– Аляксандр Уладзiмiравiч, – пачаў старэйшы, – вы чалавек малады… Дарэчы, не пакрыўдзiцеся, калi я буду зваць вас проста Аляксандрам? Не? Добра. Дык вось, як я ўжо казаў, чалавек вы малады, i ўсё жыццё ў вас наперадзе. I нам, паверце, не хацелася б, каб яно збочыла на слізкую дарожку. Вы без троек заканчваеце школу, наперадзе – iнстытут. Увогуле, усё ў вас iдзе, скажам шчыра, добра, нават выдатна. Але ёсць адна сумная акалiчнасць. Здагадваецеся, якая? Не? А трэба было б! Вашая дапытлівасць. Гэтая слабасць, ці ведаеце, многiх загубiла. Я разумею: малады, няўрымслівы розум, жаданне ведаць болей за iншых. Усё гэта варта пахвалы! Але жаданне ведаць тое, чаго не трэба ведаць, а галоўнае – спробы несці такія сумніўныя веды ў масы – гэта ўжо не дапытлівасць, а нешта горшае…
Я не ўцяміў, куды ён хіліць. «“Дапытлiвы розум, жаданне ведаць больш за iншых…” Што тут кепскага? Каму могуць пашкодзіць лішнія веды? А што значыць – “ведаць тое, чаго не трэба ведаць”? Я проста хацеў знаць праўду, рэальнае становiшча. Але ўжо адно гэтае жаданне вас раздражняе. Напэўна, вы якраз дзеля таго і існуяце, каб нiхто праўды не ведаў». Яго словы, а найперш іранічны, з адценнем фанабэрыі пагляд, зачапілі мяне, нават абурылі. І я досыць рэзка і, як на цяперашні мой розум, занадта смела адказаў:
– Даруйце, але, нягледзячы на свой, як вы сказалi, дапытлiвы розум, я не разумею, пра што iдзе гаворка…
Маладосць i смеласць – сёстры-неразлучнiцы. Яны i цягнулi мяне за язык, штурхалi супрацiўляцца хоць бы на словах. Гаварыў я шчыра, хвалюючыся, але, як зараз разумею, суразмоўца палічыў мае словы суцэльным нахабствам. Ён не захацеў нічога тлумачыць, у нечым пераконваць, а раптам выцягнуў шуфлядку стала i дастаў з яе блакiтны сшытак. Мой сшытак!
Вiдаць, ад нечаканасцi я раскрыў рот, бо «таварыш» ухмыльнуўся i спытаў:
– Здзiўляецеся, адкуль у нас таемныя нататкi дзекабрыста? У адрозненне ад некаторых хiтраваць і маніць не буду. Прынесла сшытак ваша класная кiраўнiца, настаўнiца гiсторыi i грамадазнаўства. Толькi не трэба адразу гарачыцца i думаць пра яе дрэнна. Паверце, яна зрабiла гэта з найлепшымi намерамi. Хвалюецца за вас, перажывае. Так i сказала: «Вядома ж, гэта несур’ёзна, хлопец захапляецца. Але ж такія захапленні могуць завесці вельмі далёка». Добрая ў вас класная, прадбачлiвая. Прыйшла загадзя, пакуль не здарылася бяда…
Словы кадэбэшнiка да мяне даходзiлi як праз вату. Свядомасць адмаўлялася верыць: настаўнiца выдала вучня. I каму?! Арганiзацыi, ад простай згадкі пра якую адбірае дух! З гэтага дня я засвечаны! Цяпер да магiлы павядзе мяне па жыццi нейкая кадэбэшная шасцёрка. Агаломшаны, я маўчаў. Не мог выцiснуць з сябе нi слова.
