– Servez-vous, jeunes filles![21]
Дзяўчаты застылі ў нерашучасці, але ўсмешка мсье Philipp’а, бліскучыя, прывабныя абгорткі і цудоўны водар, што зыходзіў ад іх, перамаглі: моладзь накінулася на прысмакі.
«Добрыя дзяўчаткі, – зноў адзначыў Міхась. – І што здзіўляе: лад – звыродлівы, проста фашысцкі, а людзі – лагодныя, душою чыстыя, адукаваныя».
Неўзабаве студэнткі зусім асвойталіся і з апетытам упляталі пячэнне.
Міхась жа з настальгічнай упартасцю налягаў на чай. Даўно ён не піў такога чаю – колеру слабой кавы і смаку саломы. Быццам прыз у лагеры атрымаў – за перавыкананне сутачнай нормы адгрузкі драўніны. «Сапраўды, час тут спыніўся».
Паступова раніца перайшла ў дзень, і цягнік гэтак жа спакваля запаволіў ход: Масква!
На пероне тых, хто сустракаў, было больш, чым тых, хто прыехаў. «Не абы-якая гасціннасць. Сацыялістычная.
Чэкісцкая», – зазначыў Міхась. Выйшаўшы з вагона, амаль адразу ўбачыў «сваю» шыльдачку: «Philipp Traison, journaliste».[22] Яе трымала маладая прыгожая жанчына. Цёмна-сіні гарнітур надаваў яе мілавіднаму твару пэўную строгасць. Пры з’яўленні Philipp’а гэтая строгасць змянілася спачатку лёгкай разгубленасцю, а потым – усмешкай. Побач з красуняй стаяў больш сур’ёзны таварыш. «Сябра, – здагадаўся Міхась. – Што ж, пакуль я тут, сябра ЧК – мой сябра. Гэта добра, што ён аб’явіўся адразу. Заўсёды лепш глядзець ворагу ў твар, чым адчуваць яго подых патыліцай».
Philipp Traіson падышоў да тых, хто яго сустракаў, і весела адчаканіў:
– Salut communiste au peuple russe de la part du peuple français frère![23]
Красуня-перакладчыца адразу ж узялася за справу:
– Bonjour, camarade Philipp. Je suis votre interprète Ludmila Chevtsova. C’est votre collègue, confrère de profession, journaliste d’«Izvestia» Egor Rovesnik.[24]
«Равеснік, – паўтарыў сам сабе Міхась. – Недзе я чуў гэтае прозвішча. Можа, у якім іхнім фільме? Прозвішча, відавочна ж, з легенды. І гучыць – як пароль. Сапраўды брат. Брат з Лубянкі».
– Monsieur Philipp, je vous propose d’aller maintenant a l’hфtel, – прадоўжыла перакладчыца. – Certainement vous avez besoin de vous reposer après le voyage. Et demain, dès le matin – au boulot! Tout d’abord c’est le Kremlin. Ensuite vous avez la rencontre avec des collègues А la rйdaction… Le soir vous allez au Bolchoi… Comme vous voyez, nous avons reglй votre emploi du temps jour par jour. On a fait le maximum pour que notre invité ne s’ennuie pas.[25]
– Добра! – выпаліў Міхась, задаволены тым, што сённяшні вечар правядзе адзін і з’явіцца мажлівасць – можа, апошняя – узважыць усе «за» і «супраць». – Soit, que ce soit ainsi! Tout de même, deux jours dans le train, c’est quelque chose. C’est vrai, je suis un peu fatiguй. D’accord. Donc, c’est dйcidй. Alors…А l’hфtel! Oщ est notre Jaguar?[26] – скончыў Philipp Traison пытаннем і ўжо з усмешкай.
Людміла задаволена адзначыла новы для сябе сінонім – як яна вырашыла – слова машына і паказала рукой на выхад з вакзала:
– Je vous en prie![27]
Ад’язджаючы ад прывакзальнай плошчы і гледзячы з задняга сядзення навюткай «Победы» на спрэс чырвоны ад сцягоў, плакатаў, транспарантаў і заклікаў Беларускі вакзал, Міхась раптам успомніў, якім бачыў яго ўпершыню. Шэрым, халодным, з бесперапынным брэхам сабак і крыкамі канвою: «Выходи! Быстро! Строиться!» Як яму за тры гады абрыдлі гэтыя праклятыя загады! «Мізэрны тэрмін», – зноў успомніў фразу, што ўелася ў памяць. А перабітыя, застуджаныя рукі і ногі цягам многіх гадоў удзень і ўначы нагадвалі пра яго.
