Ён узяў сына на рукі і спыніў таксі. Яму, вядома ж, не да шыку, ды такой бяды! За гады, праведзеныя ў лагеры, атрымаў сякую-такую кампенсацыю – павінна хапіць, каб пражыць на волі, не рупячыся пра грошы… адзін дзень. Сёння гэты дзень настаў – дзень нараджэння сына. Так і сказаў таксісту:
– У нас з мальцам свята. Будзем гуляць. І ты з намі. Дапазна. Згода?
– Гуляць дык гуляць, – пагадзіўся той. – Якія пытанні? Бацька вярнуўся напярэдадні. Аднаму Богу вядома, чаго яму каштавала трапіць дадому акурат пад гэты дзень. І цяпер, ушчэнт змучаны, побач з сынам ён пакрысе ачуньваў. Яны раскашавалі на заднім сядзенні. У нейкі момант бацька нахіліўся, ціха сказаў:
– Валік, мой маленькі выратоўца, які ж я шчаслівы, што бачу цябе.
Сын не разумеў, як ён зрабіўся бацькавым ратаўніком, але адчуваў сябе на сёмым небе: татка вярнуўся! Ён не ведаў і не мог ведаць, што ў час папярэдняга следства ва ўнутранай турме НКВД два вылюдкі катавалі бацьку. Перад імі была пастаўлена задача: «Адбіць нацдэму мазгі, каб уласную маці не пазнаў!» І яны пастараліся. Шматлікія кровазліцці затапілі памяць, і калі б не вядомы ленінградскі хірург, які быў арыштаваны па справе лекараў і сядзеў разам з бацькам, наўрад ці пазнаў бы ён каго, наўрад ці наогул вярнуўся б з лагера. Хірург быў і някепскім псіхолагам – апякуючыся бацькам, ён нястомна паўтараў: «Памятайце – дома вас чакаюць». Гэтая мабілізацыйная тэрапія дапамагла.
– Татка, на скрыжаванні давай павернем направа, там, на рагу, ёсць цір, – крануў сын бацьку за плячо.
– Спыніся пакуль, браток, – сказаў бацька, і таксіст прытармазіў ля невялікага, кшталту гаража, будынка. – І пачакай.
Сыну не цярпелася пастраляць з «амаль сапраўднай вінтоўкі». Ён першым выскачыў з машыны і кінуўся ў расчыненыя насцеж дзверы.
– Рады вас бачыць, маладыя людзі, – вітаў іх пажылы чалавек з мыліцай замест левай нагі. – Мяне завуць Анатоль Сцяпанавіч. А вы можаце і не гаварыць пра сябе нічога. І так бачу: бацька з сынам прагуляцца выправіліся. Якія вінтоўкі выбераце? «Пад абрэз» ці «па цэнтры»? Раю «пад абрэз». Яны лепш прыстраляныя.
– Што ж, – усміхнуўся бацька, – нясіце прыстраляныя. І сыну, калі можна, падстаўку падбярыце па росту.
– Усё зробім, не турбуйцеся. Трымайце вашу зброю. А пістонаў колькі насыпаць?
– Татка, можа, болей возьмем? Хочацца і вятрак запусціць, і танк падбіць, і карабель, і ў самалёт пацэліць. У самалёт найцяжэй. Аднойчы спрабаваў – нічога не выйшла. Бачыш, якая маленькая пад ім кропачка? Збіць самалёт – мая мара.
– Гэта не мара, сынок, гэта хутчэй задача. Мара – гэта нешта іншае. Напрыклад, я мару, каб ты вырас сумленным чалавекам. Адважным, шчырым, добрым. Каб памятаў, дзе нарадзіўся. А пістончыкаў мы купім колькі захочаш. І не спяшайся, добранька мецься. Але дай Бог, каб такія практыкаванні табе ніколі не спатрэбіліся, – дадаў цішэй.
Валік пачуў, але не ўспрыняў апошніх бацькавых слоў. Успрыняў іншае: «добранька мецься». Тут ён пастараецца, татку за яго не будзе сорамна. Меціўся не спяшаючыся, стаіўшы дыханне. І ў яго, наўздзіў, амаль усё атрымалася.
– Ну, вы, хлопцы, даяце! – ахаў Анатоль Сцяпанавіч. – Усё пазбівалі. Нават і не помню, калі ў маім ціры такое надаралася апошнім разам. План продажу пістонаў выканалі. Можа, была не была, па другім крузе пройдзецеся?
– Не, – пакруціў галавой бацька. – Па крузе – не трэба. Круг – гэта кола, ланцуг, безвыходнасць. Таму толькі наперад! Дзякуй вам за ўсё, але – паедзем далей. Так, Валік?
– Так, татка! – кіўнуў сын і з гонарам падумаў: «А самалёт я ўсё-ткі збіў».
– Заходзьце яшчэ! Добрым людзям заўсёды рады, – развітаўся Анатоль Сцяпанавіч, праводзячы іх да машыны.
– Куды цяпер, панове снайперы? – спытаўся таксіст, адчыняючы дзверцы.
– А давай, татка, у парк паедзем, – прапанаваў Валік. – Хлопцы расказвалі – там новыя атракцыёны паставілі.
– Жаданне імянінніка – закон! – усміхнуўся бацька. – Давай, дружа.
– Няма праблем. Даляцім за дзесяць хвілін, – запэўніў таксіст.
Але бацька астудзіў ягоны імпэт:
– Гнаць не трэба. Я ў гонках пражыў усё жыццё. Хопіць! Едзь паціху.
– Як загадаеце, – паціснуў плячыма таксіст і падкрэслена мякка рушыў з месца.
Святочная атмасфера парку захапіла сына. Ён перабягаў ад аднаго атракцыёна да другога і пытаўся:
– Татка, а тут пакатаемся? А на вунь той білеты возьмем? А туды паспеем? А там не зачыніцца?
Бацька радасна ківаў галавою:
– Паспеем! Не зачыніцца!
На «чортавым коле» Валік затрымаўся надоўга.