Тонкiм струменьчыкам палiлася вада. Хутка вядро пачне падымацца. Закалацiлася сэрца: час ратавацца! Кiнуўся ўнiз.
«З месца гiстарычных падзей пажадана знiкаць як мага хутчэй», – успамінаў недзе прачытанае або пачутае, лiчачы адначасова i прыступкi, i довады на карысць таго, што трэба спешна даваць дзёру.
Першы. Калi зловяць, дык нiхто пра героя-адзiнотніка нават не пачуе. Не даведаецца пра цябе яе вялікасць Гісторыя. Застанешся ты ў ёй цёмнаю плямаю – заміж таго, каб стаць ахвярай дэспатызму, змагаром за святую справу. (Зноў iхняя лексiка – во як затлумілі мазгi!) Гэта – не кiно, гэта – жыццё.
Другi. Будуць бiць – не самі, вядома, знойдуць ахвотнікаў, поскудзь якую зэкаўскую брудную. Чаго добрага, зробяць iнвалiдам. I да самае смерцi застанешся прыкутым да ложка. А табе тое трэба?
Трэцi. Забудзь на далейшую вучобу. Якая вучоба ў калонii для непаўналетнiх злачынцаў пад незразумелай назваю – спецПТВ?
Ёсць i iншыя прычыны, па якiх непажадана трапляць у лапы нашчадкаў жалезнага Фелiкса, але ўсё ўзяць пад увагу або прадугледзець немажліва. Карацей, апынуўшыся ўнiзе, на рагу вулiцы Ленiна i ягонага ж імя праспекта (ну няма ў нас сваіх вартых павагі герояў!), я няспешна, як просты савецкi чалавек, сцiплы вучань 8 «Б» класа звычайнай мінскай сярэдняй школы, паспяшаўся злiцца з узбуджаным натоўпам, гэта значыць – з масай. Разам з iншымi спрабаваў лавiць улёткі, што падалi з неба. І нават адну ўхапiў. Тэкст ведаў на памяць, але прачытаў яшчэ раз з задавальненнем (не ўголас, вядома, а сам сабе, як тое рабілі ўсе, каго ашчаслівіў): «Дарагiя суайчыннiкi! За пяцьдзясят пяць гадоў знаходжання ва ўладзе бальшавiцкi рэжым выявіў сваю поўную няздатнасць. Узровень жыцця людзей у краiне несупастаўляльны з узроўнем жыцця шараговага заходняга чалавека. Людзi не маюць элементарных свабод, краiна ахінутая жалезнай заслонаю. I пастаўлена яна не для абароны ад знешніх ворагаў. Заслона патрэбная дыктатарскаму рэжыму для поўнай iзаляцыi грамадства, каб народ не ведаў рэальнай, праўдзiвай iнфармацыi i працягваў жыць i працаваць за бохан хлеба i кавалак каўбасы. Мы павiнны разарваць путы, якiя робяць чалавека вязнем, рабом…»
Прачытаў, i пад лыжачкаю засмактала. От ужо нахапаўся слоўцаў з розных буржуйскіх «галасоў». Дагуляюся, ой дагуляюся! Змывацца! Неадкладна! За такiя тэксты, калі зловяць, i сапраўды мала не будзе.
Шпаркім крокам перайшоў вулiцу, падбег да прыпынку. Хутчэй бы «двойка» пад’ехала. Хутчэй… Стоп! На тралейбус, што iдзе проста да дома, сядаць не трэба. Канспiрацыя – адзiн са складнiкаў поспеху падпольшчыка, ягоны шанец уцячы ад шпегаў, спушчаных уладаю. А таго, хто такое ўчыніў, злавiць i як належыць пакараць абавязкова пастараюцца. Усю кадэбэшную арду кiнуць шукаць. I мянтоў на дапамогу падымуць, i дружыннiкаў далучаць, i дворнiкаў апытаюць, i яшчэ чорт ведае каго прыцягнуць да палявання на паслугача iмперыялiзму.
Значыць, так: пару прыпынкаў прайду пешкі, пасля сяду на трыццаць сёмы аўтобус, што зварочвае за квартал ад нашага дома, а потым – зноў на сваiх дваiх. Заадно i ад хваста (а раптам ужо селі?) пазбаўлюся.
