаду з парку яшчэ сотня – не меней! – метраў, i мужчына з прылiзанымi, бы мокрымi валасамi, які прычапіўся да яго, можа дагнаць. I што дзядзьку трэба? З’явiўся, быццам фокуснiк. Не было нiкога на дарожцы – i на табе, ёсць. Нiбы з-пад зямлi вырас. Заўсмiхаўся, адразу пахвалiў:
– Якi харошы хлопчык, якi харошы хлопчык! Мо яшчэ i выдатнiк? Угадаў? Паважаю выдатнiкаў. Асаблiва паглядных.
«Чаму толькi выдатнiкаў? – устрывожыўся Санька. – I чаму паглядных асаблiва?»
Прылiзаны мужчына, апрануты ў нятанны карычневы касцюм, светла-бэжавую сарочку з шырокiм модным гальштукам, выглядаў прыстойна i святочна, але нешта Саньку ў iм насцярожвала. Што? Пах! Мужчына нiбы ўвесь, з галавы да ног, быў абліты адэкалонам. I яшчэ – позiрк: вочы неспакойна бегаюць, нiбы ловяць каго цi шукаюць.
– Хлопчык! – па-бацькоўску паклаў руку на Санькава плячо незнаёмец. Азірнуўшыся па баках i пераканаўшыся, што яны на дарожцы адны, дадаў: – Як ведаў, што цябе сустрэну. Глядзi, што ў мяне ёсць! Шакаладка! З арэхамi, порыстая, не нашая. Акурат табе. Бяры-бяры, не саромейся. Каштаваў такую? Смачная – язык праглынеш! – Рука незнаёмца, слiзгануўшы па Санькавым плечуку, апынулася на шыi. – Бяры, пакаштуй…
I вось тады, спалоханы прадчуваннем нечага страшнага, Санька, не прамовiўшы ні слова, кiнуўся наўцёкi. I правiльна зрабiў. Гэта быў адзiны шанец вырвацца з рук гвалтаўнiка i забойцы хлопчыкаў. Яго ўжо даўно шукалi ў горадзе. Санькава мама чытала ў газеце, што злачынец па спецыяльнасцi, хутчэй за ўсё, педагог (так думалi ў мiлiцыi) i валодае здольнасцямі гiпнатызаваць дзiця, ласкавымі словамi заспакойваць яго пільнасць. I калi хлопчык даверлiва iшоў на кантакт з незнаёмым, але добрым дзядзькам, злачынец наносiў удар – нечаканы, рэзкi i, як правiла, ззаду. Аднёсшы ахвяру ў кусты, учыняў свой гнюсны здзек-гвалт. Аднаго ў мiлiцыi не маглi зразумець: навошта злачынец забiраў у сваiх маленькіх ахвяр трусiкi? Гэта ж рэчавы доказ супраць яго самога! Адказ быў неверагодна просты: памятка аб чарговай ахвяры! Кожны свой выхад маньяк старанна прадумваў, аналiзаваў паводзiны ранейшых ахвяр. I яшчэ нi разу не пакiнуў слядоў.
Не думаў ён пакiнуць iх i цяпер, як і Саньку – жыццё.
Да агароджы, што акружала парк культуры i адпачынку iмя Чалюскiнцаў, заставалася зусім трохі, калi ўчэпiстая рука незнаёмца дацягнулася да хлопчыка i схапiла яго за каўнер. Санька тузануўся з апошнiх сiлаў i адчуў, што вырваўся, а той, што даганяў яго, грымнуўся на зямлю, закашляўся – няйнакш ад пылу – і брудна мацюкнуўся.
Усё ж дарма людзі празвалі яго настаўнікам.
Страх звычайна скоўвае цела. Саньку ж, наадварот, дадаў сiлы. Ён сігануў проста на высокі дашчаны плот i ўхапiўся за востра абчасаныя штыкеціны. Пякучы боль працяў далонь – пэўна, у яе ўпіўся незагнуты цвiк. Перамагаючы боль, Санька ўсё ж змог падцягнуцца на руках і перакiнуць правую нагу на другi бок плота.
Але і незнаёмец не марудзіў. Спрытна падхапіўся з зямлі i паспрабаваў зноў дагнаць вёрткага хлапчука, якi ўжо быў на плоце i вось-вось мог скокнуць унiз.
На ўсё жыццё слова секунда будзе значыць для Санькі нешта iншае, чым для большасцi людзей на зямлi. Секунда для яго стане не iмгненнем, а нечым вельмi значным, вартым жыцця. Злачынец дапяў да плота якраз праз секунду пасля таго, як і другая Санькава нага апынулася на тым баку. Плот загайдаўся, i хлопчык ледзь не кульнуўся назад. Выратавала сiла цяжару, бо Санька быў ужо на тым баку i агароджа, гайдануўшыся, скiнула яго ў невялiкi роў, выкапаны ўздоўж яе, каб не так проста было трапіць у парк.
Санька ўпаў няўдала: звіхнуў левую нагу, а з правай зваліўся новы кiтайскi кед. Хлопчык даўно марыў пра такi абутак (лёгкi, носкі, зручны), i ўрэшце маме неяк удалося, прастаяўшы паўдня ў чарзе, купiць жаданую абноўку. Санька хацеў быў падняць кед, але падалося, што плот не проста гайдаецца, а – падае на яго. Абапёршыся на зямлю каленам вывiхнутай нагi i адштурхнуўшыся здароваю, ён выкаціўся з канавы і ўсхапіўся з зямлі. Падскокваючы i чыкiльгаючы, рушыў да аўтобуснага прыпынку. Трэба было б паклiкаць на дапамогу – там стаялi людзi, яны пачулi б, але вусны яго нiбы склеiлiся, анямелі, i Санька, хныкаючы i шморгаючы носам, наблiжаўся да прыпынку моўчкi.
Санькаў тварык, збялелы ад болю i страху, раптам пасвятлеў: на прыпынку стаяў знаёмы хлопец з суседняга двара, студэнт унiверсiтэта i, да ўсяго, самбiст. Санька матлянуўся да яго – як да паратунку – i не асцярогся, ступiў на вывіхнутую нагу. Ад рэзкага болю ў вачах пацямнела. Трацячы прытомнасць, хлопчык усё ж паспеў сказаць:
– Памажыце!
Да студэнта-самбiста голас гэты даляцеў. Ён павярнуўся i ўбачыў, як хлопчык, бы падкошаны, упаў на зямлю.
«Спатыкнуўся? Чаму ж не ўстае? – падумаў з трывогай. – Нешта з малым не тое», – і кінуўся да Санькі.