Гельмут, найстарэйшы, галоўная надзея каманды, мусіў трапіць у мішэнь. Ён разумеў гэта і таму не спяшаўся. Падышоў да мяча, паправіў яго, паглядзеў на знак, цяжка выдыхнуў, прамармытаў штосьці – відаць, заклён – сабе пад нос і толькі пасля гэтага разбегся – і ўдарыў. Сілы ўклаў дарэшты, нават на нагах не ўтрымаўся. Упаў і не бачыў, як мяч урэзаўся ў верхнюю частку бляшанага трохкутніка, знёс яго, зрыкашэціў і разбіў ліхтар, што асвятляў знак.
Усе кінуліся да Гельмута. Абдымалі, віншавалі, захапляліся: вось гэта ўдарчык! У той момант Гельмуту і ў галаву не магло прыйсці, што праз шэсць гадоў на яго гэтаксама пасля забойнага (як потым напішуць газеты) удару наваліцца амаль уся зборная Германіі ў фінале чэмпіянату свету.
Пра знак, прынесены ў ахвяру футболу, на радасцях забыліся. Ішлі дадому, смяяліся, балбаталі – ці ім да знака было? І бацькам пра яго ніхто не сказаў. Гельмут, папраўдзе, спахапіўся, але таксама прамаўчаў. «Навошта? Сёння – позна ўжо, а заўтра нядзеля, выхадны, самі ўсё і паправім».
…Толік, адарваўшыся ад пераследнікаў, нарэшце дазволіў сабе адпусціць педаль газу, перадыхнуць, але толькі на імгненне. Ён наўрад ці зразумеў, што здарылася. Ён яшчэ не паспеў расслабіцца, таму нават і не скалануўся.
Хведар жа ўбачыў машыну, што імчала на іх, але здолеў адно прыкрыць твар рукамі…
У «BMW», што ўрэзалася ў «Мерседэс», вярталася па аўтабане дадому сям’я: бацька, маці і сын. Усе трое, як і два пасажыры другой машыны, дадому не трапілі – засталіся на месцы аварыі. Удар пры сутыкненні быў неверагоднай моцы, і ўсе пяцёра загінулі амаль імгненна.
Двое таварышаў, якія падаспелі да месца аварыі раней за іншых, глядзелі на машыны, што счапіліся ў смяротных абдымках, і гадалі: іх апярэдзілі ці гэта проста выпадковасць? Калі першае, то цяпер і яны сталі тымі, хто ўцякае, аднак у адрозненне ад рэдактара ім давядзецца ўцякаць і ад сваіх, і ад чужых.
У моргу, уважліва прагледзеўшы дакументы ўсіх, хто загінуў у аўтакатастрофе, малады следчы, не верачы сваім вачам, здзіўлена развёў рукамі:
– Неверагодна! Пасажыр з «Мерседэса»-парушальніка і двое з «BMW» яшчэ за пару гадзін да аварыі ехалі ў адным цягніку, нават у адным вагоне…
Яблыня
Вось ён і дома! Добра, што ў іх была свая хата. І, дзякуй Богу, пасля яго арышту не ўзялі маці і жонку старэйшага брата з сынам. Сям’я контррэвалюцыянера! Арыштаваўшы «злачынцу», энкавэдысты зазвычай высылалі і ўсю яго радню. Але гэтым разам сям’ю не кранулі. Яны часам праяўлялі літасць да дзяцей, якіх, бы на здзек, называлі цветамè жèзнè.
– Хай растуць, можа, камсамольцамі стануць, – сказаў іх галоўны, неяк адольваючы цяжкасці няроднай для яго мовы.
Так і засталася хата за імі. І яму было куды вярнуцца. І вось ён зноў дома.
Іх сад! Дыхаць паветрам роднага саду! Хіба не пра гэта ён марыў усе бясконца доўгія апошнія гады? Сад некалі пасадзіў на пустцы-аблозе ягоны бацька. Казачны, як выявілася, сад. Ён жыў, рос разам з імі. Радаваўся і сумаваў, ратаваў ад спёкі і браў удзел у гульнях.
Бацька першы паставіў тут хату, ля якой пачалі сяліцца-будавацца ягоныя сябры-маракі, аднапалчане па руска-японскай. Вуліцу так і назвалі – Марская. Потым яна выцягнулася, расступілася ўшыркі, стала Велікаморскай.
Але спачатку быў сад!
Вялікі яблыневы сад. Была ў ім і любімая яблыня. Ранетаўка. Самая зялёная і стройная – апярэдзіла сябровак у гонцы да неба. За доўгія гады, пакуль ён хадзіў пад руляй карабіна, яна разраслася, папрыгажэла, але і пастарэла. Пастарэў і ён. Глыбокія зморшчыны рабілі яго твар суровым, сляды на скуры напаміналі пра лагернага хірурга, які «па-жывому» выразaў гнайнікі на ягоным целе. І шнары, што засталіся пасля таго катавання, калі іх, трох кіраўнікоў паўстання ў Нарыльскім канцлагеры, аддалі ў рукі садыстаў. Тыя білі іх смяротным боем. Да ўласнай знямогі. Калі стомленым забойцам здалося, што зэкi не дыхаюць, сканалі, яны не павалаклі целы да лагернай ямы-могільніка – кінулі там, дзе забівалі, за баракам. Стаяла зіма, і за ноч усё засыпала снегам. Выкопваць спруцянелыя целы ніхто не збіраўся.
