Зрэшты, матэматыку i фiзiку, да якiх я меў даўнія сiмпатыi, зубрыць не спатрэбiлася. А вось над гiсторыяй давялося папацець. Ды, надзiва, нiхто да мяне не чапляўся, пытаннямі на зарэз не закідваў, i экзамены я здаў без асаблiвай напругi. Але толькi атрымаўшы атэстат сталасцi, ўздыхнуў з палёгкай:
– Праскочыў! Цяпер я свабодны!
Так, побач са словам «праскочыў» сарвалася ў мяне з языка i, як потым стала модна гаварыць, гэтае салодкае слова – свабода. Вось так: нават усё вывучыўшы, я лiчыў, што не здаў, а праскочыў, i, не зрабiўшы злачынства, радаваўся, што свабодны. Усведамленне прыйшло пазней: ва ўсёй гэтай дзiўнай логiцы вінаватыя мае перастрахоўчыя гены.
На другi ж дзень пасля экзаменаў пачаў старанна рыхтавацца да чэмпiянату Мiнска па дзюдо. «У школе абышлося, – падумаў я, – а пры паступленнi ў iнстытут яны мяне, безумоўна, “дастануць”. Значыцца, для падстрахоўкi трэба перамагчы на чэмпiянаце сталiцы. А там – Рэспублiка, Саюз. Чэмпiёна, можа, i не зачэпяць».
Але чэмпiёнам я не стаў, хоць i дайшоў да фiналу. Змаганне за золата iшло на роўных, а нiчыiх у дзюдо не бывае, i па хантэі (меркаваннях суддзяў) перамогу аддалi майстру, а не першаразраднiку. «Калi б ты хоць кандыдатам быў», – суцяшаў мяне трэнер.
Горш за ўсё, што, захапiўшыся чэмпiянатам і трэніруючыся па дзве гадзiны тры разы на дзень, я занядбаў падрыхтоўку ў iнстытут. Забыў нават тое-сёе з таго, што, здавалася, вывучыў на памяць i з «абсалютным разуменнем».
Апамятаўся на ўступных экзаменах, але было позна штосьці паправiць. Калі здаваў любімую фiзiку, адчуў: на пяць не цягну (трэба ж было яе, родную, хоць крыху пагартаць перад экзаменам), – павярнуўся i выйшаў з аўдыторыi.
– Рабi што хочаш, – крычаў на мяне трэнер, калі даведаўся пра мой пралёт, – але май на ўвазе: сёлета «без iнстытута» я нават прызёра горада ад ваенкамата не адмажу. Скрозь недабор!
Праз два днi, абзваніўшы прыёмныя камiсii i адусюль пачуўшы: «На жаль, вы спазнiлiся, прыём дакументаў закончаны», кiнуўся ў Маскву. Апошнiя тры гады я досыць сур’ёзна займаўся астраномiяй, а кнiгi I. Шклоўскага, Ф. Зiгеля, У. Цясевiча, Б. Варанцова-Вельямiнава, Т. Агекяна сталi для мяне настольнымi. У галаве ўвесь час круцiлiся «Oh, Be A Fine Girl, Kiss Me!»[36] – жартоўныя словы, што дапамагаюць запомнiць паслядоўнасць спектраў зорак ад самых гарачых да вельмi халодных – О, B, A, F, G, K, M. Думалася, што схема «прыйшоў, убачыў, перамог» можа быць часам прыдатнаю не толькi для Юлія Цэзара. Пакажу свае веды, прышпiлю распрацаваную мною гiпотэзу «разбягання» Сусвету i… ужо якiм-небудзь дворнiкам у iнстытут астрафiзiкi мяне возьмуць. А далей – пабачым.
Усё ж аказалася куды прасцей:
– Веды па астраномii ў вас – як у студэнта трэцяга курса, а прапiскi маскоўскай – няма. Вымушаны засмуцiць.
Трэба было вяртацца дадому нi з чым. Перад ад’ездам вырашыў прайсцiся па Маскве – прагуляцца, супакоіцца. Не заўважыў, як дайшоў да Лужнiкоў.
– До начала балета «Звезды на льду» осталось пять минут, – аб’явiў папулярны каментатар Мiкалай Озераў. – Напоминаем, в спектакле участвуют… – і назваў маю любiмую па рэпартажах з чэмпiянатаў свету сямейную пару.
Было не было! На скрут галавы я рвануў у касы i праз некалькi хвiлiн з бiлетам у руках бег да ўказанага трэцяга сектара.
Глядзеў на вiртуознае катанне маiх кумiраў, шалёна пляскаў у далонi, але думалася пра iншае: пра тое, што не стаў чэмпiёнам, не трапiў у студэнты, што не ўдалося ўладкавацца нават дворнiкам у iнстытут астрафiзiкi. Адзiнае, што выйшла, – засвяцiцца ў КДБ. Не самая, скажам шчыра, удалая рэч. Усяго сямнаццаць гадоў, а наперадзе – тупiк, глухi тунэль без праменьчыка святла. Вось такi нiкчэмны вынiк.