А майму дабрадзею, напэўна, i не надта трэба было нешта пачуць ад мяне. I ён працягваў паблажлівым голасам:
– Мы прагледзелi, Аляксандр, ваш сшытак. Цiкавая карціна вымалёўваецца. З артыкулаў, што выходзiлi ў Савецкiм Саюзе ў «Литературной газете» і іншых выданнях пра паклёпнiка i фашысцкага пярэваратня Салжанiцына, вы павыпiсвалi толькi ягоныя цытаты. І без ніякiх каментароў. Ну проста no comment. А калі па-нашаму – няма слоў! Так-так, няма ў нас слоў, дарагi Аляксандр Уладзiмiравiч! («А казаў жа, па iменi будзе называць, па-простаму», – міжволі ўспомніў я.) Краiна вас выгадавала, выхавала, дала адукацыю, а вы замест удзячнасці калекцыянуеце паклёпы на яе, варожыя разважанні здраднiкаў i адшчапенцаў. От i Сахараву асобны раздзельчык адвялi. Як загадаеце гэта разумець? Не ведаеце? А я вам зараз раскажу…
Старэйшы таварыш глянуў на мяне i, быццам сапраўды жадаючы мне памагчы, пачаў тлумачыць:
– Вы, бачу, не ўсведамляеце, малады чалавек, што стаіце на краi бездані. Ведаеце, як гэта бывае? Ланцужок тут досыць просты. Спачатку калекцыянуеш пасквiлi здраднiкаў i адшчапенцаў, а потым i сам… Пачынаеш з паўтарэння чужой хлуснi, а неўзабаве яна робiцца тваёй праўдай, перакананнем.
У сувязі з гэтым i хацелася б задаць пытанне: што будзем рабiць, Аляксандр? Як жыць далей? Па-ранейшаму вывучаць «творчасць» так званых дысiдэнтаў, а насамрэч – здраднiкаў Радзiмы, агентаў iмперыялiзму? Пашыраць iх шкодныя думкi сярод сваiх таварышаў?
Я маўчаў. Аглушылi страшныя для мяне з маленства словы: здраднiк Радзiмы, агент iмперыялiзму. Нешта падказвала: я на шляху туды, адкуль можна не вярнуцца. Сэрца маё ўжо даўно калацiлася, як у злоўленага зайца. Здавалася, што яго гулкiя i частыя ўдары чуе ўся краiна, i ўсе навокал, калi мне давядзецца выйсці на вулiцу, пачнуць тыцкаць у мяне пальцам, i грымне голас Левiтана: «Вось ён, агент iмперыялiзму. Радзiма яго выгадавала, а ён – здрадзiў ёй!»
Чэкiст знячэўку сказаў:
– Наконт яблыка i яблынi, дружа мой, вельмi правiльная прыказка.
Толькі значна пазней я зразумеў: гэтыя словы былi прамоўлены не выпадкова. Яблык – гэта я, а яблыня – мой бацька, арыштаваны i высланы на доўгія гады толькi за тое, што ў нашай хаце знайшлi кнiгi нацдэмаў Максiма Гарэцкага i Язэпа Лёсiка, бацька, якi вярнуўся з канцлагера iнвалiдам; гэта і мой дзед, удзельнік Першага Усебеларускага кангрэса, таксама названы ворагам народа, – ён дванаццаць гадоў праiшачыў у шахтах Варкуты, дзе наглытаўся вугальнага пылу i памёр ад раку горла; гэта i мае дзядзькi, бацькавы браты, настаўнікі, аднаго з якiх ноччу ў гэбісцкім склепе расстралялi адны акупанты, другога – удзень, з-за вугла – іншыя.
Тады я амаль нiчога пра тое не ведаў i, вядома, расхваляваўся. Быў усё ж досыць дарослым, каб разумець: з КДБ лепш не звязвацца. І калi там зацiкавiлiся табою, дабра не чакай. Карацей, было ад чаго запанiкаваць.
Бачачы мой настрой, кадэбэшнiк павесялеў, заўсмiхаўся: яго словы падзейнічалі. І вырашыў суцешыць мяне.
– Ды не хвалюйся ты так, Аляксандр, не перажывай. Мы ж не звяры якiя. Разбяромся, паможам. Але i ты павiнен пайсці нам насустрач. Спачатку мы хацелi б атрымаць адказы на некаторыя пытаннi. Скажам, чым табе спадабаўся Салжанiцын? Дзеля чаго ты гэтак беражліва i акуратна выпiсваў i наклейваў ягоныя цытаты? Раскажы, не бойся. Толькі папраўдзе. Тады нам будзе лягчэй табе дапамагчы.
