У гаі яму было лёгка і спакойна. Ціхі пошум дрэў закалыхваў, нібы матчына песня, навяваў сны. І ён засынаў, трапляў у казку. Але чамусьці ў гэтай казцы яму кожны раз чуўся ўсё той самы заклён: «Некалі ты здрадзіш мне, не вернешся са станцыі, з’едзеш вельмі далёка. Так далёка, што вяртацца будзеш доўгія гады».
І аднаго разу Міхась сапраўды сеў у цягнік, які адзіны спыняўся на іх станцыі. І той завёз яго ў зусім не блізкі свет.
Ён і сёння да драбніц памятае, як пакідаў Радзіму. Як трывожна білася сэрца. Усе гэтыя доўгія гады расстання ў ягонай свядомасці мноства разоў пракручваўся адзін і той жа фільм, які бясконца запускала настальгія. Маці глядзіць услед цягніку. Ён высоўваецца з акна, крычыць: «Мама, ідзеце дахаты, холадна». Але маці ўсё стаіць і стаіць. Яе ўжо не відаць. Яна ператварылася ў кропку, але кропка не знікае.
Ён успомніў: «Добрая, бедная мама, хіба ж не чорная сіла злога свету, мама, нашую радасць скасіла?»
Калі цягнік мінаў станцыю дзяцінства, Міхась ледзь стрымаў сябе, каб не выскачыць, не падацца ў той, цяпер ужо спелы лес, каб зноў ап’янець ад яго водару, трапіць у забыты казачны свет дзяцінства. Свет мамы.
Ён успомніў сябра – Яўгена Калубовіча. Той у гасцёўні свайго дома ў Кліўлендзе часцяком раскладваў на стале карту роднай Гомельшчыны і ўяўляў сабе, нібыта едзе ў цягніку. Ноч, а ён не спіць, стаіць ля акна і шэпча: «Лес і лес, і нідзе яму няма канца! Няма маёй тузе канца!»
Гэтая застарэлая хвароба – настальгія! Усе мінулыя гады яна не давала Міхасю спакою. Шмат каго з ягоных сяброў звяла ў магілу. Большасць загубілі сябе алкаголем. Але былі і тыя, каго туга па Радзіме і роспач ад усведамлення немажлівасці яе ўбачыць не зламалі, не прымусілі шукаць забыцця ў віне. Яны імкнуліся пабываць на Радзіме. Дакладней, прарвацца да яе – пад чужым прозвішчам, з чужым пашпартам, грамадзянствам, нават тварам. І прарываліся. Прынамсі, перасякалі яе мяжу. Але больш іх ніхто ніколі не бачыў. Нібыта на тым баку яны правальваліся ў бездань, траплялі ў іншае вымярэнне, немаведама куды.
Міхась быў з гэтых, з адчайных. Але, у адрозненне ад іх, да сустрэчы з Радзімай рыхтаваўся доўга і старанна, прадумаў усё да драбніц і быў пэўны, што здолее здзейсніць задуманае.
«У гэтай краіне галоўнае – не быць па-за законам», – паўтараў сабе не раз. У васямнаццаць, калі яго забралі проста з лекцыі ў інстытуце, ён упершыню зведаў, што значыць быць па-за законам. «Тры гады прымусова-папраўчых работ», – пачуў прысуд, як папярэджанне з таго свету. У лагеры пакляўся: зробіць усё, каб хай і фармальна, але ладзіць з законам. Цяпер ён – Traison, а не Лешчанчук. Цяпер ён – у законе. Прынамсі, паводле дакументаў.
Міхась Лешчанчук не здагадваўся, што памежнік, які сустракаў яго, быў капітанам контрразведкі. Але і той, хвалюючыся, зрабіў шэраг памылак: па нявопытнасці перабраў з французскай мовай, не звярнуў увагі на нервовасць карэспандэнта.
Ноч, стома, перажытыя хваляванні нагадалі пра сябе. Міхась адкінуў коўдру і прылёг. Дзве польскія студэнткі (яны таксама ехалі на фестываль), якія паглядвалі на яго крадком, напалоханыя былі словамі zlosliwego wуjka kaprala:[17] «Пашпарты!», ужо супакоіліся. Цяпер яны хіхікалі, шапталіся, відавочна пасмейваючыся з залішняй (як ім здалося) строгасці памежнай праверкі.
