Распрануўшы гэбіста, ён запхнуў яго пад ложак, а касцюм акуратна склаў пад коўдрай.
Міхась разумеў, што яго прывезлі «ў непрытомнасці», і таму медсястра не можа ведаць, наколькі добра француз гаворыць па-руску. Дачакаўшыся яе, ён амаль без акцэнту спытаўся:
– А дзье camarade,[31] што ваду даваць?
– Камарад? Ваду? А-а… – нарэшце ўцяміла медсястра. – Не ведаю. Яны калі хочуць прыходзяць, калі хочуць адыходзяць… – Схамянуўшыся, што нагаварыла лішняга, змяніла тэму: – Хутка вы ачунялі, таварыш Філіп. Малайцом!
«Па-першае, – запярэчыў ёй у думках Міхась, – я яшчэ не ачуняў, не апамятаўся, і наўрад ці калі тое здарыцца. Быў бы пры памяцi, дык не апынуўся б тут. Сядзеў бы ў сваім Саўт-Рыверы і піў бы яе, горкую…»
– І ведаеце… – зноў пачуў прыемны голас. – Добры сёння дзень, папраўдзе – вечар: цёплы, зорны. Хоць, вядома, для вас ён не найлепшы. А вось у мяне дзяжурства на зайздрасць – усяго два хворыя: Мікалай Пятровіч Карпін у пятай палаце і вы… «Што?! – заняло дух у Міхася. – Мікалай Пятровіч Карпін? Карпін?! Не, – стараўся суняць хваляванне, – не можа быць! Не той…»
– Падчас фестывалю і хварэць ніхто не хоча, – гаваркая медсястра ахвотна спавядалася замежнаму госцю. – Мікалай Пятровіч ляжыць ужо даўно. Кажуць, безнадзейны. Як бы гэта вам растлумачыць?.. Адным словам, у яго цела гніе. А чаму – зразумець не могуць. Каго толькі не запрашалі! Нават з-за мяжы. Я чула, што ўсё цяпер залежыць ад… – ледзь не ляпнула медсястра напалову забароненае слова «Бога», але паспела праглынуць яго. – Нядаўна Мікалая Пятровіча зноў узнагародзілі. Высокія таварышы прыязджалі, віншавалі. Дзіва што: вядомы ў дзяржаве чалавек, ганаровы чэкіст.
«Чэкіст? Узнагародзілі? Той! Безумоўна! За медалёк мог палову лагпункта ў распыл пусціць».
– Нешта я занадта разгаварылася, – шчабятала маладзенькая медсястрычка. – Вы, пэўна, нічагуткі не зразумелі… «Зразумеў я, галубка, усё зразумеў. Табе, вядома, і ў галаву не прыходзіць, што нейкі француз можа ведаць Мікалая Пятровіча. Так, нармальны француз яго не ведае. Але ж я гэтага ірада ведаю. Карпін, кажаш, высокія таварышы… Вось дык сустрэча! Так, ён быў высокі таварыш, адзін з найвышэйшых! Адзін з найгалоўнейшых катаў! Выходзіць, i праўда бывае, што на лаўца і звер бяжыць. Не, тут без Усявышняга не абышлося. І адзін шанец з мільёна – выходзіць, таксама шанец».
Усміхнуўшыся, Philipp Traіson адказаў:
– Я ўсё зразумеў і вельмі добра. Et maintenant[32] ест такое j’ai une petite idйe:[33] выпіт чуць-чуць за дружбу нашы краіны. За маладост. За фестывал.
Медсястра толькі нядаўна скончыла вучэльню і ніколі ў жыцці не бачыла жывога іншаземца, пагатоў – француза.
Ёй адразу прыйшлі на памяць «Тры мушкецёры» – любімая кніжка дзяцінства, яе галоўныя героі. Адважны д’Артаньян, крывадушная Мілэдзі. А можа, гэты француз які нашчадак самога кардынала Рышэлье?
Са шчырасцю, уласцівай маладым і ўражлівым, і пад гіпнозам «французскіх» вачэй яна прынесла невялікую бутэлечку-колбачку з надпісам «спірт».
«Дзякуй, – памянуў у думках Міхась Бога за шанцаванне. – Гэтае пітво будзе якраз дарэчы».
Выпіўшы «чуць-чуць», дзяўчына павесялела, замітусілася:
– Я зараз, хутка, – кінула і выбегла з палаты.
Праз хвіліну прынесла сваю сціплую вячэру: бутэрброд і два няспелыя зеленаватыя яблыкі. Але, як бы выходзячы з гіпнозу, крыху апамятаўшыся, развяла рукамі:
– Дык вам жа нельга…
– Усё о’кэй, о’кэй! Цяпер un toast,[34] як гэта… Так! Тост за самую belle, значыць, прыгожую.
Пасля трэцяга «чуць-чуць» вочы медсястры затуманіліся, і яна заснула. Міхась уздыхнуў: «Пачаў ужо думаць, што рускі спірт нейтралізуе сонныя спецлекі». Асцярожна паклаў дзяўчыну ў свой ложак і накрыў коўдрай. Край яе зноў апусціў да падлогі і прыкрыў «гэбэшнiка», якi ляжаў у непрытомнасці пад ложкам. Адзеўшы шэры касцюм работніка бяспекі, які прыдаўся яму якраз, Міхась агледзеў сябе ў люстэрку і выйшаў з палаты.
Запыніўся ля століка дзяжурнай па паверсе, узяў з верхняй шуфлядкі ключ і адчыніў шкляную шафку, што стаяла ў куце. Дастаў шпрыц і некалькі ампул: цяпер наведаемся да паважанага Мікалая Пятровіча, былога начальніка БАМЛАГа.
Успомніў, пры якіх абставінах убачыў Мікалая Пятровіча ўпершыню. Той толькі што ўзначаліў сетку канцлагераў, пабудаваных уздоўж БАМа, і першы раз аб’язджаў свае ўладанні. Заехаў і да іх, у самы аддалены (і таму, здавалася, забыты ўсімі) невялічкі лагпункт. Абурэнню Мікалая Пятровіча не было межаў, калі ён даведаўся, што новы начлагпункта скасаваў начныя змены, за якія даводзілася плаціць масавым траўматызмам, павелічэннем захворванняў і смяротнасці. У тую ж ноч па загадзе Мікалая Пятровіча на работы пагналі ўсіх вязняў: і тых, хто адмахаў змену, і хворых. Пагналі і Міхасёвага сябра і аднакурсніка, які задыхаўся ад запушчаных сухотаў, – Алеся Васілевіча. Алесь так і не дацягнуў уранку назад, да лагера, упаў за некалькі метраў да брамы. Упаў і не падняўся.
У тую ноч траўмаваных не было. Былі памерлыя – адзінаццаць чалавек. Перад тым як кінуць іх у выкапаную за лагерам яму-могільнік, вязням «на ўсялякі выпадак» пратыкалі штыком грудзі. Правяралі…
Мікалай Пятровіч спаў, як і большасць катаў, неспакойна. Усё ж грызе кожнага мярзотніка гэтае прадчуванне: рана ці позна яго пакараюць, прымусяць плаціць па заслугах. Былы гаспадар БАМЛАГа цяжка дыхаў, стагнаў, нешта бурчэў.
«Да, жалок тот, в ком совесть не чиста», – міжволі прыгадаліся Міхасю пушкінскія словы. Падышоў да ложка.
Твар былога начальніка БАМЛАГа нагадваў кавалак недаваранага мяса. Нечакана, быццам адчуўшы нейчую прысутнасць, ён расплюшчыў вочы. Жоўтыя, колеру гною. Хацеў нешта спытаць. Але ўбачыў шпрыц. Зразумеў, хто глядзіць на яго. Хацеў закрычаць, ды заміж «Ратуйце!» Міхась пачуў ціхі, жаласны піск. Так пішчаць пацукі, уцякаючы з карабля.
– Пазнаў? – спытаў Міхась былога начлага, які так і ляжаў з разяўленым ротам. – Пазнаў! Бачу, калоцiшся. Адчуваеш – прыйшла твая чарга. Бог цябе не забыў. Мяркуючы па ўсім, ты ўжо вісіш над катлом. Але не зараз, ірад, не зараз ты захлынешся ў ім, згарыш у пекле. Хоць бы таму, што я не хачу пэцкаць аб цябе рукі. – І Міхась адкінуў шпрыц.
Мікалай Пятровіч паспрабаваў падняць галаву, але яна толькі тузанулася і павярнулася набок. На Міхася патыхнула рэзкім смуродам. Перамагаючы млосць, ён выйшаў з палаты.
Спусціўся на першы паверх. Як разабрацца з вахцёрам, ведаў, але нічога рабіць не давялося: той соладка спаў на працоўным месцы, апусціўшы галаву на рукі. Міхась асцярожна прачыніў дзверы. Прыслухоўваючыся, гэтаксама павольна зачыніў іх і апынуўся перад невялікай дагледжанай алеяй. За дзве перабежкі дасягнуў паркана, пераскочыў цераз яго і – вырваўся на волю. «Нарэшце пайшоў адлік, якога я так доўга чакаў. Нарэшце разбяруся з праклятай настальгіяй. Значыць, шэсць гадзін, – Міхась зноў вызначыў сабе тэрмін. – Не так ужо і мала».
[31] Таварыш (фр.).
[32] А цяпер (фр.).
[33] Маленькая прапанова (фр.).
[34] Тост (фр.).