Ачуняўшы, не адразу зразумеў, дзе ён: на тым ці на гэтым свеце. На тым не магло быць холадна, там заўсёды лета, заўсёды цёпла. Значыць, ён яшчэ тут, жывы, і яго прыйдуць дабіваць. Ён не баяўся болю, але ад усведамлення, што перабітыя косці зноў будуць крышыць, страціў прытомнасць.
Калі прыйшоў да памяці, першае, што пачуў, быў стук уласнага сэрца: «Я чую, я дыхаю, я жывы». Але радавацца не спяшаўся: ён нічога не бачыў. «Снег! – здагадаўся. – Мяне засыпала снегам». Паспрабаваў сціснуць у кулак пальцы правай рукі: на левую, якую знявечылі яшчэ ў «амерыканцы», не спадзяваўся. Пальцы не слухаліся, але рука зварухнулася. Падцягнуў яе да грудзей і з усяе сілы (хутчэй гэта была і не сіла нават, а нешта іншае, што прыходзіць, калі сілы ўжо няма) саўгануў уверх. Рука з нечаканай лёгкасцю адолела перашкоду. Вось чаму ён можа дыхаць! Снег толькі прыцерушыў яго. Цяпер апусціць руку, сцерці рэшткі снегу з твару. «Святло! – ужо не стрымаў радасці. – Жывы!» Прыслухаўся – цішыня. Паспрабаваў прыўзняцца, але пачуліся галасы, і ён заціх.
– Товарищ лейтенант! Тут кто-то из этих… Ну-у, вчерашних… Кажись, шевелится.
– А что, Чезаев не всех добил?
– У него вроде штык сломался… Ён успомніў: яму ж павінны былі зрабіць «контрольный укол» – праткнуць грудзі. Значыць, штык зламаўся раней, чым чарга дайшла да яго.
– Товарищ лейтенант, добить гада?
– Стой! Посмотрю, что за умелец такой по части выживания обúявился. Не тот ли, кого вы последним кончали? Да-а, молодцы… Ладно, чего стоишь, как присох, неси лопату… Ён падумаў: «Зараз даб’юць. Не пашанцавала – дзень! Двойчы так шанцаваць не можа: і каб выжыў, і каб ноч».
Яго падчапілі рыдлёўкай, адарвалі ад мёрзлай зямлі і пацягнулі да барака. Боль здушыў, і ён зноўку знябыўся.
«Глядзі, усё яшчэ жывы, – здзівіўся, апрытомнеўшы на нарах. Ён не ведаў, радавацца гэтаму ці не. За доўгія гады зняволення яму не раз выпадала бачыць, як жывыя зайздросцілі мёртвым. – Але чаму не дабілі? Можа, – такое ўжо здаралася, – лагерны лекар у імя савецкай навукі папрасіў, каб яму аддалі жывы труп?»
– Ну, дружок, руку спасу, а пальцы – уж прости, поздно обратился, – загаворваў доктар нясцерпны боль. – Да что там пальцы! Скажи спасибо, что живой остался. Считай – все тело у судьбы отвоевал. – І, агледзеўшыся па баках, цішэй дадаў: – А как там, у Бога? Есть он, Бог, или нет? Я в последнее время что-то усомнился…
– А я не сумняваўся ў табе, мая любая яблыня. Ты – мой Бог. І я зноў з табою, – гаварыў чалавек, стоячы ў цені вялікага разгалістага дрэва. – Але ці памятаеш ты мяне? Ці памятаеш хлапчука, які заўсёды намагаўся ўзлезці на самую верхавіну? Нібы там яблыкі смачнейшыя. Бацька гаварыў, што ў цябе асаблівыя плады, іх смак – гэта смак Радзімы. Ён меў рацыю. Я помню яго словы і цяпер. Гэта яны зараджалі нас з маленства пачуццём свабоды, абуджалі мару, умацоўвалі веру.
Вера… Тым разам, калі іх забівалі, думаў – усё, яна пакідае яго. Шкадаваў, што не нажыў дзяцей: было б каму прадоўжыць пачатае, але не завершанае ім. Цяпер ён ведае: у яго ёсць пляменнік – родная кроў! – якога даўно называе сынам. І, значыць, ёсць шанец, што іх справа будзе прадоўжаная.
Ён успомніў, як жудасна крычаў яго аднакурснік Сяргей Белановіч. Сяргей баяўся болю. Яшчэ ў дзяцінстве ён няўдала скокнуў з дрэва, і лекары без анестэзіі зашывалі рану на яго назе.