Нешта было i пасля «и», але што – забыўся. Даўно, яшчэ ў восьмым класе, пiсалася, і, вядома ж, па-руску. Здавалася дзівацтвам складаць вершы па-беларуску ў амаль цалкам абруселым Мінску.
Вершаў у мяне сабралася багата – два тоўстыя сшыткi. Падумваў паказаць iх дасведчанаму чалавеку. Такога не знаходзiлася. Затое трапіў на вочы «Алый парус» – літаратурная старонка «Комсомольской правды». Падумаў: дапішу паэму i дашлю, трэба выходзiць у людзi. Але ўсе мае «прекрасные порывы» скончылiся тым, што неяк раз, у паэтычных мроях, я бяздарна забыў абодва сшыткi i няскончаную паэму ў тралейбусе. Выйшаў на прыпынку, а яны паехалі далей. Апамятаўся запозна. I хоць адшукаў той няшчасны тралейбус i пагаварыў з кіроўцам – усё марна: сшыткi знiклi. Страта была незваротная. Тады я сказаў сабе: болей вершаў не пiшу! Нiколi! І клятве той заставаўся верны ці не дваццаць гадоў.
Але дзеля чаго я пра ўсё гэта? Ага – цётка Надзя і яе шчодрасць. Ёй толькi рэкні – ашчаслівіць. Ну i няхай! Раскашэліцца – не адмоўлюся. Усё ж родны чалавек.
Цётчын ветлівы, хоць і камандзірскі голас узбадзёрыў мяне. Але на душы было па-ранейшаму тужліва, i пайшоў я шукаць, дакладней – лавiць таксi зусiм не ў радасным настроi.
Не паспела машына спынiцца ля вылізанага да бляску гасцінічнага ганка, як ад дзвярэй, узняўшы рукі, нібыта хацеў абняць, кiнуўся да мяне швейцар. Таксiст вылупiў вочы: хлапчуку швейцары «Масквы» дзверы адчыняюць!
Ён нават забыўся сказаць дзяжурнае слоўка, якое амаль не залежыць ад атрыманай сумы: «Малават-та».
Праз хвiлiну я быў у лiфце, а неўзабаве стаяў ля дзвярэй кабiнета з шыльдачкаю: «Дырэктар». На ўсякi выпадак пастукаў.
– Праходзь, Санёк! – цётка сама расчынiла дзверы. – Прысядзь, пачакай хвiлiначку. Падпiшу пару паперчын, i паедзем. Хачу цябе папесціць. А то, бачу, варта на пару гадкоў пакінуць без нагляду, як ад усiх маiх ранейшых намаганняў не застаецца i следу: твар маркотны, вочы сумныя, выгляд стомлены. Усмiхацца трэба, Санёк, усмiхацца! Не паддавацца жыццёвым нягодам! Не iсцi за імі! Ты ў мяне разумненькi і не раздураны. У цябе ўсё будзе добра. Цудоўна! От пабачыш. Я ўжо вырашыла. Падумала i прыйшла да высновы: трэба Санька ў людзі выводзiць. У багатыя людзі! Заўсмiхаўся? Дзякуй Богу! Хоць зморшчынкi з твайго твару збеглі.
Аздобленая ўсярэдзіне велюрам цётчына «Волга» нечым нагадвала бар з нянашага кінафiльма: напарфумаваны «францыяй» салон i ў паўляжачай позе на заднім сядзенні – бездакорна «вылiзаная» цырульнiкам гаспадыня.
Гадзiны тры мы матляліся па крамах i складах Масквы, а цётка ўсё не сунiмалася. Нарэшце, калi я ўжо мала што цямiў, сказала кіроўцу:
– Добра, Васіль, едзем дадому. Бачыш, пляменнiк з голаду памiрае.
«Зноў намёк: правiнцыял, саромеецца сказаць». Вядома, памiраць я не памiраў, але пярэчыць не стаў. Спрачацца з цёткаю – марная рэч, яе дабрадзейную, амаль агрэсiўную любоў я адчуваў i раней, таму лепш змiрыцца i маўчаць, тым болей што i сапраўды час быў падсілкавацца.
Але цётка Надзя раптам загаварыла iншым тонам i пра iншае. Палiчыла патрэбным расказаць, што і як збіраецца рабіць са мной.
