Той ноччу, калі іх забівалі, Сяргей прасіў катаў прыстрэліць яго. А памёр пад ім, пад сваім сябрам, захлынуўшыся ўласнай крывёю.
Сёння дваццаць дзявятае. Перад паўстаннем яны пакляліся: хто ацалее і вырвецца першы, зробіць гэта на працягу тыдня. Ацалеў ён адзін. І засталося два дні. Дакладней, трыццаць пяць гадзін. Ужо менш.
Усе гэтыя гады ён уяўляў, як падыдзе да яго, а той знямее, вырачыць ад страху вочы, бо адразу ж пазнае, хто прыйшоў. Падыдзе, скажа: «Юда, успомні Сяргея», – і ўсадзіць нож у яго чыста паголеную – акуратыст! – шыю.
Цяпер ён зразумеў: помсціць не за бацьку, святара, які быў асуджаны па выраку юды да трынаццаці гадоў лагераў. Не за братоў, якіх па яго ж указцы расстралялі ў 1937-м. На допытах, каб змусіць братоў збіваць адзін аднаго, каты зрабілі іх інвалідамі. Але яны вытрывалі ўсё. Не засталося сілаў толькі для аднаго – ісці на расстрэл. Змардаваныя целы каты валаклі.
Ён прыйшоў помсціць не за сябе, не за сябра Сяргея – ён прыйшоў помсціць за ўсіх з таго свету.
Ён, вядома ж, нядужы. У лагеры адабралі здароўе. Але нож, які навастрыў зэк яшчэ царскай закваскі, яго рука ўтрымае.
Заставаліся тры пытанні: калі? дзе? як?
Калі? Вырашылі даўно, прызначылі вось гэты, невытлумачальна жорсткі тэрмін: сем дзён па выхадзе на волю. У яго засталося трохі больш за суткі. Дзе? Добра было б у тым самым будынку, у якім юда іх калісьці судзіў. Не адразу, а паступова, за дзесяць гадоў, перасадзіў усю сям’ю, вынішчыў пад корань. Як? Гэта ён ведаў.
Раніцай, перш чым пайсці з дому, ён пастаяў ля сваёй яблыні. Тая за ноч расквітнела, нібы памаладзела, і на імгненне яму здалося, быццам яна ўсміхаецца. Ён зразумеў: яблыня з ім развітваецца, яна ўсё ведае. Неўзабаве ён зробіць тое, што павінен зрабіць, і коштам будзе ягонае жыццё. Што ж, ён згодзен. Жыццё хворага інваліда – за жыццё забойцы сотняў і сотняў. Ён да гэтага гатовы. Бывай, яблыня. Бывай, жыццё…
Увайшоў, убачыў і здзівіўся: суддзя за мінулыя гады амаль не пастарэў. Няўжо жыццёвыя сілы ахвяр і сапраўды пераходзяць да ката? Колькі ж ты, юда, збіраўся пражыць, калі столькіх панiшчыў?
У першае імгненне суддзя яго не пазнаў. І толькі прыгледзеўшыся, зразумеў: прыйшоў той, хто не павінен быў прыйсці, не павінен быў выжыць. Бо ён зрабіў усё, каб гэтага не здарылася. Відавочна, зрабіў замала.
«Час! Галоўнае – цягнуць час», – падумаў суддзя і пачаў гаварыць, тлумачыць, клясціся. Потым стаў крычаць. Спадзяваўся – можа, пачуюць.
– Успомні Сяргея, – было апошнім, што ён пачуў. Мсціўца паглядзеў на суддзю, які знерухомеў у крэсле, перахрысціўся: «Калі б усе, каго ты выправіў у ГУЛАГ, і тыя, што здолелі вырвацца з краіны-клеткі, пачулі, што юда здох, тысячы агнёў-салютаў запаліліся б адразу па ўсім свеце».
Усю ноч ён спаў наўздзіў спакойна і прачнуўся не па-лагернаму позна – недзе а восьмай. Маці стаяла каля ягонага ложка. Плакала.
– Уладзік, тут прыйшлі, – сказала ледзь чутна.
Ён не спалохаўся. Ён даўно перастаў баяцца. Маленькая, белая, цёплая ад далоні таблетка чакала яго.
– Амін! – прашаптаў Уладзімір і, зірнуўшы на яблыню ў акне, паднёс пакалечаную правую руку да вуснаў.
Настальгія
Памежнік доўга і ўважліва разглядаў Міхасёў пашпарт.
