Я быў агаломшаны. Быццам абухом па галаве! Без мяне мяне жанiлi?! Ну, цётка! Вось дык сюрпрыз! Куды там аматаркам «Deep Purple»! I суткi на роздум! Сапраўды прысуд! Прытым без абскарджання.
Не паспеў я не тое каб нешта сказаць, але i ўцямiць, што адбываецца, як бацька сямейства ўстаў з-за стала:
– У гасцях добра, але час нам, Надзя, i меру ведаць.
Усё ўва мне кiпела. «Не, выбачайце! Гэтая прапанова – пятля! Вядома, добра было б вучыцца ў Швецыi, але ж не такой цаною. Лезцi ў няволю, хадзiць на шворцы? Чуць: “Мы тут без вас параіліся і пастанавілi”. Яны, ці бачыце, пастанавілі! Нiхто нiколi за мяне пастанаўляць не будзе!»
Цётка, правёўшы гасцей, вярнулася ў залу i адразу заўважыла мой незадаволены пагляд. Усё ж спытала:
– Ну, i што ты надумаў?
– Я? Нiчога! Гэта вы надумалі! – адказаў без ценю iронii. Але цётку так лёгка не падманеш.
– Дзiўныя вы, беларусы. Жывяце як жабракi-гаротнікі, мардуецеся, а надараецца мажлівасць выйсцi ў людзi – вы на дыбкі: «Не, гэта не маё!» Санёк, я зразумела: для шлюбу па разлiку ты пакуль што не саспеў. Шкада! Цяпер – не саспеў, а iншага шанцу можа i не быць. Запомні!
Я маўчаў, хоць сказаць хацелася шмат чаго.
– Разумею, – спрабавала супакоіць мяне цётка. – Свабода – перш за ўсё! I ўсё-ткi, дарагi пляменнiчак, шчыра скажу: шкада, што не хочаш ты быць багаценькiм Бурацiнам. Ну ды Бог з табою! Давай спаць! А заўтра, можа, i праўда станем мудрэйшымi.
Уставала цётка рана, хоць на работу выбіралася недзе а дванаццатай. Гэтая раніца была патрачаная не на цырульню, як заўсёды, а на мяне. Новая бяздонная заморская сумка напакоўвалася дарагімі падарункамi: джынсы легендарнай «Lee», венгерскiя катонавыя байкi, тоўсты, але лёгкi iрландскi світар, фiнская скураная куртка, процьма больш дробных рэчаў і прадметаў, тузін кнiг фантастыкі i дэтэктываў. «Адзiн дзень Iвана Дзянiсавiча» Салжаніцына я ўжо сам выпрасiў. Цётка паківала мне пальцам, але кнiгу аддала, і я з радасцю i ўдзячнасцю прыцiснуў томiк да грудзей. Ужо пасля з жудасцю падумаў: «Ох, калi пра гэта даведаюцца там, за жалезнымi дзвярыма!»
Цётка стала класці ў сумку розныя прысмакі і далiкатэсы (у бляшанках – каб не разбiлiся) i наказала:
– Кладу гэта зверху, прагаладаешся – адразу нешта дастанеш. Не будзеш корпацца, перакладваць рэчы, выстаўляць напаказ, што там у цябе.
I яшчэ ўзрадавала:
– Сумку здасi ў камеру захоўвання, а сам, я разважыла, паспееш пабыць у тэатры «На Таганцы». Часу хопіць. Вось бiлеты (якія месцы, заўваж!) i грошы на таксi. Не эканом! Нiякага метро – толькi на машыне! Хоць на метро часта дабiраюцца хутчэй, але сёння яно нам не падыходзiць. Ну, усё, з Богам. Васіль, чую, пад’ехаў.
Цётчын кіроўца заўсёды прыпаркоўваўся пад самымi вокнамi яе кватэры, але ў дзверы не званiў. Часам ён мог там прачакаць-праспаць некалькi гадзiн, як і ля гасцiнiцы «Масква». «Салдат спiць – служба iдзе!» – павучаў швейцараў.
Цётка выйшла з машыны раней, на пад’ездзе да работы. На развітанне яшчэ раз нагадала:
– Рамантык, глядзi, не забудзь сумку ў камеры захоўвання! Бо да Мiнска галодны паедзеш!
Вiдаць, гэтак я адчуваў бы сябе, калі б апынуўся, скажам, у Швецыi – адзiнотна i няўтульна. Патрапiў у тэатр нечакана, псiхалагiчна не падрыхтаваны, што, як мне здавалася, адразу ж кiдалася ў вочы. Стаяў ля сцяны з партрэтамi артыстаў i міжволі дзiвіўся. Нельга было не дзівіцца. Тэатр пачынаецца з вешалкі? Не, гэты пачынаўся з фае. З гэтых партрэтаў. З публiкi. А публiка была не абы-якая: Акуджава, Вазнясенскi, Мiхалкоў, Разанаў… Я пазнаваў iх адразу.
Пачаўся спектакль. Усе артысты iгралi з поўнай, на мяжы душэўных і фізічных сіл, аддачай, але найбольш уразiў Высоцкi. Самы славуты ў краiне бард? Так. Вядомы кiнаакцёр? Так. Але нiколi не думаў, што ўсе гэтыя амплуа можа зацьміць Высоцкi тэатральны. Ён насiўся па сцэне, як вар’ят, не шкадуючы рваў свой і без таго сарваны голас.
Пад канец спектакля Высоцкi не гаварыў, а стагнаў. У нейкi момант ён так раз’юшыўся, што Дзямiдавай – партнёрцы па спектаклi – давялося яго супакойваць.
– Валодзя, – сказала яна, хоць героя п’есы звалi, вядома ж, iнакш, – Валодзя, усё добра.
Ён пакідаў сцэну абсалютна знясілены, пот ручаём цёк па твары. Адзенне можна было выкручваць.
Я тады вымавiў фразу, якую помню і цяпер: «Такія доўга не жывуць». Гвалтаваць арганiзм запар дзве гадзiны на мяжы яго мажлiвасцяў?! Сапраўды хадзьба над безданню. Па самым краi.
Спектакль праляцеў як адно iмгненне, але яно зачаравала мяне i аглушыла. Я растварыўся ў iм даастачы i пасля фiнальных слоў не адразу зразумеў, дзе сяджу. Толькi бура апладысментаў памагла мне ачомацца.
Калi выйшаў урэшце на вулiцу i зірнуў на падораны цёткаю гадзiннiк, спалохаўся – да адпраўлення цягнiка заставалася дваццаць пяць хвiлiн! Ну i цётка, ну i разлiчыла! Падбег да краю тратуара i пачаў махаць рукой перад кожнай машынай.
Адна з iх спынiлася.
– Да «Беларускага»? – перапытаў таксiст, побач з якiм сядзеў пасажыр. – Пяць рублёў!
Пасажыр мiжволі пасмiхнуўся. Я зразумеў, што мяне абуваюць, але выйсця не было, i вымавіў па-гагарынску:
– Паехалi!