– Слухай, пляменнічак, уважлiва. Цябе проста сам Бог паслаў. Сёння я вячэраю з вельмi сур’ёзнымi людзьмi. І цяпер папрашу іх, каб прыехалі з дачкою. І гэтым людзям ты павiнен спадабацца. Ты ж у нас хлопец вiдны, i абліччам, i розумам не абдзелены. Такiя на дарозе не валяюцца. Наогул, усё павiнна прайсці добра. Галава сям’i нядаўна прызначаны паслом у Швецыю. Мацi таксама ў Міністэрстве замежных спраў працуе. Ёсць у гэтых загнiваючых капiталiстаў i мажлiвасць вучыцца. Само сабой, на ангельскай альбо шведскай мове. Ты, спадзяюся, не супраць такой перспектывы? I think the language for you is not a… How to say it in English?[37]
Я мала што зразумеў з цётчыных паўнамёкаў, але не адгукнуцца на яе ангельскую не мог:
– Do you mean «an obstacle»?[38] – паспрабаваў падмагчы. У адказ яна ўсмiхнулася:
– The accent is certainly Byelorussia.[39]
Да прыходу гасцей заставалася гадзiна, на працягу якой я старанна адмакаў пад душам. Толькi хвiлiн за пяць да іх з’яўлення цётка спахапiлася і выцягнула мяне з ваннага пакоя.
Сям’я дыпламатаў не расчаравала. Сапраўдны ўзор маскоўскай элiты. Шляхетная, пародзiстая постаць бацькi, прыгожая, асляпляльная ўсмешка мацi, сiмпатычная бялявая – амаль шведка – дачка.
Пасля, за сталом, я звярнуў увагу на адзенне гасцей – швоў амаль не відаць! – i, вядома ж, на ювелірныя упрыгажэнні маці і дачкі. Брыльянты іхніх завушніц, бранзалетаў і калье адбівалі сонечныя промні, якiя, удараючыся аб крышталь келіхаў, раз-пораз сляпiлi мяне. Я вырас у зусiм iншым свеце, i гэтая дэманстрацыя дабрабыту, дастатку, а дакладней кажучы, багацця, уражвала i бянтэжыла. У нейкi момант падумалася, што, можа, пасада пасла ў Швецыi для бацькi – вымушанае панiжэнне, а заадно і ўцёкі ад адказнасці: наўрад цi мог зарабiць усё гэта звычайны, няхай нават немалога рангу, чыноўнiк.
Напачатку я адчуваў сябе няёмка, саромеўся, сядзеў за сталом як звязаны. Але паступова скутасць праходзіла.
Цётка i жонка будучага пасла, не змаўкаючы, наўзахапы пераказвалi адна адной апошнiя свецкiя навiны, розныя, часцей смешныя, гiсторыi з жыцця «свiты» i маскоўскага бамонду. Весела, нават азартна смяялiся самі i весялiлi ўсiх нас. Спакваля я асвойтаўся i рагатаў ці не гучней за ўсіх. I гэтым нечакана парадаваў бацьку сямейства. Ён раптам падняўся і прапанаваў такі тост:
– Сціпласць i прастадушнасць – прыкметы прыстойнасці.
Думаю, пакуль у сталіцы ёсць сілкаванне ў асобе чыстай душою правінцыйнай моладзі, у краіны ёсць будучыня! Дык вып’ем жа за нашу годную змену!
Усе з ахвотай асушылі келіхі з «залатым» шампанскім (любімым напоем «шведаў»). Пасля яшчэ і яшчэ…
Час ляцеў непрыкметна. Было далёка за поўнач, калi цётка папрасiла мяне спусцiцца ў склеп па клубнічнае варэнне. Я здзiвiўся: навошта, стае ж усялякай слодычы? Але цётка амаль падштурхнула да выхаду:
– Не лянуйся, iдзi. Забыўся, дзе святло ўключаецца? Не? Малайчына!
Не было мяне хвiлiн пяць, можа, крыху болей. А калi вярнуўся з лiтровым слоiкам любiмага цётчынага клубнічнага, адразу ж пачуў прысуд.
– Малады чалавек, – голасам спрактыкаванага педагога пачала жонка пасла. – Мы тут без вас, даруйце, параiлiся…
Чалавек вы не дурны, спартыўны i галоўнае – не-раз-дура-ны, – сказала, расцягваючы апошняе слова. – Ёсць такая прапанова… Дарэчы, – яна ўсмiхнулася i падмiргнула цi то мне, цi то цётцы, – Насцi вы спадабалiся. Яна ў нас таксама дзяўчына як мае быць: i добрая, i гаспадарлівая. Акурат вам да пары. – Дачка пачырванела i апусцiла галаву. Мацi ж працягвала: – Дык вось, ёсць прапанова трымацца вам з Насцяю разам. А дзе будзеце жыць, я думаю, Надзея Паўлаўна вам ужо сказала… Не-не, адразу можаце не адказваць. Падумайце. Але часу на гэта ў вас мала. Зрэшты, чаму мала? Цэлыя суткi! На жаль, болей мы чакаць не можам.
[37] Думаю, мова для цябе не… як сказаць па-англійску? (Англ.)
[38] Вы маеце на ўвазе «перашкода»? (Англ.)
[39] Акцэнт, вядома ж, чыста беларускi (англ.).