Ён не бачыў, як загарэўся, запалаў, закрычаў чырвоны сігнал святлафора. Ён не бачыў… Пачуў толькі скрыгат тармазоў грузавіка, што імчаў на яго. Ратуючыся, падскочыў, пракаціўся па ягоным капоце, па лабавым шкле, зноў упаў на капот і адляцеў убок, на газон узбоч дарогі.
Лёша ляжаў, глядзеў у неба, не дыхаў. Стаіўся. Баяўся. Зноў – баяўся.
Кіроўца «ЗІЛа» выскачыў з машыны, падбег, жахнуўся:
– Божа! – нагнуўся да хлопчыка. – Чаго ж ты пад колы кідаешся?
– Я не хацеў, – спалохана вымавіў Лёша, – даруйце. Шафёр агледзеў малога:
– Што баліць? Лёша прашаптаў:
– Галава крышку.
Збіраліся людзі. Хлапчук дрыжэў. Зноў яго будуць абгаворваць, судзіць. Наструніўся, паспрабаваў устаць.
– Малайчына, хлопец, – узяў яго на рукі кіроўца. – Давай я табе памагу, добра?
– Ага, дзядзечка, – прашаптаў Лёша. – Забярыце мяне адсюль. Зараз мяне будуць судзіць. Калі ласка.
Кіроўца асцярожна прыціснуў хлопчыка да грудзей, папрaсіў:
– Расступіцеся, таварышы! Дайце прайсці! Адвязу хлопчыка дадому. Ён мой сусед. Не хвалюйцеся, хлопец не траўмаваны. Абышлося, дзякуй Богу. Дайце ж прайсці, кажу.
Ён асцярожна апусціў Лёшу на сядзенне справа ад сябе, выключыў «аварыйку», націснуў на педаль газу, паволі крануўся. Даехаўшы да бліжэйшага святлафора, павярнуў на сваю вуліцу. «Kалі што, “хуткую” з кватэры выклічу», – супакоіў сябе.
Дома кіроўца прайшоў у дзіцячы пакой, паклаў Лёшу на сынаў ложак:
– Ляжы спакойненька. Зараз прынясу ліманаду. Любіш «Апельсінавы»?
– Не-а, – трызніў хлопчык. – Я люблю масты! Масты! У Лёшы было няйначай зрушэнне мазгоў, яму стала горш, ён страчваў прытомнасць.
Кіроўца кінуўся да тэлефона.
– Алё! «Хуткая»?! – з палёгкаю ўздыхнуў: дазваніўся з першага разу. – Здарылася няшчасце! Хлопчык трапіў пад машыну! Што? Гадоў дзесяць. Як завуць? Не ведаю! Чаму не ведаю? Ды што вы ўсё распытваеце, дарэмна час траціце! Тэрмінова прыязджайце! Хлопчыку зусім блага! Дaрагая кожная хвіліна!
Было ў ягоным голасе, відаць, нешта такое, што вымусіла дзяжурную неадкладна выслаць машыну па ўказаным адрасе.
Доктар і медсястра не сталі чакаць ліфта – узбеглі на трэці паверх.
– Дзе хворы? – спытаў доктар. – Там? – паказаў рукою на расчыненыя дзверы ў дзіцячы пакой і, не чакаючы адказу, кінуўся туды. – Герой, прывітанне! – ён не столькі вітаўся, колькі глядзеў: пры памяці хлопчык ці не. – Якія ў цябе моцныя мышцы! – узяў Лёшу за руку. – А куды ты так спяшаўся? Іра, пульс нізкі! Дай мне, калі ласка…
У гэты момант у кватэру ўбегла жонка кіроўцы:
– У школу суседзі патэлефанавалі. Сказалі… Божачкі, што тут здарылася? – закрычала, убачыўшы ля сынавай пасцелі доктара і медсястру. Не пачуўшы адказу, кінулася ў дзіцячы пакой. – Сынок! – паклікала. Але тут жа, не зрабіўшы і кроку, асунулася ля дзвярэй на падлогу.
Сэрца настаўніцы, якая з ранку гэтак зацята змагалася з упартым малым злодзеем, новага напружання не вытрывала.
Арэлі
Мужныя бальшавiкi бегалi па плошчы, раскідвалi ўлёткі. Заклiкалi да звяржэння, знішчэння, рабавання. Дынамiк тэлевiзара хрыпеў і захліпаўся. Залп «Аўроры» разнёс кiнескоп.
Я кiнуўся да тэлевізара, вырваў шнур. Давялi, даканалi, дасталі, гады, што рвуцца з гразi ў князi. Хапіла па горла! У пячонцы сядзяць са сваёй агiтацыяй! Атрымайце ж і вы! Агiтацыя дык агiтацыя!
План, як раскiдаць, рассеяць, распаўсюдзiць (папярэдне ўмудрыўся надрукаваць, і гэта, магчыма, цягне на асобны аповед) у цэнтры мiльённага горада стос улётак з заклiкамi да змагання з камунiстычнай дыктатурай, да звяржэння злачыннага рэжыму і пры гэтым не быць злоўленым, я распрацаваў летам 1972 года, калi дачытваў апошнiя старонкi дзевяцiтомнага Збору твораў Iвана Бунiна. І да сёння не зусім разумею (бо «Акаянных дзён» там не было), якiм чынам навёў мяне класiк на думкi аб пратэсце i злачыннасці далейшага маўчання. Можа, таму ён i класiк?
Дату для выканання акцыi – гадавіну Кастрычніка – выбраў не выпадковую. Хацелася падражнiць звера акурат у дзень яго нараджэння. На даху ГУМа змайстраваў прыладу, да якой быў неабыякавы з маленства, – арэлi. Звычайныя: дошка на двух жалезных, паралельна змацаваных трыкутніках («пазычыў» iх у блізкім дзiцячым садку, няхай даруе мне малеча, усё ж на святую справу ўзяў). Цяжкiя арэлi давялося разабраць (балазе, яны былi скручаныя, а не звараныя) i падняць не за адным разам. На адзін канец дошкі – блiжэйшы да краю даху – паклаў стос лiстовак. Прыцiснуў іх (а што, як вецер падхопіць?) чвэрткаю цаглiны, прывязанай да трыкутніка асновы, – каб знячэўку па галаве каму не пацэлiла i не давялося адказваць адразу па некалькiх артыкулах Крымiнальнага кодэкса – нават з гэтым азнаёмiўся на ўсялякi выпадак. Не забыўся i пра пальчаткi: на кнiгу вядомага француза пра дактыласкапiю i бертыльянаж напароўся яшчэ за год да таго, апынуўшыся ў адной з бальнiц Гомеля. Калi бліжэйшы да краю даху канец дошкi пойдзе ўнiз, мой груз павiсне на вяровачцы, а лiстоўкi пасыплюцца долу. З другога боку – процiвага: вядро з вадою. Падрыхтаваў яго загадзя: збоку, крыху вышэй донца, прабiў цвiком дзiрачку i заткнуў зрэзанай пад конус белай гумкай (Made in Hungary, мiж iншым! – падарунак багатай маскоўскай цёткі). Заставалася дачакацца, калi на праспекце будзе найбольш народу, – гадзіны пiк.
Хвiлiны чакання паўзлі страшэнна марудна, але ўсялякая пакута некалi канчаецца. Зірнуўшы чарговы раз унiз, вырашыў, што большага наплыву людзей на скрыжаванні, бадай, не будзе, i асцярожна выняў гумку-затычку.