– Спадабалася на горад з вышыні глядзець? – пацікавіўся бацька, калі па просьбе сына яны ўзнесліся пад неба трэці раз.
– Вельмі! – запэўніў сын. Але нечакана прызнаўся: – Я, татка, вышыні баюся, але з табой мне ані не страшна! От і выхоўваю сябе.
– Ты ў мяне малайчына! – абняў бацька сына. – Цяпер мы разам, а разам мы – сіла, і табе няма чаго баяцца.
Доўга каталіся на розных кружылках, машынках, паравозіках ды лодачках, а пасля сын зноў пацягнуў бацьку да «чортавага кола».
– Татка, давай яшчэ раз. Хачу пераканацца, што цяпер дакладна не спужаюся.
– Давай! – падзівіўся бацька сынавай упартасці, але, згадаўшы, што гэтакім быў і сам, з усмешкай падумаў: «Можа, таму і выжыў».
Уволю накружыўшыся – у Валіка ўжо ногі падкошваліся, – вырашылі перадыхнуць і падсілкавацца.
У рэстаран зайшлі ўтрох – запрасілі і кіроўцу. Пастукалі ў дзверы – замкнёна: да шасці вечара там быў перапынак, але таксіст дамовіўся са швейцарам, і іх пусцілі, з ходу падалі абед.
Бацька еў асцярожна, як бы з недаверам: адвык ад нармальнай ежы. Там, у сібірскіх лагерах, яна й не снілася, і памяць спакваля слабела: забываўся смак белага хлеба, пах смажанага мяса, водар спелага яблыка.
Таксіст жа ўмінаў, быццам перад гэтым пасціў цэлы тыдзень. Не адставаў ад яго і Валік.
– Татка, я пасля марожанага не падымуся. Давай возьмем яго з сабой!
– З сабой прыхопім мандарыны, а марожанае можаш не есці. Шмат салодкага – толькі пашкодзіць.
Наступны прыпынак падказаў таксіст, якому перадаўся іхні настрой:
– Жонка днямі ў «Дзіцячы свет» заходзіла. Казала, туды імпартныя цацкі прывезлі. Прыгожыя – слоў няма. Але дарагія…
– Нічога, прарвёмся, – пагладзіў бацька сына па галаве, убачыўшы, як заблішчэлі ў таго вочы. – Адзін раз жывём. Едзем!
Пад заморскія цацкі ў краме адвялі асобную секцыю.
– Ух ты! – здзіўляўся сын, азіраючы паліцы. – Бачыш, татка, колькі ўсяго?
– Не траць марна часу, выбірай, што падабаецца, – падахвоціў бацька.
А Валік не можа выбраць: разгубіўся. Да аднаго памкнецца, да другога. Давялося бацьку прыйсці яму на дапамогу.
– Ты ж ужо не малы, нешта адпаведнае і нагледжвай.
Выходзіў Валік з «Дзіцячага свету», і ягоны твар ззяў ад шчасця. Пра такія цацкі і марыць не мог, і зараз нават на хвіліну не хацеў з імі разлучацца – ану як абарвецца гэты чароўны сон? – і нёс усе набыткі сам.
– Надарвешся ж, давай хоць што вазьму, – ішоў бацька за сынам.
– Не хвалюйся, татка, – адказваў ганарліва Валік. – Я дужы.
Кіроўца сустрэў іх вясёлым «О-го-го!».
– Складвай свае набыткі, – адчыніў перад Валікам дзверцы. – Эх, мне б такога татку!
– Такі ёсць толькі ў мяне, – пахваліўся Валік.
Бацька забраў у яго вялізную, з карычневага велюру малпу, ярка-чырвоную – ніколі такіх не даводзілася бачыць на дарогах – «Татру» з прычэпам, камплект кітайскіх ракетак для бадмінтона і настольнага тэніса. Заняў імі правую палову задняга сядзення. Сам сеў спераду. Спахапіўся, спытаў у таксіста:
– А ў цябе дзеці ёсць?
– Двое. Пагодкі. Гэткія ж архараўцы, як і твой.
– Валік, – павярнуўся бацька да сына, – няўжо пакінем архараўцаў без падарункаў? Кажы шчыра: чаго не шкада?