Агледзеўся: на вуліцы ні душы. «Такія мясціны ў іх бязлюдныя, нават у час фестывалю». Ціха і ў бальніцы. На ўсякі выпадак яшчэ нейкi час iшоў крадком, прыслухоўваючыся, і толькі потым наддаў хады.
Аўтобус, набіты людзьмі, у асноўным рабацягамі з другой змены, быў прапоўз міма. Ды раптам кіроўца злітаваўся, затармазіў. Адчыніліся пярэднія дзверцы. Міхась падумаў, што, пэўна, уцiснецца на апошнюю прыступку. Неяк уплішчыўся, і дзверцы натужліва зачыніліся. Нехта (відаць, таксама хацеў улезці) грукнуў па іх кулаком. Але аўтобус ужо рушыў з месца. «Стукай, стукай, – буркнуў кіроўца сабе пад нос, – шмат вас, такіх стукачоў».
Ён і не здагадваўся, што патрапіў у цэль.
У большасцi сваёй пасажыры стомлена маўчалi, а ў Міхася шчасна блішчэлі вочы. Ён ніколі не думаў, што ў страшэннай аўтобуснай задусе можна быць шчаслівым. Яму здавалася, што ў гэтым натоўпе ён сапраўды знік, растварыўся, зрабіўся сваім. Стаў такім, як і яны, як усе савецкія людзі, і цяпер яго нельга адрозніць. І, значыць, нельга знайсці.
Тым часам аўтобус, не запавольваючы бегу і прапусціўшы тры прыпынкі, выехаў на даволі вялікую плошчу, павярнуўся і заціх.
– Кіеўскі, канцавы, – пачуў Міхась бадзёры голас кіроўцы.
Нібыта ачуняўшы ад сну-наслання, пасажыры загаманілі, заварушыліся. З рыпам расчыніліся дзверцы. Выскачыўшы з аўтобуса, Міхась рэзка ступіў управа – прапусціў рабацяг, якія рынулі з жалезнага нутра. Адышоўшы яшчэ крыху, ён зрабіў выгляд, быццам завязвае шнурок, і разгледзеўся. Амаль усе ягоныя спадарожнікі кіраваліся да прыгарадных цягнiкоў – ім трэба было дабірацца далей электрычкай.
«Цікава, – усміхнуўся Міхась, – колькі трэба заплаціць амерыканцу, каб прымусіць яго вось так кожны дзень ездзіць на работу па дзве-тры гадзіны з перасадкамі і ў штурханіне? Няма такіх грошай у Амерыкі. Таму і на машынах усе».
Некалькі чалавек рушылi да метро. Не марудзячы, Міхась далучыўся да іх. Паказаў кантралёру, які сядзеў перад эскалатарам у шкляной будцы, пасведчанне чэкіста (не стаў губляць дарагі час на размен «чырвонцаў» з энкавэдысцкага партманета) і, не чакаючы, пакуль той яго разгледзіць, ступіў на прыступкі.
Без прыгод даехаў да Беларускага. Вакзал гудзеў, уцягваючы ў сябе шматлюддзе з падышоўшых электрычак. Міхасю на нейкі момант здалося, нібыта і ён толькі што прыехаў. Быццам не было красуні-перакладчыцы, калегі Ягора, сур’ёзных дактароў, бесцырымоннага ахоўніка, непаседлівай маладзенькай медсястры.
У далёкай ад уваходу касе Міхась спытаў білет на бліжэйшы цягнік да Мінска і, каб суняць здрадлівае хваляванне, папрасіў: «Ніжнюю паліцу, калі ласка». Пакуль касірка бубнела: «Якія ўсе разумныя, у апошні момант ды яшчэ ніжнюю дай», – і ўпісвала ў білет месца і нумар вагона, ён азірнуўся па баках і супакоіўся: «Людзей процьма. Я тут як іголка ў стозе сена. Паспрабуй адшукай тую іголку».
