– Ніколі не прыйду і не пакажуся! І фaтаграфаваць болей не буду! – зноў захныкаў Лёша.
– Ну, добра, добра, годзе раўці. Слязьмі гору не паможаш! Толькі нервы сапсуеш, а яны, кажуць, не аднаўляюцца.
Лепш сігай вунь у тыя дзверы, і чым хутчэй, – махнула прыбіральшчыца анучай у бок цёмнага калідора. – Пакуль нікога няма.
Лёша перастаў плакаць. Выпрастаўся. Выцер вочы. Паглядзеў на сваю ратаўніцу.
– Уцякаць? Ніколі! Уцякаюць баязліўцы, – успомніў словы аднаго з герояў Жуля Верна. – Не хачу быць баязліўцам.
– Ну вось, – развяла жанчына рукамі, – ужо ідуць. Давядзе цябе твая ўпартасць.
Увайшоў міліцыянер, і яна змоўкла. Лёша прыгледзеўся: не, гэта не міліцыянер, а міліцыянерка, адно што твар у яе нейкі квадратны. Лёша ўжо разбіраўся ў званнях і, зірнуўшы на пагоны, вызначыў: цётка – старшы лейтэнант. Веку – мамінага, але мама не тоўстая.
– Ну што, папаўся? – павярнуўся да Лёшы квадратны твар.
– Дык я… – хацеў растлумачыць хлопчык, што да чаго, але твaр не даў яму сказаць, перапыніў:
– Пайшлі! У мяне ў кабінеце пагаворым. Там вы ўсе больш гаваркімі робіцеся.
Дзіцячы пакoй міліцыі быў праз два пяціпавярховікі ад магазіна. За нядоўгую дарогу Лёша зразумеў, што нездарма ў яго пры слове «міліцыя» займала дух і заплятаўся язык. Лейтэнантка вяла яго, моцна сціснуўшы руку. Лёша трываў боль. Няхай усе думаюць, што ідзе мама з сынам, а не злодзея цягнуць у турму садзіць.
Кабінет лейтэнанткі быў на першым паверсе. Праз закратаванае акно Лёша ўбачыў, як на голым пляцы між дамамі хлопцы ганяюць мяч. Ён уздыхнуў: «Хутчэй бы ўсё скончылася».
– Ага, мілы, бачу, у футбол захацелася пагуляць?! Раней трэба было думаць, раней! Да таго, як пачаў красці. А цяпер табе будзе не да футбола, – прыгразіла лейтэнантка. – Сядай! Краіна павінна ведаць сваіх герояў. Таму зараз ты скажаш, як цябе завуць, дзе жывеш, хто бацькі і ў якой школе вучышся. – Лейтэнантка дастала паперу і аўтаручку. – Не маўчы, расказвай, не саромейся. Ведаем мы такіх сарaмлівых.
Урэшце, прызнаешся ці не – вялікага значэння не мае. Рана ці позна мы ўсё роўна даведаемся. Але лепш сумленна, як на споведзі, сам усё раскажы. Тады, можа, і адпушчу, не выклікаючы бацькоў. І ў школу паведамляць не буду. Зраблю выключэнне. Ты ж, здаецца, першы раз папаўся?
– Так, – ціха пацвердзіў Лёша і закашляўся. Міліцыянерка курыла, а фортка была зачыненая, і ў яго пяршыла ў горле. Лейтэнантка незадаволена паглядзела на Лёшу, але цыгарэту патушыла.
– Можа, хопіць прыкідвацца, кашаль з сябе выціскаць? – адступіла на крок ад хлопчыка. – Думаеш расчуліць? Не выйдзе! Не такіх артыстаў бачылі! Расказвай, што і як украў. І не цягні. Калі я з кожным зладзюжкам па дзве гадзіны важдацца буду…
Лёша, румзаючы, распавёў усё, як было. Пра гематаген, хімікаты і фоталабараторыю. Паабяцаў, што папрoсіць у мамы дзве капейкі і занясе іх у магазін.
– Добра, – кіўнула лейтэнантка. – Будзем лічыць, што расказаў праўду. Хацелася б спадзявацца, што болей у тваім жыцці такое не паўторыцца. Напішы вось тут, дзе птушачка, сваё прoзвішча – і можаш ісці дадому. І не хвалюйся, усё застанецца між намі. Абяцаю. А ў магазін я патэлефаную. Каб не было да цябе прэтэнзій.
