Без яго мы не маглі атрымаць пропуск у пагранiчную зону.
Як было пасля такога адмовiцца? I мама здалася:
– Добра, вазьму якi тыдзень з водпуску i, пакуль цёпла, з’ездзiм, праведаем.
Мяне, праўда, папярэдзiла, ці, лепш сказаць, папрасiла:
– Толькi ты, калi ласка, абяцай, што не будзеш сядзець, як раней, дзень i ноч перад тэлевiзарам. Што яна табе далася, гэтая фiнская тэлевізія, свабодная, як ты кажаш? Хочаш ведаць тое, што не трэба? Апамятайся, сынок! Не лезь на ражон! У мяне дасюль голас вашай класнай у вушах звiнiць: «Саша быццам не ў савецкай сям’i выхоўваецца, не ў СССР нарадзiўся i расце…»
«Бедная мама», – уздыхнуў я, як і тады, на вакзале. Прарабіўшы ўсё жыццё на ткацкай фабрыцы, яна была тыповай савецкай жанчынай, перадавiком вытворчасцi. І разважала, i рабiла ўсё ў адпаведнасцi з гэтым сваiм, прынятым як належнае, статусам.
Таму ехалi мы не ў «люксоры», а ў народным плацкартным вагоне. Ехалi далёка, на Крайнюю Поўнач, у пагранiчную зону.
Слухаючы прыемны перастук колаў, я, здаецца, ці не самазадаволена пасмiхаўся: як гэта пiльныя служакі з вядомага жоўта-шэрага будынка ў цэнтры Мінска адпусцiлi мяне ў такую дарогу? Убачыў сябе гэткiм героем, якi, выходзіць, можа, дайце веры, пасміхнуцца з гэбістаў, упікнуць: нават яны не паўсюль паспяваюць i не ўсё бачаць i чуюць!
Цяпер, праз гады, мне шкада не тых хлопцаў, а сябе, наiўнага, самаўпэўненага i даверлiва-неспрактыкаванага.
Месца маё, само сабою, было на верхняй паліцы. Ды я ўжо меў сякі-такі досвед у гэткіх паездках. Чамусьцi ва ўсiх плацкартных вагонах, куды б нi ехаў, гулялі страшэнныя скразнякi. Ведаючы гэта, я, кладучыся галавой да акна, ухутваў яе ручнiком. Хапіла мне таго, даўнейшага выпадку… Пасля восьмага класа, з якога, дарэчы, i ўзяўся па-сапраўднаму за вучобу, мама павезла мяне «на вёску да дзядулi» пад яшчэ не радыеактыўны Гомель. У цягніку мяне гэтак прадзьмула-прасвістала, што пад вечар з тэмпературай сорак я ляжаў непрытомны ў нейкай вясковай бальнiчцы. Усе хадзiлi ля мяне, войкалi i ахалi, але што рабiць – нiхто не ведаў. У дадатак жа да тэмпературы, якую ніяк было не збiць, мяне ўвесь час ванiтавала. Пад канец – з крывёю.
Выжыў, можна сказаць, цудам. Пашанцавала. Якраз тым часам у той вёсцы адпачываў галоўны лекар другой мiнскай бальнiцы. Прыехаў на радзiму, да мацi. I апынуўся доктар для мяне, як у той песнi пяецца, «в нужном месте и в нужный час». Праўда, тады было не да песень. Без гэтага не iнакш як Богам пасланага чалавека будучаму агенту iмперыялiзму былі б, безумоўна, капцы. Доктар змагаўся за жыццё «сынка» (зваў мяне так) усiмi даступнымi сродкамі. Запалохаўшы мясцовых шышак сваiмi сувязямi ў сталiцы, дамогся таго, што на другi дзень «сынка» пасадзілі на верталёт, і я апынуўся ў найлепшай бальніцы Гомеля. Доктар трое сутак не адыходзiў ад майго ложка. I ў вынiку мяне не даканалі якiм-небудзь няслушным дыягназам i, адпаведна, памылковым лячэннем. I я выжыў.
Пазней даведаўся: прозвiшча маё галоўны лекар тады пачуў не ўпершыню. Некалi ён вучыўся ў медычным інстытуце ў адной групе з маёю стрыечнай сястрой. Яны кахалі адно аднаго. На трэцiм курсе ад «сяброў» з жоўташэрага будынка рэктару прыйшло пiсьмо. Неўзабаве сястру, як дачку выкрытага ворага народа, з iнстытута выкінулi. Тады будучы галоўны лекар пабаяўся выступiць у абарону свайго кахання – гэта значыла б развiтацца з мараю стаць доктарам. Сястра пасля адлічэння доўга хварэла, суткамі не спала, трызнiла i ўрэшце страціла розум.