Як можна было не адгукнуцца на такую просьбу? I я зусім шчыра, быццам неразумнае мышаня перад катом, замяўкаў:
– Я люблю матэматыку, фiзiку, іншыя дакладныя навукi. Настаўнікі кажуць, я чалавек тэхнiчнага складу. I, як вы адзначылі, цiкаўны. Заўсёды стараюся дакапацца да праўды. Кожны новы факт мяне быццам падганяе: а чаму так? Чаму не iнакш? У падручнiку гiсторыi, да прыкладу, напісана: 1930-я гады, культ асобы, рэпрэсii. Адразу ж загараюся: што за культ асобы, якiя рэпрэсii? Класная ж адказвае нешта не вельмi ўцямнае. Фактычна не адказвае на пытанні. Ну, а тут – Салжанiцын. Гляджу i вочы расплюшчваю: у яго ўсё зразумела. Дык вы ж самі ведаеце, чыталi, пэўна, Салжанiцына. У яго ўсё названа сваiмi iмёнамi. Кроў, допыты, забойства тысяч, мiльёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. Генацыд супраць усёй краiны, перадусім – супраць яе iнтэлектуальнай элiты. Спробы зрабiць СССР краiнай рабоў, краiнай-канцлагерам…
– Нават так? О, мой юны сябар, ты далёка пойдзеш. Вельмi далёка! Бадай, далей, чым мы думалi.
Ён не сказаў, далей за каго я пайду. І толькi праз шмат гадоў я зразумеў, што ягоная фраза павінна была мець прыкладна такi працяг: «Далей, чым увесь твой выразаны намі род!» Але тады ён не сказаў гэтага. Вiдаць, палiчыў: для пачатку досыць будзе добра напалохаць бязвусага юнака, па сутнасці, хлапчука. Толькі гаворка павiнна быць жорсткай i працяглай. Каб пакiнула ўражанне i запомнілася. I яна доўжылася некалькi гадзiн. Пытанне iшло за пытаннем. Дробнае – за сур’ёзным, жартаўлiвае – за пагрозлівым, наiўнае – за пытаннем з падтэкстам, з намёкам. Не на ўсе з іх мне хацелася адказваць. На асобныя я проста не мог адказаць, бо не меў дастатковых ведаў.
Урэшце «таварыш» палічыў, што «адэпт Салжанiцына» атрымаў дастатковую прафілактычную апрацоўку, прачытаў лекцыю пра пiльнасць і адпусцiў мяне, сказаўшы на развітанне:
– Добра, iдзi здавай свае экзамены.
Мама ўжо страшэнна хвалявалася, не знаходзiла сабе месца: дзе я прапаў? Звычайна адразу пасля школы прыходзiў дадому, а тут знік аж да вечара!
– У бiблiятэку заскочыў, – апраўдваўся я, хоць i не быў нi ў чым вiнаваты. – Зачытаўся i не заўважыў, як час праляцеў.
– Урокi, сынок, трэба рабіць, а не зоркi лiчыць. – Мама мела на ўвазе дакладны сэнс гэтых слоў: з восьмага класа я проста загарэўся астраноміяй. – Два днi да экзаменаў, а ў цябе ў галаве абы-што!
Сказаць маме ў той вечар праўду я пабаяўся. Гэбiст сурова папярэдзiў: нiкому нi слова! І паўтарыў гэта тройчы. Што, вядома, значыла: i мацi нi слова.
Толькi з цягам часу я зразумеў, як мне пашанцавала, што ў той гутарцы не дадумаўся параўнаць таталiтарызм Сталiна, адкрыты, крывавы, i iншы, тагачасны – прыхаваны, прыхарошаны, хітры. Аднак нейкія высновы зрабiў і тады. Прыйшла ў галаву думка: пасля ўсяго, што здарылася, мяне з падказкі адтуль будуць ганяць на іспытах з асаблiвай прыдзірлівасцю. Гэтая пагроза прымусіла штудзiраваць экзаменацыйныя бiлеты ад першага да апошняга, вывучыць матэрыял, як кажуць, назубок.