Вядома ж, даведаўшыся пра такое, я не мог не выйсцi падыхаць свежым паветрам. Мне, якi начытаўся кнiжак пра герояў-памежнiкаў i варожых агентаў, што ўсяляк спрабавалi пратачыцца да нас, хацелася ўбачыць калі не саміх шпіёнаў, дык хоць бы iх памагатых. Жывых, у натуральным выглядзе. Я стаяў ля веснiчак i чакаў. Iх усё не вялi. Набліжаўся поўдзень. Мама выйшла паклiкаць мяне палуднаваць.
Падышоўшы бліжэй, цiха сказала:
– Гэта, сынок, не звычайныя зэкi. Гэта палiтычныя, ворагi народа.
– Тым больш, мама, я мушу паглядзець.
I тут мы ўбачылi працэсiю, што набліжалася да нас. Уцекачоў вялi павольна, нібыта на павучанне iншым.
Каб кожны мог iх убачыць, разгледзець, усвядомiць непазбежнасць пакарання. Ахоўвалi двух арыштаваных салдаты i людзі ў цывільным, усяго чалавек дваццаць. Быццам баялiся, што зэкi нават у кайданках паспрабуюць зноў уцячы. Яны iшлi моўчкi. На тварах роспач, безнадзейнасць. Яны ведалі, куды ішлі, яны ведалі, што будзе далей… Успомнiлася тая даўняя фраза, што пасля непатрэбнай, памылковай пункцыі я не жылец, i мне страшэнна захацелася нейкім спосабам падбадзёрыць уцекачоў, падтрымаць: «Я от таксама…
Але трымаюся…» Аднак вымавіць што-небудзь не змог.
Шмат пазней даведаўся, што гэтых двух, асуджаных у шэсцьдзесят восьмым за ўдзел у сядзячай дэманстрацыі на Краснай плошчы на знак пратэсту супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакiю, да ўцёкаў рыхтавала ўся зона. Расказвалi, што знойдзены ў iх манiфест пачынаўся словамi: «Мы, палiтычныя зняволеныя СССР, дзяржавы, якая сцвярджае, што нас няма…»
У пасёлку iшла толькi фiнская тэлевізія. Я слухаў незразумелую гаворку, але ў гэтым выпадку перакладу і не трэба было: Леанiда Iльiча ўзнагароджвалi чарговай зоркай героя.
«Добры такi дзядок, – узіраўся я ў экран, – цацкi любiць. Пагляд цёплы. Усмiхаецца. Хіба ён можа каго пакрыўдзiць?»
I ўздрыгнуў ад нечаканага доўгага і пранізлівага званка ў дзверы. Цётка адчынiла. Зайшоў мужчына ў цёмна-шэрым гарнiтуры. Менавіта ў такім самым сядзеў перад завешаным шчыльнай шторай акном гаспадар незвычайнай мiнскай кватэры. Позiрк у госця быў добры-добры, як у экраннага дзядулі.
Я не спалохаўся. Ані! Нават не ўстаў з крэсла. Адно кiслароду чамусьцi раптам стала сапраўды неставаць.
Пад падушкаю ляжаў «Iван Дзянiсавiч».
Трэцяя спроба
– Яшчэ раз паўтараю, – павысiў голас нампалiт, – хто прыбяжыць першы, атрымае прыз – дзесяць дзён водпуску. Днi праезду дадому i назад не лічацца. Вы, думаю, за гэтыя паўгода пераканалiся: я вас нi разу не падмануў. I ты, Рашыд, калi будзеш першы, трапiш у сваю сонечную Туркменiю. I ты, Вiктар (з такiм iмем грэх не выйграць!), калi пастараешся, абдымеш бацькоў у родным Краснаярску. I ў Алега ёсць мажлiвасць узрадаваць маму i ўвесь Акадэмгарадок пад Новасiбiрскам. I ў Леанiда з’явiцца шанец апынуцца ў сваім далёкiм бульбашным Мiнску.
Леанiд – гэта я, калi не карэнны, дык закаранелы беларус, што трапіў служыць у алтайскiя стэпы выпадкова. У тую нешчаслівую суботу трэнер выдаваў замуж дачку і за святочнымі клопатамі забыўся, як было дамоўлена, забраць мяне з аблваенкамата. Нейкі час я выкручваўся: маўляў, спартовец, барэц, чакаю прадстаўніка СКА ЧБВА[41] i гэтак далей. Але на другi дзень правяральнік з трыма вялікімі зоркамi на пагонах, натрапіўшы на непарадак, абурыўся:
– Што за блатны адлежваецца? Выключэнне? Чэмпiён? У Сiбiр яго, няхай там пачэмпiёнiць!
I паслаў мяне высокі начальнiк (няхай Бог аддзячыць таму палкоўніку сiбiрскiм здароўем, каб ён яшчэ сто гадоў жыў і дзвесце поўзаў) у тыя мясцiны, дзе самалёты як НЛА сустракаюць.