– Philipp Traison, – прачытаў, злёгку схіліўшы галаву набок, як гэта робяць, калі нібыта і згаджаюцца, але не вераць.
«Ну-у, калі старлей яшчэ на першай старонцы, а мяне ўжо ліхаманка ўзяла – гэтак да Радзімы я не даеду», – нявесела падумаў Міхась і загадаў сабе расслабіцца, усміхнуцца.
– З Францыі. Віза да… дваццаць пятага, – з паўзамі, быццам завучваючы на памяць, чытаў далей памежнік. – Зразумела, – удакладніў нешта для сябе, – зразумела. – Vous allez au festival?[15] – раптам перавёўшы вочы з пашпарта на Міхася, нечакана спытаў па-французску.
«Вушам не веру, – здзівіўся Міхась. – Гаворыць амаль без акцэнту! Нібыта ў Францыі і нарадзіўся. Цікавы старлей, цікавы». Але не разгубіўся, адказаў падпсаванай акцэнтам скорагаворкай:
– Фестывал, мір, дружба. – І пасля невялікай паўзы дадаў: – Je suis le correspondant de «l’Humanité Dimanche».[16]
– О, таварыш – журналіст. І не абы-які, а наш, камуністычны, – нібы зарадаваўся дасведчаны памежнік. – Вельмі прыемна! Сардэчна запрашаем у першую ў свеце Краіну Саветаў! Жадаем плённай працы… «Так-так, – у думках перапыніў Міхась старшага лейтэнанта, – у гэтай першай у свеце заўсёды і ўсім толькі і жадалі, што плённай працы. Плённай і рабскай, амаль без аплаты. І цяпер, праз чвэрць стагоддзя, жадаюць таго самага.
Час тут, няйначай, спыніўся. І калі ж у гэтай краіне пачнуць жадаць плённага, скажам, адпачынку? Урэшце – проста добрага адпачынку і больш-менш прыстойнага заробку? А потым ужо чалавек паглядзіць (у залежнасці ад аплаты, вядома), ці трэба яму напружвацца, вылузвацца са скуры».
Памежнік выйшаў з купэ, і Міхась з палёгкай уздыхнуў. Напружанасць спадала. Неўзабаве цягнік рушыў. «Быццам толькі таго і чакалі, калі пойдзе старлей, – падумалася Міхасю. – А чаму – быццам?» – адказаў сабе пытаннем, на якое ўжо ведаў адказ.
Да Мінска цягнік зрабіў некалькі прыпынкаў, кожны з якіх, думалася Міхасю, будзе для яго апошнім. Але ўсё абышлося. «Не такая ўжо я, відаць, важная птушка, каб цягнікі дзеля мяне спыняць», – жартаваў ужо супакоіўшыся.
Пасля Мінска цягнік, нібыта набраўшы другое дыханне, пайшоў без прыпынкаў. Міхась глядзеў на бясконцы лес за акном, і яго зноў апаноўвала застарэлая, хранічная хвароба. Прычына была самая што ні на ёсць рэальная: цягнік нядаўна мінуў станцыю, на якой ніколі не спыняўся – вельмі ж яна малая. Але для Міхася гэта была найдаражэйшая станцыя ў свеце – станцыя ягонага дзяцінства. Тады, у пачатку дваццатых, сямі-васьмігадовымі хлапчукамі яны прыбягалі сюды ледзь не кожны дзень. Да станцыі, або, як яны казалі, да жалезкі, ад іх вёсачкі было зусім блізка – кіламетр ці трохі болей. Гудкі паравозаў трывожылі іх дзіцячыя душы, клікалі ў невядомую далеч. Ім здавалася, што ў цягніках, якія праносіліся міма, ідзе нейкае сваё, зусім іншае, чым у іх, жыццё. Таямнічае, загадкавае, сапраўднае. Спадзеючыся зазірнуць у вокны вагонаў, яны ўзлазілі на невысокі плот, што адгароджваў жалезку ад астатняга свету, і віселі на iм гадзінамі: вельмі ж хацелася ведаць, што там – за каляровымі фіранкамі.
А потым Міхась бег у свой лес – так ён называў гаёк каля іх дома. Хадзіў па ім, быццам хацеў упэўніцца, што, пакуль яго не было, усё тут засталося на месцы. Ён гаварыў са сваім гаем, расказваў яму пра жалезку, якая гэтак трывожыць душу.
[15] На фестываль? (фр.)
[16] Карэспандэнт «l’Humanité Dimanche» (нядзельны дадатак да газеты французскай кампартыі «l’Humanité») (фр.).