А ў той час, калi лёс звёў яго са мной, доктар, які прайшоў «в’етнамскую», ужо нiчога не баяўся. Ён змагаўся за маё жыццё i за свой гонар. Ведаў: з гэтым прозвiшчам я ў родзе – апошнi. I калi ён не зробiць усяго мажлівага i немажлівага, ланцужок можа канчаткова абарвацца.
У дадатак да ўсяго перажытага я ў той гомельскай бальнiцы выпадкова пачуў вымаўленае адным з дактароў: «Пункцыю ўсё ж дарэмна ўзялi. Паспяшалiся, перастрахавалiся, можна было i не браць. А цяпер пасля сарака пяцi ён – не жылец. Ранняя старасць».
Тады да сарака пяцi мне было далёка, i тая фраза мяне не вельмi насцярожыла. Не жылец дык не жылец. Гэта пра некага iншага, не пра мяне.
Пазней жа, калi памяць вярнула да таго даўняга бязлiтаснага прысуду, я сказаў сабе: «Што ж, калi гэта сапраўды так – трэба спяшацца». I з таго часу ўсё жыццё, як мог, спяшаўся.
Спяшаюся i цяпер, калi пiшу гэтыя радкi.
Наш плацкартны жыў сваiм вагонна-дарожным жыццём. Бедныя браткi-беларусы ехалi да сваякоў, якiя атрымлівалi шалёныя паўночныя. Хто – у Мурманск, хто – у Манчагорск, а некаторыя шчаслiўчыкі – у прымежную зону, да «фiнаў». Да шчаслiўчыкаў належалі i мы.
Да Ленiнграда ўсё было звычайна i проста, як усюды ў Савецкiм Саюзе, але, калі паўночную сталiцу праехалі, пачалося нешта незразумелае. Цягнік пайшоў уздоўж граніцы, i на кожным паўстанку нас няспынна правяралi, правяралi, правяралi. Спачатку гэта прымушала ўсiх хвалявацца, потым пачало ўспрымацца спакойна i нарэшце зрабілася прадметам жартаў. У мяне нават узнiкла жаданне падкалоць таварышаў у зялёных фуражках. Гэта ледзь не давяло да бяды. На адным з прыпынкаў на чарговае «Вашы дакументы!» я, заміж таго каб дастаць пашпарт, выпаліў:
– My name is Mick Jagger, – назваў імя вядомага англійскага рок-спевака. – I am from England. I have no documents on me, but I can sing for you![40]
– Што-што? – не зразумеў жарту салдат. – Ану, пройдзем!
Дзякуй Богу, мама па-сапраўднаму расплакалася і здолела пераканаць прапаршчыка, якi падышоў на шум, што яе сын па-дурному пажартаваў, i пасля некаторага вагання той дазволiў нам ехаць далей. «Глядзiце за сынам, мамаша», – папярэдзiў, адыходзячы.
«Паўночная» цётка сустрэла нас у Манчагорску, за шмат кiламетраў ад свайго дома.
Дабіралiся да месца на «персанальным» грузавiчку яе мужа. Ехалi па бездарожжы гадзiны дзве. Пасёлак, у якiм жыла цётка, быў на самай мяжы з фiнамi, i, як потым я даведаўся, бездарожжа было толькi з нашага боку.
Цётчын дом мяне ўразіў: новы, светлы, прасторны. Як самаму зморанаму, мне выдзелiлi асобны пакой. Такой раскошы не было нават у маскоўскай «гасцiнiчнай мафii».
Спаў я ў тую першую ноч на поўначы, як забiты. Нястачы кiслароду, пра якую гаварыла цётка, зусім не адчувалася. Наадварот, мне здавалася, што яго зашмат: паветра было нейкае пранiзлiвае.
Ранiцай у ванным пакоі пачуў, як за тонкай сцяной, на кухнi, мама ўсхвалявана пытала-перапытвала сястру:
– Няўжо здолелі ўцячы? Двое? I што? Злавiлi? Зэкi? Палiтычныя? Мяжу перайшлi, але фiны выдалi?
Я, агаломшаны, прыцiх, замёр.
– Так, і хутка iх павядуць паўз наш дом, – адказала цётка. – Вулiца ж у пасёлку адна.
[40] Мяне завуць Мiк Джагер. Я з Англii. Дакументаў пры сабе не маю, але магу для вас праспяваць! (Англ.)