Шкада было ўсяго, але яшчэ больш хацелася быць падобным да таткі.
– Можа, ракеткі гэтыя? Хай гуляюць.
Таксіст пачаў быў адмаўляцца, але бацька і слухаць не стаў:
– Калі мы з Валікам надумалі, назад ходу няма. Пытанне закрыта. А цяпер паварочвай – паедзем на вуліцу Маякоўскага. Адразу за рынкам – ведаеш? – лазня. Там і прытармозіш. – Павярнуўшыся да сына, патлумачыў: – Святое для нас з табой месца. Яшчэ да вайны мой бацька – твой дзед – вадзіў у гэтую лазню мяне з братамі.
Лазня для мужчын – перш-наперш парылка. І яны, абодва мужыкі – вялікі і малы, неўзабаве апынуліся ў ёй. Нягледзячы на падарванае ў лагеры здароўе, парыўся бацька зацята, нібы апошні раз, чым заводзіў іншых наведнікаў: яны ледзь не ў чаргу выстраіліся па венікі.
– А сынок увесь у татку, – падахвочваў лазеншчык бацьку, пазвоньваючы бляшанкаю з мокрымі медзякамі. – Вочы вялікія, сінія, нос арліны…
Яму было няўцям, чаму пасля ягоных слоў гэты «азартны папаша» раптам перастаў усміхацца, спахмурнеў. А той думаў: «Не ўсё ты, братка, ведаеш. Не дай Бог хлопцу паўтарыць маё жыццё: лагеры, этапы…»
Пасля лазні бацька папрасіў таксіста завезці іх на Вайсковыя могілкі. Сыну патлумачыў:
– Паедзем наведаем дзеда.
На гэтых могілках Валік яшчэ не быў. Бацька ўзяў сына за руку і павёў яго між кустоў і помнікаў у далёкі закутак. Там, стоячы над грудком з жалезным крыжам, ён, быццам забыўшыся на розніцу ў гадах, распавядаў сыну пра дзеда, які, аказваецца, быў дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэса.
Валік здзіўлена паглядзеў на бацьку:
– Якога такога кангрэса? І бацька прадоўжыў:
– Тады ўпусцілі, можа, адзіны для нашай краіны шанец стаць вольнай, – казаў Валіку, хоць той па-ранейшаму кепска разумеў, пра што ідзе гаворка.
Расказаў бацька і пра тое, што іх дзед уваходзіў у кіраўніцтва падпольнай царкоўнай антыбальшавіцкай арганізацыі, якая дзейнічала ў Мінску ў сярэдзіне трыццатых гадоў.
– Антыбальшавіцкай – гэта супраць бальшавікоў, татка, камуністаў? Хіба былі такія арганізацыі?
– Арганізацыі ў поўным сэнсе слова не было, – нібыта для самога сябе нешта ўдакладніўшы, тлумачыў бацька, – але сёе-тое рабіць людзі спрабавалі. За гэта пасля і адпакутавалі. Быў такі працэс – «дваццаці пяці». На ім судзілі і твайго дзеда. Увогуле ён быў незвычайны чалавек. Вярнуўшыся з лагера, вымушаны як не штодня адзначацца ў міліцыі, усё адно па-ранейшаму слухаў забароненае радыё «Свабода».
– А я помню, як дзед настройваў прыёмнік, – ажывіўся Валік. – Гук быў ціхі-ціхі, і я амаль нічога не разбіраў. Ён і ў шахматы, і ў шашкі навучыў мяне гуляць. І маляваць. А яшчэ ён любіў чытаць вершы Лермантава. Помніў іх са школы. Уяўляеш, татка, – са школы! Я забываю вершы праз тыдзень, а дзядуля памятаў усё жыццё! Як сёння чую ягоны голас:
Белеет парус одинокий В тумане моря голубом!..
Что ищет он в стране далекой?
Что кинул он в краю родном?
– Так, дзед быў дабрэннай закваскі, дарэвалюцыйнай, – падтрымаў бацька Валіка. – А наконт памяці ты не хвалюйся. Памяць разаўецца. Гэта я табе пэўна кажу. Галоўнае – больш чытай, думай, аналізуй. І спортам займайся. У цябе павінна быць дужае, вынослівае цела. Слабыя целам часта і духам слабыя. Хоць бываюць і выключэнні… – Пасля невялікай паўзы дадаў: – Паехалі, нешта цяжка мне тут дыхаецца.
Бацьку і праўда было блага. Зноў наваліліся роспач, нежаданне жыць. Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, ля машыны ён раптам прапанаваў:
– Паехалі ў дом-музей Янкі Купалы.
Але ў музей чамусьці не пайшоў, хадзіў па парку, пра нешта думаў. Валік трымаўся побач. Калі падышлі да моста цераз Свіслач, бацька спыніўся.
– На тым баку вуліцы, вунь там, насупраць, шмат гадоў таму стаяў інтэрнат педагагічнага тэхнікума, – павярнуўся да сына. – Незвычайная, скажу табе, была навучальная ўстанова. Выкладчыкі ні ў чым не саступалі прафесарам з універсітэта. Уласна, яны і былі ўніверсітэцкімі прафесарамі. Тут вучыліся і мае браты – твае дзядзькі. Вучыліся і многія беларускія пісьменнікі. Большасць з іх пасля былі расстраляныя. Выжылі адзінкі. У школе ты будзеш вывучаць іх творчасць. З дзесяці супрацоўнікаў газеты, у якой брат тады лічыўся рабкарам, дзевяцярых арыштавалі і неўзабаве, асудзіўшы, забілі. Але аднаго не зачапілі, нават наадварот. Яму даручылі адказнае заданне – набраць новы штат рэдакцыі і ўзначаліць яго. Падобнае адбывалася амаль ва ўсіх выданнях: пакідалі жывымі, нібы на развод, аднаго-двух. Цяпер яны заслужаныя людзі, лаўрэаты. Але годзе пра благое, – падсумаваў бацька, падыходзячы да машыны. – Ёсць прапанова. Адсюль ужо недалёка да возера, – паказаў рукой. – Як ты глядзіш на тое, каб паплаваць?
– Татка, ты ж ведаеш, купацца я заўсёды гатовы!
«Ведаеш…» Ён зноў, як і ад слоў лазеншчыка, уздрыгнуў. Адкуль яму было пра гэта ведаць? Ужо калі неяк наладзілася з ліставаннем, прыйшла вестка, што ў іхнім вялікім доме хлопец застаўся адзін: халодным снежаньскім ранкам туберкулёз звёў у магілу маці, неўзабаве пасля нервовага зрыву злегла бабуля. Шэфства над імі ўзялі суседзі – муж і жонка.
Сеў, крануў кіроўцу за локаць.
– Паехалі, дружа. Напаследак – да возера.
Возера спаткала іх прахалодай і свежасцю. Адразу неяк вальней стала дыхаць.