«У гэтых дзяўчатак прасвятленне яшчэ наперадзе, – з горыччу падумаў Міхась. – Можа, толькі праз шмат гадоў яны зразумеюць, што не жылі, а існавалі: замужжа, дзеці, работа, татальная эканомія, змаганне за прыстойны быт і, нарэшце, старасць, унукі. Унукі… Толькі яны, магчыма, і пажывуць».
Міхась перастаў чуць грукат колаў і неўпрыкмет занурыўся ў сон-успамін.
У канцы свайго мізэрнага, як лічылі зэкі-старажылы, трохгадовага тэрміну ён паступова разабраўся, хто ёсць хто ў лагеры. Высновы былі нечаканыя. «Палітыкі» групаваліся не па нацыянальнай прыналежнасці, а паводле інтэлекту, адукацыі, характараў. Беларускі інжынер-нацдэм паступова аддаляўся ад земляка-рабацягі, які прыбыў з ім у адным этапе і быў залічаны да палітычных за расказаны ў цэху на перакуры анекдот пра вусача, і – сыходзіўся з украінскім пісьменнікам, рускім навукоўцам, польскім ксяндзом. Агульначалавечае брала верх над нацыянальным, інтэлект перамагаў зямляцкія сувязі.
Заўважыў ён, што і ахова вылучала разумнікаў і здзекавалася з іх асабліва старанна. Часам выратоўваў надта адукаваных новы начальнік лагпункта. Ён прыбыў на замену зверу-садысту, які лютаваў тут да яго і быў зарэзаны зэчкай.
Калі скрываўленую, непрытомную дзяўчыну валаклі з дома начлагера ў ізалятар, азвярэлы ад злосці вертухай не заўважыў, што ў баразне-следзе на снезе засталася ляжаць маленькая манетка-медальён разам з абарванай кужэльнай ніткай. Міхась падняў яе. Адзіны, хто гэта бачыў, быў салдат, што прывёў зэчку ў дом начлага. Бачыў і змаўчаў.
Разбудзіла яго правадніца. Прачыніўшы дзверы ў купэ, спытала:
– Чаёк несці?
Яму страшэнна захацелася адказаць на роднай мове: «Вядома!», але… ён не павінен разумець пытанняў і рэагаваць на іх.
Калі правадніца пайшла, Міхась расплюшчыў вочы. Студэнткі, седзячы насупраць яго, несціхана пра штосьці перамаўляліся, жэстыкулявалі, нібыта і не клаліся спаць. Маладосць! Калісьці і ў яго ноч пралятала як імгненне. Доўгімі ночы сталі потым, у «амерыканцы». І пазней, у канцлагеры, на пагрузцы лесу. Тыя бясконца доўгія ночы назаўсёды застануцца ў ім невылечным болем. Болем за тых, хто надламаўся, скалечыўся, загінуў, навечна застаўся ў чужой зямлі.
Правадніца зноў зазірнула ў купэ.
– Quatre thйs, s’il vous plaоt,[18] – папрасіў яе Philipp.
– Што-што? – перапытала, быццам не пачула.
– Четыры. Два для дзевачка і два для pour le vieux monsieur,[19] – Міхась пастараўся захаваць прыдуманы для сябе акцэнт.
Студэнткі пераглянуліся, запярэчылі:
– Mais monsieur n’est pas du tout vieux.[20]
«Ты глядзі, якія палячкі, – адзначыў сам сабе Міхась. – Як лёгка на французскую пераключыліся! Пэўна, выдатніцы».
Правадніца паставіла на столік чай, паківала галавой:
– Вясёлы таварыш-француз, проста жартаўнік, – і выйшла.
Philipp Trаіson паклаў на стол прызапашаныя шакаладкі, пячэнне, яшчэ сёе-тое ў каляровых упакоўках і, усміхнуўшыся, запрасіў:
[17] Злога дзядзькі капрала (польск.)
[18] Чатыры чаі, калі ласка (фр.).
[19] Старога мсье (фр.).
[20] Пан зусім не стары (фр.).