– О-о, даўнаваценька мяч не ганялі! Узрадавалiся. Спынiлiся. Рыхтавалiся.
Першы, галоўны, сцiскаў-расцiскаў кулакi – размінаўся. Другi, мой знаёмец, раздаваў «пасы» нагамi, наглядна паказваў, як ён па старой памяцi будзе мяне футболіць. Трэцi, відавочна слабейшы за сябрукоў, нядбайна засунуў рукi ў кiшэнi. Усмiхнуўся. Шчарбата прысвiснуў:
– С-сцанюк!
Спачатку, як і некалi, я адчуў дрыжыкi, дыханне стала перарывiстым, ціхім, але – сэрца засталося на месцы. Успомнiўшы, хто я (што ні кажы – чэмпiён сярод мiнчан да шаснаццацi) і хто яны (хулiганнё, як называў іх сусед дзядзька Юзік), задушыў у сабе здранцвенне і як вынік яго – баязлівасць. Пад корань зрэзаў. Вырваў з сябе гадзiну. Скiнуў пятлю з шыi. Выйграў першы раўнд. Найцяжэйшы – з самiм сабою.
Я не звярнуў, як бы зрабіў раней, у блiжэйшы завулак, не перабег на другi бок вулiцы. Iшоў на iх спакойна і ўпэўнена, нават не думаючы, што буду рабiць далей. Ведаў: у патрэбны момант хтосьці ўладна скажа: «Хаджыме!»[35] – і бой пачнецца.
Яны запынілі мяне эфектна. Калі я прайшоў міма, дзівячыся, што не чую чагосьці кшталту: «Маляўка, прытармазі!», за спінаю прагучала:
– Ну, шустры! Ты што, аслеп са страху? Назад, шчанюк! Сюды! І рыссю!
Я зрабiў выгляд, што гэткі загад мяне не датычыцца, ішоў далей – даваў iм апошнi шанец. Хлопцы яго не скарысталі. Што ж, iх права.
Крыўдзiцель мой, ён жа «футбаліст», завiшчэў:
– Ну, падла, зараз ты ў нас прытармозiш! На каленях папаўзеш! Зямлю грызцi будзеш!
Добра, думаю, добра. Сасмяглыя – спатоляцца! І павярнуўся да ахвотнiкаў пагутарыць на абстрактныя тэмы. Усе трое пёрлi ўжо на мяне, і давялося напружыцца.
Крутнуўшыся да іх бокам, я зрабіў выкід угору правай нагою і трапiў «футбалiсту» ў вуха. Не падрыхтаваны да такой сустрэчы, ён страцiў раўнавагу, але паспеў ухапiцца за галоўнага. Той адштурхнуў сябрука назад, на мяне.
«Футбалiст» размаxнуўся і… тут я адхіліўся – ён тыцнуў кулаком у паветра. Iнерцыя крутнула яго, ён апынуўся да мяне спiнаю, і заставалася толькi скарыстаць тую самую iнерцыю. Атрымаўшы дадатковага выспятка, «футбалiст» наляцеў на урну і зацiх. «Нешта зусiм не страшна, – пранеслася ў галаве. – Пайшлі далей». Ухапiў галоўнага за ногi, адарваў ад зямлi і шпурнуў на «футбалiста». Павярнуўся да трэцяга.
У гэты момант малое гадзянё з-за спіны заехала мне ў сківіцу кастэтам. Хруснулi зубы, было балюча, але – не смяротна. Адначасна з разваротам я падчапіў яго аперкотам справа. Плюгавенькi пацук пакаціўся па асфальце. Заныў, запiшчэў, заплакаў.
Усё было скончана. Я не стаў дабiваць iх, накiроўваць на правiльны шлях, выхоўваць словам. Няхай самі вырашаюць і думаюць, як быць далей. Калi ж да iх не дайшло і хлопцы захочуць зладзiць матч-рэванш, дык калi ласка. Паядынкi з пэўнага часу я люблю.
І я пайшоў. Спяшаўся. Я нiколi не спазняўся на трэнiроўкi. Не спазнiўся і гэтым разам.
Наперадзе быў галоўны паядынак – за годнае жыццё. На маёй радзіме за яго трэба змагацца!
1975-ы
Ён iшоў не побач, а ззаду, метраў за чатыры-пяць ад мяне, акуратна вытрымліваючы дыстанцыю. Я мог уцячы ад яго, а мог i завалiць (як кажам мы, барцы) гэтага канваiра ў цывільным. Але… наперадзе чакалі экзамены, і я мусіў іх здаць. Прытым – здаць на «выдатна». I паступiць у iнстытут. Абавязкова паступiць! У нашай сям’i і сярод родзічаў, тых, хто насіў наша прозвiшча, няздараў не было. Двое, праўда, не скончылi вучобы, але не па сваёй віне, а з прычыны іх гвалтоўнай смерці.
Цывільны паказаў мне на жалезныя дзверы i цiха, але выразна сказаў:
– На тую вунь кнопку нацiснi, калi ласка.
«Хоць i фамільярнае ты, а ўсё ж – калi ласка, – адзначыў я сам сабе. – Кадэбэшнiкi – не мянты! Iншы клас. Як кажуць варожыя галасы – вышэйшы».
Я ўтапiў даволi высока размешчаную кнопку званка (вiдаць, каб дзецi не дурэлi, – дом упiраўся ў агароджу школы-iнтэрната), агледзеўся i здзiўлена падумаў: цэнтр горада, звычайны жылы дом i раптам – уваход з тарца. Не прыпамiнаю, каб хоць у адным жылым пяцiпавярховым доме я калi бачыў дзверы ў тарцовай сцяне.
Адчынiў iх «таварыш», значна старэйшы за майго праважатага, i вельмi ветлiва, спакойна павітаўся:
– Добры дзень, Аляксандр Уладзiмiравiч. Праходзьце, калi ласка.
«Цiкава, – не пераставаў я здзiўляцца. – Што зноў “калi ласка” – гэта зразумела: стыль у iх цяпер такi, цывiлiзаваны. А вось зварот па бацьку насцярожвае».
Праз невялiчкi калiдорчык мы прайшлi ў светлы, хоць i шчыльна заштораны пакой.
– Сядайце, – цi то загадаў, цi то запрасiў старэйшы таварыш.
Апускаючыся на крэсла, я заўважыў, як ён зрабiў знак майму праважатаму, і той выйшаў. Але не проста выйшаў, а зачынiў за сабою дзверы і паторгаў за ручку – праверыў, цi зашчоўкнуўся замок.
«Гэтым сведкi не патрэбныя, – не без іроніі адзначыў я. – Нават свае».
[35] Каманда пачынаць паядынак у некаторых відах усходніх адзінаборстваў.