Няйначай, гэтая панікласць была напiсана на маiм твары, бо тры дзеўчынёхі-суседкі пашкадавалі мяне і пачаставалi марозівам. І зараз памятаю – шакаладным, з арэхамi, маiм любiмым, за дваццаць восем капеек, самым на той час дарагiм. Спачатку я адмаўляўся, але яны дружна, у адзiн голас, заявiлi:
– Бярыце, бярыце, бо прападзе – растане.
Аргумент быў з тых, што пераконваюць, i, прамармытаўшы нешта накшталт: «Няёмка неяк» i «Дзякую», я працягнуў руку па марожанае.
– Няёмка спаць на столi, – сказала адна з дзяўчат, але, паглядзеўшы на мяне, збянтэжылася.
Я чамусьцi яшчэ болей засаромеўся i тыцнуўся носам у марозіва, ад чаго суседкi дружна рассмяялiся. Мне нiчога не заставалася, як падтрымаць iх. Так і пазнаёміліся.
Пасля стадыёна наша кампанiя завітала ў блiжэйшую кавярню, а потым адна дзяўчына прапанавала паслухаць музыку. Мне здалося дзiўным, што такая прапанова зыходзiць ад прадстаўнiцы жаночага полу, але, можа, я адстаў ад жыцця? Можа, i праўда ў наш час не заўсёды толькi мужчынскi пол запрашае «на музыку»?
Узяўшы па дарозе шампанскае i кiлаграм «Мiшак на Поўначы», мы паехалi ў раён Курскага вакзала. У кватэры ладную паліцу займала калекцыя фiрмовых кружэлак. Першай на бліскучы, з залацiстым лэйблам, японскi плэер «Pioneer» дзяўчаты паставiлi паўзабароненую кружэлку «Deep Purple in Rock». Неўзабаве рокеры так нас завялі, што праслухоўванне перайшло ў дыскатэку, а танцы – у начную гулянку. Аднекуль узялося яшчэ шампанскае, пасля – вiно… Прачнуўшыся ранiцай, я нейкі час баяўся паварушыцца.
Чаму? Ды таму, што быў у ложку не адзiн i не наважваўся зірнуць у твар дзяўчыне, што ляжала побач: раптам гэта будзе не тая, з якой так весела ўчора вытанцоўваў?
Цiхенька адзеўшыся, асцярожна прычынiў за сабою дзверы, за якімі да ранку грымела музыка, i з усiх ног кiнуўся ўнiз па лесвiцы. З дома, у якiм былi тарцовыя дзверы, так не ўцякаў. Адтуль, наадварот, iшоў няспешна, не па гадах паважна. Цяпер жа, ад дома каля Курскага вакзала, проста ляцеў. Не аглядваючыся, як лермантаўскi Мцыры. На душы было моташна i неспакойна. Падганяў ацверазелы розум.
Ён камандаваў, загадваў, крычаў: «Бягом! Лета канчаецца, а ты яшчэ – нiхто. Ніхто і нiдзе! Вось табе i камсамолец, вось табе i спартовец, вось табе i ўсявед-астраном! I КДБ, мiж iншым, тут зусім нi пры чым!»
Купіўшы на апошнія рублі самы танны – у агульным вагоне – бiлет да Мiнска, я пайшоў пазваніць цётцы Надзi, мамiнай сястры, якая жыла ў Маскве. Не зрабіць гэтага не мог. Не зразумелi б нi мама, нi цётка. Я мусіў зайсцi, не тое што пазваніць. Але пасля фiяска ў астрафiзiчным iнстытуце мне было зусім не да цёткi, а пасля прыгод з маскоўскiмі меламанкамі – тым больш. I толькi цяпер, перад самым ад’ездам, спахапiўся: трэба ж хоць патлумачыць, чаму не зайшоў.
Цётка Надзя была багатая i бяздзетная і, пэўна, з гэтае прычыны апантана любіла пляменнiкаў i пляменнiц. Пачуўшы мой голас, яна страшэнна ўзрадавалася i, як заўсёды, закамандавала:
– Зараз жа да мяне! Возьмеш таксi i скажаш: «Гасцiнiца “Масква”». Запомнiў? Я скажу, каб цябе ўнiзе чакалi. Усё зразумеў?
Мне нічога не давалася ў жыццi задарма. У школе, каб атрымаць пяцёрку, старанна вывучваў увесь зададзены матэрыял. I не толькi зададзены, але i пазапраграмны, бо мне чамусьцi абавязкова задавалi дадатковыя пытаннi. Дый гэтая паездка ў Маскву далася ў знакі. У мамы папрасiць грошай не мог – ведаў, няма ў яе. Значыць, трэба зарабiць. I тры ночы я разгружаў вагоны з посудам. I так ува ўсiм. Толькi вершы, бадай што, пісаліся самі сабой, без напругi. Асаблiва – пра дзяўчат. Такiя, напрыклад:
Две грудки, словно яблочки, румянятся, Горят, трепещут в поцелуях сладостных, È каждая друг дружке лаской жалится: Ох, почему же мир мгновений радостных Нас опьяняет чувствами и…
[36] О, будзь добрай дзяўчынкаю, пацалуй мяне (англ.).