Сам здзiвiўся, як хутка дабраўся да двара. Схаваўся за альтанкаю: думаў, што рабiць далей. Дадому – няможна. Там могуць быць госцi. Тыя самыя, нязваныя. Зашчымела сэрца. Колькі там часу? Без пятнаццаці шэсць. Хутка мама з работы вернецца. Дачакаюся, а там пабачым… «Нарэшце! – страпянуўся, згледзеўшы, як мама напрасткі ішла праз двор. – Зайшла ў пад’езд, зараз пакліча», – пракаментаваў, злавіўшы сябе на тым, што гэтак, пэўна, ацаніў бы сітуацыю і наружнік контрразведкі. Вось яно, вясёлае жыццё нелегала!
Праз хвiлiну з балкона пачулася:
– Дзiма, ты дзе? Iдзi дадому!
Адразу з-за альтанкi не выйшаў: раптам у мамы за спiнаю якая свалата схавалася. Пачакаў – нiкога.
– Я тут, мама, – паказаўся са сваёй схованкi.
– Ты зноў нiчога не еў! Дзеля чаго я ўвесь ранак ля плiты стаю? Зараз жа за стол!
Мая добрая клапатлівая мама! Адно і турбуецца, каб сын не быў галодны. I абавязкова ўсiм суседзям паведамiць, што я вярнуўся.
– Iду, iду, падымаюся, – прамармытаў таропка.
Заходзіў у кватэру і ўсё яшчэ хваляваўся, гадаў: высачылi цi не? Разгледзеўся: сапраўды нiкога, адна мама. Здаецца, усё цiха. Што ж, можна i перакусiць.
Павячэраўшы, узяўся за ўрокi. Вучыў, нібыта намагаўся за вечар вызубрыць усю гадавую праграму. Што, калі і праўда ў мяне не будзе гэтага года?
З трывожнымі думкамi лёг спаць. Стомленасць узяла верх над хваляваннем, i неўзабаве я апынуўся, як пісалі ў старых кнігах, у абдымках Марфея.
Прачнуўся сам. Упершыню. У школу заўсёды будзiла мама, але ў пяць ранiцы, як гэтым разам, яна, вядома, і сама яшчэ спала. «Не шумець», – загадаў сабе i, асцярожна ступаючы, прайшоў на кухню. Уключыў радыёпрыёмнiк. Знайшоў патрэбную хвалю. Ага, вось яно: «Вы слухаеце радыё “Свабода”. Перадаём апошнiя навiны». Нечакана сярод іншага прагучала: «Учора каля сямнаццацi гадзiн у цэнтры сталіцы Беларусі горада Мінска невядомыя змагары з таталiтарным рэжымам раскiдалi ўлёткі з заклiкам да звяржэння існуючага ладу…»
«Ужо ведаюць, на ўвесь свет перадалi», – мiжволі ўсмiхнуўся з радасцю i гонарам. Акрыяў духам. Па целе прабегла цёплая і прыемная хваля. «Перамога! – крычаў ува мне шчаслівы голас. – Ты зрабiў свой выбар, адкінуў прэч баязлiвасць, пазбыўся путаў. Цяпер ты павiнен…»
– Так, цяпер я павiнен бегчы, уцякаць без духу, iнакш… «А куды? – перапыніў мяне той самы ўнутраны, але ўжо нярадасны голас. – Уцякаць няма куды. Навокал – сцяна, мяжа, памежнікі, аўтаматы…»
Рыпнулі дзверы. Мама! Напэўна, я дужа хваляваўся i гаварыў уголас.
– Зноў за сваё? – падышла да мяне. – Зараз жа выключы прыёмнiк. Трасца б таму дзеду! Падарыў любаму ўнуку на маю галаву гэтую праклятую цацку. Нi ўдзень, нi ўночы спакою няма. Ідзі кладзіся! Не развіднела яшчэ.
Заснуць, вядома ж, не мог, не да сну было. Як там сказалi?
«Невядомыя змагары з таталiтарным рэжымам»? У салодкiх марах пра сваё геройства пракідаўся ў ложку да ранку.
У клас зайшоў, як заходзiць навiчок. Усё выдавала чужым, незнаёмым, нібы бачыў упершыню. Няўжо за тыдзень вакацыяў так ад школы адвык? Цi гэта пасля ўчарашняга вочы на свет па-iншаму глядзелі?
Урок пачаўся з нечаканасцi. Не паспела настаўнiца абвясціць новую тэму, як адчынiлiся дзверы. Дырэктар! За iм увайшоў высокi, стрыжаны амаль пад «нуль» мужчына ў цёмным доўгiм плашчы.
«Ходзіць па школе ў верхнiм адзеннi, – адзначыў я, – і дырэктар на такое недапушчальнае, як сам бы сказаў, парушэнне не рэагуе. За якія заслугі стрыжанаму такі прывiлей?»