«Мы, Піянеры Савецкага саюза (так, «Піянеры» з вялікай, а «саюз» з малой свядома напісаў Санька) – А., Ц., С. і Ë., – ствараем тайнае таварыства, задача якога – канструяванне міні-верталёта для падарожжаў па зямным шары і азнаямлення з жыццём іншых народаў… Клянёмся…» А. – гэта Аляксандр – сам Санька, кіраўнік арганізацыі. Ц. – Цімка, дружбак з дома насупраць, намеснік па гаспадарчай частцы. У іхнім хляве, што стаяў у глыбіні саду, было ашчадна складзена мноства розных дошчачак і брускоў, два-тры фанерныя шчыты, алюмініевыя трубкі рознай даўжыні і дыяметру, жалезныя нарожнікі, іншыя патрэбныя рэчы, – Цімкаў бацька быў вядомы ў наваколлі майстар.
С. – другі Санькаў сябрук Сяргей, які жыў у Мурманску, але ўсё лета праводзіў з камандаю на «чыгунцы»; ён быў сынам вядомага палярнага лётчыка і таму адказваў за праектаванне «аб’екта».
Л. – Людка, найхарашэйшая на іх вуліцы дзяўчынка, першае Санькава каханне. А плюс да ўсяго актыўная змагарка за справядлівасць. Калі яна выпадкова стала сведкай расправы над Тузікам, дык пабажылася адпомсціць ужо згаданаму ненавісніку чатырохногіх. І адпомсціла. Міліцыянер хадзіў на работу паўз яе дом. У пустую каробку з-пад абутку Людка паклала цагліну. Міліцыянер быў вялікім аматарам пафутбольнаму памахаць нагамі і заехаў ботам па каробцы, што ляжала на сцежцы. Ох, і роў бугай у міліцэйскай форме! Да станцыі кульгаў, захлынаўся мацюкамі. «Гэта табе за Тузіка!» – прыгаворвала, грозячы яму ўслед кулачком, Людка.
«Жах!» – скалануўся Санька, успомніўшы тэкст клятвы, але, як замесці след, скеміў імгненна.
– Тут сплю я, – падышоў да ложка. – А гэтую падушку мне бабуля падарыла нядаўна, на дзень нараджэння, – падказаў трасунам «патрэбны кірунак».
– А-га-а! – зацягнулі госці дуэтам, павёўшыся на прынаду. – Падушка як мае быць!
– Ну і як? – падміргнуў Саньку малодшы. – Не мулка спіцца на абноўцы? Нешта ж яна вельмі цвёрдая.
Ён падкінуў падушку, злавіў, пакруціў, сціснуў, абмацаў па ражках. Не выявіўшы нічога падазронага, кінуў на падлогу, узяўся за сяннік. Не знайшоўшы кампрамату і ў ім, паціснуў плячыма і павярнуўся да старэйшага:
– Нічога. Падушка як падушка, і ў сенніку – адна салома.
– Шукай-шукай! – загадаў той. – Не веру, каб у бярлозе белагвардзейскага афіцэра нічога каштоўнага не знайшлося! Адчуваю, хаваюць крамолу. Глядзі, як падазрона ў малога вочкі бегаюць.
Добры, сабачы нюх быў у старэйшага. Ён, напэўна, часта знаходзіў тое, што шукаў. У дадатак і вока пільнае меў: адразу ўгледзеў, калі Санька занепакоіўся. Але гэтым разам ён дарэмна палез у камоду з бялізнаю. І заўсміхаўся, абрадаваўся рана – маўляў, во дзе прыхавана золата! А між іншым, бальшавікі сумленна вычысцілі хату яшчэ ў дваццатым, нават заручальны пярсцёнак у гаспадыні з пальца здзерлі.