– Але… – Лёша хацеў сказаць, што за фіксаж заплаціў, а заміж дзвюх капеек пакінуў гематаген, якія да яго могуць быць прэтэнзіі, ды язык не паварочваўся. Лёша баяўся. Баяўся пракуранага пакоя, квадратнага твару, кратаў на вокнах.
Выйшаўшы на вуліцу, адразу кінуўся бегчы. З усіх сілаў, быццам уцякаў ад пагоні, ад страшнага шэрага будынка, ад сябе, ад лёсу. Ён яшчэ не ведаў, што гэта толькі пачатак, першая, але ніяк не апошняя яго сустрэча з несправядлівасцю.
Лёша доўга не мог адамкнуць дзвярэй – дрыжэлі рукі. Нарэшце адчыніў, увайшоў у хату. Адчуў, што моцна стаміўся. Мамы яшчэ не было. Ён прылёг на тахту і неўпрыкмет заснуў.
Маці прыйшла з работы, паглядзела на сына, які ціха пасопваў, асцярожна пагладзіла па галаве: «Зноў у футбол набегаўся». Распранула, перанесла на ложак, накрыла: «Спі, сынок».
Лёша сніў футбол. Фінал чэмпіянату Еўропы. Увесь матч ён адбіваў пенальці, якія чамусьці бясконца прызначаліся ў ягоныя вароты. Білі славутыя Рыва і Рывера, Факеці і Анастазі. Білі, але забіць не маглі. Лёша выстаяў. Сам Джаіч яго пахваліў.
Так ён праспаў да раніцы. Футбольныя зоркі выцеснілі страшныя пaдзеі з ягонай свядомасці. Мозг нібы ратаваў дзіцячую псіхіку ад перагрузак. І хлопчык зусім забыўся на суботняе здарэнне. Начыста. Быццам нічога такога і не было.
Цяпер ён успомніў! Усё ўспомніў! Якім дарагім стаўся для яго гэты пракляты фіксаж.
– Зараз мы будзем цябе судзіць! – даляцеў да Лёшы голас настаўніцы. – Ты злодзей, Малінкін! Самы сапраўдны злодзей! І судзіць мы цябе будзем строгім таварыскім судом. Лепшы ў школе клас ацэніць цябе па заслугах. Ты, Лёша, патэнцыйны злачынец. У такіх толькі адна дарожка, слізкая, – у турму. Лёгкага жыцця захацеў? Я разумею, украсці – не зарабіць. Але лёгкага жыцця ў цябе не выйдзе! Павер! Хто выступіць першы? Не чую! Аксаначка? Малайчына! Скажы, што ты думаеш пра Mалінкіна!
– Аляксей, ты хоць разумееш, што натварыў, які зрабіў брыдкі ўчынак? – завучана пачала Аксана. – Ты ўкраў у нашай роднай сацыялістычнай дзяржавы. Ты ўкраў тое, што ствараецца самаадданай працай савецкіх людзей! Ты… Што гаварылі далей Аксана і іншыя аднакласнікі, Лёша чуў і не чуў, ён думаў пра сваё. І ў нейкі момант думкі тыя сышліся на адным: мост! Недалёка ад дома-музея першага з’езда РСДРП, куды іх кожны год адразу пасля летніх канікулаў вадзілі на экскурсію, ёсць мост. Высокі. Ён з яго скокне! Бо не мае права жыць. Ён – злодзей! Ён – горшы за ўсіх!
Празвінеў званок. Класная спехам падагуліла:
– Такому не месца ў нашых шэрагах! Тваё месца, Малінкін, у спецінтэрнаце для малалетніх злачынцаў!
Ад гэтых слоў у Лёшы пацямнела ўваччу. Сам не свой, ён ірвануў да дзвярэй. Пранёсся па калідоры. На лесвіцы спатыкнуўся, выцяўся аб парэнчы. Было балюча, але не закрычаў, стрываў. Куляй вылецеў са школы. Ужо добратакі адбегшыся, спыніўся, агледзеўся: дзе, у якім баку доммузей? Ага, там! І зноў памчаўся, мала што ўспрымаючы і заўважаючы.