– Дык вось, удакладняю: прыз толькi адзiн, – працягваў нампалiт. – Другое i трэцяе месцы не разыгрываюцца. Нагадаю яшчэ, што выйгрыш пераможцы – унiкальны. Для нашай роты, як вы ведаеце, паняцце водпуску не iснуе. У такую ўжо часць вы трапiлi, невыязную, сакрэтную, – пашанцавала, адным словам. Цяпер пра маршрут. Хто хоча, можа бегчы пa дарозе – гэта недзе каля чатырнаццацi кiламетраў. Аматарам больш кароткiх дыстанцыяў раю рызыкнуць i рвануць праз пoле – ці не напалову бліжэй будзе. Але гэта вам выбіраць.
На маё здзiўленне, спаборнiчаць за падарожжа дадому падахвоціліся ўсе. Нават бурат з рускім iмем Вася, наркаман з жоўтымi мiргатлiвымi вачыма, і ягоны сябрук Пеця Заборкін (пра такіх кажуць: пiць, курыць, хадзiць i гаварыць пачаў адначасова) прыладкавалiся недзе ззаду.
Я вырашыў бегчы па дарозе. Снегу амаль няма, у боты не наб’ецца. Кiрзачы, праўда, цяжкаватыя, затое заміж анучаў, якія штораз збіваюцца пад пяты, ногi грэлi прысланыя з дому цёплыя шарсцяныя шкарпэткi. Што да вагi ботаў, дык яна ў абодвух выпадках велічыня нязменная. Поле ж, у дадатак, хавае яшчэ і загадку: а што там, пад снегам?
Адным словам, дарога!
Падумаў пра канкурэнтаў. Найбольш небяспечным быў Алег з новасiбiрскага Акадэмгарадка – чэмпiён вобласцi ў бегу на чатырыста i восемсот метраў. Ён таксама aпынуўся тут выпадкова (а можа, гэта была тая самая выпадковасць, у якой праяўляецца заканамернасць?). Далей iшоў футбалiст Вiктар Пераверзеў, а за iм – прадстаўнiк «таварыства сяброў Японii», жэўжык з цяжкiм для вымаўлення iмем, якое я вечна забываўся (дарэчы, не ўспомнiў i цяпер), блатнаваты, заўсёды заклапочаны сваiм здароўем баксёр з Уладзiвастока. Астатнія сто салдацiкаў, здаецца, застануцца статыстамi. Але – не будзем гадаць, пабачым.
– Раз-два, раз-два, – адлiчваў я крокi, выраўноўваючы дыханне. – Ма-ма? Так-так-так! До-ма? Так-так-так!
Беглася лёгка. Адразу ўдалося вырвацца наперад. Iмчаў, а ў галаве стукала: раптам сiлы на такi тэмп да канца дыстанцыi не хопiць? Астатнiя не так шпарка пачалi, а сярод іх жа – чэмпiён Новасiбiрска.
«Што будзе, тое й будзе! – адчайна адмахнуўся ад трывожных думак, не запавольваючы бегу. – Ма-ма! Тактак-так! До-ма? Так-так-так!»
Футбалiст Вiктар, трапны бамбардзiр, высланы трэнерам у стэп на перавыхаванне за ўпартасць характару, першы, відаць, вырашыў, што пoле яму больш роднае, чым заледзянелы асфальт. Трэба абавязкова перамагчы, каб апынуцца дома. Ён адзiн ва ўсім Алтаі б’е і з левай, і з правай, як з гарматы, а трэнераў, накляпаных у інстытутах фізкультуры, на кожным кіламетры па двое. Толькi б вырвацца, дапяць хоць да нейкай занядбанай каманды – там пакажа свае «мюлераўскiя» ногi.
Ногi не вельмi грузлi ў снезе, i Вiктар спадзяваўся, што так будзе i далей. Вось толькi чабан Рашыд сеў на хвост. Хоць, можа, яно i лепей: з чабаном у стэпе пэўна ўжо не заблудзiш.
Алег узначалiў i вёў групу пагонi за беларусам. Не хваляваўся: «Гэта не васьмiсотка, – казаў сам сабе, – але i нахабнік наперадзе – не чэмпiён у марафоне. Адседзiмся, а там, перад казармамi, ірванём! Спрынтар я не апoшнi. У водпуск паеду не дадому, а ў Ялту, на адбор у зборную Саюза. Яшчэ паспею. Здохну, а ў тройку патраплю! Годзе! Жарты скончылiся».
Безыменны баксёр бег па дарозе, але неўзабаве спалохаўся слізкага асфальту. Успомнiў, як раз паслiзнуўся на рынгу i, падаючы, атрымаў важкi хук справа. Такi важкi, што пасля лiку «дзесяць!» яшчэ доўга лавiў зоркі на столi. Праз тыя зоркі цяпер i бяжыць.
[41] Спартыўны клуб армii Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругi.