У камеру захоўвання ўляцеў за шэсць хвiлiн да адпраўлення. Амаль вырваў сумку з металiчнай багажнай скрынкi i памчаў да платформы. Дзе ён, мiнскi цягнiк, на якой каляіне? «Тры хвiлiны, дзве», – адлiчвала свядомасць.
Перад вачамi мiльганула нарэшце шыльдачка «Масква – Мiнск». Бегчы да свайго вагона часу не было – ускочыў у бліжэйшы. Праваднiца, якую ледзь не збiў з ног, зрэагавала імгненна і па-беларуску:
– От ужо гэтыя маскалi! Заўсёды позняцца! Маскалём, думаю, мяне зрабiлi абноўлены «прыкiд» i фiрмовая сумка.
Я прайшоў у свой вагон i адшукаў пазначанае ў бiлеце купэ. Адчынiў дзверы i вачам не паверыў: «Люкс! Ну i цётка! От табе на! I не зрабіся пасля такога жыцця агентам iмперыялiзму!»
У купэ больш нiкога не было, але я не засмуцiўся. З палёгкаю ўздыхнуў: «I дзякуй Богу! Пасля Масквы, як i пасля спаборнiцтваў, належыць адпачыць».
Схадзіў да праваднiцы, папрасіў, каб прынесла гарбаты. Неўзабаве пачуў стук у дзверы. Запрасіў:
– Заходзьце, калi ласка.
– Дзякую, – голас быў зусiм не падобны на прастуджаны басок праваднiцы.
Здзiўлена ўзняў вочы… Як выглядаў я ў тую хвіліну – не ведаю, але народная артыстка СССР Васільева, якая – дайце веры! – увайшла ў купэ, адразу ўзняла ўгору руку:
– Спакойна, малады чалавек, спакойна. Усё добра. Так-так, гэта я. Ды не Госпад жа Бог! Таму закрываем рот i заказваем гарбату.
Госпадзе, гэта сапраўды яна! I гаворыць нешта пра гарбату…
Я сарваўся з месца i пабег да праваднiцы: не адну шклянку, а дзве. Ад яе – у вагон-рэстаран. Навошта? Наўрад цi разумеў. Але ўсведамленне таго, што еду ў адным купэ з народнай артысткай, змушала варушыцца. А як жа iнакш? Калi такое яшчэ паўторыцца? Можа, і нiколi! Значыць, трэба нешта зрабiць, нешта прыдумаць.
Я выстаяў чаргу, купіў прыгожую каробку «камунарскiх» цукерак i бутэльку шампанскага. Шчаслiвы, вяртаўся ў купэ.
Асцярожна, стараючыся не грымець, адсунуў дзверы i зноў аслупянеў: суседка спала. Прылегла, вiдаць, на хвiлiнку i неўпрыкмет заснула. Напэўна, стома ўзяла сваё. З карабля на баль – са спектакля на цягнік, у дарогу.
Паклаўшы цукеркі і шампанскае на стол, я таксама прылёг i гэтаксама нечакана для сябе заснуў…
– Малады чалавек, – пабудзiла мяне ўранку славутая суседка, – хутка Мiнск.
Пазней, калi я прывёў сябе да ладу, яна, усміхаючыся, сказала:
– Неспрактыкаваны вы, аднак, кавалер: шампанскае так і не адкаркавалі… Жартую… Але, крый Божа – не засмучайцеся! У вас яшчэ ўсё наперадзе! I, паверце, гэта я вам зайздрошчу. Як мне хацелася б зноў апынуцца ў вашым веку! Але гады не вернеш. А ранiшняю гарбатай – частую! Я ўжо заказала.
Мы пiлi чай, елi цукеркi, гаварылi пра тэатр. Я сказаў, што ўражаны ігрой Высоцкага, укруціў нешта пра «идущего по лезвию бритвы». Яна падтрымала, сказала: «Есть и другие. Олег Даль, например…»
На развiтанне папрасiў у яе аўтограф. Народная распiсалася на кнiзе Iосiфа Шклоўскага «Вселенная, жизнь, разум» – першай, што трапiла пад руку ў маёй сумцы.
Цягнiк спынiўся, і мы паднялiся. Апошняе, што пачуў ад славутай спадарожнiцы, былi словы, якія засталіся ў маёй памяці назаўсёды:
– Ну што, малады чалавек, будзем рухацца наперад? Яе сустракаў натоўп з тэлекамерамі, а мяне – мой горад.
Мой? Не ведаю, цi паверыце, але на гэтым кароткiм слове – «мой» – я чамусьцi раптам спатыкнуўся. «Цi мой?» – кальнуў сумнеў.
Засяродзiцца на iм не паспеў – перада мною стаяла… мама! Мая бедная мама. Яна прыехала. Вядома ж, цётка ёй пазваніла: iдзi сустракай свайго сыночка, а то вашыя жабракi па дарозе яго абкрадуць, ён жа ў цябе такi неспрактыкаваны i даверлiвы.
Мама ад таксi адразу ж адмовілася. Нават слухаць не стала.
– Плацiць тры рублi за нейкiя пятнаццаць хвiлiн язды? – абурылася. – Гэта табе не Масква! Пайшлi на тралейбус.
Наўрад цi да месца гаварыць цяпер пра тое, як мы дабiралiся дадому нашым пятым маршрутам. Мне ён абрыдзеў яшчэ з таго часу, калi мама вазiла мяне ў дзiцячы садок. І ехаць недалёка, усяго нейкiя чатыры прыпынкi, але ў тралейбусе заўсёды была таўкатня. Быццам ён апошнi, i ўсе абавязкова пнуцца ўлезцi ў яго.
Ды Бог з iм, з гэтым пятым тралейбусам! Успамiнаю пра яго толькi дзеля таго, каб сказаць: пасля такой цiсканiны было асаблiва прыемна прыйсцi дадому, распрануцца, упасцi нiцма на тахту або проста на падлогу, на дыван i адпачыць, нацешыцца прахалодаю, цiшынёю i спакоем.
Але я не паспеў нацешыцца. Перашкодзіў міжгародні тэлефонны званок. Званіла цётка – але ўжо іншая, «паўночная». Яна, як заўжды, усё ведала i… прыраўнавала мяне да прадстаўнiцы, як казала, «маскоўскай гасцiнiчнай мафii». Патрабавала, каб неадкладна прыехалі да яе ў госці. Патрабавала катэгарычна i безапеляцыйна, а на развiтанне паставіла важкую кропку:
– Запрашэнне я выслала.