Аўтаматная чарга прашыла Міхасю спіну. Ён здолеў прабегчы яшчэ колькі крокаў і ўпаў. Ён амаль што не дыхаў. Але – бачыў. Бачыў схіленую над ім маці. Яна абдымала яго, цалавала, плакала.
– Родненькі ты мой, родненькі, – зноў і зноў паўтарала. – Толькі не памірай.
Але Міхась паміраў. Спачатку перастаў чуць, потым – бачыць. Ён зразумеў, чаму, пераступіўшы мяжу з Радзімай, падаеш у бездань. Ён шаптаў: «Мама, добрая бедная мама… Ты прымі і прабач свайму сыну».
Без Радзімы Міхась не змог, ён абраў смерць. Настальгія – мацнейшая за розум.
Маёр глядзеў, як старая, сівая ажно да сінечы жанчына гладзіла па галаве свайго сціхлага сына, чуў, як яе голас паступова пераходзіў з галашэння на крык. Салдатам, якія падыходзілi да iх, ён зрабiў знак – старую не чапаць, а сам, дастаўшы папяросу, закурыў. Каб супакоіцца. Трэба ж было гэтаму здарыцца: упусціў аднаго з вядучых супрацоўнікаў «Вызвалення». Такое не даруюць.
Неўзабаве Міхасёва рука спаўзла з матчынага пляча і ўпала долу. У разнятай далоні маёр убачыў нітку з медальёнам. Што гэта? Яго як варам абдало. Ён ясна пачуў стук свайго сэрца. Гэты серабрысты, з бронзавай акантоўкай кружок ён ужо дзесьці бачыў. Вядома, бачыў! Дзе, калі, у каго?
І ён успомніў. Успомніў вялікія зялёныя вочы, якія палалі нянавісцю.
Госці
Яны ўвайшлі без стуку. Дый навошта стукацца: калі бабуля варыла што – дзверы не зачыняла. У хаце не было сенцаў ці вітальні, і з двара госці адразу траплялі ў кухню.
Не падаў голасу з будкі і белы ў рыжыя плямкі Тузік, маларослы прадстаўнік адважнай дварняцкай пароды. Адчуў: на гэтых гасцей лепей не гаўкаць і адвагу сваю не паказваць. Яны – у ботах. А як балюча ўпіваецца ў цела бот, Тузік памятаў добра. Не так даўно паспытаў. Забег падсілкавацца чым на недалёкую – адразу за іх Козыраўскім пасёлкам – чыгуначную станцыю Мінск-Паўднёвы і трапіў на вочы міліцыянеру – лютаму ненавісніку сабачага роду. Адразу атрымаў левай штуршковай. Адляцеў метры на тры. З таго часу накульгвае, а калі бачыць боты, пачынае дыхаць часта-часта, як у летнюю спёку.
Госці не пастукаліся, але без шуму не абышлося: загрукатаў, зляцеўшы з прыступак, драўляны, на – Санькаў «танк». Так бабуля называла ўнукаў самакат, які ён сам і змайстраваў. Санька ганарыўся, што ягоныя «колы» найхутчэйшыя на ўсёй вуліцы, і часам выкочваў самакат з гаража-хлеўчыка для прагонкі нават зімою.
Першым увайшоў пажылы, са сплюснутым, нібыта з-пад прэса, тварам і густымі чорнымі бровамі, моцнага целаскладу мужчына, відочна старэйшы і векам, і рангам. Гэта ён адфутболіў «танк» з дарогі, кінуўшы:
– Чортавы бульбашы! Заставяць уваход розным барахлом, ногі папераломваеш!
Яшчэ з парога ён галодным бегатлівым позіркам павёў у бок керагаза: што там гатуюць недабітыя буржуі?
Другі – малады, цыбаты, з гладкімі, адно ў светлым пушку, шчокамі – ступіў на парог нерашуча: гэта было яго баявое хрышчэнне. Вось так уломлівацца ў чужое жытло яму дагэтуль не даводзілася – таму і быў трохі збянтэжаны, скаваны. Ён, быццам школьнік, прысаромлены за нешта благое, утаропіўся ў падлогу. Новы, відаць, толькі што атрыманы казённы цёмна-зялёны гальштук збіўся набок, а вялікія, як у свінні, вушы (была б яго воля, ён, вядома, не стрыгся б так коратка) адтапырыліся, нібыта хацелі пачуць нешта няўлоўнае. У ім змагаліся два пачуцці. Першае – цягнула назад: пайсці, збегчы, не корпацца ў чужых рэчах, у чужым жыцці. Другое – штурхала ў спіну: не бойся, дзейнічай. Гэта ж сям’я ворага народа! А здавалася – і сыноў у расход пусцілі, і гаспадара на катаргу ўпяклі, а што гэта дало? Старая карга жыве сабе, гадуе ўнука і яшчэ невядома чаму вучыць. Добра, хоць народ не спіць, сочыць, піша. Днямі невядомы таварыш далажыў: шыкуюць з нейчае ласкі недабітыя нацыяналісты.
Старэйшы прыжмурыўся ў цёмнай безваконнай кухні:
– Ты, гаспадыня, не зіркай спадылба. Мы ж не бандзюкі з вялікай дарогі. Сама ўсё ведаеш, не ўпершыню правяраем. Таму варушыся, паказвай, што прыхавала, пакуль савецкая ўлада на нейкі час пра тваю сямейку забылася.