– On y est. C’est notre hфtel,[28] – вярнуў Міхася ў рэальнасць голас перакладчыцы.
Сам сабе, нібы папраўляючы Людмілу, сказаў: «Не, я яшчэ не прыехаў. Я толькі на пачатку дарогі».
Гатэль быў недалёка ад вакзала. Ягор Равеснік выйшаў з машыны першым і паспяшаўся адчыніць дзверцы французу. Міхась скрывіўся: жанчыны па-ранейшаму ў іх не шануюцца.
Яны прайшлі ў хол, і перакладчыца, спрабуючы загладзіць дрэннае ўражанне ад неджэнтльменскага ўчынку свайго таварыша, жэстам запрасіла Міхася прысесці.
– Attendons un peu. Egor va nous apporter la clef de la chambre rйservйe,[29] – задаволеная маленькай помстай, усміхнулася.
«Дык ён, выходзіць, мовы не ведае, – здагадаўся Міхась, пазіраючы на разгубленага чэкіста. – Вось табе і калега».
Ягор паглядзеў на занятых гутаркаю француза і перакладчыцу, зразумеў, што яму адвялі ролю швейцара, але запыніўся толькі на хвілінку. Напяўшы на твар дзяжурную ўсмешку, пайшоў да адміністратара.
Неўзабаве ён вярнуўся.
Людміла задала госцю колькі дзяжурных пытанняў пра Парыж, чым прымусіла таго даволі моцна пахвалявацца: у Парыжы Міхась быў толькі праездам. Але хутка падышоў Ягор і выцягнуў яго з небяспечнага становішча.
– А вось і ключы, – з задавальненнем перапыніў гутарку «французаў». А сам падумаў: «Нічога! Пасля фестывалю ты ў мяне, разумніца такая, не тое што гаварыць – стагнаць па-французску будзеш».
Удваіх яны праводзілі Міхася да нумара і адчынілі перад ім дзверы. «Быццам на ланцугу вядуць. Пад канвоем. Няўжо баяцца, што вось адсюль, з хола, вазьму і ўцяку на самыя шырокія ў свеце прасторы?» – усміхнуўся Міхась, апускаючыся на шыкоўную нават па амерыканскіх мерках канапу.
Пасля бясконцых кампліментаў і шматлікіх напамінаў пра тое, што «заўтра пачнём актыўна працаваць dès 9 heures[30]», Міхасю нарэшце дазволілі зачыніць за сабою дзверы.
[21] Моладзь, прашу! (Фр.)
[22] Філіп Трэазон, журналіст (фр.).
[23] Камуністычнае прывітанне рускаму народу ад братэрскага французскага! (Фр.)
[24] Добры дзень, таварыш Філіп. Я перакладчыца Людміла Шаўцова. А гэта – ваш калега, сабрат па прафесіі, журналіст «Известий» Ягор Равеснік (фр.).
[25] Ёсць прапанова, таварыш Філіп, паехаць зараз у гатэль. Вам, вядома ж, трэба адпачыць з дарогі. А заўтра, адразу з раніцы – у бой. Спачатку – Крэмль. Потым – сустрэча з калегамі ў рэдакцыі. Увечары – Вялікі тэатр. Наогул, мы кожны дзень вам распісалі. Пастараліся, каб госць не сумаваў (фр.).
[26] Так і зробім. Усё ж двое сутак у цягніку. І праўда стаміўся. У гатэль дык у гатэль. А дзе ж наш «Ягуар»? (Фр.)
[27] Прашу! (Фр.)
[28] Прыехалі! Вось і гатэль (фр.).
[29] Пачакаем крыху. Ягор зараз ключы ад забраніраванага нумара прынясе (фр.).
[30] Ужо з дзевяці (фр.).