Стужку праявіў колькі дзён таму. Тры вялікія пачкі фотапаперы прыслаў на дзень нараджэння з Мурманска стрыечны брат Сярожа. Заставалася набыць хімікаты, каб надрукаваць здымкі. Па дарозе ў «Культтавары», дзе быў аддзел фотатавараў, Лёша зайшоў у аптэку і купіў батончык гематагену.
У магазіне агледзеў паліцы фотакутка. Было ўсё: і праяўляльнік, і фіксаж. Узяў па пакеціку таго і другога. «Cтоп, што гэта? – позірк запыніўся на новай лічбе на цэнніку фіксажу. – Чаму трыццаць дзве капейкі? Ён жа каштаваў трыццаць. Трыццаць! Я ж добра памятаю».
– Цётачка, – звярнуўся Лёша да прадаўшчыцы, што стаяла ў зале, – а чаму фіксаж падаражэў?
– У нашай краіне ніколі нічога не даражэе, – падышла да яго прадаўшчыца. – Ты абы-чаго не пляці, – узяла ў рукі пакецік, пакруціла, зірнула на адваротны бок. – Зразумела. За трыццаць быў расійскі, а гэты – з Азербайджана, – кінула фіксаж на паліцу. Вярнулася да выхаду з залы і стала ў праходзе за касаю.
Магазіны самаабслугоўвання толькі ўваходзілі ў моду, і разам з імі, як насланнё, з’явіліся мажныя цёткі-кантралёркі, што правяралі пакупнікоў на выхадзе. Тут жа, каля касы, яны бесцырымонна абшуквалі іх.
Западозрыць і абшyкаць маглі кожнага. І кожны, пакуль цётка прамацвала яго кішэні, стаяў і, апусціўшы галаву, маўчаў. Зрэшты, не высоўвацца, не падымаць галаву яго прывучыла жыццё.
Гэтак цяпер стаяў Лёша. На імгненне ён ачуўся, пачаў быў нешта гаварыць, але ўбачыў разяўлены ў крыку рот настаўніцы і з перапалоху зноў знямеў, адасобіўся ад класа, успамінаў… Ён тады доўга, як непрыкаяны, хадзіў па магазіне. Думаў: «Што рабіць? От не пашэнціла дык не пашэнціла! Каб ведаў, што фіксаж падаражэе, абышоўся б і без гематагену. Хацеў жа спачатку купіць глюкозу за шэсць капеек. Чаму не купіў? Засталося б яшчэ на газіроўку з сіропам, і засталіся б гэтак патрэбныя дзве капейкі. Што ж рабіць? Дома і акенца ў ванным пакоі завесіў, і тры ванначкі для праяўляльніка, фіксажу і вады падрыхтаваў. І старую чарцёжную дошку на ванну паклаў: Павел Іванавіч, сусед-пенсіянер, падказаў, як абсталяваць часовую фоталабараторыю. “Без фіксажу, – казаў Павел Іванавіч, – не абысціся: фотакарткі пажаўцеюць”. Ага, прыдумаў! У мяне ж ёсць гематаген! Добра, што па дарозе яго не з’еў. Пакладу на паліцу трыццаць капеек, а заміж дзвюх, якіх не стае, пакіну гематаген. Праяўляльнік аплачу ў касе, а фіксаж пранясу так, не паказваючы. Калі ж заўважаць, cкажу, што заміж дзвюх капеек пакінуў гематаген за адзінаццаць».
Лёша не схаваў фіксаж за пазуху, як гэта зрабіў бы кожны зладзюжка, а паклаў у нагрудную кішэньку кашулі. Ён не ведаў, што праз тонкую паркалёвую тканіну пакецік не толькі відаць, але нават назва яго чытаецца.
Касірка паглядзела на Лёшу, усё зразумела і хацела была спытаць: «Што ў цябе там, прызнавайся?», ды перадумала.
«Цікава, – вырашыла праверыць, – гэтая экс-спартоўка, кабыла ў спадніцы, Алімпіяда Іванаўна Баран (прыдумаў жа Бог спалучэнне!) заўважыць зладзюжку ці не? Калі не, я адразу скажу загадчыцы, як пільна Алімпіяда нясе службу, як хвацка зладзеяў прапускае. Эйш ты, дзелавая знайшлася, працаваць вучыць, заўвагі робіць. Я, ці бачыце, марудна пакупнікоў абслугоўваю! Ды якая твая сабачая справа?! Пaсядзела б сама цэлы дзень на касе».
