Міхась развітаўся з інжынерамі, сказаў, што яму таксама блізка, і пайшоў па вуліцы, як да свайго дома. Неўзабаве ўбачыў «Победу» з шашачкамі і зноў падумаў, што Бог паранейшаму з ім.
– На аўтавакзал, – сказаў кіроўцу, сядаючы на задняе сядзенне.
Шафёр быў, вядома, здзіўлены, што пасажыр сеў ззаду (ездакі ў таксі звычайна любілі «разгрузіць» душу), але выгляду не падаў: ці мала дзівакоў па свеце бадзяецца.
За нядоўгую дарогу да аўтавакзала таксіст атрымаў незвычайна вялікія грошы і, паўтарыўшы сам сабе: «Дзіўны таварыш», нервова заўсміхаўся, нават забыўся захапіць вакзальных кліентаў і хуценька паехаў.
Міхась адстаяў у чарзе з гадзіну, але білет узяў. Апошні.
«Так, сёння мне сапраўды шанцуе, – нявесела ўсміхнуўся. – А час тут усё ж спыніўся».
Міхась папрасіў кіроўцу прытармазіць. Выскачыў, праводзіў вачыма аўтобус. Агледзеўся: у які бок ісці? Ага, трэба брацца правей. Чыгунка ў тым баку.
Вечарэла, калі Міхась падыходзіў да сваёй станцыі. Яна не змянілася. Тыя ж белыя сцены і шэры дах. Апрача двух школьнікаў, якія абагналі яго, на пероне нікога не было.
Калісьці вось гэтак жа гойсаў тут і ён з сябрамі. Цяпер тых сяброў няма. Ён застаўся адзін. А гойсаць працягвае.
– Міша! – закрычаў нехта за спінай, і ў яго абарвалася сэрца. Ён, пэўна, павярнуўся б, але тут пачуў:
– Чаго, мам?
– Чай ідзі піць. Батон маслам намазала і цукрам пасыпала, – высунуўшыся з акенца касы, крычала маладая паўнатварая жанчына. – І Ваську свайго кліч.
«Так, я дома», – радаваўся Міхась, кіруючыся да лесу. Гэтую думку падказала простая аналогія: маці гэтаксама запрашала ягоных сяброў да стала. У той краіне, дзе ён жыў апошнія гады, суседскіх дзяцей да стала «за кампанію» не клікалі.
Стомлены, знерваваны, ды яшчэ ў поўнай цемры, Міхась кепска арыентаваўся ў колішнім сваім лесе і да іхняга гарода выйшаў не адразу.
Святла ў доме не было, як і па ўсёй вёсцы. Вёска спала. Міхасю дужа карцела адчыніць дзверы роднай хаты, пабачыць маці. Божа, як яму хацелася абняць яе – найдаражэйшага ў свеце чалавека! Але ён перасіліў сябе і вырашыў дачакацца раніцы. Не выключана, што акурат у цемры затаіліся, чакаюць таварышы ў скуранках.
Міхася абудзіла амаль забытае «ку-ка-рэ-ку!». Ён саскочыў з сена і з асалодаю глыбока ўздыхнуў:
– Вось я і дома!
У ранішняй, срэбнай ад расы імгле Міхась убачыў любімы гай, поле, іх старую хату. Усміхнуўся: «Божа, няўжо гэта праўда? Няўжо дабраўся? Няўжо гэта не сон?»
Так, гэта быў не сон.
Салдаты з чырвонымі пагонамі пакрысе акружалі іхную хату. І хоць адлегласць паміж ім і чырвонапагоннікамі была досыць вялікая, ён усё ж пачуў:
– Взвод, в ружьё!
Пачуў, але сэнсу гэтых слоў спачатку не ўцяміў. Ён – дома! Гэта – галоўнае! І ён – шчаслівы! Што яму гэтыя тхары, якія бегаюць па загуменнi?! Толькі б убачыць маці! Бедная мама! Дарма ён не пастукаўся ўначы. А цяпер – усё!
Міхась яшчэ раз агледзеўся навокал. Аблажылі так, што і мыш не праскочыць.
– Вылюдкі, я ненавіджу вас! – закрычаў на ўсю моц лёгкіх.
Ад раптоўнай роспачы Міхась iрвануўся з месца і пабег на злом галавы. Аслеплены нянавісцю, iмчаў проста на салдатаў.
Разгубленыя чырвонапагоннікі анямела глядзелі на вар’ята, які прыбліжаўся да іх з крыкам «ур-р-а!». Маёр-гэбіст, быццам нешта прадчуваючы, прыплюшчыў вочы і крыкнуў:
– Не страля-а-ць!
Але лейтэнант, які падкраўся з узводам пад хату з боку гаю, адначасна з ім скамандаваў:
– Агонь!
Два загады зліліся ў нешта невыразнае, ды сяржант, які ляжаў побач з камузвода, лепш пачуў свайго непасрэднага камандзіра.