– Першая паліца – не паказчык, – каментаваў сваё шуканне ў камодзе, навучаючы заадно жыццю калегу-навічка. – Другая… Другая – такс-сама. А вось і знайшлі! – выняў, рады, некалькі дзядулевых лістоў, прысланых з Сібіры. – Я ведаў, што ў гэтым доме калі не золата, дык «палітыка» абавязкова знойдзецца! Ужо цяплей. Лісты – у папку. З імі пасля разбяромся. Пайшлі далей. Камода – пустая… Цяпер – сервант. Стары – можа, з сакрэтамі. Памажы, – паклікаў напарніка. – Адсунем… Заднюю сценку, здаецца, не чапалі. А што ў шуфлядах? Відэльцы, лыжкі… А ўверсе? Кубкі, падшклянкі. Срэбныя ёсць? Не маўчы, старая, да цябе звяртаюся! – падвысіў голас. – Адкуль? Ты мне пытанняў не задавай. Глядзі, асмялела! Забылася, як… – хацеў асвяжыць яе памяць, але, паглядзеўшы на памочніка, перадумаў. – Я з табою пасля разбяруся! У іншым месцы… А тут што? Талеркі? І ўсё? – рэзка павярнуўся да напарніка. – Чорт бы іх пабраў! – Але не спыніўся, пачаў аглядаць пакой. – Ану прайдзіся, а я паслухаю. Можа, якая маснічына пра гэтую сямейку што раскажа.
Наконт маснічын ён слушна скеміў. Але, калі ягоны вучань наступаў на «патрэбныя», тыя не рыпелі, бо хадзіў ён не па голых дошках, а па раскіданым па ўсёй хаце адзенні.
«На месца рэчы трэба класці», – параіў яму Санька ў думках.
Цыбаты абтупаў усю падлогу – дошкі маўчалі.
– Няма часу, яшчэ два дамы наперадзе, – сказаў раптам старэйшы, зірнуўшы на гадзіннік. – Шкада, сцены не прастукалі, хоць шпалеры, здаецца, не мянялі. Узняць бы яшчэ падлогу не пашкодзіла, ды час падціскае. Нічога, не апошні раз.
Госці вярнуліся ў вузкі калідор, прайшлі ў кухню. Керагаз не гарэў. Старэйшы, незадаволены вынікам ператрусу, сыходзячы, здумаў яшчэ раз укалоць старую:
– Бачу, гаспадыня не запрашае гасцей да стала? Мы да яе па-добраму, па-чалавечы, а яна, значыць, во як. Ясна! Гарбатую магіла выпрастае.
Бабуля маўчала. Санька хацеў быў адказаць за яе, як след адказаць, ды заадно спытаць пра дзедавы лісты, але яна прыціснула ягоную галаву да сябе.
Госці пайшлі да веснічак. Выгляд у іх быў заклапочаны, але не расчараваны: можа, у іншых дамах што каштоўнае знойдзецца?
Бабуля прысела на ўслон ля парога, цяжка задыхала. Санька ведаў, што будзе далей. Яна пагладзіць яго, скажа: «Схадзі, унучак, у сад, пагуляй». А сама горка заплача, пачне стагнаць, біць маленькімі сухімі кулачкамі сябе па каленях і пасля доўгадоўга будзе нешта шаптаць сама сабе, прыгаворваць.
Так і сталася.
Санька выйшаў у двор, падняў самакат. Адштурхнуўся, пакаціў па лядовай дарожцы. Ля арэляў спешыўся, падышоў да любімай яблыні. Пагладзіў яе. Спытаў:
– Бачыла? Яны трэслі хату, палохалі, хацелі, каб я здаўся, усё расказаў. А здацца – значыць здрадзіць Людцы, сябрам.
«Няма нічога горшага за здраду», – успомніў бабуліны словы. – Не дачакаюцца! – запэўніў яблыню.
Падбег Тузік, пацёрся, прасіў прылашчыць яго. Санька пагладзіў сябра: «Нічога, адаб’ёмся». Разгледзеўся. Дзень быў цудоўны: снег, лёгкі марозік, халаднаватае, але яркае сонца. Злеплены заўчора, у адлігу, снегавік па-змоўніцку падміргнуў яму: не бойся, гэта ж наш сад, мы тут гаспадары.
Да Новага года заставалася багата часу – цэлы вечар. Яны яшчэ паспеюць аздобіць ёлку. Цацкі падрыхтавалі загадзя: увесь апошні тыдзень клеілі з паперы розных жывёлін, птушак, рыбак, гномікаў, выразалі сняжынкі. Усё расфарбавалі. Нават Дзеда Мароза бабуля пашыла.
– Усё будзе добра, – прашаптаў Санька ці то сабе, ці то яблыні, адчуваючы, як ад холаду яго бяруць дрыжыкі, як пачынае трымцець і калаціцца ягонае худое цела, як злы мароз сціскае ледзянымі пальцамі сэрца.
Тады Санька не разумеў, што гэта быў не холад, а – страх.
Бацька і сын