Мажная, шырэйшая за дзверы, блізарукая Алімпіяда Іванаўна пaглядзела на Лёшу зверху ўніз, нічога падазронага не заўважыла, і ён накіраваўся да выхаду. Ішоў няспешна, каб не выдаць сябе.
«Ага, Бараніха, – узрадавалася касірка, – прапусцілатакі несуна. Не дагледзела».
– Трымайце злодзея! – усхапілася з крэсла, пабегла да дзвярэй і загарадзіла Лёшу дарогу. – Прызнавайся, – торкнула хлопчыку ў грудзі, – што ўкраў?
– Баліць… – прамямліў Лёша, міжволі зрабіўшы крок назад. «Так і мусіла скончыцца, – апусціў галаву. – Зло павінна быць пакарана. А я зрабіў зло».
– Баліць, ці бачыце, яму! Ах, якія мы датклівыя! Пацерпіш! – раўнула касірка. – Ану, пакажы, што ў цябе ў кішэні? – Яна зноў торкнула Лёшу ў грудзі. – Во ў гэтай!
– Ф-фіксаж, цётачка, – з перапалоху заікнуўся Лёша. – Я за яго заплаціў. Заміж дзвюх капеек, якіх неставала, паклаў на паліцу гематаген, а ён каштуе адзінаццаць.
– Які яшчэ гематаген?! Што ты вярзеш? – схапіла касірка Лёшу за руку. – Пайшлі, у іншым месцы разбяромся!
– Ён і гематаген недзе ўкраў, – учапілася за Лёшаў каўнер Алімпіяда Іванаўна. – Трымай байструка, Верка, мацней трымай! Вядзі да загадчыцы! І міліцыю трэба выклікаць! Злавілі нарэшце зладзюгу! Гэта ён усё лета магазін абкрадаў! За яго мы свае кроўныя выкладвалі.
Лёшу прывалаклі ў кабінет загадчыцы, але той на месцы не было – выйшла да сяброўкі ў суседні магазін «Садавінагародніна».
Прайшло пяць, потым дзесяць хвілін, але гаспадыня ў кабінет не вярталася. Параіўшыся, касірка і кантралёрка надумалі выклікаць міліцыю. Руплівая абаронца справядлівасці Алімпіяда Іванаўна патэлефанавала на 02, і цяпер абедзве моўчкі сядзелі, пільнавалі Лёшу і чакалі падмогі.
Міліцыя доўга не з’яўлялася, але да тэлефона жанчыны больш не падыходзілі. Яны былі не супраць, калі чаканне задоўжыцца і да абеду: сядзець у кабінеце – не трудзіць ногі ў зале.
У Лёшы паціху нагортваліся слёзы. Ён ні разу ў жыцці не сутыкаўся з міліцыяй, але чамусьці, калі чуў гэтае слова, да горла падкочваў камяк.
Алімпіяда Іванаўна выйшла з кабінета – яе паклікалі ў залу, а касірка па-ранейшаму ёрзала на крэсле. Убачыўшы прыбіральшчыцу, якая праходзіла міма, паклікала:
– Валя, я тут схаджу ў адно месца. Прыгледзь за гэтым… З мокрай анучаю ў адной руцэ і жалезным вядром у другой у кабінет увайшла невысокая сівавалосая жанчына ў старэнькай шарсцяной сукенцы – падобную Лёша бачыў на бабулі.
– Ну што, хуліган, папаўся? – спытала, быццам вітаючыся. – Шмат украў?
– На дзве капейкі… – паліліся ў Лёшы слёзы.
Пры гэтай, у «бабулінай» сукенцы, жанчыне ён адчуў сябе спакайней, расслабіўся і заплакаў. «Пры ёй можна», – вырашыў.
– Мужчыну сорамна плакаць, – падышла да яго прыбіральшчыца. – Не румзай. Першы раз украў?
– Я не краў – абмяняў. – У Лёшы па-ранейшаму цяклі слёзы. – Заміж дзвюх капеек пакінуў гематаген.
– Гематаген? – перапытала прыбіральшчыца. – Заміж дзвюх капеек? Ну, ты даеш! – усміхнулася. – Во абмен! Ну і ну. Але ж тут разбірацца не будуць. Яны даўно некага ловяць. Праўда, пакуль што крадзяжы былі толькі ў школьным аддзеле: то аловак знікаў, то гумка, то сшытак. Cлухай, а давай я цябе адпушчу? За дзве капейкі табе тут жыццё могуць пакалечыць. Толькі ты ўжо, калі ласка, нейкі час не прыходзь сюды, не паказвайся.