Худая старая з вялікімі шэра-блакітнымі вачыма, якія выдавалі былое хараство, з пабітымі сівізною валасамі, сабранымі ззаду празрыстым шырокім грэбенем у куксу, гледзячы не на гасцей, а як бы ў нікуды, ціха прамовіла:
– Дзверы адчыненыя, праходзьце, шукайце, калі што забылі…
– Ты прапаганду не разводзь! Глядзі, дагаворышся! – перапыніў яе, працягваючы тыкаць, старэйшы. – І ў хату вядзі, не стой слупам!
Гаспадыня саступіла ўбок, і госці (малодшы крыху павагаўся, выцер аб галіфэ раптам спатнелыя далоні, быў, пэўна, сапраўды збянтэжаны такім непаважлівым абыходжаннем са старой жанчынай) прайшлі вузкім калідорам у пакой, што служыў адначасна і спальняй, і гасцёўняй.
– Няблага жывём, – пракаментаваў старэйшы, агледзеўшы пакой. – А які абраз! І колькі ж такі цуд каштуе? Не маўчы, гаспадыня, да цябе звяртаюся. Пазалочаная, відаць, рэч, на сотні, а то і на ўсю тысячу пацягне? – упіўшыся вачыма ў пазалоту валасоў Маці Божае, разважаў уголас старэйшы.
– Для мяне ёй цаны няма, – перапыніла яго падлікі гаспадыня. – Ад бацькі засталася.
– Ты нам мазгі не пудры! – закіпеў аматар антыкварыяту, але, убачыўшы, што старая рашуча падышла да абраза, нібы рыхтуючыся яго бараніць, падаўся назад. – Э-э… З Маці Божай можна і пасля разабрацца. Вунь у куце, – падказаў малодшаму, – транты звалены. Можа, пад імі што цікавае ляжыць. Паварушы змяіны клубок, прывыкай.
«Безыменныя, – падумала гаспадыня. – Як і тады, калі мужа, а пасля сына бралі: баяцца назваць адзін аднаго па імені».
Малодшы падышоў да трантаў. Ступіў на дошкі, пад якімі гаспадар яшчэ ў дваццатыя зладзіў спрат. Тады ў ім схавалі невялікі, але сапраўды каштоўны абраз – падарунак своечасова збеглай ад бальшавікоў радні (яго павялічаная копія вісела цяпер на сцяне). Пазней у спраце знайшоў сховішча самаробны шматхвалевы радыёпрыёмнік, які настройваўся звычайна на нестандартныя дзевятнаццаць метраў радыё «Вызваленне», даваенныя і нават дарэвалюцыйныя кнігі, некалькі цудам не сканфіскаваных («забыліся» пры ператрусе ў суседзяў) часопісаў «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», «Наш край», сямейныя і іншыя фотаздымкі. Некаторыя з іх не прызначаліся для чужых вачэй. Так, на адным гаспадар быў сфатаграфаваны ў кампаніі пяці ўдзельнікаў I Усебеларускага кангрэса – Аляксандра Вазілы, Міхася Гольмана, Ігната Дварчаніна, Язэпа Мамонькі, Кастуся Езавітава. Сфатаграфаваліся каля будынка тэатра, у якім праходзіў кангрэс. Першых чатырох арыштавалі праз дзень, пятага схапілі пазней. На другім фотаздымку старэйшы сын гаспадара і Янка Купала сядзяць за шахматнай дошкаю-столікам, а за імі назіраюць сябры-заўзятары, у недалёкай будучыні – «ворагі народа»: паэты Міхась Чарот, Алесь Дудар, Уладзімір Хадыка, Васіль Каваль.
Малодшы нейкі час марудзіў, не адважваўся чапаць чужога адзення – старых палітонаў, паддзёвак, якія ратавалі бабулю з унукам, калі на двары лютаваў мароз ці круціла завея. Але вагаўся нядоўга: перасіліў сябе, праглынуў камяк, што быў падступіў да горла, і працягнуў руку да вопраткі. Аднак браў асцярожна, нібыта баяўся: а раптам там і сапраўды затаілася якая змяюка ці пацук? Незнарок злавіў пагляд старэйшага, зразумеў: трэба дзейнічаць смялей, актыўней, больш рашуча – і параскідаў адзенне па падлозе. Прыгледзеўся да дошак, на якіх толькі што ляжалі транты. Не заўважыўшы нічога падазронага, зрабіў крок назад, і спрат зноў апынуўся ў яго пад нагамі.
«Добра стаіць, – цягнуў шыю з-пад бабулінага локця Сашка. – Няхай бы гэтак і стаяў…»
Але «вучань» быў хлопец малады, энергічны, да таго ж ён усё для сябе ўжо вырашыў, зрабіў свой выбар – ступіў да акна, да Сашкавага ложка, даваеннага, яшчэ нэпаўскіх часоў.
Спінкі ложка былі аздоблены бліскучымі нікеляванымі шарыкамі памерам з невялікі яблык. У левай – ля акна – стойцы Санька зрабіў свой спрат. Там ён хаваў нацельны крыжык, тузін польскіх і нямецкіх манет, восем царскіх папяровых рублёў, кукарду ад палявой афіцэрскай фуражкі пачатку стагоддзя, дзіцячы бранзалецік, адмыслова зроблены з кавалачкаў дрэва і белага металу невядомым турэмным ювелірам, дзедавым сябрам і аднадумцам (на ўнутраным баку бранзалета была гравіроўка: «Жыве Беларусь!»). Але самым небяспечным са схаванага ў тайнічку Санька лічыў згорнуты ў трубачку аркушык паперы з клятваю, пад якой яны з сябрамі падпісаліся.