Зірнуў на гадзіннік. Да адыходу цягніка заставалася дзесяць хвілін. Вырашыўшы, што ад касы найбяспечней ісці адразу на перон, Міхась запытаўся ў нервовай касіркі яшчэ абы пра што: «А з якой каляіны? З першай? І нумарацыя з хваста?» Прадоўжыў ужо сам сабе: «А як, дарэчы, наконт майго “хваста”?» Неўпрыкмет агледзеўся: здаецца, няма.
У тамбур Міхась ускочыў за хвіліну да адыходу цягніка, калі правадніца ўжо апускала сталёвы ліст, што накрывае прыступкі. Яна ляпнула дзвярыма і павярнулася да яго, каб сказаць нешта рэзкае, але, убачыўшы белазубую ўсмешку і ветлівы пагляд, разгубілася:
– Э-э… Пройдёмте, товарищ.
Міхась адчуў сябе вінаватым і вырашыў папрасіць прабачэння.
– Даруйце, – сказаў як мага мякчэй, – заўсёды некуды спяшаюся, ну і, вядома, заўсёды спазняюся.
А сам сабе падумаў: «Фразачка надта ж знаёмая: “Пройдёмте, товарищ”. Хаця – не, тады мяне называлі грамадзянінам ці адно па прозвішчы».
Суседзямі па купэ аказаліся інтэлігентная сямейная пара інжынераў, якая ехала да бацькоў у Беларусь, і мужчына ў цывільным, хутчэй за ўсё адстаўны палкоўнікпадпалкоўнік. Мала-памалу перазнаёміліся, і ў Міхася адлягло ад сэрца: яго прынялі. «Я – як яны, як усе. А быць як усе, не вылучацца – у гэтай краіне галоўнае».
Надумаў прайсціся па вагоне. Збоку ад уваходу ў прыбіральню вісела люстэрка. Запыніўся перад ім: які ён у цывільным чэкісцкім адзенні? Так, сапраўды, усякая уніформа (а на людзях пэўнага кола і цывільнае глядзіцца як уніформа) робіць усіх безаблічнымі.
Вяртацца ў купэ Міхась не спяшаўся, выйшаў у тамбур і затрымаўся ля акна. У цемры праплывалі неабсяжныя расійскія палі, і яму падумалася: «Эх, Расія, бязмежная Расія!
Чаму табе заўсёды было мала сваёй зямлі?!»
Усе ўжо леглі, калі Міхась вярнуўся ў купэ. Лезці на верхнюю паліцу давялося вобмацкам. Ён зняў касцюм чэкіста і накрыўся шарсцістай коўдрай. Амаль адразу заснуў. Двое сутак напружання нагадалі пра сябе.
Прачнуўшыся ў свае шэсць раніцы, Міхась убачыў, што палкоўнік таксама не спіць. Шэптам павітаўшыся, той паціху спускаўся ўніз.
У гэты самы момант падала голас правадніца, разбудзіўшы і сямейную пару:
– Таварышы! Хутка Мінск. Пад’ём! – грукала ў дзверы зусім не ў фестывальным настроі.
Слова «пад’ём» канчаткова разбудзіла і Міхася. Такое ўжо яно, гэтае слова, – пад’ёмнае. Хоць яго часцей падымалі хвосткім, як бiзун: «Устаць!»
Ад такіх успамінаў трывожна забілася сэрца. У думках загадаў сабе: «Тут ты жывы, пакуль у натоўпе. Дык і пільнуйся гэтага натоўпу!»
Спытаў у інжынераў, ці далёка ім дабірацца, і, пачуўшы адказ, знарок здзівіўся:
– Няўжо? І мне на Старажоўскую. Проста дзіва нейкае: нам зноў разам! Тады ёсць прапанова ўзяць таксі ў складчыну.
Таксі на вакзале не было, а ў аўтобус яны селі толькі ў трэці – два мусілі прапусціць. У цісканіне Міхась зноў ажыў. Калі праязджалі паўз Чырвоны касцёл, нарэшце ўсвядоміў, што ён – на Радзіме. «Дзіўны касцёл, нават бальшавікі яму анігадкі. Стаіць сабе ціха і чакае свайго часу». Успомнілася: