– Фу-у, – расслабіў ён гальштук. – За адну хвіліну пятнаццаць разоў пачуць тое самае! Не, так да Радзімы я не даеду, – зноў паўтарыў, але гэтым разам – з усмешкай.
Прачнуўшыся ўсё яшчэ па-лагернаму роўна ў шэсць, Міхась перш-наперш (па амерыканскай ужо звычцы) падышоў да вялізнага, «царскай» архітэктуры, акна. Перад ім да самага небакраю ляжала вуліца Горкага. Вуліца, названая імем таго, хто некалі першы сказаў: «Калі вораг не здаецца – яго знішчаюць». Пад гэты заклік разам з мільёнамі невядома адкуль узніклых ворагаў спрабавалі знішчыць і яго, Міхася. Спрабавалі знішчыць, хоць ён і здаваўся (слова лішняе баяўся вымавіць), і ворагам ніколі не быў. Галоўнае – сказаць, гукнуць, кінуць лозунг, усчаць паляванне. А ўжо навесіць на чалавека цэтлік ворага і адправіць яго на той свет было справай вопыту і тэхнікі. Вопыт жа, як вядома, рэч нажыўная.
І гэты першы ў свеце пралетарскі пісьменнік ціснуў яму некалі руку. Уручаў білет сябра Саюза… Ад успамінаў пра мокрую ад поту далонь сухотнага старога Міхасю стала млосна, захацелася хутчэй памыць рукі.
Не марудзячы, прыняў цёплы душ, пагаліўся, апрануўся. Зірнуў на гадзіннік: восем, мабыць, час снедаць. Ён набраў нумар, запісаны Людмілай:
– Добры дзень. Калі ласка, гарбата і булка з чорна ікра. Шмат. Люблю ваша ікра.
Хвілін праз дзесяць яму прынеслі шклянку гарачага чаю і два вялізныя бутэрброды з ікрой. «Каштуюць, напэўна, тыднёвага заробку таго, хто прынёс», – падумаў Міхась, выкідаючы сэндвічы ва ўнітаз. У чай ён паклаў дзве пілюлі з пачка, на якім было напісана «Analgin», памяшаў і выпіў. Потым змыў ва ўнітазе ўпакоўку. Паглядзеў на гадзіннік. Запомніў час.
Праз чвэрць гадзіны набраў нумар дзяжурнай па паверсе і папрасіў выклікаць доктара.
Дзяжурная без стуку зайшла ў ягоны пакой. Убачыўшы, што француз ляжыць у сутаргах на падлозе і трымаецца за жывот, з крыкам «Ой-ё-ёй!» пабегла ўніз па дапамогу.
Не прайшло і некалькі хвілін, як у нумар уварваліся адміністратар, доктар, калега Ягор, перакладчыца Людміла і дзяжурная. Ягор першы ўбачыў на падлозе шклянку. Зняўшы са спінкі ложка ручнік, абгарнуў ім руку і падняў мажлівую прыладу забойства. Панюхаўшы і з усіх бакоў абгледзеўшы яе, калега не знайшоў нічога асаблівага. Падышоў да тэлефона, набраў некалькі лічбаў.
Машына «хуткай дапамогі» даляцела да крамлёўкі за лічаныя хвіліны. Яшчэ праз які час «француза» аглядалі два свяцілы ў акулярах.
«Так, на прамыванне», – ледзь не кіўнуў Міхась, пачуўшы, што, адышоўшыся ўбок, гавораць пра яго лекары.
– Цяжкі выпадак. Гэта ж трэба – за адзін раз столькі ікры з’есці. Таварыш сказаў, што француз адным махам два вялізныя бутэрброды праглынуў. Грамаў па дзвесце. Кажа, хацелі дагадзіць, – расказваў свайму старэйшаму калегу лекар, стоячы спінай да Міхася.
– Хацелі як лепей, а выйшла – горш не прыдумаеш, – падрахаваў загадчык аддзялення.
– Доктар, нашага госця надоўга забіраеце? – спытаўся Ягор, падышоўшы да Міхася.
– Ну-у, у гэтым выпадку спяшацца нельга. Думаю, дні тры-чатыры, не менш, паляжаць таварышу давядзецца. Калі, вядома, тут толькі атручанне.
Палата, як ён і меркаваў, была аднамесная. Наяўнасць суседа Міхася не спыніла б, але ўсё ж замінка. Прыслухаўся: цішыня. Прайшло ўжо даволі часу, як яго пакінулі ў спакоі. «Бадай што, можна ўстаць», – падбадзёрыў сябе, падымаючыся з ложка.
Падышоў да дзвярэй і сцішыўся. Нешта крокаў не чуваць. Няўжо калега пакінуў яго на волю лёсу? Не, ходзіць нехта, пільнуе. «У хлопцаў усё згодна з планам. Маім планам».
Сёння пятніца. Ягор сказаў, што яны з Людмілай наведаюць яго заўтра раніцай. А потым прыйдуць толькі ў панядзелак: у выхадныя шмат работы. Адно слова – фестываль!
«Гэта добра, што фестываль, без мяне турботаў стае, і ў гэтыя дні я тут не галоўная фігура. Такім чынам, у суботу, недзе з дванаццаці, усё і пачнецца».
Але да самага вечара Міхасю не ляжалася, не сядзелася і не спалася. Нецярпліва хадзіў па палаце: хутчэй бы ляцеў час. Гэтага моманту ён чакаў трынаццаць гадоў. І – стаміўся чакаць. Стаміўся чакаць, стаміўся жыць на чужыне, стаміўся без Радзімы.
Ужо сцямнела, калі Міхась не вытрываў: «Не! Да ранку я тут не застануся. У гэтым логаве для хворых юдаў за ноч і звар’яцець можна».
Ён падышоў да дзвярэй, прачыніў іх і ціха папрасіў:
– Вада…
Убачыўшы, што адгукнуўся ўжо другі ахоўнік, разважыў: «Першы адстаяў шэсць гадзін. Значыць, на ўцёкі ў мяне будзе амаль чвэрць сутак. Не, цэлая чвэрць сутак! Дастаткова».
Ахоўнік, не знайшоўшы медсястры, якая некуды адышлася, бесцырымонна пакорпаўся ў яе стале. Дастаў некалькі маленькіх шкляначак, напоўніў іх з графіна з надпісам «вада». Паставіўшы ўсё гэта на невялікі падносік, пайшоў да Міхасёвай палаты. Увайшоўшы, здзіўлена паглядзеў на пусты ложак:
– А дзе ж наш…
Наступнае слова, якое ахоўнік хацеў быў сказаць, – «госць» – прагучаць не паспела. Удар па галаве нечым цяжкім асляпіў яго, і ён ніцма распластаўся на падлозе.
Міхась перавярнуў ахоўніка на спіну, абшукаў. Здзівіўся: «Ты глядзі – нічога! Ніводнай паперкі. Калі яны гэтак усё ўлічваюць, да Радзімы я сапраўды не даеду», – прыпомніў сваю малітву. Але адразу ўзяў сябе ў рукі: «Супакойся! Адлік пайшоў, але сабакі пакуль не спушчаны».
Абвёў вачыма ахоўніка і нечакана заўважыў на падлозе невялікi карычневы партманет. «Ёсць! – узрадаваўся. – Напэўна, выпаў, калі пераварочваў».
Міхась адкрыў партманет, і першае, што патрапіла на вочы, была невялікая чырвоная кніжачка. Срэбрам на ёй было выбіта: «Комитет государственной безопасности СССР». «Добры дакумент, – усміхнуўся, – той, што й трэба».