Бацька распрануўся, зайшоў у ваду, паплыў. Азірнуўся на бераг. Крыкнуў:
– Валік, не лезь – вада халодная. Лепш потым у басейн з’ездзім – там паплаваеш.
Апошні раз бацька плаваў шмат гадоў таму, аднак разумеў: у такой вадзе не толькі ў сына, але і ў яго ў кожную хвіліну могуць пачацца сутаргі. Аднак не стрымаўся: ён зноў тут, у возеры свайго маленства! Некалі разам з братамі плавалі ў ім навыперадкі. Ён быў самым малодшым і на фінішы, зразумела, заўсёды апынаўся апошнім. Але не здаваўся – упартасці яму ставала. І аднаго разу ледзь не дагнаў братоў, але… у апошні момант ногі адмовіліся яму служыць. Браты прыйшлі на падмогу.
І вось – у яго зноў адзеравянелі ногі. Здрадліва перасталі слухацца. Перавярнуўся на спіну, ды – патрапіў у вір. Жалезнымі абцугамі той абхапіў яго і цягнуў на дно. Ён з усіх сіл запрацаваў рукамі, нырнуў, вынырнуў, яшчэ раз нырнуў…
Валік адчуў бяду: «Навошта татка гэтак далёка заплыў? Яго ўжо і не відаць». Валік кепска плаваў, яшчэ толькі вучыўся, але, не раздумваючы, кінуўся ў ваду.
– Татка, татка! – крычаў. – Вярніся! Я баюся! Сынаў голас патроіў бацькавы сілы.
«Выплыць! – загадаў сабе і зноў даў нырца. – Выплыць! – крычала ўсё ў ім. – Я павінен вырвацца з гэтае пасткі!»
Роспачна замахаў рукамі. І раптам адчуў – вір паслабляе свае абдымкі, і ногі нібы вяртаюцца да жыцця. І ўсё ж не так ногі, як рукі, што доўгія гады валілі лес, уратавалі яго. І ён паплыў да сына.
– Валя, назад, назад! – крычаў яму.
І сын паслухаўся, спыніўся. Але да берага не павярнуў: не мог, аслабеў.
Падхапіў яго бацька, калі ён ужо захлынаўся.
Валіка адхаялі, але ачуньваў ён марудна. Пяць дзён і начэй маленькія рукі сціскалі падушку – трымаліся за татку.
Бабуля сядзела на краёчку пасцелі.
– От малайчына! – узрадавалася, калі ён расплюшчыў вочы. – Як ты, унучак?
Валік не адказаў. Убачыў на процілеглай сцяне бацькаву фотакартку ў драўлянай рамцы. Ражок рамкі чамусьці быў абвязаны чорнай стужкай.
Ён яшчэ не разумеў, што гэта значыць, і з неўразуменнем паглядзеў на бабулю. Але тая нічога не сказала.
Міне шмат гадоў, перш чым Валік уведае праўду: чалавек, якога ён называў таткам, быў яго дзядзькам – малодшым братам бацькі, расстралянага праз два месяцы пасля нараджэння сына.
І яшчэ адна таямніца раскрыецца Валіку: дадзеную ў лагеры землякам-вязням клятву – адпомсціць кaту – бацькаў брат стрымаў. Дарагой цаной абярнулася помста: каб не здавацца жывым, дзядзька наклаў на сябе рукі. Гэта адбылося на трэці дзень пасля ягонага вяртання з лагера.
Тры дні пабыў ён на волі. Тры дні. Адзін з іх быў аддадзены пляменніку. І Валік не забудзе таго дня ніколі.
Дзве капейкі
– Добры дзень, – як заўсёды няспешна, выразна прамаўляючы кожнае слова, але гэтым разам быццам са здзекам, павіталася настаўніца. – Сёння панядзелак, першы дзень тыдня. Мы добра правялі выходны і з новымі сіламі пачнём вучобу. Але пачнём, на жаль, з разбору надзвычайнага здарэння, якое адбылося ў суботу.
4 «Б» насцярожыўся. А настаўніца, вытрымаўшы паўзу, працягвала:
– Вы хочаце ведаць, што за надзвычайнае здарэнне? А няхай пра гэта скажа сам герой – у двукоссі, вядома ж. Ён сярод вас. Хачу яго папярэдзіць: мы ведаем усё! Спадзяюся, ён яшчэ не да канца страціў сумленне і ў яго хопіць смеласці і прыстойнасці выйсці да дошкі і расказаць сваім таварышам пра тое, што яго штурхнула на такі агідны ўчынак, які ганьбіць клас, школу.
Вучні застылі ад гэткага незвычайнага пачатку ўрока. Сцяўся і светлавалосы, яснавокі, ціхі, з дзявочым тварам чацвёрачнік Лёша Малінкін. «Відаць, нехта гуляў з запалкамі і падпаліў дом? Не, напэўна, адбылося нешта страшнейшае. Можа, у тым доме засталіся людзі? – гадаў Лёша, гледзячы на настаўніцу. – Вунь як перажывае, калоціцца ўся».
– Мы чакаем! – сарвалася на крык настаўніца. – Чакаем роўна адну хвіліну! – падняла ўказальны палец. – Калі той, хто гэта ўчыніў, не ўстане і не раскажа ўсё сам, як і павінен зрабіць сапраўдны савецкі школьнік і піянер, няхай не крыўдуе. Час пайшоў!
Вучні пачалі азірацца, круціць галовамі. Круціў галавою і Лёша: «Хто ж гэты злачынец? Хто? Што за вораг зашыўся сярод нас?» Але ніхто з-за парты не падымаўся, не выходзіў да дошкі.
– Хвіліна мінула! – абвясціла настаўніца. – Я папярэджвала. Цяпер хай нахабнік літасці не чакае. – Яна раптам ляснула далонню па стале і закрычала: – Малінкін, устань! Падымі галаву! Глядзі на мяне! У цябе сумленне ёсць? Ды як ты мог? Як ты, вучань найлепшага па ўсіх паказчыках класа, мог зрабіць такі агідны, скажу болей – жудасны ўчынак?!
Спачатку Лёша нічога не зразумеў. Пры чым тут ён? За што на яго крычаць? У чым ён вінаваты, што такое жахлівае ўчыніў? Але раптам да яго дайшло. Ён успомніў! Успомніў, што адбылося з ім у суботу.
«Так, – апусціў Лёша галаву, – я вінаваты. І ўсё гэтыя фотаздымкі… Але адкуль даведалася настаўніца? Цётка ж тая сказала, што ва ўсім разабралася і нікому нічога паведамляць не будзе. Хто ж данёс класнай?»
Памяць паслужліва вярнула яго на два дні назад, у суботу. Раніца пачыналася добра. Мама, сыходзячы на работу, пакінула Лёшу, як і абяцала, шэсцьдзясят шэсць капеек. Дваццаць пяць – на праяўляльнік для фотапаперы, трыццаць – на фіксаж і адзінаццаць – на яго любімы гематаген. Лёша недзе чуў, што гематаген павялічвае запас крыві ў арганізме, і калі ён будзе, скажам, паранены, дык з такім запасам даўжэй пратрымаецца. Ён не ўяўляў, дзе яго могуць параніць, але чамусьці думаў, што некалі гэта абавязкова здарыцца.